Беларускі мастак Леанід Гоманаў сапраўдны прыклад не толькі аптымістычнага чалавека, але і шчаслівага творцы. Яго работы — гэта радасць, утульнасць, свабода, а творчы пачырк пазнавальны сваімі прыемнымі і цёплымі адцённямі. Сёлета мастаку спаўняецца 70 год. З нагоды юбілейнай даты ў галерэі «Мастацтва» адкрылі выставачны праект аўтара «Пейзаж без межаў».
Праект Леаніда Міхайлавіча знаёміць з гледачоў з незвычайнымі краявідамі, якія з неверагоднай дакладнасцю перадаюць розныя, ледзь улоўныя станы прыроды. Мастацкі свет Леаніда Гоманава ўражвае багаццем. А ўсё дзякуючы непарушнай любові да прыроды і пошуку матываў для сваіх палотнаў. Апошняе і падштурхоўвае майстра як мага часцей выязджаць на пленэры. Пышная палітра яго работ дазваляе гледачу атрымаць асалоду ад унікальных краявідаў розных краін свету.
Прыродныя пейзажы Леаніда Гоманава падкрэсліваюць прыгажосць навакольнага свету і дэманструюць унікальныя характарыстыкі кожнага ландшафту. Горы, бязмежныя палі, архітэктура — аўтар выкарыстоўвае натуральную каляровую гаму, акцэнтуе ўвагу гледача на гарманічнай маляўнічай кампазіцыі.
— Леанід Міхайлавіч не толькі цудоўны мастак, але і выдатны выкладчык. Я часта бываю на дзіцячых пленэрах, дзе творца паказвае маленькім дзецям, як нараджаецца мастацтва, — адзначыла на адкрыцці праекта першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Гэта заўсёды ўзрушаюча і захапляльна. Яго заняткі ператвараюцца ў тэатралізаванае дзеянне. Гэта вялікая справа, калі мастак можа размаўляць з дзецьмі, калі ён не баіцца дзяліцца думкамі. На гэтай жа выстаўцы можна заўважыць, як свецяцца работы мастака, таксама як і Леанід Гоманаў сам свецціца заўсёды.
Леаніда Гоманава часта называюць эксперыментарам у жанры пейзажу. Ён умее ствараць непаўторныя адценні, якія нібыта асобны пласт абараняюць работу ад знешніх уздзеянняў. Сам жа мастак кажа, што нічога не робіць спецыяльна, а ўсе нечаканыя светлавыя «спецэфекты» атрымліваюцца спантанна.
Яго віртуозны мастацкі почырк — следства велізарнай працы, пісання з натуры. Леанід Гамонаў штогод прымае ўдзел у пленэрах па ўсім свеце, ад Літвы да Грэцыі і Казахстана, малюючы мора і горы, рэкі і пустыні. Яго пейзажы — гэта магчымасць паглыбіцца ў прыродны колазварот. Майстар верны традыцыям рэалістычнай школы, закладзеным яшчэ ў пачатку XX стагоддзя земляком Вітольдам Бялыніцкім-Бірулёй. Палотны нашага сучасніка з такой жа неверагоднай дакладнасцю перадаюць памежныя станы навакольнага свету.
Краявіды Леаніда Гоманава знаходзяцца не толькі ў нацыянальных мастацкіх зборах. Яны ёсць у прыватных калекцыях практычна на ўсіх кантынентах. Больш за 20 гадоў мастак узначальвае журы Міжнароднага конкурсу дзіцячых малюнкаў «На сваёй зямлі». Асабісты ўклад жывапісца ў сусветнае мастацтва не раз быў адзначаны прэстыжнымі ўзнагародамі — айчыннымі і замежнымі.
Вяртанне ў цеплыню. Выстаўку Валянціны Шобы адкрылі ў Мінску
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by