«Балтыйскія шкарпэткі» (Мінск, 2019) у маю паштовую скрыню трапілі ў ідэальнай кампаніі: Сяргей Календа даслаў кнігу, а пахавальная кантора — рэкламу сваіх паслуг. Брашура, выдрукаваная на крэйдаванай паперы, проста прыклеілася да капэрты з кнігай, анансаванай як зборнік жахлівых гісторый.
Наўмысна не прыдумаеш, асабліва калі дадаць, што дзея адбывалася ў першыя трывожныя праз каронавірус дні. У каго заўгодна дрыжыкі па хрыбетніку пабеглі б — і я не выключэнне.
Добра, аднак, што я не доўга дрыжэла, хуценька распячатала капэрту — і на мяне проста паліліся сонечнае святло, шум мора, пах кветак, дзіцячы смех... Гэта яскравыя ілюстрацыі, створаныя аўтарам, Сяргеем Календа, да сваіх тэкстаў, бунтавалі супраць змушанага суседства з рэкламай ад пахавальнай канторы і ззялі на ўсю моц!
Скажу па праўдзе — я не прыхільнік жудасцікаў. На пачатку 90-х напаўвока паглядзела адну (!) серыю «Жахаў на вуліцы Вязаў» і, дурненькая, пасмяялася з Фрэдзі Кругера.
Праўда-праўда: мне было смешна і зусім не зразумела, чаго дарослыя людзі могуць баяцца ў гэтым фільме. Але ж праўда і тое, што калі пасля прагляду кіно я апынулася на цёмнай вуліцы адна, а пасля яшчэ і прыйшла ў пустую цёмную кватэру — Фрэдзі Кругер дагнаў мяне! Ён мне мроіўся паўсюль, я жахалася яго... не буду нават згадваць доўга. Нямала я напакутвалася праз упушчаны ў свядомасць вобраз! Як перамагла свой страх перад цемнатой, займеўшы яго праз знаёмства з «Жахамі на вуліцы Вязаў» — асобная гісторыя. Але ад той пары я ведаю, што мне асабіста незачым з жашкамі знацца.
Але вось пабачыла, як праз сацыяльныя сеткі Сяргей Календа дакляраваў даслаць «Балтыйскія шкарпэткі», кнігу жахаў, дзесяці спрытнюгам, якія паставяць першыя дзесяць лайкаў пад яго абвесткай пра выхад кнігі — і самая першая са сваім лайкам дабегла!
Сяргея Календы я не напалохалася: не адна ведаю яго як найцікавейшага аўтара, выдаўца і рэдактара альманахаў «Макулатура» і «Мінкульт», шыкоўнага стыліста, здольнага праз адмысловую фрызуру раскрыць жаночую красу... не, мне страшна не было!
Далей я разгарнула кнігу — і праглынула яе. Але спачатку кніга праглынула мяне.
Люблю Балтыку — а кніга ўвабрала ў сябе яе настрой, водар, волю і вусціш прастораў, загадкавасць дзюнаў... Жудасна, як з Фрэдзі Кругерам, мне не было — дзякуй аўтару! Але гаркотна і страшна — не аднойчы. У казках Сяргея Календы, у яго гісторыях столькі пра адзіноту, пра дзіцячую згубленасць і разгубленасць у гэтым свеце — што сэрца сцінаецца...
Але прыгажосць і гармонія, схаваная ў кожным каменьчыку і пясчынцы, ураўнаважвае і ратуе ад адчаю. Тэксты так густа замешаныя, што жаданне ўзяць пэндзаль у рукі і маляваць свае згадкі пра Балтыку не пакідаюць мяне! Як і жаданне быць чуйнай і спагадлівай да людзей, бо разгубленае, спалоханае дзіця жыве ў кожным, вусціш ад адзіноты знаёмая ці не кожнаму з нас.
Пра тое ж, што жыццё на зямлі — не бясконцая вандроўка, нагадала рэклама. Трэба паспяваць хаця б усміхнуцца чалавеку і паздароўкацца — пажадаць здароўя — вось пра што думалася, пакуль чытала «Балтыйскія шкарпэткі».
На які ўзрост разлічана кніга? Падчас падрыхтоўкі да друку, калі ладзіліся гучныя тэставыя чытанні казак, на іх прыходзілі бацькі з дзецьмі рознага ўзросту. Дарослыя, у душы якіх жыве дзіця, успрынялі казкі Сяргея Календы як чытво для сябе. Дзеці рэагавалі згодна свайму чытацкаму і жыццёваму вопыту. Адны сачылі за развіццём падзей, іншых захапляў антураж чытанняў: цемра, падсвечванне прасторы ліхтарыкамі… Натуральна, знайшліся і тыя, хто быў узрушаны порцыяй жашкаў, выдадзенай ім аўтарам «Балтыйскіх шкарпэтак». Таму, думаю, чытаць кнігу варта і дзецям, і дарослым.
Вось што піша сам аўтар у прадмове да кнігі.
«Жылі яны доўга і шчасьліва, і памерлі ў адзін дзень — такая старая канцэпцыя больш не працуе, — сцвярджае Сяргей Календа. — Сьвет вялікі і ня просты, ён складзены з розных эмоцыяў і пачуцьцяў, і патрабаваньні да казак ужо іншыя. Сучасныя дзеці, а зь імі і мы, чакаем, што казка нас ня толькі пазабавіць, але і не атруціць мядовай хлусьнёй. Нас атачае шмат тых, хто прадае рамантычную пустэчу, няспынна прапаноўвае панацэю, заганяе ў кут, стварае рабоў сыстэмы. Crossover fiction, альбо kidult-гісторыі, у нашым стагодзьдзі робяцца ўсё больш папулярнымі, вяртаецца мода на жахі, трылеры і вусьціш — гэта кранае, трымае дзіцячую ўвагу да канца, да апошняй старонкі. Дастаткова згадаць Братоў Грым без цэнзуры: набіты камянямі ды зашыты страўнік Шэрага Воўка, альбо гісторыі Шарля Пэро, дзе Малое Пальчанё падманам прымушае велікана зьесьці сваіх дзяцей, ці той жа Курдупель Цахес, са сваімі далёка не дзіцячымі жаданьнямі.
У гэтай кнізе я імкнуўся балянсаваць на мяжы міталёгіі, казачнасьці ды містыкі, кожная гісторыя апавядае ўласныя страхі ды жаданьні, і з кожнай казкай чытач будзе расьці — тое, што турбуе ў дзесяць гадоў, паступова заменяць падлеткавыя праблемы. У дзіцячай літаратуры мне не хапае глыбіні, схаваных сэнсаў і цытатаў, якія гэтак важныя для дарослых, асабліва калі чытаньне перад сном робіцца нуднай справай. Пісаць кнігу я пачаў сем гадоў таму, на літаратурных стыпэндыях, у камандзіроўках і проста ў адпачынку, знаходзячы ўрэшце час не працаваць, а толькі марыць, гутарыць зь дзецьмі, слухаць мясцовых жыхароў, зьбіраць забаўныя гісторыі ды ствараць новы сусьвет.
«Балтыйскія шкарпэткі» аб’яднаныя адным настроем і морам, і галоўнае — цацкамі, лялькамі, своеасаблівымі татэмамі, створанымі хто са шкарпэтак, хто з хустак, тканіны і нітак. Гэтыя другасныя героі адыгрываюць важную ролю ў жыцьці галоўных пэрсанажаў, і можа, чытачу будзе цікава адшукаць у кожным творы іх — таемных і маўклівых герояў. Упершыню я сам праілюстраваў кнігу…».
Сяргей Календа піша ў лепшых традыцыях Шарля Перо і братоў Грым, адно толькі ў яго казках антуражу сучаснага дадзена. Але антураж мяняецца, а чалавек з пошукамі сябе, прагай любові і прызнання, пакутамі адрынутасці і непрыяцця, перамогай над страхамі і слабасцямі або згубу праз іх — вечныя тэмы.
У «Балтыйскіх шкарпэтках» шмат пра гэта. Над хлопчыкам-крэветкай я проста плакала... Паплачце і вы, сябры. Пачытайце. І няхай кніга Сяргея Календы будзе самым жудасным страхам у вашым жыцці.
Дзе ўзяць: кнігу яшчэ нядаўна можна было набыць у кнігарнях.
https://bel.24health.by/yau-guchac-smachnyya-sloucy-u-kazkax-pyatra-sinyauskaga-fenomen-knigi-zacharavanaya-gaspadarka/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by