02.08.2019
02.08.2019

«Прыйшоў Ілля – нарабіў гнілля...»

logo
Беларускі код
0 97
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ат, хіба ж для нас гэта дзіва?! Тое гніллё (чытай – дажджы, мокрадзь), якім нас літаральна заваліў сёлетні ліпень?! Ды нам жа не прывыкаць, праўда? А вось тое, што столькі дзён халодных было ў другім летнім месяцы... Вось гэта па-сапраўднаму крыўдна. Але ж не выправіш, не пакамандуеш і хмары рукамі, як у песні, не разгоніш, на жаль...

Так што сустракаем, сябры, сёння Іллю – дзень, які здаўна ў народзе ўспрымаўся, як... заканчэнне лета і пачатак восені! Ну вось мы і прыплылі – у прамым і пераносным сэнсе. А хіба ў нас лета было?! Такое сапраўднае?! Куды нам восень??? Рана!!!

Святы ІлляПамятаю не такія ўжо і даўнія гарачыя ліпені, калі было за 30. А за імі прыходзілі дакладна такія ж па тэмпературы жніўні. І народная прымета на Іллю не спрацоўвала тады. Якая?! А што купацца пасля 2 жніўня ўжо забаранялася: «Прыйшоў Ілля – укінуў у ваду кавалак ільду». Маўляў, вада па тэмпературы – зусім не для купання. Дык жа, паўтаруся, сёлета большасць ліпеня яна такая. Дык, мо, у верасні пакупаемся?! Павінна ж быць кампенсацыя нам за такое лета?!

Памятаю смешны выпадак колькі гадоў таму. Да нас у рэдакцыю раёнкі зайшоў мой колішні вучань, які на той час узначальваў адну з моладзевых арганізацый у раёне. Ілля якраз-такі. Перагаварыў з маімі калегамі па справе, а тады так ваа-а-ажна заявіў:

– Ну, пайду ўжо займацца сваімі непасрэднымі абавязкамі.

– А куды ж, Ілля?!

– Ды на Натальеўскае возера.

– ??????

– Ну як – навошта?! Гнілля пайду ў ваду накідаю...

Дружны рогат! 🙂

Але якія б ні здараліся анекдатычныя ды іншыя сітуацыі, усё ж прыгожае гэтае імя – Ілля. Усіх яго носьбітаў сёння мы шчыра віншуем з імянінамі! Спадзяюся, вы ведаеце, сябры, у гонар каго вас так назвалі?!

«Прыйшоў Ілля – нарабіў гнілля...»Як бы ні спрачаліся даследчыкі, асабіста мне блізкае меркаванне, што ў гэтым персанажы бы зліліся два. «І абодва – Іллі?!» – перафразуючы вядомае з кінакамедыі «Іван Васільевіч мяняе прафесію» пра Буншу, запытаецеся вы. І я адкажу тым жа тэкстам: «Абодва». Хаця і не зусім так.

Першы – гэта вядомы ўсім паганскі (язычніцкі) бог Пярун. Дакладней, не сам, а яго асобныя рысы, якія ён Іллі перадаў. Напрыклад, валоданне маланкамі-грымотамі-перунамі. А другі – біблейскі прарок Ілля. Ёсць меркаванне, што ён быў узяты на Неба жывым.

На Іллю нашы продкі ў гэты дзень збіралі дажджавую ваду, каб пасля ёю мыцца.Вось і атрымліваецца, што цяпер Ілля ездзіць па небе ў вогненнай калясніцы і кідае маланкі-стрэлы ў нячыстых. Яго з’яўленне звычайна суправаджаюць дажджы і навальніцы. Эх, лепей бы ён у свой дзень 2 жніўня адпачыў ад працы, праўда?!  А ў нас пастаяла б сонечнае надвор’е. Ну, так, для разнастайнасці...

А яшчэ Ілля лічыцца апекуном земляробства. І пра яго шмат вядома народнай мудрасці. «З Іллі працаўніку дзве ўгоды: ноч доўгая ды вада халодная», «На Іллю да абеду лета, а пасля абеду восень», «Ілля жніво пачынае, а лета канчае», «Ілля ваюе з чартамі, б’е іх перунамі», «Да Іллі на сене пуд мёду, а на Іллі пуд гною», «Ілля пытае, ці гатова ралля, а Успенне, ці гатова насенне».

Нашы продкі ў гэты дзень збіралі дажджавую ваду, каб пасля ёю мыцца. Памятаю, яшчэ ў дзяцінстве бабуля таксама сцвярджала, што ўвогуле карысна мыць валасы менавіта такой вадой, яна робіць іх мяккімі... Ну, пры той экалогіі яшчэ ў 1970-х-пачатку 1980-х – так. А пры нашай... І яшчэ сяляне стараліся ў гэты дзень не працаваць, каб навальніцы не сталі прычынай пажару. Не хацелі гнявіць таго Іллю...

Што ж датычыцца народных назіранняў, дык калі быў 2 жніўня дождж, лічылася, што маланка... папаліць арэхі. Добрае надвор’е абяцала ў будучым і добры сенакос. А калі раптам спякота, дык чакалі працяглай зімы. Вось што-што, а апошняе нам, здаецца, і не пагражае па гэтых прыкметах...

Так што назіраем сёння за надвор’ем і робім высновы, сябры! Лепей іх занатаваць, каб пасля, праз некалькі месяцаў, праверыць, ці працуюць яшчэ даўнейшыя народныя прыкметы нашых продкаў.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 97

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Беларускі код"