Стомленасць гаспадыні пасля святаў – звычайная справа. Усе сілы былі кінутыя на падрыхтоўку да ўрачыстасці і адзінае, чаго хочацца пасля, – хаця б тыдзень не падыходзіць да пліты. Але што рабіць, калі святаў чарада і госці зноў на парозе?
Выкарыстоўваючы нашы рэцэпты страў хуткага прыгатавання, накрыць святочны стол можна за лічаныя хвіліны.
Святочнае меню
Самае неверагоднае кулінарнае вынаходніцтва з катэгорыі закусак – канапэ. Рыхтаваць, уласна кажучы, нічога і не трэба: інгрэдыенты парэзаць ды сабраць. У ход ідзе ўсё: вяндліна, адварное мяса, сыр, рыба, птушка, морапрадукты, яйкі, гародніна і садавіна. Увогуле, усё, што яшчэ не паспелі з'есці.
Канапэ з вяндлінай
Паспрабуйце сабраць пікантныя канапэ з трох інгрэдыентаў: жытніх хрумсткіх хлябцоў, вяндліны і марынаванага імбіру. Такая закуска не толькі падагравае апетыт, але і выдатна бадзёрыць.
Не прызнаеце мініяцюрныя формы? Тады прыгатуйце ў якасці закускі паўнавартасныя бутэрброды.
Тосты з шампіньёнамі
На прыгатаванне хрумсткіх тостаў з грыбамі ў гарчычна-сметанковым соусе пойдзе 10 хвілін, але пры гэтым яны ўпрыгожаць любы святочны стол.
Інгрэдыенты
- аржаны хлеб – 1 шт.;
- сметанковае масла – 50 г;
- шампіньёны – 300 г;
- раслінны алей – 2 ст.л.;
- малако – 1 с. л.;
- мяккі сметанковы сыр – 1 ½ ст.л.;
- французская гарчыца – 1 ч.л.;
- зеляніна для ўпрыгожвання;
- соль, перац па густу.
Спосаб прыгатавання:
Лустачкі хлеба падсмажце ў тостары або на патэльні без алею. Змажце з аднаго боку мяккім сметанковым сырам.
На іншай патэльні разагрэйце алей, дадайце вымытыя і нарэзаныя тонкімі пласцінкамі шампіньёны (падыдуць і іншыя грыбы, але, у адрозненне ад шампіньёнаў, яны могуць запатрабаваць папярэдняга адварвання).
На невялікім агні абсмажце грыбы, пакуль яны не стануць мяккімі. Злёгку пасаліце, папярчыце. Выкладзіце грыбы ў міску, дадайце малако, мяккі сметанковы сыр, французскую гарчыцу. Старанна перамяшайце. Пакладзіце грыбы на тосты, упрыгожце свежай зелянінай і падавайце да стала.
Салата з вэнджанай скумбрыі
Мікс з вэнджанай скумбрыі, крэс-салаты і марынаванай цыбулі ўразіць вашых гасцей багатымі смакавымі адценнямі, а вас – хуткасцю прыгатавання.
Інгрэдыенты
- вэнджаная скумбрыя – 250-300 г;
- крэс-салата (або любая іншая ліставая салата) – 100 г;
- адварныя буракі – 250 г;
- арахіс смажаны – 50 г;
- цыбуля рэпчатая чырвоная – 1 шт.;
- яблычны воцат – 1 ст.л.;
- соль, цукар па густу;
- аліўкавы алей – 2 ст.л.
Спосаб прыгатавання:
Цыбуліну нарэзаць вельмі тонкімі колцамі, заправіць воцатам, дробкай солі і цукру, змяшаць і пакінуць марынавацца.
Мякаць вэнджанай скумбрыі падзяліце на кавалачкі (моцна здрабняць не варта), буракі нарэжце кубікамі. На парцыённыя талеркі накладзіце крэс-салату, вэнджаную скумбрыю і буракі, прысыпце смажаным арахісам. Зверху выкладзіце марынаваную цыбулю. Да марынаду, які застаўся, дадайце аліўкавы алей, добра ўзбіце і апырскайце гатовую салату.
Філе ласося з апельсінам
На выпадак прыходу нечаканых гасцей у маразільнай камеры заўсёды карысна мець якую-небудзь высакародную рыбу, напрыклад, ласося, фарэль або сёмгу – і рыхтуецца хутка, і сапсаваць практычна немагчыма.
А вось каб надаць страве святочны антураж, дастаткова дадаць крыху незвычайных прадуктаў.
Інгрэдыенты
- чырвоная рыба (філе ласося на скуры) – 500 г.;
- апельсін – 1 шт.;
- гранат – 1 шт.;
- раслінны алей – 3 ст.л.;
- бульба – 400 г;
- часнок – 2 зубчыкі;
- соль, перац па густу.
Спосаб прыгатавання:
Філе рыбы злёгку прысаліце. Пакладзіце на ліст фольгі, зверху размясціце кружочкі апельсіна, прысыпце жменькай зерняў граната, апырскайце алеем. Зверху накрыйце яшчэ адным лістом фольгі, краі шчыльна запячатайце.
Для гарніру бульбу ачысціце ад лупін, нарэжце тонкімі кружочкамі, пасаліце, папярчыце, дадайце лыжку расліннага алею, змяшайце. Расцісніце пару зубчыкаў часнаку (здрабняць не трэба) і таксама дадайце да бульбы. Яшчэ раз перамяшайце. Выкладзіце бульбу на бляху, у цэнтры змясціце рыбу.
Запякайце рыбу і бульбу на працягу 25 хвілін пры тэмпературы 180°С.
Далікатнае філе ласося з тонкімі ноткамі цытрусу і граната, а таксама рэзкі гарнір з бульбы гатовыя!
Калі вы аддаяце перавагу адварной бульбе, вазьміце на заметку карысную параду: бульба зварыцца ўдвая хутчэй, калі пры закіпанні дадаць у ваду кавалачак сметанковага масла. Напрыканцы пакладзіце ў каструлю парасон кропу – так гарнір набудзе цёплы водар свежай зеляніны.
Дэсерт з вішняй
Ну і, вядома, нібы вішанька на торце – суперлёгкі і хуткі дэсерт. Хаця чаму «нібы». Наш варыянт дэсерту ўтрымлівае вішню і ўяўляе сабой вольную інтэрпрэтацыю знакамітага Шварцвальдскага шакаладнага торта з вішняй.
На 6 порцый спатрэбяцца:
- узбітыя вяршкі – 500 мл;
- пячэнне або бісквіт – 250 г;
- вішні свежыя або замарожаныя – 300 г;
- цёмны шакалад – 50 г.
Спосаб прыгатавання:
Вазьміце вялікую шклянку, пакладзіце ў яе кавалачкі бісквіта або здробненага пячэння. Затым дадайце 1 сталовую лыжку вішань без костачак (калі ягады былі размарожаныя, іх трэба папярэдне абсушыць). Зверху дадайце, не шкадуючы, узбітых вяршкоў і прысыпце стружкамі цёмнага шакаладу. Калі ёсць лісточак свежай мяты, ён будзе вельмі дарэчы.
Аформіце гэтак жа астатнія порцыі.
Паўгадзіны на ўсё – і гасцей не сорамна запрасіць за стол.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by