Святы Мікалай, Дзед Мароз, Санта Клаус, Зюзя — колькі спрэчак адбываецца вакол гэтых постацяў апошнія гады! Хто з іх мае права адорваць людзей на зімовыя святы? Хто — сапраўдны, а хто – фальшывы?
Зюзя Паазерскі, які актывізаваўся і валадарыць на Віцебшчыне, прэтэндуе на тое, што самы старажытны, а значыць і сапраўдны — менавіта ён…
Санта Клаус адстойвае свае правы ў Еўропе і Амерыцы, Дзед Мароз не здае пазіцыі на постсавецкай прасторы…
Святы Мікола спакойна, інтэлегента, з разуменнем таго, што праўда заўжды бярэ верх — таму не варта пераймацца, а належыць дабрасумленна рабіць сваю справу — адорвае людзей на Раство…
Каго ж, у рэшце рэшт, пускаць у хату? Да каго ехаць на госці? У каго замаўляць падарункі? Неўзабаве святы, і пытанні гэтыя дзень пры дні робяцца ўсё больш актуальнымі.
Дабрадзей, які таемна прыносіць падарункі на зімовыя святы, ёсць у розных краінах. Санта Клаус — у Амерыцы і амаль па ўсёй Еўропе. У фінаў гэта Ёлу Пукі. У італьянцаў адорвае людзей жанчына – Бефана… У Чэхіі, напрыклад, лічаць, што падарункі пад ялінку кладзе Ежышак, або Езулатка (маленькі Езус). У нас на Новы год традыцыйна падарункі разносіць Дзед Мароз. У палякаў падарункі пад ялінку кладзе святы Мікалай…
Ахвотным разабрацца ў гэтым карагодзе раю адшукаць выданне Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі «Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак». (Мінск. 2008), а таксама міфалагічныя замалёўкі Ірыны Клімковіч «Калі адчыняюцца нябёсы» (Мінск. 2012). У ёй — пятнаццаць нарысаў. Нізка замалёвак па абазначанай сёння тэме называецца «Прыгоды Святога Мікалая».
Менавіта названыя кнігі дапамаглі мне разблытваць чароўны клубочак, у якім перапляліся і паганскія ўяўленні нашых продкаў, і навейшыя хрысціянскія традыцыі.
Дык хто ж яны такія, зімовыя чараўнікі?
Беларускія этнографы лічаць, што Дзед Мароз, як і Санта-Клаус, маюць мала агульнага са святым Мікалаем. Хутчэй за ўсё, паводле іх меркавання, адбылося змяшанне старажытных легенд з хрысціянскімі.
«З паганскіх часоў у беларускай міфалогіі захаваўся архаічны персанаж Зюзя, — разважае Ірына Клімковіч. — Менавіта ён увасабляе суровыя калядныя маразы. Зюзю ўяўлялі лысым, тоўстым і нізенькім дзядком з доўгай сівой барадой. Хадзіў ён басанож без шапкі, з жалезнай булавой у руках. Ён грукаў ёй, калі сердзіўся – і зямля замярзала».
Паводле іншых апісанняў (іх сустрэнем у кнізе «Чароўны свет») – Зюзя гэта стары з доўгімі сівымі валасамі і барадой – такім яго і намаляваў Валеры Славук.
Але даследчыкі сходзяцца ў тым, як улагодзіць Зюзю і змягчыць яго лютаванне. Дзеля гэтага на Каляды даўней пакідалі яму куццю – абрадавую ежу. Гаспадар кідаў за вакно першую лыжку куцці і казаў: «Мароз, мароз, хадзі куццю есці!»
У беларусаў да гэтай пары існуе павер’е: каб спыніць моцныя маразы, трэба налічыць дзесяць знаёмых лысых дзядоў. Калі ж падражніш лысага – пачнецца завіруха.
«Яшчэ ж мы ведаем, што святога Міколу на нашых абразах звычайна малявалі лысым, — піша Ірына Клімковіч. — Такім чынам, мы набліжаемся да таямнічага вобраза святога Мікалая. Нашыя продкі вельмі шанавалі гэтага святога. Лічылі яго апекуном земляробаў і жывёлагадоўлі…»
Шырока вядомая легенда расказвае, як з’явілася еўрапейская традыцыя падкідваць калядныя падарункі ў панчохах.
У адной беднай сям’і бацька, каб ратаваць родных ад галоднай смерці, наважыўся аддаць дачок у блудніцы. Даведаўшыся пра гэта, св. Мікола ўначы падкінуў мяшэчкі з грашыма ў вакно — і тым самым выратаваў сям’ю ад знявагі. Адзін з мяшэчкаў трапіў у дзявочую панчоху, якая ляжала на падлозе…
У Беларусі адзначаюць двух Міколаў – у маі і ў снежні. Навукоўцы лічаць, што зімовы Мікалай стаўся хрысціянскім пераемнікам старажытнага паганскага боства зімы. Магчыма, Зюзі – пра якога ўжо вялася гаворка. А, магчыма, і магутнага Вялеса – боства, якое ўвасабляла мароз, холад, вільгаць, зіму. Зюзя быў толькі адным з праяўленнем гэтага боства.
У беларускай міфалогіі ёсць яшчэ адно старажытнае боства – адно з праяваў магутнага Вялеса. Мароз, альбо Ледзяны Дзед! Стары сівы дзед з чырвоным або сінім носам, апрануты ў снегавую сярмягу або кажух, валёнкі і рукавіцы, ці проста пакрыты снегам ды шэранем.
Паводле народных уяўленняў, Мароз – адзін з волатаў братоў-багатыроў, якія могуць уздзейнічаць на стан прыроды.
У абрадах беларусаў Мароз – адна са стыхій, якой людзі прыносяць абавязковую рытуальную ахвяру. Як і Зюзю, на Каляды ў час застолля гаспадар корміць Мароза куццёй: «Мароз, Мароз, хадзі куццю есці! Каб ты не марозіў ячменю, пшаніцы, гароху, чачавіцы, проса, грэчкі і ўсяго, што мне Бог судзіць пасеяць».
У казках Мароз нярэдка — чараўнік, які чыніць справядлівы суд і дапамагае чалавеку ў цяжкіх абставінах. Згадайма казку пра бабіну і дзедаву дачку: працавітую дзяўчыну ён адарыў, а гультайку, самаўпэўненую і сварлівую, замарозіў…
Менавіта Дзед Мароз — самы папулярны зімовы чараўнік на постсавецкай прасторы. Чаму?
У савецкія часы Раство не святкавалі адкрыта і вольна. Наогул, пасля рэвалюцыі Савет народных камісараў прапаноўваў адмяніць свята сустрэчы Новага года «…как контрреволюционный, проникнутый идеей буржуазного упадничества и поповского мракобесия». Замест яго меркавалася ўвесці свята «…"Красной вьюги", символизирующий начало мировой революции».
Толькі ў снежні 1935 года партыйны дзяяч Павел Постышаў «рэабілітаваў» Новы год і вярнуў традыцыю яго святкавання.
Вось у тую пару на пасадзе зімовага чараўніка трывала замацаваўся Дзед Мароз — міфалагічны вобраз адпавядаў запытам свецкага свята і ўспрымаўся як казачны вобраз.
Такім чынам, што мы маем?
Зюзя — боства, які карае і якога можна задобрыць. Ён прымае паднашэнні і ў выніку можа не чапаць тых, хто да яго падлесціцца — але і не адорвае ён нікога.
Дзед Мароз (ён жа Ледзяны Дзед) — суворы і справядлівы. Ён патрабуе пашаны — як і Зюзю, яму аддаюць рытуальную ежу. Аднак толькі лыжкай кашы ад Мароза не адчэпішся. Ён можа пакараць — але можа і адарыць —чалавека па заслугах.
А вось Святы Мікола дзеліцца, адорвае чалавека як бы ў крэдыт. Мо і за нейкія заслугі — але ў любым выпадку таму, што свята, што ты — чалавек і толькі праз гэта варты падарунка. Як бы ў чалавеку ўважаецца чалавечае, праяўляецца вера ў найлепшае ў ім.
Атрымаўшы падарункі на Раство, Каляды, Новы год, мы і самі пачынаем верыць у сябе, лепшых — і з натхненнем крочым наперад.
Калаўрот зімовых святаў неўзабаве закруціць свет у карагодзе. Абірайце, якія зімовыя чараўнікі вам бліжэйшыя – і пішыце ім лісты, замаўляйце падарункі. Магчыма, вам пашчасціць – і пад ялінкай вы адшукаеце згаданыя сёння кнігі. Хаця я б раіла пытаць іх у бібліятэках. Перавыданне «Чароўнага света» мо Дзед Мароз па крамах і адшукае, а вось кніга Ірыны Клімковіч не перавыдавалася. Дужа шкада, бо ў ёй сабрана шмат цікавостак, пра калядную пару — у тым ліку.
Міфалагічныя ўяўленні нашых продкаў, якія нітуюцца з уяўленнямі сучасных людзей і снуюць сённяшнюю рэальнасць, стануць вам бліжэйшымі і больш зразумелымі.
https://bel.24health.by/navagodnyaya-radasc-kazka/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by