16.10.2019
16.10.2019

Скрынінг, фактары рызыкі і самаагляд. Як не прапусціць рак малочнай залозы

logo
Здароўе дарослых
0 32
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Гарадская акцыя «Разам супраць раку малочнай залозы» пройдзе 16-17 кастрычніка на базе цэнтральных раённых паліклінік г.Мінска. На працягу двух дзён усе жадаючыя могуць атрымаць кансультацыю спецыялістаў Мінскага гарадскога анкалагічнага дыспансэра.

У рамках акцыі тым, хто звярнуўся, будзе праведзены агляд і пальпацыя малочнай залозы. Пры неабходнасці пацыенткам выканаюць ультрагукавое даследаванне, мамаграфію і біяпсію. У выпадку, калі будзе выяўленая злаякасная пухліна, жанчыну накіруюць на даабследаванне і лячэнне ў анкалагічны дыспансэр.

Ужо больш за 20 гадоў запар у кастрычніку ў свеце праводзіцца месяц барацьбы супраць раку малочнай залозы. Гэта сталася нагодай для сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры журналістаў і спецыялістаў-анколагаў. Аб праблемах ранняй дыягностыкі раку малочнай залозы, прычынах і фактарах рызыкі развіцця захворвання распавялі:

  • загадчык лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Антон Хораў;
  • намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце 34-й цэнтральнай гарадской раённай клінічнай паліклінікі Савецкага раёна г.Мінска Вадзім Касцюкоў;
  • загадчык анкахірургічнага аддзялення №1 Мінскага гарадскога клінічнага анкахірургічнага дыспансэра, анколаг-хірург вышэйшай катэгорыі, к.м.н. Аляксандр Гладышаў.

Дыягностыка раку малочнай залозы. Скрынінг

Дыягностыка раку малочнай залозы. Скрынінг

Ранняя дыягностыка захворвання – залог поспеху лячэння, упэўнены Антон Хораў. Галоўнае, падкрэсліў эксперт, не баяцца ісці да ўрачоў і своечасова звяртацца па дапамогу.

Антон Хораў
Загадчык лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава
У Беларусі створаны ўсе ўмовы для дакладнай дыягностыкі і правільнай інтэрпрэтацыі ўсіх клінічных праяў раку малочнай залозы, у тым ліку на малекулярна-генетычным узроўні. Гэтаму спрыяе наяўнасць у нашай краіне малекулярна-генетычнай лабараторыі і пазітронна-эмісійнага цэнтра, аснашчанасць устаноў аховы здароўя апаратамі УГД і мамографамі.

34-я паліклініка г.Мінска ў 2012 годзе стала той установай, на базе якой адпрацоўваліся ўсе мерапрыемствы скрынінгу малочнай залозы: як запрасіць жанчын, у якім узросце найбольш эфектыўна правядзенне мамаграфіі, як размеркаваць нагрузку на абсталяванне. Сёння можна сказаць, што праект задзейнічаны на ўсе 100%, распавёў Вадзім Касцюкоў.

Вадзім Касцюкоў
Намеснік галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце 34-й цэнтральнай гарадской раённай клінічнай паліклінікі Савецкага раёна г.Мінска
На пачатку рэалізацыі праекта ахоп жанчын скрынінгавымі мерапрыемствамі быў нізкім – 20-25%. Сёлета мы падышлі ўжо да 60%. Па рэкамендацыі СААЗ, падобныя праграмы з'яўляюцца эфектыўнымі, калі ахопліваюць 70-75%.

Разам з тым, адзначыў намеснік галоўнага ўрача, нягледзячы на высокую інфармаванасць жаночага насельніцтва пра неабходнасць мамаграфічнага даследавання, матывацыя праходзіць яго ў жанчын застаецца нізкай. Магчыма, выказаў здагадку эксперт, гэта звязана са страхам пачуць дыягназ «рак малочнай залозы» і даведацца, што чакае такую пацыентку далей.

УГД малочнай залозы

Скрынінг паказаны жанчынам ва ўзросце 50-69 гадоў. Менавіта на гэты ўзроставы перыяд прыпадае рост захворвання на рак малочнай залозы. Маладым жанчынам рэкамендаванае УГД.

Адна з асноўных задач анколагаў і агульнай лячэбнай сеткі – гэта ранняя дыягностыка пухліны, якая дазваляе своечасова пачаць спецыяльнае лячэнне і атрымаць добрыя вынікі ў дачыненні да далейшага прагнозу. Разам з тым, адзначыў Аляксандр Гладышаў, нягледзячы на ўсе намаганні, працэнт запушчаных пухлінаў усё ж такі застаецца досыць высокім (гаворка ідзе пра горад Мінск. - заўв. аўтара). У сярэднім, у некаторых раёнах сталіцы колькасць выпадкаў выяўлення раку малочнай залозы на 3-4 стадыі дасягае 34%. Сярод агульнай колькасці выпадкаў запушчаных стадый (3 і 4) большая частка прыпадае на 3-ю. На 4-ю – 5-6%.

Адказваючы на пытанне, у чым жа ўсё ж такі прычына таго, што пры ўсіх сучасных магчымасцях захворванне дыягнастуецца ў запушчанай стадыі, Аляксандр Гладышаў назваў усё тое ж нежаданне саміх жанчын своечасова праходзіць абследаванне.

Аляксандр Гладышаў
Загадчык анкахірургічнага аддзялення №1 Мінскага гарадскога клінічнага анкахірургічнага дыспансэра, анколаг-хірург вышэйшай катэгорыі, к.м.н.
Абсталявання хапае, мамографы ўсталяваныя ва ўсіх цэнтральных раённых паліклініках, арганізаваная прамая тэлемедыцынская сувязь паміж 34-ай паліклінікай і анкадыспансэрам, хапае вопытных рэнтгенолагаў і рэнтген-лабарантаў. Я думаю, прычына ўсё ж такі ў недастатковай матываванасці саміх пацыентак.

Усяго ў 2018 годзе дыягназ «рак малочнай залозы» быў пастаўлены 1 тысячы 134 жыхаркам Мінска, за 9 месяцаў гэтага года зарэгістравана 817 выпадкаў.

У групе рызыкі – маладыя жанчыны

абследаванне малочнай залозы

У апошнія дзесяцігоддзі, заўважылі спікеры, у свеце, у тым ліку і ў Беларусі, адзначаецца тэндэнцыя да «амаладжэння» раку малочнай залозы.

Аляксандр Гладышаў
Загадчык анкахірургічнага аддзялення №1 Мінскага гарадскога клінічнага анкахірургічнага дыспансэра, анколаг-хірург вышэйшай катэгорыі, к.м.н.
Калі некалькі дзесяцігоддзяў таму казуістычнымі былі выпадкі раку малочнай залозы ў пацыентак ва ўзросце да 30 гадоў, дык цяпер штогод у Мінскім анкалагічным дыспансэры – да дзесяці пацыентак, якім няма і 30-ці. Павялічылася колькасць жанчын з ракам малочнай залозы, які звязаны з цяжарнасцю і раннім перыядам пасля родаў. Сёння мы фактычна штомесяц сутыкаемся з такімі выпадкамі. Гэтая праблема важная. Пухліна на фоне цяжарнасці і ранняга тэрміну пасля родаў вельмі агрэсіўна працякае і мае дрэнны прагноз.

Што ж уплывае на тое, што рак малочнай залозы «маладзее»? Па словах экспертаў, шмат у чым гэта ўздзеянне фактараў рызыкі. Акрамя таго, дыягностыка захворвання зрабілася больш дакладнай, дзякуючы чаму выяўляюцца нават мікраскапічныя пухліны.

Што трэба памятаць пра фактары рызыкі і самаабследаванне

Рызыкі развіцця раку малочнай залозы. Самаабследаванне малочная залозы

Кожная жанчына павінна ведаць пра сваю рызыку развіцця раку малочнай залозы, упэўнены Вадзім Касцюкоў. Верагоднасць хваробы высокая, калі:

  • у сям'і ў бліжэйшых родзічаў быў рак малочнай залозы або органаў малога таза.
 
Антон Хораў
Загадчык лабараторыі рэканструктыўна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава
У выпадку спадчыннага раку трэба правесці генетычны аналіз, каб вызначыць наяўнасць спадчыннага гена, які адказвае за развіццё раку малочнай залозы. Яго можна зрабіць у малекулярна-генетычнай лабараторыі РНПЦ, а таксама ў Мінскім гарадскім анкалагічным дыспансэры. Перад гэтым неабходна прайсці кансультацыю ва ўрача.
Аляксандр Гладышаў
Загадчык анкахірургічнага аддзялення №1 Мінскага гарадскога клінічнага анкахірургічнага дыспансэра, анколаг-хірург вышэйшай катэгорыі, к.м.н.
Абследаванне на носьбіцтва мутацыі генаў BRCA1/2 у пацыентак ва ўзросце да 40 гадоў з ужо пацверджаным ракам малочнай залозы – абавязковая працэдура. Для чаго гэта робіцца? Пры носьбіцтве мы тым пацыенткам, якія ўжо захварэлі, прапануем іншую лячэбную тактыку. У прыватнасці, двухбаковую мастэктомію, пры неабходнасці з аднамомантавай або адтэрмінаванай рэканструкцыяй. Акрамя гэтага, часам мяняецца хіміятэрапеўтычнае лячэнне.

Рызыка развіцця хваробы павышаецца таксама ў выпадку:

  • абортаў;
  • калі жанчына не нараджала;
  • позняй менапаўзы (жанчыны 55 гадоў і старэйшага ўзросту);
  • курэння;
  • злоўжывання алкаголем;
  • траўмаў малочнай залозы (праз паўгода-год пасля траўмы варта абавязкова прайсці абследаванне).

Самаагляд неабходна праводзіць хаця б раз у месяц. Жанчынам з менструацыяй – на 5-9-ы дзень цыкла. Тым, хто ўжо ўступіў у менапаўзу, варта абраць адзін вызначаны дзень месяца.

https://bel.24health.by/skryning-shanec-na-zhyccyo-bez-raku/

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 32

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».