Усю ноч пасля нападу восаў мы лячыліся ад укусаў. Адэля ў сваім загончыку, а я ў сваёй кватэры. Шмаравала балючыя месцы перакісам вадароду, прыкладала прымочкі і халодныя жалезныя прадметы. Назаўтра пані Гэлена, Адэльчына гаспадыня, прыехала адведаць мяне і прывезла слоік малака ад козачкі Малімонкі.
Я расказвала ёй падрабязна пра ўчарашняе здарэнне. Даведаўшыся, адкуль узяліся восы ў маёй кватэры, пані Гэлена толькі галавой паківала:
— Вось што, спадарыня Наталля. Мы ўсе занадта паблажлівыя да Адэлі. Работніца яна, вядома ж, выдатная. Нават перадавая. Затое ў вольны час вырабляе што ўздумаецца. У вас сэрца таксама мяккае – усё ёй прабачаеце. А яна гэтым бессаромна карыстаецца. Такая ўжо наравістая. Сярод гадаванцаў фермы пачаліся непаразуменні. І менавіта праз Адэліны паводзіны. Але даскачацца!
— Я якраз хацела запытаць пра яе стасункі з Малімонкай. Які чорны кот між імі прабег?
— Адэля перад Малімонкай нос задзірае. А бывае, і крыўдзіць каго. Апомніцца, прабачэння папросіць, а праз колькі дзён гісторыя зноў паўтараецца, — пачала пані Гэлена. — Нядаўна здарыўся прыкры выпадак. Увечары чую: такі гвалт з загончыка, што ажно сцены дрыжаць! Я подбегам туды. Можа, думаю, ратаваць каго трэба. Прыбягаю, аж гэта Малімонка з Адэляй б’юцца і сварацца!
— Б’юцца? – не стрымалася я.
— Адэля схапіла Малімонку за рожкі і тузае штосілы, а Малімонка Адэлю капыткамі месіць. Я раздымаць іх кінулася – ды дзе там! Так счапіліся – не разняць. Патузалася я разам з імі, а тады выскачыла з загончыка, схапіла вядро вады і назад. Як пліхнула на абедзвюх – адразу ў розныя бакі скочылі. Пырхаюць, адплёўваюцца, але не перастаюць сварыцца. «Скнара!» – крычыць Адэля, а Малімонка ёй: «Шэльма!». Тут я за тэлефон схапілася. «Замаўчыце зараз жа, міліцыю выклічу!». Пагроза паўплывала. Змоўклі, паглядаюць на мяне. «Прызнавайцеся, з чаго сыр-бор? – пытаюся. Адэля давай скардзіцца:
— Малімонка не хоча падарыць мне грабеньчык! Такое сквапнае стварэнне! Ён жа ёй не патрэбны. Усім вядома, што казу колькі ні ўчэсвай, яна ўсё адно кудлатай застанецца! Не тое, што мы – авечачкі. Я чытала, што правілы гасціннасці вымушаюць дарыць госцю ўсё, што яму спадабаецца ў гаспадара. Так што грабеньчык павінен быць маім!
— Не аддам, — амаль плача Малімонка. – Ты ў мяне заўчора бранзалет таксама вымантачыла! А на мінулым тыдні – заколку.
— А нашто яна табе, тая заколка? Ты модай не цікавілася ніколі. Навучыла вас з Даліктусяй на сваю галаву!
– Вось такая гісторыя, — скончыла пані Гэлена. — Я, вядома, прысароміла Адэлю і патлумачыла, што правіламі гасціннасці нельга злоўжываць. Карацей, прымусіла іх памірыцца і прыпалохала, што ні адну з іх не вазьму на выставу. А яна сёлета праходзіць за мяжой. Дарэчы, спадарыня Наталля, я хацела прасіць вашай дапамогі. Мы з гаспадаром едзем на тыдзень на канферэнцыю па жывёлагадоўлі. А днямі трэба падаваць дакументы ў амбасаду на атрыманне візы. Дакументы ў нашых гадаванцаў у парадку. Але неяк не хочацца адпраўляць іх адных па такой важнай справе. Даліктусіна гаспадыня казала, што не так гэта проста – атрымаць візу.
Я паабяцала дапамагчы. Праз колькі хвілін пані Гэлена адвіталася. А я месца сабе не знаходзіла, думаючы, як можна было б паўплываць на Адэлю. І надумала вельмі сур’ёзна пагутарыць з авечачкай, як толькі надарыцца выпадак.
Шпіёнскія жарсці
Наступным днём Адэля завітала да мяне раздражнёная і змрочная.
— Мне патрэбная ваша дапамога, — з парога заявіла яна.
— Што зноў здарылася? — занепакоілася я.
— Ведаеце, дарэмна вы за Малімонку заўсёды заступаецеся!
— Адэля, калі ты зноў будзеш паклёпнічаць, то лепш і не пачынай! Дарэчы, гісторыю з грабеньчыкам ведаю з падрабязнасцямі ад пані Гэлены. Шчыра: я не ўхваляю тваіх паводзінаў!
— Вось як! Дык вы з імі заадно! – выпаліла Адэля і ўзрушана забегала па пакоі. — Вы проста прадаліся ёй за слоік малака!
— Досыць! – цвёрда адгукнулася я. – Ты прызвычаілася вінаваціць усіх навокал. А сабе дазваляеш вельмі непрыгожыя паводзіны. Ты бываеш эгаістычнай і неўраўнаважанай, крыўдзіш сяброў, звысоку глядзіш на іх… — Я магла б працягваць, але Адэля ўжо глядзела на мяне вачыма, поўнымі слёз.
— Проста... проста я натура арыгінальная, самабытная. А ніхто не хоча зважаць на гэта.
— Я табе ўжо тлумачыла, што арыгінальнасць і нявыхаванасць – не тое самае. А цяпер скажы, што зноў здарылася?
Адэля ўсхліпнула:
— Малімонка і Баранчык намовілі Даліктусю, і цяпер ніхто не хоча са мной знацца! Мы ўсе збіраліся сёння ўвечары на пікнік. Але яны адмовіліся браць мяне з сабой!
— Чаму?
— Не ведаю!.. Я толькі сказала Малімонцы, што яна зноў складзе кошык з лусцікамі абы-як.
— Так. А яшчэ што?
— Ну, Даліктусі параіла змяніць капялюш, бо яна ў ім да пудзіла падобная. А Баранчыка наогул не чапала, толькі сказала, што вогнішча раскладаць буду я сама, бо такі няўклюда нізавошта не дасць рады. А яны заявілі, што выдатна абыдуцца без маіх парад. І хай лепш я застануся ў сваім загончыку. Ці ж гэта справядліва?
Адэля сакатала так хутка, што я не паспявала слова ўставіць:
— І дарэмна крыўдзіліся! Баранчык сапраўды вогнішча расклаў толькі з трэцяй запалкі, Малімонка яблыкі паклала на дно кошыка, а іх жа першымі прыемна з’есці, а на Даліктусю ўсе паглядалі ды пасмейваліся.
— А ты адкуль ведаеш? Цябе ж не ўзялі на пікнік!
— А я, — вочкі ў Адэлі наважліва загарэліся, — не дазволю псаваць сабе планаў! Я цішком пракралася за імі і падгледзела. Думаю, з мяне выйшла б выдатная шпіёнка! Я так асцярожненька ішла за імі след у след, што мяне нават не заўважылі! Дзе за плотам хавалася, дзе па-пластунску паўзла, дзе за кустамі маскіравалася! Толькі на палянцы схавацца не было як, дык Даліктуся мяне заўважыла. І сказала, каб я ішла дамоў. Я не стрымалася і выказала ім усё, што думаю.
— Ах, Адэля, не варта было так рабіць! І шпіёніць не варта было!
— Варта! Я такую таямніцу выведала! – Адэля па-змоўніцку мне падміргнула. – Я даведалася, як насамрэч завуць Баранчыка!
— Гэта і мне вядома. Усе клічуць яго проста Баранчык.
— Дык вось! Усе памыляюцца! Ён пад сакрэтам расказаў Малімонцы з Даліктусяй, што калі быў зусім маленькі, выхваляўся перад суродзічамі, за гэта яго празвалі Фанабэрык.
— А чаму ён утойвае гэта?
— Вось! Думаю, справа тут цёмная! Ён плёў нешта гэтым даверлівым дурніцам, што шмат працаваў над сваім характарам і манерамі, каб выправіцца. Але я гэтаму не веру! Пэўна, навырабляў нечага, а каб не знайшлі – імя змяніў і на дно залёг!
— Ну, ты і навыдумляла, Адэлька, — са смехам працягнула я. – Як у тэлесерыялах.
Адэля пакрыўдзілася:
— Што вы ведаеце пра тэлесерыялы? Вы ніколі іх не глядзіце. Ніколі часу нестае. На што вы яго марнуеце, свой час?
— Ну, я працую, люблю кніжкі чытаць, у музей хадзіць…
— Ат, спадарыня Наталля! Навошта вам кніжкі чытаць? Вы ж іх пішаце. А музей куды падзенецца? Ён гадамі на адным месцы стаіць, а тут жыццё віруе! Такога нагледзішся праз тэлевізар! Я думаю, у мяне ёсць усе задаткі дэтэктыва! Баранчыка я ўжо амаль выкрыла!
— О не, Адэля! Будзь лепш модным стылістам! Бо прыдумала нейкі крымінал і першая ў яго паверыла.
— Ну, вас, — абурылася авечка. – Вось абяруць мяне вядоўцай ток-шоу – перада мной такія мажлівасці паўстануць! Дарэчы, што новага пра рэйды па фермах чуваць? Колькі ўжо часу мінула – павінны ж яны былі вызначыць пераможцу!..
— Ведаеш, Адэля, — пачала выкручвацца я, — можа, яшчэ і не будзе ніякай акцыі. Гэта пакуль толькі ў праектах.
— Не тлуміце мне галаву! – занервавалася Адэля. – Я рыхтуюся, значыць, акцыя павінна быць! І наогул: надакучыла мне тут з вамі сядзець. Лепш прайдуся. Усяго найлепшага!
Штраф за ружы
Недзе праз гадзіны дзве да мяне ў кватэру зноў пазванілі. Я адчыніла дзверы. На парозе стаялі Баранчык і Малімонка з Даліктусяй. Усе ўстрывожаныя, разгубленыя.
— Спадарыня Наталля, — наўзахваткі загаварылі яны, — Адэля знікла!
— Як гэта? Яна не так даўно была ў мяне.
— Разумееце, яе няма нідзе!
— Пачакайце! А кліпсачка? Вы ж носіце кліпсачку з сістэмай вызначэння месцазнаходжання!
— Адэля пакінула яе на стале ў сваім загончыку разам з пісулькай.
Баранчык падаў мне ружовую паперку з неахайным надпісам:
«Калі я вам не патрэбная, дык і я без вас абыдуся! Бывайце!»
Баранчык збянтэжана патлумачыў:
— Гэта мы вінаватыя… Не ўзялі яе з сабой на пікнік. От яна і пакрыўдзілася…
Я не на жарт устрывожылася:
— Трэба тэлефанаваць гаспадарам!
— Што вы! Ні ў якім разе. Адэля зноў парушыла правілы гадаванцаў. Яе сапраўды могуць звольніць, і тады яна не патрапіць на Міжнародную выставу… А Адэлька так да яе рыхтуецца, так чакае! – Вочы ў Малімонкі былі поўныя слёз.
— А раптам што здарылася? – не вытрымала і Даліктуся.
Якія толькі версіі не прыходзілі нам да галавы. Даліктуся была пэўная, што на Адэлю напалі злачынцы. Баранчык бажыўся, што яе ўкралі гаспадары нейкай фермы-канкурэнта. Малімонка была на мяжы нервовага зрыву: раптам з Адэляй здарылася нешта непапраўнае.
— Тады трэба тэлефанаваць у больніцы, — я кінулася да тэлефона. Але званок мяне апярэдзіў.
— Пані Наталля? Турбуюць з міліцыі. Вы знаёмыя з авечкай Адэляй з фермы «Каляроўка».
Я расхвалявалася яшчэ больш:
— Так! Але ведаеце, яна знікла! Я якраз збіралася яе шукаць! А што здарылася? Вы ведаеце, дзе яна?
— Ведаем. Яна ў міліцэйскім аддзяленні. Прыязджайце па сваю знаёмую. Не забудзьце ўзяць пашпарт.
У міліцыю мы прымчаліся таксоўкай усёй кампаніяй. Чамусьці нам уяўлялася, што Адэля ўжо сядзіць за кратамі і чакае нас як збаўлення..
Адэля сядзела ў мяккім крэсле насупраць дзяжурнага. Перад ёй стаяў слоік з букетам руж, кубачак з кавай і талерка з цестачкамі. Мы кінуліся да авечачкі з абдымкамі, але Адэля фыркнула і адвярнулася ў другі бок.
— Вы толькі гляньце, — звярнулася яна да дзяжурнага, — ледзь са свету не звялі бедную авечачку, а цяпер на шыю вешаюцца!
Пэўна, дзяжурнаму Адэля расказала нейкую шчымлівую гісторыю свайго жыцця, бо ён глядзеў на нас з дакорам.
Мы павіталіся, дзяжурны спытаўся імя і прозвішча кожнага з нас, пагартаў мой пашпарт і сурова пачаў:
— Скажыце, ці ж можна быць такімі абыякавымі? Ваша нязгодлівасць і чэрствасць ледзь не загубілі няшчасную Адэлю.
— Прабачце, — пачала я, — але, што здарылася? Чаму Адэлька трапіла ў міліцыю? Яе нехта пакрыўдзіў?
— Ніхто, апрача вас! І я не пэўны, што варта Вам яе аддаваць.
Высветлілася, што пасля маіх заўваг Адэля адчула сябе такой няшчаснай, што пайшла гуляць вуліцамі горада. Ёй вельмі хацелася, каб хто пашкадаваў яе і паспачуваў. Але сярод штодзённай гарадской мітусні ніхто не звяртаў увагі на авечачку. Гэта давяло яе да роспачы. Адэля ўзлезла на клумбу з прыгожымі пунсовымі ружамі і пачала іх ламаць. Неўзабаве ля яе прыпынілася міліцэйская машына. Адэлю, парушальніцу парадку, разам з букетам руж у якасці рэчавага доказу, даставілі ў аддзяленне міліцыі. За хуліганства яе чакала даволі суровае пакаранне: тры дні прымусовай працы, ліст гаспадарам і штраф. Але Адэля сваімі скаргамі на невыносныя ўмовы існавання так расчуліла дзяжурнага, што ён паабяцаў нічога не паведамляць гаспадарам і скасаваць ёй дні прымусовай працы. Заставалася рассудзіць пытанне з аплатай штрафа. І тут Адэля ўспомніла пра мяне. Авечка дала нумар майго тэлефона дзяжурнаму, і вось я ўжо трымала ў руках квіток на аплату штрафа. Яшчэ я мусіла напісаць заяву, што абяцаю зрабіць усё, каб Адэля больш не хуліганіла. Калі Адэліна вызваленне адбылося, яна з тэатральным пафасам звярнулася да дзяжурнага:
— Вы – мой выратавальнік! Не так часта спаткаеш сапраўднае рыцарскае стаўленне да пакрыўджаных лёсам! – Адэля чароўна ўсміхнулася дзяжурнаму. – А ружы я забяру сабе, бо ўсё адно спадарыня Наталля за іх штраф заплаціла.
Адэля выплыла з пакою дзяжурнага пераможцай. Мы паныла пацягнуліся за ёй. На вуліцы Адэля панюхала ружы і закаціла вочкі:
— Ах, які прыемны пах!
І тут Баранчык з Малімонкай не вытрымалі:
— Адэля! Што гэта значыць? Мы турбаваліся, перажывалі, што з табой нешта здарылася!
— Ну, яшчэ чаго! – запратэставала Адэля. – Не такая я ўжо бездапаможная!
— А чаго цябе на клумбы панесла? Навошта было кветкі рваць?! Вунь які штраф спадарыня Наталля за цябе заплаціла! – далучылася да дакораў Даліктуся.
— Варта вам! Не трэба было мяне крыўдзіць! Я наўмысна ўсё ўчыніла так, каб вы раскаяліся. Дарэчы, кліпсачку маю прынеслі? Давайце сюды! І памятайце, гаспадары не павінны ведаць пра сённяшняе здарэнне. Неўзабаве ж выстава!
Нам проста мову заняло ад такога нахабства, але тут Адэля шырока ўсміхнулася і прыязна пагладзіла Малімонку з Даліктусяй па рожках:
— Скажу шчыра – я і сама ўжо засумавала без вас. Дый страшнавата было. Не так гэта проста – быць парушальніцай! Давайце лепш мірыцца!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by