10.11.2019
10.11.2019

Парады па доглядзе ног у сталым узросце

logo
Здароўе дарослых
0 41
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Догляд ног важны ў любым узросце, але асаблівае значэнне ён набывае ў сталых людзей. Калі не прытрымлівацца шэрагу правілаў, гэта можа стаць прычынай з'яўлення хваравітых адчуванняў, прывесці да цяжкасцяў пры выбары абутку і нават значна абмежаваць перасоўванне.

Сакрэтамі правільнага догляду ног у сталым узросце з інфармацыйным парталам Слушна падзялілася галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людміла Жылевіч.

Узроставыя змены ступняў

Старэнне закранае ўвесь арганізм, але гэта натуральны працэс. З часам мяняецца мышачны тонус. Узровень калагену, які выпрацоўвае наша скура, зніжаецца, эластычнасць скуры пагаршаецца, з'яўляюцца праблемы з кровазабеспячэннем.

У сталым узросце скура дрэнна ўтрымлівае вільгаць, з-за чаго робіцца больш сухой і схільнай да лушчэння. У выніку могуць з'яўляцца мікратрэшчынкі, якія служаць своеасаблівымі варотамі для інфекцыі, у тым ліку грыбковай. Суставы і мяккія тканкі робяцца менш рухомымі.

У некаторых выпадках нават пачынаецца вальгусная дэфармацыя на нагах – з'яўленне так званай костачкі і адхіленне вялікага пальца наверх.

 

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
У людзей у сталым узросце ёсць пэўныя праблемы са здароўем, якія звязаныя з фізіялогіяй. Ідзе інвалюцыя ўсяго арганізма, з гадамі некаторыя органы і сістэмы змяняюцца. Часцей за ўсё адбываюцца змены сасудзістай сістэмы, што, акрамя іншага, прыводзіць да пагаршэння кровазабеспячэння ў ніжніх канечнасцях, а менавіта ступнях. А гэта ўжо прычына зніжэння мышачнай сілы, павольнага росту пазногцяў і дрэннага гаення ранаў.

З-за узроставых змяненняў, якія адбываюцца ў арганізме сталага чалавека, зніжаецца аб'ём і паветраная пранікальнасць лёгкіх. У выніку змяншаецца газаабмен і арганізм пакутуе ад недахопу кіслароду. І, зноў-такі, у зоне рызыкі – перыферыя, а значыць, ногі і ступні.

Запавольваецца абмен рэчываў. З'яўляецца лішняя вага, якая стварае дадатковую нагрузку на апорна-рухальны апарат. Змяненне і дэфармацыя пазваночніка прыводзіць да таго, што значна ўзрастае нагрузка на суставы, у тым ліку на суставы ступняў. Даюць пра сябе ведаць і траўмы, атрыманыя ў маладым узросце.

Асобным пунктам ідуць паталагічныя змены ў арганізме, звязаныя з наяўнымі захворваннямі. Самымі грознымі з'яўляюцца працэсы, звязаныя з цукровым дыябетам. Метабалічныя парушэнні, крохкасць сасудаў, зніжэнне ўтрымання кіслароду ў крыві, памяншэнне выпрацоўкі калагену – усе гэтыя працэсы паскараюцца ў геаметрычнай прагрэсіі.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Імунная сістэма, ахоўныя ўласцівасці якой зніжаюцца з узростам, пры цукровым дыябеце слабеюць яшчэ мацней. Запавольваюцца працэсы рэгенерацыі, г.зн. натуральнае абнаўленне клетак скуры. З-за гэтага трэшчынкі і ранкі, якія могуць з'явіцца на ступні, доўга не гояцца. У гэтых месцах вельмі высокая рызыка заражэння інфекцыяй і, як следства, з'яўлення незагойных язваў і нават развіцця гангрэны.

Выбар абутку у сталым ўзросце

Выбар абутку у сталым ўзросце

Не сакрэт, што многіх праблемаў са ступнямі можна было б пазбегнуць, калі больш уважліва ставіцца да выбару абутку ў маладосці і аддаваць перавагу зручным туфлям, а не ўльтрамоднай, але не камфортнай мадэлі.

Дарэчы, з'яўленне натоптышаў і дэфармацыя пальцаў – таксама следства няправільна падабранага абутку.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Усё ж такі з узростам лепей аддаваць перавагу больш зручным мадэлям абутку. Ён павінен быць свабодным і пажадана з натуральных матэрыялаў, улічваць усе фізіялагічныя асаблівасці ступні, напрыклад, наяўнасць плоскаступнёвасці або дэфармацыі пальцаў ног. Пры неабходнасці варта выкарыстоўваць спецыяльныя артапедычныя вусцілкі. Абцас – зручны і не вышэйшы за 5 см. Не варта забывацца на тое, што з-за дэфармацыі пазваночніка ціск на ступню размяркоўваецца няправільна, што спрыяе амазаленню або гіперкератозу (утварэнне натоптышаў). Гэтыя месцы горш забяспечваюцца крывёй, больш схільныя да інфіцыравання і грыбкоў, з'яўлення балючых трэшчынаў. Гэта значыць, што вы будзеце абмежаваныя ў руху і гіпадынамія дасць імпульс да развіцця многіх сардэчных захворванняў.

Самыя частыя праблемы: плоскаступнёвасць, «костачка» на пальцы і шпоры

Плоскаступнёвасць. З-за гэтай паталогіі чалавеку становіцца цяжка хадзіць, высокая рызыка скрыўлення пальцаў на нагах, падвывіхаў і вывіхаў ступні. З'яўляецца адчуванне, што ногі наліваюцца свінцом. Нярэдка плоскаступнёвасць – ужо набытае з гадамі захворванне, якое развілося з прычыны нашэння занадта цеснага абутку. У дадзеным выпадку карысна хадзіць па няроўнай паверхні, напрыклад, па мокрым пяску або траве, выконваць спецыяльныя практыкаванні.

Пятачная шпора. Гэтыя ўтварэнні – солевыя адклады ў выглядзе «шыпа». Іх з'яўленне можа выклікаць даволі моцны боль.

Вальгусная дэфармацыя, або «костачка»Вальгусная дэфармацыя, або «костачка». Прыводзіць да таго, што вялікі палец ступні бы сыходзіць убок па накірунку да іншых пальцаў, што прыводзіць да іх скрыўлення. Калі дэфармацыя выяўленая моцна, яна можа прывесці да болю пры хадзе і нават да абезрухоўлення. У цяжкіх выпадках адзінае рашэнне – аператыўнае ўмяшанне.

Бываюць сітуацыі, калі боль у нагах звязаны са станам сардэчна-сасудзістай сістэмы. У гэтым выпадку асноўным сімптомам з'яўляецца боль пры хадзе – так званая перамежная кульгавасць. Пачуццё цяжару ў нагах, ацёкі або апухлыя суставы ў вобласці ступні. Прычынай гэтых станаў можа быць запаленне калясустаўнай сумкі. Усе гэтыя праблемы не вырашыць падборам правільнага абутку, неабходная кансультацыя ўрача.

Догляд ступняў

Зніжэнне калагену і сакрэцыі поту, выпрацоўкі скурнага сала прыводзяць да сухасці і лушчэння ступняў. Такая скура схільная да розных інфекцый і ўздзеяння негатыўных фактараў. З-за дрэннага кровазабеспячэння да зменаў схільныя і пазногці на пальцах ступняў. Ногцевая пласціна вытанчаецца, робіцца крохкай і ломкай, можа змяніцца накірунак яе росту. Таму ў сталым узросце важны штодзённы догляд ног.

1. Пры вяртанні дадому неабходна ўважліва агледзець скуру ступняў на наяўнасць якіх-небудзь пашкоджанняў, мазалёў або нацёртасцяў.

2. Потым абмыйце ногі цёплай вадой (не гарачай!). Можна зрабіць лёгкі мыльны раствор.

3. Прамакніце ручніком насуха, але не расцірайце. Не пакідайце скуру вільготнай.

4. Затым пры неабходнасці можна змазаць скуру ступняў крэмам з высокім утрыманнем алею або выкарыстаць адмысловы сродак для скуры ступняў.

5. Натоптышы або агрубелую скуру нельга распарваць, а затым апрацоўваць пемзай ці адмысловымі пілачкамі. Вы можаце зняць занадта тоўсты пласт скуры і справакаваць утварэнне язваў. Такую працэдуру варта выконваць толькі насуха.

6. А вось пазногці абрэзаць лепей пасля таго, як распарыце ногі. Некаторыя робяць гэта адразу ў ванне, што абсалютна няправільна. Так можна занадта коратка іх абрэзаць і траўмаваць скуру пад пазногцем. Каб не дапусціць урастання пазногця, абразаць яго трэба, ідучы па малюнку краю ногцевай пласціны, не выстрыгаючы вуглы.

Калі на вашых пазногцях з'явіліся бялявыя плямы, нарасты, ногцевая пласціна зрабілася «калматай», не цягніце, схадзіце да ўрача. Верагодна, што пазногці пашкодзіў грыбок.

 

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Калі раптам у вас з'явілася невялікая язвачка ці трэшчынка, якая пачала набухаць альбо пачырванела, гэта сведчыць пра тое, што гэтае месца інфіцыраванае. У такім выпадку лепей параіцца з урачом. Асабліва гэта важна, калі вы хворыя на цукровы дыябет.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 41

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».