09.08.2024
09.08.2024

Святы Панцеляймон выратоўвае. Якія крыніцы Беларусі дапамагаюць хворым і медработнікам

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Пакутнік Святы Панцеляймон нарадзіўся і жыў у малаазійскім горадзе Нікамідыі ў 4-м стагоддзі. Ён рыхтаваўся стаць лекарам, але пасля смерці бацькі раздаў усю маёмасць бедным і стаў дапамагаць хворым, не беручы з іх платы. Гэта выклікала нянавісць прагных лекараў, якія данеслі на яго імператару Максіміліяну — ворагу хрысціян. Панцеляймона схапілі, катавалі і прысудзілі да адсячэння галавы. Загінуў святы ў 305 годзе, пахаваны ў Францыі ў абацтве Сен-Дэні.

Шляхі святога

Святы Панцеляймон

Часцінкі мошчаў святога знаходзяцца ў многіх храмах свету: галава — у Афонскім мужчынскім манастыры, кроў — у італійскім горадзе Равэна, ключыца — на выспе Родас у Грэцыі.

Каталіцкія вернікі ўшаноўваюць гэтага святога 27 ліпеня, а праваслаўныя — 9 жніўня.

Але і пасля зямной смерці святы застаўся заступнікам і лекарам усіх хворых і параненых, а таксама апекуном міратворцаў. Нябеснаму доктару моляцца з просьбай паспрыяць урачам і ўсім тым, чый занятак звязаны з медыцынай. Дактары-вернікі просяць у святога падтрымкі перад складанымі аперацыямі.

На тэрыторыі Беларусі ёсць храмы ў гонар Святога Панцеляймона. У г. п. Руба Віцебскага, вёсцы Рамні Гарадоцкага, Бакшты Іўеўскага раёнаў, а таксама ў Мачулішчах каля Мінска і ў сталічным мікрараёне Уручча.

Крыніца ў Лоску (Валожынскі раён)

Крыніца ў Лоску

Не менш папулярныя ў народзе і крыніцы, прысвечаныя святому доктару. Узгадаем некаторыя з іх. Пачнем з крыніцы ў Лоску, што месціцца ў Валожынскім раёне. Тым больш, гэтая мясціна багатая на гістарычныя і культурныя падзеі.

У вёсцы ёсць драўляны касцёл Найсвяцейшага сэрца Ісуса, пабудаваны ў 1930 годзе. Гэта твор народнага дойлідства. Першы касцёл тут быў заснаваны яшчэ ў 1480 годзе.

Важнай славутасцю вёскі з’яўляецца Замчышча — месца першапачатковага паселішча. Яно знаходзіцца паміж рэкамі Казлоўка і Верасоўка, прытокамі Заходняй Бярэзіны. Ад пачатку другога тысячагоддзя і па 18 стагоддзе на гэтым месцы існаваў драўляны замак. За яго сценамі з дзесяццю трох’яруснымі вежамі стаялі два палацы. У 1987–1989 гадах на Замчышчы праводзіліся археалагічныя раскопкі. У культурных пластах 12–13 стагоддзяў выяўлены рэшткі драўляных пабудоў. Знойдзена шмат побытавых рэчаў: касцяныя і металічныя вырабы, кавалкі амфараў і разнастайных відаў глінянага посуду. Таксама былі знойдзены ўпрыгожванні з бронзы і медзі: зашпількі для адзення, пярсцёнкі, бранзалеты, спражкі ад паясоў ды інш., а таксама пацеркі, пярсцёнкі, бранзалеты са шкла.

У канцы 16 стагоддзя Лоск атрымаў статус мястэчка.

У 1574 годзе Ян Кішка заснаваў тут друкарню, кіраўніком якой прызначыў Сымона Буднага. Тут выдаваліся кнігі на лацінскай і польскай мовах.

У 1812 г. і ў час Першай сусветнай вайны мястэчка было моцна разбуранае.

Лоск. Валожынскі раён

Лоская крыніца знаходзіцца каля падэшвы гары, на якой стаіць праваслаўная царква Святога Юр’я, пабудаваная ў 1856 годзе. Храм з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Штогод 9 жніўня тут адбываецца вялікае паломніцтва і ладзіцца вадасвяцце. Апроч таго, крыніцу асвячаюць таксама на Вадохрышча — 19 студзеня і на Макавей — 14 жніўня.

Крыніца забраная ў калодзеж, вада з яго паступае ў капліцу-купель.

Пры ўладкаванні крыніцы былі выкарыстаны такія святыні, як часцінкі ад гор: Галгофы і Фавор, Труны Божае Маці і Труны Іосіфа Абручніка, а таксама ад каменя Аб'яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жыровічах і каменя з пячоры Іллі Прарока, зямля з месца пахавання віфлеемскіх немаўлят, забітых Ірадам.

Вада з крыніцы валодае гаючымі ўласцівасцямі, ёй карыстаюцца не адно стагоддзе, яна ацаляе не толькі ад фізічных хваробаў, але і ад душэўных. Вядома некалькі выпадкаў, калі нават інваліды пасля купання ў гэтай купелі станавіліся на ногі і зноў пачыналі хадзіць.

Крыніцы прыпісваюць такі цуд: у часы Першай Сусветнай вайны ў Лоску кайзераўскія захопнікі спрабавалі ўжыць іпрыт — між іншым, адзін з першых выпадкаў у гісторыі прымянення гэтага атрутнага газу. Для таго, каб справакаваць салдат расійскага імператарскага войска, яны вылілі ў маленькі раўчук, які працякаў праз вёску, некалькі цыстэрнаў спірту. І ў выніку там пацякла не вада, а разбаўлены спірт. Салдаты, натуральна, згубілі пільнасць і паціху пачалі выпаўзаць са сваіх акопаў да раўчука. Калі там іх сабралася досыць, немцы і пусцілі атрутны газ іпрыт. Аднак у гэты самы момант рэзка змяніўся кірунак ветру, і замест расійскіх салдат у аблоках іпрыту апынуліся нямецкія войскі. Гэты «метэаралагічны цуд» прыпісваюць уздзеянню крыніцы. І менавіта гэтым эпізодам тлумачаць узнікненне вайсковых могілак, якія прымыкаюць да царкоўнай агароджы.

 Крыніца ў вёсцы Люціна (Аршанскі раён)

Крыніца ў в. Люцна

Не менш папулярнай з’яўляецца і крыніца ў вёсцы Люціна Аршанскага раёна. Крыніца нагадвае невялікае азярцо. На ім збудаваная дамба з умураванымі трубамі. Зроблены дзве купелі: адна для купання, а ў другой можна абліцца з самой крыніцы. 9 жніўня тут таксама вялікае паломніцтва і вадасвяцце.

Вада лічыцца гаючай. Жанчыны купаюцца з пакрытай галавой. Толькі, калі заходзіш у купальню, трэба перажагнацца і распрануўшыся пагрузіцца ў ваду з галавой. Звычайна пагружаюцца ў ваду тройчы. Пры гэтым абавязкова чытаюць малітву. Тады, кажуць, вада напоўніцу раскрывае сваю сілу.

Тумінская крыніца (Камянецкі раён)

Святы Панцеляймон

Тумінская крыніца знаходзіцца ў Камянецкім раёне, пасярод памежнай вёскі, паміж дамамі № 32 і 34, у левабярэжнай пойме ракі Пульва. Яна адносіцца да храма Святога Міхаіла ў аграгарадку Расна, была асвечаная ў 2004 годзе. Вакол крыніцы паклады блакітнай гліны, якая з'яўляецца моцным адсарбентам. Вернікі ўпэўненыя, што крынічная вада дапамагае ад анкалагічных захворванняў і ад многіх іншых хвароб.

Крыніца абсталяваная як студня з жалезабетонным кальцом, якое абкладзена дэкаратыўным каменем. Над ёй збудавана капліца з замацаваным на ўваходзе абразом лекара Панцеляймона. Вада адводзіцца ў адкрытую купель. Ад забруджвання купель накрытая цюлем. Для бяспекі вакол купелі выкладзены драўляныя памосты. Тэрыторыя дагледжана, ёсць лаўкі і кветнікі — сапраўдны парк адпачынку. Крыніца абвешчана гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння.

Крыніца ў вёсцы Гута (Бярэзінскі раён)

Крыніца ў вёсцы Гута Бярэзінскага раёна знаходзіцца на тэрыторыі санаторыя “Беразіно”. Гэта крынічны ручай у яры. Вада добрай якасці і, паводле вераванняў, дапамагае ад шматлікіх хвароб. Паблізу, на схіле ўзгорка зроблена бажніца з трыма абразамі — Хрыста, Божай Маці і святога Панцеляймона. Крыніца адкрыта для ўсіх жадаючых: тут можна памаліцца, набраць вады і акунуцца ў купелі. У вёсцы на свята Панцеляймона-лекара ёсць звычай займацца зборам лекавых зёлак і гаючых раслін.

Крыніцы-афтальмолагі. Дзе ў Беларусі вада лечыць хворыя вочы?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама