28.05.2021
28.05.2021

«Прыйшоў Пахом – запахла цяплом». І агуркі вам у рукі! :)

logo
Беларускі код
0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Народны каляндар

28 мая – Пахом. Калі ў гэты дзень цёпла, дык і лета чакаецца цёплым.

Ну што ж, дачакаліся мы нарэшце і Пахома. Цікавага дня, калі нашыя продкі адзначалі надыход цяпла і імкнуліся пасеяць агуркі. Зрэшты, цяпло цяплом, але вецер асабіста нам сёння прагназуюць паўночны. А на пачатак лета пакуль і ўвогуле надвор’е халоднае праглядаецца. Але нам па сёлетняй вясне хаця б дзень-два парадавацца сонейку – ужо за шчасце, праўда?! 🙂 Так што назапашваем вітамін D, ловячы сонечныя промні і… свой дзэн! 🙂

Пахом. Цяпло ў гэты дзень абяцае цёплае лета.

Пахом – «бакагрэй», «зялёны шум»… Які назоў ні вазьмі – прыемнасць. Вось што-што, а бакі мы пагрэем з задавальненнем! 🙂

«На Пахома цёпла – усё лета цёплае» – заўважалі калісьці ў народзе. І вельмі хацелася, каб так і было. Каб нарэшце лета, якое вось-вось да нас завітае, было больш падобнае да класічнага, чым гэтая вясна. Бо май-травень, па сутнасці, запомніўся толькі заліўнымі дажджамі ды холадам.

І хаця мы, супакойваючы саміх сябе, паўтараем: «У прыроды няма дрэннага надвор’я»… Усё ж хапае сярод нас не толькі метэазалежных, чыё самаадчуванне церпіць, але і проста тых, чый настрой напрамую залежыць ад таго, што ў нас за вокнамі.

Добра гэта ці дрэнна – іншае пытанне. Але ж – факт. Змяніць мы надвор’е па ўласным жаданні, на жаль, не можам… Хаця вельмі добра было б мець такую кнопачку ў кішэні, праўда?! J Змяніць уласнае ўспрыманне, як часцяком раяць… Дык гэта не нашмат прасцей. Хто спрабаваў, той ведае. І што застаецца?

Альбо пакорліва прымаць тое, што ёсць, альбо… Не прымаць. А як той Вожык з мультфільма, сядзець на пяньку ў чаканні сонейка. 🙂 Я вось так, уласна кажучы, часцяком і сяджу. Фігуральна. А вы?!

Пахом. У прыроды няма дрэннага надвор'я.

Але ж вернемся да Пахома і да нашых надзей на яго. Яшчэ б летась я распісвала, як буду сеяць агуркі на дачы, але… Леташні патоп, які паглынуў наш дачны ўчастак, сёлета паўтарыўся досыць рана. У маі. Таму няма куды сеяць агуркі нам, на жаль. 🙁 Зноўку водная гладзь на месцы ўчастка.

А каму ёсць куды, дык пасейце абавязкова! І – рыхтуйце мех! Бо памятаеце ж асноўную народную прыкмету?! Адну з самых любімых маёй мамачкай: «Сей агуркі на Пахом – будзеш цягаць мяхом!» І агуркі ў яе заўсёды раслі…

А вы верыце ў гэтую прыкмету?! Ці спраўджвалася яна ў вас? Дарэчы, яшчэ ў народзе былі перакананыя, што агуркі ўродзяць, калі на Пахома цёпла.

«Цені празрыста-зялёныя, з вербаў нясе пух» – прыкмячалі ў гэты ж дзень у народзе. Ну, не ведаю наконт вербаў, а вось што з асінаў пушыстыя шэрыя «чарвячкі» ўсцілаюць дол, дык гэта дакладна. Аказваецца, нават у наваколлі нашага офіса дзе-нідзе растуць асіны. Вось гэта дзіва!

Пахом. Асіны скідаюць завушніцы.

Даўней заўважалі, што на Пахома з выраю прылятае трэцяя (апошняя) чарада ластавак. І што ўбачыць іх прылёт – да шчасця. У нас жа звычайна да дачнага дамка ластаўкі прылятаюць акурат 5 мая, у дзень народзінаў нашага слыннага земляка, беларуска-польскага кампазітара Станіслава Манюшкі.

Прылятаюць – і адразу ж бяруцца альбо папраўляць старое гняздзечка, альбо прыладжваць пад страхой новае. А вось сёлета мы, на жаль, ластавак там і не ўбачылі.

Колькі гадоў таму гэтыя птушкі пасяліліся нават пад дахам нашай пяціпавярхоўкі! І цяпер уранні і ўвечары нам вельмі весела! Бо з дружным гучным лямантам яны носяцца ў зоне бачнасці цэлымі чародкамі! 🙂 І прыляцелі сёлета ў першую ці ў другую чаргу. Лётаюць ужо. Так што сёння асабіста мы чарговага прылёту ластавак і не чакаем ужо…

Пахом. Прылятае трэцяя чарада ластавак.

Вось цікава было б паназіраць за вадаёмамі, у якіх у сезон цвітуць белыя лілеі. Бо, аказваецца, ёсць і такая прыкмета на Пахома: як з’явіўся на паверхні вады шырокі ліст белай лілеі, дык замаразкаў не будзе ўжо.

«На Пахомія Траўніка і пустка зялёная» – казалі даўней. І авёс павінен ужо ў рост крануцца.

Так што, калі пашанцуе сёння, цешымся пад пяшчотным сонейкам, назіраем за наваколлем, чакаем апошняга прылёту ластавак… І – так! Сеем агуркі! 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 34

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Беларускі код"