11.10.2020
11.10.2020

Са святам, дарагія нашы творцы! А ў народзе сёння – Харытон…

logo
Навiны
0 34
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Супрацоўнікаў бібліятэк і музеяў, кампазітараў і мастакоў, акцёраў і рэстаўратараў, відэааператараў і экскурсаводаў… Усіх-усіх людзей творчых прафесій, якія сёння святкуюць Дзень работнікаў культуры, мы шчыра віншуем!

Дзень работнікаў культуры. Віншаванне.

Якім бы сумным было б жыццё, каб не было вас… Настолькі адданых любімай справе, што, абраўшы яе аднойчы, не змяняеце ёй і не здраджваеце. Нягледзячы на ўсе складанасці і часцяком невялікія заробкі.

Я ганаруся знаёмствам і сяброўствам з такімі людзьмі! Прычым не толькі з вядомымі на ўсю краіну і за яе межамі, але і са сціплымі працаўнікамі нашай Чэрвеньшчыны. Бо я добра ведаю, чаго вартая іх праца і сумленныя адносіны да працы…

А прыгадаць сёння хочацца многае. Напрыклад, росквіт культурнага жыцця на нашай Чэрвеньшчыне напрыканцы 1990-х-напачатку 2000-х гадоў. Вось вельмі шкада, што тады яшчэ панавала эра чорна-белых аматарскіх фотаздымкаў…

Дзень работнікаў культуры. Чорна-белыя фотаздымкі тэатральных спектакляў.

Зараз яны проста ўнікальныя і сапраўды на вагу золата! Калі маюцца, вядома ж… А калі б тады панавала ўжо Яе Вялікасць Лічба… Маюцца на ўвазе – лічбавыя тэхналогіі… Усюды… Гэта якая была б памяць!!!

А так… Беражліва перагортваем старонкі ва ўласнай памяці. Народны тэатр Чэрвеньскага Дома культуры. Таленавітая рэжысёрка (з заганамі, уласцівымі таленавітым людзям), чыё прозвішча ўжо і не памятаецца… Якія спектаклі тады ставіліся! Асабліва шмат – па п’есах Аляксея Дударава. «Вечар», «Радавыя», «Адцуранне» («Святло»)… Які напал жарсцяў!

Ведаеце, я б сапраўды за тыя п’есы і асабліва ў той час спадара Аляксея (з якім мела гонар нарадзіцца ў адзін дзень) уганаравала б Нобелеўскай прэміяй! Настолькі сугучна, настолькі да душы…

Дзень работнікаў культуры. Аляксей Дудараў.

І так жа яны натхнялі, што да п’есы «Адцуранне» пра Чарнобыль рэальны і духоўны мы напісалі вершы і песні, якія выконваў мой брат, журналіст Ігар Адамовіч. Ён разам з нашым татам, Уладзімірам Адамовічам, тады актыўна ўдзельнічаў у пастаноўцы п’есаў. І няхай сабе яны былі аматарскімі, самадзейнымі, цяпер, праз столькі гадоў, упэўненая: яны былі вартымі і вялікай сцэны.

Натхнёная спектаклямі і, вядома ж, самімі п’есамі Аляксея Дударава, на самабытным матэрыяле я, на той час студэнтка Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, літаральна на адным дыханні напісала па іх курсавую, а затым і дыпломную, якія былі прынятыя на «ўра». Вось яна, сіла творчасці, сіла мастацтва, якая так уздзейнічае на людзей!

Я прыгадваю старажытны будынак на плошчы Чэрвеня, у якім суседнічалі ў свой час цэнтральная раённая бібліятэка і раённы краязнаўчы музей, у якім я ў свой час адпрацавала навуковым супрацоўнікам амаль паўгода.

Дзень работнікаў культуры. Страчаная спадчына. Будынак Чэрвеньскіх музея і бібліятэкі.

Якія мерапрыемствы ладзілі там абедзве згаданыя ўстановы! А самі былі такімі хатнімі-хатнімі… Колькі сустрэчаў са знакамітымі пісьменнікамі прайшло ў чытальнай зале на другім паверсе! Яны ж таксама дагэтуль у памяці… І ладзілася ўсё пры актыўным спрыянні тагачаснага дырэктара Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібілятэчнай сістэмы Людмілы Войцік. Светлая ёй памяць…

Пакінулі зямное жыццё многія таленавітыя творцы. Пакінуў жыццё і наш старажытны будынак бібліятэкі-музея. На яго месцы да абласных «Дажынак» тэрмінова пабудавалі новы. На жаль, не імкнецца ён у неба... А раённая бібліятэка месціцца ў будынку разам з дзіцячай.

Параўноўваючы з шыкоўнымі памяшканнямі той жа Уздзенскай цэнтральнай бібліятэкі… Эх! 🙁

З вялікай удзячнасцю прыгадваю супрацоўнікаў Уздзенскіх Дома культуры і бібліятэкі, Старадарожскіх Дома культуры (прабачце, пішу звыклыя даўнія назвы, так больш зразумела) і музея, дзе па журналісцкай працы была не аднойчы на працягу трох гадоў.

Дзень работнікаў культуры. Уздзенскі палац культуры.

Работнікам культуры гэтых раёнаў (і роднаму Чэрвеньскаму, вядома ж) – маё шанаванне і асаблівыя віншаванні з прафесійным святам! Памятаю ўсіх! Усе ў маім сэрцы…

І сёння двойчы добрая нагода (нядзеля і прафесійнае свята), каб з хаты не выходзіць. Бо ў народзе ж сёння – Харытон… Памятаеце асноўную яго прыкмету-папярэджанне?! «Харытон – у хаце ўрон». Калі коратка – нашыя продкі стараліся з дому не выходзіць, хатнімі справамі не займацца, смецце з хаты не выносіць (у прамым сэнсе), на агародзе не поркацца… І не есці ягады ў любым выглядзе (варэнне таксама!).

Але калі вы не верыце ў чорную котку з пустым вядром, тады гэтыя прыкметы-прымхі – не для вас.

Дзень работнікаў культуры. Харытон. Прымхі.

А для ўсіх няхай прыемным станецца сённяшні восеньскі дзянёк. Няхай парадуе сонечным промнямі, шапатлівым рознакаляровым лісцем, добрым самаадчуваннем, святочнымі момантамі. А калі ўсяму зашкодзіць дождж, дык няхай затым абавязкова расквеціць неба і асабісты лёс кожнага красуня-вясёлка…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 34

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".