Адным з самых агрэсіўных відаў раку скуры з'яўляецца меланома. Яна можа развіцца ў любым узросце і схільная да з'яўлення метастазаў. Зрэшты, папярэдзіць развіццё меланомы цалкам магчыма. Для гэтага трэба ўважліва сачыць за радзімкамі і пігментнымі плямамі на скуры, ведаць, па якіх сімптомах можна западозрыць меланому.
Як часта трэба аглядаць сваё скурнае покрыва, каб не прапусціць захворванне? Хто знаходзіцца ў групе рызыкі? Ці дапамагаюць сонцаахоўныя крэмы? Што з'яўляецца галоўным правакацыйным фактарам развіцця меланомы?
На гэтыя і іншыя пытанні адказалі журналістам у Нацыянальным прэс-цэнтры:
- галоўны дэрматавенеролаг Міністэрства аховы здароўя, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Аляксандр Лук'янаў;
- загадчык кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, к.м.н., дацэнт Аляксандр Жукавец;
- загадчык онкахірургічнага аддзялення №1 Мінскага гарадскога клінічнага онкахірургічнага дыспансэра, анколаг-хірург вышэйшай катэгорыі, к.м.н. Аляксандр Гладышаў.
Што такое меланома?
Меланома развіваецца з клетак скуры, якія сінтэзуюць пігмент, што дае колер нашаму загару і афарбоўвае радзімкі, радзімыя плямы або вяснушкі. Гэтыя клеткі называюць меланацытамі, адкуль і паходзіць назва такога злаякаснага новаўтварэння, як меланома.
Колькасць выпадкаў меланомы і важнасць ранняй дыягностыкі
Па словах Аляксандра Жукаўца, у 2017 годзе ў нашай краіне было выяўлена 922 выпадкі меланомы. У 2018, паводле папярэдніх звестак, колькасць такіх пацыентаў прагназуецца бліжэй да 1 тыс. Нягледзячы на тое, што за 10 гадоў колькасць выпадкаў меланомы ў Беларусі вырасла прыкладна ў 1,5 раза, гэта захворванне не ўваходзіць у дзясятку найбольш рэгіструемых злаякасных пухлінаў. Меланома на ранняй стадыі добра лечыцца, але можа працякаць вельмі агрэсіўна.
Часцей за ўсё, прыкладна ў 80% выпадкаў, меланома дыягнастуецца на 1 і 2 стадыях. Зрэшты, прагноз захворвання залежыць не столькі ад памеру пухліны (якога яна дыяметра), колькі ад таўшчыні ўтварэння. Як растлумачыў Аляксандр Жукавец, пухліна можа быць маленькай, літаральна з гарошыну, але міліметры 4 таўшчынёй, і яна дасць метастазы. У той жа час вялікую пухліну, але тонкую і плоскую, можна прааперыраваць. Разам з тым, падкрэсліў эксперт, чакаць, калі пухліна вырасце ў памерах, не варта. Патрэбна звяртаць увагу нават на невялікія ўтварэнні.
Аляксандр Гладышаў дадаў, што на пачатковых стадыях меланомы пяцігадовая выжывальнасць пацыентаў – 90%. Дарэчы, дыягностыка меланомы ў шэрагу выпадкаў ажыццяўляецца ўжо на першасным этапе, г.зн. у паліклінічных установах падчас дыспансэрнага агляду.
Раз у квартал – агляд скурнага покрыва
Каб не прапусціць захворванне, спецыялісты раяць хаця б раз у тры месяцы ўважліва аглядаць сваю скуру, валасістую частку галавы, тулава і канечнасці, не забываючыся на кісці і ступні, а таксама вобласць пахвіны.
Як растлумачыў Аляксандр Гладышаў, радзімкі можна падзяліць на дзве групы: меланомабяспечныя і меланоманебяспечныя невусы. Калі першую групу радзімак можна пакінуць пад наглядам і не прапаноўваць хірургічнага лячэння, дык меланоманебяспечныя невусы (так званы памежны невус, блакітны невус, невус Ота і гіганцкі прыроджаны валасяны пігментны невус), як мінімум, павінны быць пад пастаянным наглядам, а ў ідэале з прафілактычнай мэтай іх трэба падвергнуць хірургічнаму лячэнню.
Ультрафіялет, сонечныя апёкі і гарманальныя змены
Як распавялі спецыялісты, ультрафіялетавае выпраменьванне хаця і не з'яўляецца першасным фактарам рызыкі развіцця меланомы, але займае вядучую пазіцыю сярод прычын, якія могуць справакаваць хваробу. І гэтаму ёсць навуковае абгрунтаванне. Так, напрыклад, даследаванні, праведзеныя ў Скандынавіі, паказалі, што сярод асобаў, якія наведваюць салярыі, рызыка развіцця меланомы павышаецца на 70%.
А вось міф, што сонцаахоўныя крэмы могуць выклікаць рак або меланому, урачы абверглі, адзначыўшы, што карыстацца імі можна і трэба, прычым не перыядычна, а сістэматычна. Зрэшты, нават калі вы і нанеслі крэм, гэта зусім не значыць, што можна загараць цэлы дзень.
Сонцаахоўны сродак неабходна абнаўляць раз у 40 хвілін або часцей, калі вы плавалі. І яшчэ. Наносіць такі крэм трэба за 20 хвілін да выхаду на сонца. Не варта загараць апоўдні. Самыя аптымальныя гадзіны для знаходжання на сонцы – з 9 да 11 і з 16 да 18.
Звярнулі ўвагу спецыялісты і на тое, што ад агрэсіўнага ўздзеяння ўльтрафіялету абавязкова трэба абараняць дзіцячую скуру.
Спецыяліст дадаў таксама, што ў 70% выпадкаў меланома развіваецца на фоне нейкага дабраякаснага ўтварэння на скуры, асабліва пры яго траўматызацыі. Таму фактарам рызыкі развіцця захворвання з'яўляецца наяўнасць пігментных утварэнняў альбо радзімак у месцы, якое можа ўвесь час траўмавацца.
Напрыклад, у зоне каўнеру, або папругі, або ступні. Акрамя гэтага, калі ў вашай сям'і былі выпадкі раку скуры альбо меланомы, варта паведаміць пра гэта свайму доктару.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by