Ва ўсім свеце 25 лютага адзначаюць Міжнародны дзень кахлеарнага імпланта. Менавіта ў гэты дзень у 1957 годзе ў Парыжы была праведзена першая ў свеце імплантацыя — французскім отахірургам Шарлем Эйрысам пры супрацоўніцтве з медыцынскім фізікам Андрэ Дзюрна. У Беларусі аперацыі па кахлеарнай імплантацыі робяць у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры отарыналарынгалогіі. А як нашы продкі ўспрымалі адсутнасць здольнасці чуць гукі, іншымі словамі – глухату, і якімі метадамі намагаліся ад яе пазбавіцца?

У наш час больш за 5 % насельніцтва свету, або 430 млн. чалавек (у тым ліку 34 млн. дзяцей), маюць патрэбу ў рэабілітацыі для вырашэння праблемы інваліднай страты слыху. Паводле ацэнак, да 2050 года іх колькасць можа вырасці да 700 млн чалавек, то бок, да 10 % насельніцтва планеты.
Глухата і старажытныя вераванні
Глухату, як і іншыя фізіялагічныя анамаліі, беларусы даўней успрымалі як пакаранне за грахі, як вынік бацькоўскага праклёну, як знак грахоўнасці чалавека і да т.п. З глухім чалавекам пазбягалі сябраваць і радніцца, заключаць гандлёвыя пагадненні, разам выпраўляцца ў дарогу, глухія людзі не дапускаліся часам да выканання рытуальных і грамадскіх функцый. Такому чалавеку забаранялася быць хросным, сватам, удзельнічаць у абрадавых абходах каляднікаў, а жанчыне — быць свахай, павітухай, хроснай і інш.
Страту слыху тлумачылі і ўмяшаннем нячысцікаў. Так, беларусы Віцебшчыны лічылі, што зрабіцца глухімі могуць тыя, хто хаця б аднойчы слухаў спевы русалак. Таксама былі ўпэўненыя, што калі зрэзаць з галавы хворага каўтун, то гэта можа прывесці да страты слыху або нават да страты розуму. Чалавек мог аглухнуць, заблукаўшы ў лесе і патрапіўшы пад уплыў лясных дэманаў. Але, калі ён пры гэтым выконваў пэўныя магічныя дзеянні — надзяваў абутак з правай нагі на левую і наадварот, ён зноў атрымліваў здольнасць чуць.

Каб пазбегнуць страты слыху, раілі трымацца пэўных правіл паводзін адносна дзяцей і толькі што пабраўшыхся шлюбам маладых. Напрыклад, былі ўпэўнены, што парушэнне табу на шлюбныя адносіны напярэдадні адной з 12 адзначаных у годзе пятніц небяспечна нараджэннем глухога дзіцёнка. Па шырока распаўсюджаным павер’і, жаніху і нявесце нельга было слухаць абвяшчэнне сваіх заручын у касцёле, іначай іх дзеці маглі нарадзіцца глухімі.
Строга забаранялася забіваць такіх птушак, як ластаўка і бусел. Гэтыя птушкі ў шмат якіх славянскіх народаў лічыліся сакральнымі істотамі і апекаваліся гаспадаркай і лёсам чалавека.
Страта слыху таксама была пакараннем за парушэнне правілаў побытавага этыкету. Даўней беларусы верылі, што чалавек, які сядзіць за сталом у шапцы, аглухне сам ці ў яго будзе глухая цешча. Нельга было наступаць на хлеб ці хлебныя крошкі, якія ўпалі са стала. Лічылася, што яны ўскрыкнуць і чалавек аглухне ад гэтага гуку. Калі нашы продкі заўважалі, што нехта падслухоўвае звонку дома хатнія размовы, тады кідалі з сярэдзіны ў сцяну чым-небудзь цяжкім. Верылі, што ў такім выпадку хваравітая цікаўнасць будзе пакараная глухатой.
Звон у вушах тлумачылі як спрэчку анёла з д’яблам за душу чалавека. Па іншых міфалагічных уяўленнях, звон у вушах тлумачыўся тым, што нехта памёр або нарадзіўся.
Як лячылі глухату народнымі метадамі
Першая згадка пра спосабы барацьбы з хваробамі слыху сыходзіць да эпохі Старажытнага Егіпта. У знакамітым “Папірусе Эберса”, напісаным каля трох з паловай тысяч гадоў таму (1500 год да н.э.) гаворыцца, дарэчы, пра лячэнне глухаты. На думку старажытнаегіпецкіх лекараў, «вуха, якое дрэнна чуе», можа вылечыць уліванне аліўкавага алею, чырвонага свінцу і казінай мачы або засыпанне мурашыных яйкаў з крыламі кажаноў.
Не менш экзатычныя метады былі і ў нашых продкаў. Дзеля гэтага ў вушы клалі сала жорава, жоўць зайца з цукрам, цёплае малако з вадой, тлушч вугра. Лячылі і такім метадам: трубку з новага палатна ўстаўлялі ў вуха і запальвалі. Верылі — хвароба пройдзе, таму што трубка пры гарэнні выцягне серу з вуха.

Каб глухаватаму чалавеку на пэўны час вярнуць добры слых, трэба было ўсадзіць яму ў вуха доўгую дудку з паперы і запаліць яе, бо дымок з паперы лічыўся добрым сродкам ад глухаты.
Калі балелі вушы, то запускалі па кроплях драўляны алей і затыкалі вушы камфарай, абгорнутай паперай, зробленай з анучаў, або ў вушы закладалі кароўе масла, вырабленае менавіта ў маі месяцы. А раны ў вушах гаілі свіной жоўцю.
Ад шуму ў вушах дзейснымі лекамі лічылася печаная цыбуля. З яе выціскалі сок і ўпускалі ў вуха па некалькі разоў на тыдзень. Паводле аднаго з метадаў, бралі каменьчык з бычынай жоўці, таўклі яго ў парашок і разам з сокам цыбулі капалі ў вуха. Ад шуму ў вушах дапамагаў алей, выціснуты з ядраў абрыкоса. Эфектыўным метадам лічылася стаць пад звонам і паслухаць у нядзелю яго гукі цэлы дзень. Прычым званіць павінен нехта іншы, а не сам хворы. Таксама сярод спосабаў лячэння глухаты папулярным было стаянне пад звонам падчас шлюбу або на Вялікдзень, Дабравешчанне ды інш.
Прафілактычным сродкам ад хвароб вушэй для жанчын лічылася нашэнне завушніц, але гэта тычылася замужніх жанчын дзетароднага веку.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by
