Спадзяюся, вы ўжо задумаліся, шаноўныя сябры, якая сувязь паміж Самойлам (Самуілам), мужчынамі і апенькамі?! Ды яшчэ 2-га верасня?
А вось нашыя продкі ведалі. І традыцыйна штосьці абавязкова рабілі, а штосьці не рабілі ў гэты дзень.
Сувязь паміж Самойлам і мужчынамі прасочваецца ў народнай мудрасці, якая дайшла да нашага часу: «Самойла Прарок сам аб мужыку моліцца». А чаму? Бо гэта – неафіцыйнае свята мужчын, бацькоў і мужоў. Так што майце на ўвазе, жанчыны!
Раней для мужчын у гэты дзень накрывалі святочны стол, дарылі ім падарункі. Магчыма, у наш няпросты час, дзе так мала нагод для радасці, ёсць сэнс пераняць традыцыю? І звярнуць увагу на нашых абаронцаў? Папрасіць у святога, каб і іх ён абараняў – заўсёды…
Дарэчы, Самойла (Самуіл) лічыцца заступнікам усіх пакрыўджаных і гаротных. Так што тыя, хто сябе гэтак адчувае, таксама сёння, 2-га верасня, могуць звярнуцца да святога… Яго ж прасілі і аб добрым надвор’і ў верасні, бо шмат спраў яшчэ заставалася на палетках у селяніна…
А яшчэ ў беларусаў гэты дзень называўся Бурачніцай. Маўляў, час прыбіраць буракі ды моркву…
Калі надвор’е яшчэ было ўстойлівым і пастаянным, а ўсе поры года прыходзілі да нас сапраўды ў свой час і без вялікіх сюрпрызаў у выглядзе моцных вятроў, залеваў ды іншага, тады на пачатку верасня ў лясах ужо з’яўляліся апенькі. І ў нашых продкаў лічылася добрай прыкметай назбіраць іх менавіта 2-га верасня і прыгатаваць смажаную бульбу з грыбамі.
Памятаеце маналог героя Андрэя Мягкова ў культавым фільме «Службовы раман»?! «Возьмем, да прыкладу, апенькі. Яны растуць на пнях. Калі прыйдзеш у лес і табе пашанцуе з пнём, дык можна набраць цэлую гару… пнёў… Ой, апенек…» 🙂
Я люблю збіраць гэты від грыбоў. Асаблівая асалода – знайсці сапраўды вялізны пень, дрэва… Месца, дзе яны так шчыльна сядзяць побач кустамі-садамі… А колькі апенек ды іншых грыбоў назбірала за ўсё сваё жыццё мая мілая мамачка…
Але назбіраць – гэта яшчэ палова справы. Ці нават меншая яе частка. Бо калі апенькі маладыя, пакуль прыбярэш у іх падчас перабірання дома ўсё лішняе, неядомае… Заморышся! J\:) Асабліва калі іх… цэлыя сумкі ці нават мех з-пад бульбы! Але, як кажуць, любіш катацца…
Мая самая любімая страва – гэта апенькі салёныя, халодныя, пад гнётам. Гатуюцца хутка, захоўваюцца пэўны час у халадзільніку. Са свежай зваранай бульбай звычайна ў нас з’ядаліся вельмі хутка! Люблю таксама і салянку з апенькамі…
Звычайна ажно зайздрошчу тым людзям, якія могуць збіраць апенькі… фактычна на ўласным падворку! Тое бачыла на ўласныя вочы, напрыклад, тры гады таму ў вёсцы Язоўкі Чэрвеньскага раёна.
Прыехала я туды да вельмі цікавай жанчыны – Валянціны Пятроўны Ладуцькі, якая заснавала прыватны музей сялянскага побыту і ладзіла некалькі гадоў запар свята вёскі, так званы Пятроўскі кірмаш у дзень святых Пятра і Паўла.
… Сядзім з ёй за кубачкамі гарбаты, размаўляем… Я пазіраю ў акно – і не магу даўмецца, чым займаецца на падворку яе муж, Мікалай Мікалаевіч. Заўважыўшы маю несхаваную цікаўнасць, гаспадыня патлумачыла, што ў садзе – апенек процьма! Вось ён іх паціху і рэжа…
Ну, і як тут не пазайздросціць?! 🙂
І – самы час прыгадаць, чым жа карысныя апенькі. Для тых, хто грыбы любіць і спажывае. У іх складзе – вітаміны В2 і В3, аскарбінавая кіслата, жалеза, магній, калій… А народная медыцына нават лічыць гэтыя грыбы прыродным антыбіётыкам. Вось апошняе не правярала. За што купіла, як кажуць…
Спецыялісты сцвярджаюць, што апенькі здольныя папярэджваць развіццё анкалагічных захворванняў, атэрасклерозу, дыябету, гіпертаніі… Дзесьці з іх нават робяць бялковы хлеб для дыябетыкаў (вось бы паглядзець на тое дзіва!). А ў Аўстрыі гэта прыродны паслабляльны сродак. Так што ў каго слабы страўнік – асцярожна і вельмі дазавана! Альбо ўвогуле не ўжываць…
Гэтак жа, як і марынаваныя апенькі. Падыдуць не ўсім. Самі па сабе грыбы ў такім прыгатаванні вітаюцца, бо ў марынаваным выглядзе выдзяляюць карысную для кішэчніка слізь. Але з-за прыпраў, воцату ды іншага дрэнна ўздзейнічаюць на страўнікава-кішэчны тракт.
Некаторыя аматары апенек хваляць іх высушаныя. Але я, па шчырасці, не ўяўляю, што можа застацца ад гэтага віду грыбоў у працэсе сушкі, калі нават свежы шчыльны баравік так сціскаецца, мізарнее… Мабыць, толькі тоненькая плёначка… Так што наўрад ці яно таго вартае…
Ну і, вядома ж, калі вы – не дужа важны грыбны знаўца, лепей не рызыкаваць. Бо апрача апенькаў сапраўдных ёсць яшчэ апенькі несапраўдныя. І можна пераблытаць ды назбіраць неядомых грыбоў… 🙁
А мы традыцыйна сёння выбіраем… Віншаваць мужчын, звяртацца да святога, ісці ў лес, каб праверыць: а раптам вылезлі дзесьці апенькі… Альбо… Зрабіць і тое, і другое, і трэцяе!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by