01.08.2024
01.08.2024

У кожнага з нас свой Караткевіч. Топ-9 фактаў з жыцця пісьменніка

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У кожнага з нас свой Уладзімір Караткевіч. Так гавораць выкладчыкі ва ўніверсітэце. Адны любяць гістарычную прозу Уладзіміра Сямёнавіча, іншым падабаюцца яго п'есы, трэція захапляюцца вершамі. Талент Уладзіміра Караткевіча - шматгранны. Яго кнігі перакладзены на многія мовы свету і карыстаюцца заслужанай папулярнасцю. Па творах Уладзіміра Сямёнавіча зняты мастацкія фільмы, пастаўлены шматлікія спектаклі, дзве оперы, балет.

Класік, на жаль, пражыў нядоўгае жыццё усяго — 54 гады, але стаў адной з самых яркіх фігур у беларускай літаратуры.

Давайце ўспомнім цікавыя і важныя факты з жыцця пісьменніка.

Уладзімір Караткевіч з ранняга дзяцінства цікавіўся гісторыяй

Асабліва гісторыяй Беларусі. У яго праяўляўся талент у розных абласцях. Ён нарадзіўся ў Воршы Віцебскай вобласці. Яго тата быў служачым, маці некаторы час працавала настаўніцай. Але, мабыць, самы вялікі ўплыў на будучага класіка аказаў яго дзядуля па матчынай лініі — Васіль Грынкевіч. Ён расказваў унуку цікавыя факты з гісторыі, знаёміў з беларускімі легендамі і прыродай.

Многія апавяданні дзеда ў будучыні знайшлі сваё адлюстраванне ў творах Уладзіміра Караткевіча.

Уладзімір Сямёнавіч атрымаў філалагічную адукацыю (скончыў Кіеўскі ўніверсітэт). У час вучобы захапіўся вывучэннем фальклору, нават яго дыпломная работа была прысвечана казкам і легендам ва ўсходнеславянскім фальклоры.

Якія казкі пісаў Уладзімір Караткевіч?

Продкі Караткевіча былі шляхецкага саслоўя і паходзілі з беларускага Падняпроўя

Продкі Уладзіміра Караткевіча былі шляхецкага саслоўя і паходзілі з беларускага Падняпроўя, з Рагачова, Мсціслава, Магілёва і іншых гарадоў. Адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі, паводле сямейнай легенды — Тамаш Грыневіч, браў удзел у паўстанні 1863—1864 гг. Паўстанцы пад яго камандаваннем былі разбіты, а яго самога расстралялі ў Рагачове. Гэтую гісторыю Уладзімір Сямёнавіч апісаў у эпілогу рускамоўнай аповесці  і ў пралогу рамана «Нельга забыць».

Уладзімір Караткевіч добра маляваў

Нямногія ведаюць, што пісьменнік на працягу ўсяго жыцця нядрэнна маляваў. Захаваліся некалькі соцень яго малюнкаў, сярод іх нямала шаржаў, у тым ліку Уладзімір Сямёнавіч адлюстроўваў сябе. Таксама крыніцамі натхнення для мастака былі біблейскія сюжэты, сяброўскія вячоркі, цікавыя людзі.

У літаратуру Уладзімір Караткевіч першапачаткова ўвайшоў як паэт,

Першыя вершы Уладзіміра Караткевіча былі апублікаваны ў 1951 годзе ў аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў». У 1955 годзе ў часопісе «Полымя» быў размешчаны верш «Машэка». Амаль адначасова з'явіўся нарыс-эсэ «Вязынка» ў кнізе «Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцця і дзейнасці». У беларускіх перыядычных выданнях пачалі публікавацца яго вершы, якія заўважыла і ацаніла крытыка. Першы паэтычны зборнік «Матчына душа», выдадзены ў 1958 годзе, засведчыў, што ў літаратуру прыйшоў арыгінальны талент са сваімі тэмамі, вобразамі, з адметным бачаннем свету.

Шырокае прызнанне як у Беларусі, так і далёка за яе межамі прынесла Уладзіміру Караткевічу яго проза

Уладзімір Сямёнавіч зацвердзіў сябе як пісьменнік гісторыка-рэвалюцыйнай тэмы. Звярнуўшыся да прыгодніцкага жанру, Караткевіч узбагаціў беларускую літаратуру аповесцямі «Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», раманамі «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Каласы пад сярпом тваім» і «Чорны замак Альшанскі». У прозе ўзняў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Айчыны.

У пісьменніка была адзіная жонка

Уладзімір Караткевіч большую частку свайго жыцця пражыў з маці, якую вельмі любіў. Ажаніўся ён даволі позна — у 41 год. Яго жонка, Валянціна Браніславаўна, на той момант працавала ў Брэсцкім краязнаўчым музеі і ў мясцовым педагагічным універсітэце.

Жонка падзяляла захапленні мужа гісторыяй: яны любілі падарожнічаць, разам ездзілі ў экспедыцыі. Сям'я жыла дружна, але, нажаль, дзяцей у іх не было. Валянціна Браніславаўна памерла ад анкалогіі, Уладзімір Сямёнавіч перажыў яе ўсяго на паўтара года.

Значны ўклад унёс Уладзімір Караткевіч у развіццё нацыянальнай драматургіі і кінадраматургіі

Ён стварыў глыбока праўдзівыя і эмацыйна насычаныя п'есы «Млын на Сініх Вірах», «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі» і «Калыска чатырох чараўніц», пастаўленыя ў многіх тэатрах. Па сцэнарыях Уладзіміра Караткевіча на кінастудыі «Беларусьфільм» створаны шматлікія дакументальныя стужкі, а таксама мастацкія фільмы «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі» і іншыя. Пра Уладзіміра Караткевіча быў зняты дакументальны фільм «Як сканаю —душа застанецца...».

За творчыя поспехі і актыўную грамадскую дзейнасць пісьменнік быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Яму прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа і Дзяржаўная прэмія Беларусі.

Ці бачым мы ў цэнтры ўвагі беларуса? Фільмаграфія ў жыцці Уладзіміра Караткевіча

Помнікі Уладзіміру Сямёнавічу ўстаноўлены ў Оршы, Віцебску, Кіеве

Помнікі Уладзіміру Сямёнавічу ўстаноўлены ў Оршы, Віцебску, Кіеве, мемарыяльныя дошкі — у Оршы і Мінску. Імя класіка носіць аршанская школа, у якой ён вучыўся, вуліцы ў Віцебску, Оршы, Гродне, Рагачове.

У родным горадзе класіка ў 2000 годзе быў адчынены музей імя Уладзіміра Караткевіча. Ён размясціўся ў гістарычным будынку, пабудаваным у канцы 19 — пачатку 20 стагоддзяў.

Турыстычная Орша. Што паглядзець у горадзе за адзін дзень

Да нашага часу захавалася нямала фатаграфій, асабістых рэчаў, рукапісаў Уладзіміра Караткевіча, ёсць нават відэаматэрыялы.

Талент Уладзіміра Караткевіча быў такі ж шматгранны, як і яго веды і асабістыя інтарэсы

Па словах Адама Мальдзіса, цяжка знайсці той жанр, у якім не спрабаваў свае сілы Уладзімір  Караткевіч. У яго творчым «арсенале» — раман, аповесць, апавяданне, казка для дзяцей, нарыс, рэцэнзія, навуковае даследаванне, паэма, балада, верш, п'еса, эсэ, кінасцэнарый, лібрэта оперы і балета… А яшчэ пераклады з розных моў, вострапубліцыстычныя артыкулы ў абарону нацыянальных традыцый, помнікаў гісторыі і культуры, роднай і блізкай з дзяцінства прыроды, дробныя нататкі, дзённікавыя запісы.

Уладзімір Караткевіч — асоба пра якую можна гаварыць бясконца і бясконца адчуваць гонар за яго як пісьменніка і сапраўднага чалавека.

Адказы на пытанні сучаснасці ў беларускай літаратуры. Топ-10 кніг на ўсе часы

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.