Ці трэба выдаляць здаровыя зубы пад брэкеты? Як выпраўлены прыкус уплывае на форму твару? Ці дапамагаюць капы пры бруксізме?
На пытанні чытачоў адказаў Ігар Такарэвіч, загадчык кафедры артадантыі БДМУ, д.м.н., прафесар.
Кансультацыя артадонта
Як адбываецца выпраўленне прыкусу ў дарослага чалавека і як гэта можа паўплываць на рысы, форму твару?
Ігар Такарэвіч:
— Выпраўленне прыкусу – складаны працэс. Магчыма некалькі варыянтаў лячэння. Першы: змена становішча сківіцаў. Гэта істотна адбіваецца на эстэтыцы твару: форма, профіль робяцца больш правільнымі і гарманічнымі. Часта правільнае артадантычнае лячэнне кардынальна змяняе жыццё чалавека. Але справа не толькі ў прыгажосці, але і функцыянальнасці. Многія пасля 40 гадоў адчуваюць сур'ёзныя праблемы: зубы раптам пачынаюць хістацца, выпадаць, сцірацца. Гэта вынік няправільнага прыкусу. А вось пры правільным функцыянаванні зубасківічнай сістэмы чалавек эксплуатуе свае зубы на працягу ўсяго жыцця.
Другі варыянт: змяненне формы зубных радоў і становішча зубоў.
Лячэнне адбываецца праз ўздзеянне непасрэдна на зубы і сківіцы альбо з ужываннем апаратаў, якія змяняюць функцыі зубасківічнай сістэмы: становішча языка ў роце падчас прыёму ежы, дыхання і г.д.
Спыніла выбар на брэкетах. Артадонт запэўнівае: каб паставіць зуб-клычок «на месца», неабходна выдаліць пяцёркі з абодвух бакоў. Не хацелася б ісці на такія радыкальныя меры. Ці заўсёды ўстаноўка брэкетаў патрабуе выдаленне здаровых зубоў для аднаўлення рада? Ёсць альтэрнатыва?
Ігар Такарэвіч:
— У 30-40% выпадках выдаленне пастаянных зубоў для выпраўлення зубасківічных анамалій неабходнае. Але баяцца гэтага не варта. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць выправіць прыкус так, што навакольныя не заўважаць адсутнасць зубоў.
Метады, якія дазваляюць пазбегнуць выдалення здаровых зубоў, існуюць. Пытанне пра іх прымяненне вырашаецца індывідуальна.
Хачу звярнуць увагу бацькоў: адна з прычынаў зубасківічных анамалій ў дзяцей – датэрміновае выдаленне малочных зубоў. Часовыя зубы трэба берагчы! А калі гэта не ўдалося, непасрэдна адразу пасля выдалення неабходна ўстанавіць спецыяльныя канструкцыі, бо за месяц пасля выдалення малочнага зуба пацыент губляе больш за міліметр прасторы ў зубным радзе. А гэта істотна!
Для змены прыкусу дзіцяці ў 7 гадоў прызначылі пласцінку на верхнюю сківіцу. Насілі пастаянна 1,5 года – прыкус не выправіўся. Іншы ўрач адмяніў пласцінку, прызначыў капы на ноч і 2 гадзіны ўдзень. Носіць капы ўжо 1,5 года. Улічваючы, што за гэты час практычна ўсе зубы памяняліся, прыкус зрабіўся прыкметна лепшым. Што больш эфектыўна: пласцінка альбо капа? Як самастойна вызначыць, калі адмяняць капы? У якім узросце трэба паказваць дзіця артадонту: калі зубы яшчэ малочныя ці калі памяняліся?
Ігар Такарэвіч:
— Лагічна паказаць дзіця артадонту перад школай, ва ўзросце 5-6 гадоў. Часам у дзяцей бываюць вельмі роўныя зубы, але сківіцы адстаюць у развіцці. Можна звярнуцца і раней, калі бацькі бачаць відавочны дэфект, дыспрапорцыю ў твары дзіцяці, ці ён, да прыкладу, дрэнна жуе. Першы візіт не залежыць ад таго, малочныя зубы ў дзяцей ці пастаянныя.
І капа, і пласцінка – эфектыўныя апараты. Выбар залежыць ад канкрэтнай паталогіі. Самастойна вызначыць, калі здымаць капу, немагчыма. Нельга лячыцца без кантролю ўрача.
Мне 28 гадоў. З падлеткавага ўзросту няправільны прыкус і няроўныя зубы. Артадонт прапаноўваў ставіць брэкеты, але не было магчымасці. Цяпер у мяне паміж зубамі вялікая адлегласць, якая яшчэ павялічваецца, 2 пярэднія зубы задзіраюцца ўверх. У верхнім радзе выдаленая 4-ка, маюцца каронкі на 6-ках. Вельмі хочацца мець роўныя зубы. Ці можна ў такім выпадку ставіць брэкеты (пры наяўнасці каронак і адсутнасці аднаго зуба)? Планую імпланты на месцы выдаленага зуба (4-кі). Гэта лепей зрабіць да брэкетаў альбо пасля? Ці будзе неабходнасць пасля зняцця брэкетаў у дадатковым падтрыманні становішча зубоў?
Ігар Такарэвіч:
— Выпраўленне становішча зубоў – гэта таксама выпраўленне прыкусу. Калі ў вас назіраецца пагаршэнне працэсу, хутчэй за ўсё неабходнае артадантычнае лячэнне. Таму рэкамендую наведаць артадонта.
Спачатку неабходна выправіць прыкус і толькі потым вырашаць пытанне з імплантацыяй. Часам устаноўка імпланта магчымая на завяршальнай фазе артадантычнага лячэння. Выкарыстоўваць імпланты ў якасці апоры пратэза можна не раней, чым праз 4-6 месяцаў. Падтрыманне становішча зубоў пасля зняцця брэкетаў праводзіцца ў 99% выпадкаў. Працягласць прымянення такіх рэтэнцыйных апаратаў залежыць ад паталогіі, але звычайна гэта не менш за паўтара-два гады.
Зубы мудрасці, дыястэма, бруксізм
У 16-гадовай дачкі па выніках здымка 8-я зубы (мудрасці) растуць практычна перпендыкулярна 7-м зубам. Як доўга можна адкладаць пытанне пра іх выдаленне? Аперацыя цяжкая і балючая?
Ігар Такарэвіч:
— У 16 гадоў трэба ўжо прымаць рашэнне. Часам можна пачакаць да 17-ці, паколькі ў перыяд з 16 да 18 гадоў мае месца рэшткавы прырост касцявой тканкі да 2 міліметраў у вобласці вугла ніжняй сківіцы. Таму зуб мудрасці можа прарэзацца нармальна. Але ў той жа час ёсць рызыка, што пры адсутнасці месца ў зубным радзе зуб мудрасці выкліча сур'ёзныя парушэнні прыкусу, да прыкладу, скручанасць пярэдніх зубоў. Артадонт прымае рашэнне пра выдаленне альбо захаванне з улікам размяшчэння, велічыні, нахілу зародкаў зубоў, іх колькасці і віду прыкусу пацыента.
Выдаляць гэтыя зубы даводзіцца ў зародках. Гэта складаная, але добра асвоеная нашымі хірургамі-стаматолагамі аперацыя.
У цэлым 8-я зубы – гэта рудыменты, якія не патрэбныя чалавеку пры жаванні. Таму некаторыя людзі ўжо нараджаюцца без васьмёрак.
Ці заўсёды трэба выпраўляць дыястэму (шчыліну паміж пярэднімі разцамі)? Жыву з ёй ужо 45 гадоў. Перайшла ў спадчыну да сына, яму 17 гадоў.
Ігар Такарэвіч:
— Калі дыястэма не турбуе, нічога рабіць не трэба, бо гэта не функцыянальны, а чыста эстэтычны дэфект.
Прычынаў узнікнення дыястэмы шмат: дробныя зубы, нізка прымацаваная ўздэчка і інш. У залежнасці ад прычыны вырашаецца пытанне, што з гэтым рабіць.
Як можна паменшыць у дзіцяці шчыліну паміж пярэднімі зубамі?
Ігар Такарэвіч:
— Гэта залежыць ад прычыны ўзнікнення шчыліны. Але паколькі гаворка ідзе пра дзіця, хачу падкрэсліць, што раней за 10 гадоў займацца гэтым пытаннем не варта, бо яшчэ не прарэзаліся ўсе зубы. Яшчэ можа адбыцца самарэгуляцыя, і шчыліна зачыніцца сама па сабе.
Ці дапамагаюць пры бруксізме сіліконавыя капы? Калі так, ці дастаткова стандартнай альбо трэба рабіць індывідуальную капу?
Ігар Такарэвіч:
— Капы пры бруксізме эфектыўныя. Чалавек павінен вырашаць сам, якія ўжываць – стандартныя альбо індывідуальныя, зыходзячы з магчымасцяў і перавагаў.
Ці ўплывае прыкус на пазваночнік?
Як палепшыць стан зношанага сківічнага сустава? Сустаў стукае пры жаванні, скулы баляць, калі прадзьме, даводзіцца піць абязбольвальныя.
Ігар Такарэвіч:
— Як правіла, такія праявы называюцца дысфункцыяй скронева-ніжнясківічнага сустава. На жаль, палепшыць, выправіць зношанасць гэтага сустава на сёння праблематычна, яго замена пакуль не робіцца. Можна толькі прыбраць болевы сіндром з дапамогай капаў альбо абязбольвальных.
Ці праўда, што няправільны прыкус звязаны з пазваночнікам і можа прывесці з часам да праблемаў са спіной?
Ігар Такарэвіч:
— Некаторыя артапеды-траўматолагі кажуць: «Галава – гэта першы мадыфікаваны пазванок». Я згодны і пісаў пра гэта ў сваёй кандыдацкай дысертацыі яшчэ 30 гадоў таму. Таму парушэнне паставы адназначна адлюстроўваецца на прыкусе. Магчымы і адваротны ўплыў: змена становішча галавы, якая непазбежна адбываецца ў пацыента з парушаным прыкусам, адаб'ецца на шыйным аддзеле пазваночніка і паставы ў цэлым.
Мне 45 гадоў. Каля 4 гадоў няма 4-х зубоў зверху (па два з левага і правага боку) і аднаго знізу. Пачаў прыкусваць левую шчаку. Як хутка адбываецца дэфармацыя сківіцы і твару пры адсутнасці такой колькасці зубоў?
Ігар Такарэвіч:
— Я б не рэкамендаваў адкладаць пратэзаванне дэфекту зубных радоў, бо другасныя дэфармацыі з'яўляюцца досыць хутка. Пратэзавацца пажадана адразу пасля поўнага гаення дзясны.
Фота – Віталь Гіль і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Што яшчэ карысна ведаць:
Брэкеты: сімвал клопату пра сябе і… спосаб выйсці замуж (+відэа)
Як захаваць свае зубы? Адказваюць стаматолагі
Чаму на зубах белыя плямкі і чорны налёт? Тлумачыць стаматолаг
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by