Я не ведаю, як перастаць баяцца... Гэтай хваробы... Саміх гэтых слоў – «рак», «анкалогія»... Не ведаю, ці можна прывыкнуць да таго, як шмат людзей – знаёмых, сяброў, блізкіх – заўчасна сыходзяць з-за яе з жыцця. У абсалютна розным узросце – і маладымі, і сталымі...
Я не медык. Таму не магу ставіцца да кожнага паведамлення пра тое, што хтосьці захварэў на рак, як да нечага звычайнага, шараговага. Штораз уздрыгваю. Штораз пужаюся. Так, галоўнае – своечасовасць выяўлення. Зараз столькі магчымасцяў! І для абследавання, і для вылячэння, і для працягу жыцця. Але... Чаму ж так штораз сціскаецца сэрца, калі чую пра некага, хто захварэў?!
Альбо не чую, а даведваюся пастфактум. Бывае, зусім запознена. Бо многія не хочуць агучваць такі дыягназ, а хаваюць да апошняга. І я іх добра разумею. Таксама нейкі бар’ер. Быццам прызнаешся ў нечым саромным. А чаму так?! Невядома... Магчыма, вы палічыце, што гэта зусім наіўна, па-дзіцячы. Няхай так, але я зараз – абсалютна шчыра. Пра свае ўражанні і адчуванні...
І ўвогуле: «Чаму?!», «За што?!» – здаецца, гэта першыя пытанні, якія прыходзяць на розум. А адказаў-то на іх няма. Толькі здагадкі. Ад якіх не лягчэй. І даводзіцца браць сябе ў рукі, не раскісаць, а падтрымліваць таго, каму гэта вельмі-вельмі патрэбна...
Не паказваць, што ў роспачы... Падчас абвастрэнняў і зусім нялёгкага лячэння – быць заўсёды побач. Тады здаецца, што на нейкіх нябачных унутраных нітках – вельмі тонкіх, але вельмі трывалых – ты трымаеш сувязь, не даеш ёй абарвацца. І чалавек – жыве!
Я не дыпламаваны псіхолаг, хаця штосьці і атрымліваецца, бывае. Цікаўлюся гэтым. І ўсё ж не буду даваць ніякіх парадаў. Проста, як мне здаецца, кожны сам павінен адчуць, што яму рабіць і як сябе паводзіць. І абавязкова звярнуцца да спецыялістаў.
І няхай гэта гучыць сапраўды па-дзіцячы (выбачаюся яшчэ раз!), але трэба проста вельмі моцна захацець! Альбо самому перамагчы хваробу, альбо дапамагчы таму, хто побач. І я не пра цуды зараз... Хаця ўсім нам яны так патрэбныя! Пра ВЕРУ! Ва ўрача, у лекі і лячэнне, у новыя тэхналогіі і сілу траў... Так, і ў вышэйшыя сілы – таксама... Калі ад гэтага лягчэй... У саміх сябе, у рэшце рэшт – верыць!
Вядома, мы б усе хацелі, каб хваробы нас абміналі. Але калі не атрымліваецца... Ну што ж ты з гэтым зробіш. Галоўнае – знайсці ў сабе сілы на змаганне. І жыць далей. Так, жыць па-іншаму. Так, жыццё ўжо ніколі не будзе ранейшым, яно дзеліцца на «да» і «пасля»... І што карысці плакаць з гэтай нагоды, калі нічога назад ужо не адкруціш?!
Напярэдадні 4 лютага, Сусветнага дня барацьбы супраць раку, мне давялося (так супала) шмат чытаць па гэтай тэматыцы. І я лавіла сябе на думцы, што калі глядзець на хваробу адцягнена, сапраўды, успрымаеш усё больш спакойна. Але калі гэта датычыць кагосьці з блізкіх... Не атрымліваецца ўсё роўна.
Таму ўслед за просьбай «Госпадзі, няхай нас гэта абміне!», заўсёды ідзе наступная: «Дай нам сілы і мужнасці ўсё гэта вынесці і не зламацца!»
Усім – здароўя, цярпення і веры!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by