02.04.2020
02.04.2020

Усё пра маскі. Правілы выкарыстання, нашэння, утылізацыі

logo
Хваробы ад А да Я
0 85
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Не сакрэт, што самым высокім попытам сёння карыстаюцца маскі. Не толькі ў аптэках і не толькі медыцынскія. Нягледзячы на тое, што кампетэнтныя спецыялісты ўсіх узроўняў і на ўсіх кантынентах не раз падкрэслівалі: для здаровага чалавека нашэнне маскі (калі толькі ён не даглядае інфіцыраванага сябра ці родзіча) – справа, па сутнасці, бескарысная, ажыятаж не сыходзіць.
Маскі. Медыцынскія. Абарона ад каранавіруса.

Сусветную сетку запоўнілі выкрайкі і майстар-класы па пашыве масак сваімі рукамі. «На хвалі» нават некаторыя швейныя атэлье часова перапрафіляваліся на выраб стратэгічнага тавару, прапаноўваючы арыгінальныя прынты і індывідуальны падыход да кожнага кліента.

Разам з тым, нават медыцынская маска сама па сабе не гарантуе 100-працэнтнай абароны ад вірусаў. Ці абароніць самаробная?

Мы сабралі для вас усю самую дакладную і карысную інфармацыю пра маскі – пра тое, як імі правільна карыстацца і ці ёсць сэнс прыгадваць навыкі кройкі і шыцця, набытыя на школьных уроках працы.

Аднаразовыя медыцынскія маскі: каму, навошта і як

Маскі медыцынскія. Догляд хворага.

Медыцынскую маску мае сэнс насіць у выпадках:

  • калі вы хварэеце. У гэтым выпадку маска служыць бар’ерам для мікрапырскаў біялагічных вадкасцяў, якія выдзяляюцца з кашлем і чханнем. Такім чынам маска зніжае рызыку прамога інфіцыравання здаровых людзей. Пры гэтым не абараняе вас як носьбіта маскі ад удыхання вірусных часцінак;
  • калі вы даглядаеце родзіча (сябра, суседа і г.д.), у якога вострае рэспіраторнае захворванне, і вымушаныя быць з ім у цесным кантакце. Такім чынам вы абараняеце сябе ад рызыкі заразіцца паветрана-кропельным шляхам;
  • вы ўрач і знаходзіцеся на працоўным месцы. Тут без каментароў.

Максі медыцынскія. Урач у масцы.

Маскі абсалютна бескарысныя альбо не выконваюць сваю функцыю, калі вы:

  • знаходзіцеся на вуліцы, пазбягаючы вялікіх натоўпаў людзей і захоўваючы бяспечную адлегласць – 1,5-2 метры;
  • носіце яе няправільна, напрыклад, пакідаючы адкрытым нос;
  • калі вы ўладальнік пышнай барады. Паветра, якое запаўняе прастору паміж валасінкамі, пазбаўляе нашэнне маскі ўсякага сэнсу і робіць гэта тым больш непатрэбным, калі вы не захоўваеце іншыя меры прафілактыкі: напрыклад, бяспечную дыстанцыю з хворым чалавекам;
  • носіце самаробную маску, вырабленую без захавання тэхналогіі. Маска павінна прылягаць да твару, закрываючы нос і рот так, каб не пакідаць зазораў. У прамысловыя маскі з гэтай мэтай ушываецца дадатковая ўстаўка-заціск, якая забяспечвае шчыльнае прыляганне маскі ў вобласці носа;
  • не змяняеце маску кожныя 2 гадзіны альбо карыстаецеся ёю паўторна. Аднаразовыя медыцынскія маскі пасля аднаразовага выкарыстання неабходна ўтылізаваць;
  • ігнаруеце ці не ў поўнай меры выконваеце гігіенічныя патрабаванні ў дачыненні да масак.

Няправільнае выкарыстанне масак не толькі не абароніць ад рызыкі заражэння, а наадварот, можа яе павялічыць.

Правілы выкарыстання, нашэння і ўтылізацыі аднаразовых масак

Максі медыцынскія. Надзяваем і здымаем правільна!

Калі вы думаеце, што тут няма ніякіх хітрыкаў, праверце, ці ўсё вы робіце правільна:

  • перад тым, як надзець маску, неабходна вымыць рукі з мылам. Калі такой магчымасці няма, скарыстайцеся антысептыкам. Гэта абавязковая ўмова, бо калі вы ўжо дакраналіся да пэўных заражаных паверхняў, патагенныя мікраарганізмы разам з маскай апынуцца ў вас на твары;
  • памятайце: пры правільна надзетай масцы ніякіх зазораў для вольнага праходжання паветра ў вобласці яе прылягання да твару быць не павінна. Не вызваляйце нос і не здымайце маску (напрыклад, для зручнасці стасункаў), каб пасля зноў яе надзець;
  • падчас выкарыстання не чапайце маску рукамі. Яна выконвае бар’ерную функцыю і пры кантакце з інфіцыраваным чалавекам можа быць забруджаная інфекцыйнымі часцінкамі. Пры дотыку маскі яны апынуцца ў вас на руках;
  • абавязкова мяняйце маску праз 2 гадзіны выкарыстання;
  • здымаць маску варта за вушныя петлі рухам ад сябе;
  • выкарыстаны выраб неабходна адразу выкінуць, пажадана ў зачынены кантэйнер;
  • зноў вымыць рукі з мылам ці апрацаваць антысептычным сродкам.

Самі з вусамі. Ці можна выкарыстоўваць самаробныя маскі?

Маскі медыцынскія. Самаробныя маскі.

Перш за ўсё, трэба заўважыць, што эксперты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя не рэкамендуюць карыстацца тканкавымі маскамі з марлі або бавоўны.

Але калі па пэўных прычынах вы лічыце, што свая маска бліжэй да цела, у выпадку крайняй неабходнасці лепей карыстацца ёй, чым не карыстацца нічым. Алгарытм такі ж, як і пры нашэнні аднаразовага медыцынскага вырабу:

  • апрацоўка рук перад надзяваннем;
  • шчыльнае прыляганне да твару;
  • змена маскі не радзей, чым кожныя 2 гадзіны.

Аднаразовыя медыцынскія маскі вырабляюцца з нятканага сінтэтычнага матэрыялу, які забяспечвае досыць эфектыўныя бар’ерныя функцыі, пры гэтым паветрапрапускальны і гіграскапічны. Для вырабу самаробнай маскі перавагу варта аддаваць натуральным тканінам (але не шэрсці, якая можа выклікаць раздражненне скуры альбо нават алергічную рэакцыю). Маска павінна быць як мінімум трохслаёвай, каб забяспечыць хаця б якую ахоўную функцыю.

Адзінай перавагай самаробнай маскі можна назваць магчымасць яе шматразовага прымянення. Пры гэтым пасля кожнага выкарыстання маску неабходна кіпяціць і прасаваць прасам з парай.

Абараняючы сябе, абараніце твар

Акрамя таго, вы павінны ведаць, што вымушанае доўгае выкарыстанне ахоўных масак часцяком ідзе не на карысць скуры твару. З прычыны празмернага ціску ці трэння нашэнне маскі можа прывесці да пашкоджання скурнага покрыва, пачырванення і нават ацёкаў.

Каб пазбегнуць такіх наступстваў, варта:

  • старанна захоўваць гігіену твару, мыючыся цёплай вадой пасля выкарыстання маскі;
  • ужываць зберагальныя сродкі догляду адчувальнай скуры, сачыць за тым, каб скура не адчувала дэфіцыту вільгаці;
  • пазбягаць прадуктаў з тлустай тэкстурай для догляду твару, паколькі ва ўмовах недастатковай цыркуляцыі паветра пад маскай і павышанага потавыдзялення такія сродкі могуць правакаваць узмоцненае выдзяленне себуму (падскурнага тлушчу) і закаркаванне пораў;
  • не злоўжываць макіяжам, а лепей на перыяд карыстання маскамі наогул адмовіцца ад дэкаратыўнай касметыкі.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 85

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Хваробы ад А да Я"