Звычайная герпетычная інфекцыя ці няўдалы паход да стаматолага могуць стаць прычынай развіцця неўралгіі (у народзе кажуць – «запаленне») трайчастага нерва.
Па дадзеных СААЗ, больш за мільён чалавек ва ўсім свеце пакутуюць ад гэтай паталогіі. У Беларусі штогод з'яўляюцца 3-5 новых выпадкаў на 100 000 насельніцтва. Характэрна, што боль пры неўралгіі трайчастага нерва лічаць адным з самых моцных і невыносных для чалавека. Ён стаіць на другім месцы пасля болю ад укусу ядавітай змяі. Бывае, што чалавек настолькі пакутліва перажывае гэты стан, што лічыць за лепшае... скончыць жыццё самагубствам. Аднак у сучасных умовах паталогія даволі добра вывучаная і паддаецца лячэнню.
У РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі штогод аперыруюць ад 60 да 100 пацыентаў з дыягназам «неўралгія трайчастага нерва». Пра тое, чым небяспечная паталогія, як яе выявіць і ў якіх выпадках патрабуецца хірургічнае ўмяшанне, распавёў нейрахірург РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Віталь Баярчык.
У чым небяспека праблемы?
Неўралгія трайчастага нерва – хранічная хвароба, якая праяўляецца болем у зонах інервацыі трайчастага нерва: вочнай, верхнясківічнай, ніжнясківічнай. Прыступы інтэнсіўныя, боль звычайна аднабаковы. Ён можа быць з левага ці правага боку твару: ад унутранай кропкі броваў, праз скронь, уздоўж вуха ўніз, па тыльным баку шыі. Балець можа таксама вуха, вока, зубы, сківіцы, ажно да ўказальнага пальца. Чалавек аказваецца выбітым з нармальнага жыцця.
Хварэюць у асноўным людзі з узроставай групы, старэйшай за 50 гадоў (пераважна жанчыны), аднак турбаваць боль можа і больш маладых.
Прычыны неўралгіі трайчастага нерва
- Сасудзісты канфлікт
- Атыпічныя неўралгіі
- Пашкоджанне трайчастага нерва
- Рассеяны склероз
Неўралгія трайчастага нерва можа быць выкліканая таксама наяўнасцю пухлінаў галавы, захворваннямі зубоў, прастудай, наяўнасцю глаўкомы ды іншымі прычынамі, у тым ліку псіхагеннымі.
Як выявіць неўралгію трайчастага нерва?
Лячэнне неўралгіі трайчастага нерва
У першую чаргу справіцца з праблемай імкнуцца кансерватыўнымі метадамі:
- лекавая тэрапія;
- блакады галінаў трайчастага нерва;
- фізіятэрапія;
- ігларэфлексатэрапія.
Пра тое, якія кансерватыўныя метады лячэння прымяняюцца ў кожным канкрэтным выпадку і якая іх эфектыўнасць, чытайце ў другой частцы матэрыялу.
Калі без нейрахірурга не абысціся?
Калі кансерватыўная тэрапія не дапамагае больш за месяц, назіраецца пагаршэнне (узмацненне болю, неабходнасць у павелічэнні дазіроўкі прэпаратаў альбо іх неэфектыўнасць), узнікае пытанне аб хірургічным лячэнні. У сярэднім у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі праводзіцца каля 100 аперацый у год з гэтай нагоды.
Існуюць два асноўныя накірункі хірургічнага лячэння:
1. Вялікая аперацыя (мікраваскулярная дэкампрэсія трайчастага нерва).
Плюсы
Захаванне адчувальнасці твару. Меншая верагоднасць рэцыдываў.
Мінусы
Нейрахірургічнае ўмяшанне пад агульным наркозам і з правядзеннем трэпанацыі чэрапа. Сталы ўзрост, спадарожная сардэчная паталогія ды іншыя прычыны могуць быць супрацьпаказаннем.
2. Мініінвазіўная аперацыя (радыёчастотная абляцыя – РЧА).
Калі вялікую аперацыю выканаць немагчыма ў сувязі з супрацьпаказаннямі або неўралгія атыповая, метадам выбару робяцца мініінвазіўныя аперацыі.
Плюсы
Мініінвазіўная аперацыя, якая не патрабуе агульнага наркозу і трэпанацыі чэрапа. Можа быць метадам выбару пры рассеяным склерозе. Захаванне рухальных валокнаў, жавальная мускулатура не церпіць.
Мінусы.
Асноўны недахоп – выпадзенне адчувальнасці. Здранцвенне развіваецца па галінах трайчастага нерва. Часцей за ўсё гэта практычна палова твару. Боль можа рэцыдываваць у прамежак часу ад 1 да 5 гадоў.
Больш складаныя хірургічныя метады:
- Аперацыя на ствале мозгу.
- Метады нейрамадуляцыі (імплантацыя электродаў на трайчасты нерв).
Неўралгія (запаленне) трайчастага нерва – даволі распаўсюджаная паталогія, якая значна зніжае якасць жыцця. На шчасце, урачы маюць у арсенале мноства методык (як кансерватыўных, так і хірургічных), якія дазваляюць спраўляцца з хваробай.
Пра тое, што можа стацца прафілактыкай неўралгіі трайчастага нерва, чытайце ў наступным матэрыяле.
Неўралгія трайчастага нерва. Частка 2. Таблетка ад болю
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by