У самым «разгары» эпідэміялагічны сезон і «раскоша» для вострых рэспіраторных інфекцый і грыпу. Разам з тым, са снежня 2017 года выпадкаў такіх інфекцый рэгіструецца значна менш, чым за аналагічны перыяд у мінулым.
Згодна з прагнозам спецыялістаў, традыцыйны рост захворвання варта чакаць у канцы студзеня - пачатку лютага. А вось якім ён будзе, а таксама наколькі эфектыўная вакцынацыя супраць грыпу, журналістам распавялі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі і Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (БДМУ).
Вакцына супраць грыпу дзейнічае?
Штогадовая вакцынацыя супраць грыпу ўжо завяршылася. Прышчэпкі атрымалі 3 млн. 773 тыс. 785 чалавек ці 40,5% насельніцтва Беларусі. Пакуль пра эфектыўнасць сёлетняй кампаніі па імунізацыі меркаваць рана, але вынікі папярэдняй кажуць самі за сябе. У мінулым сезоне, па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, менавіта дзякуючы вакцынацыі было папярэджана:
- каля 145 тыс. выпадкаў грыпу;
- у тым ліку мінімум 17 тыс. шпіталізацый;
- і не менш за 400 тыс. зваротаў насельніцтва па амбулаторна паліклінічную дапамогу;
І яшчэ. Прыкладна 200 тыс. чалавек не захварэлі не толькі на грып, але і ВРІ. І таксама дзякуючы дзеянню супрацьгрыпознай вакцыны.
Якім будзе эпідэміялагічны сезон 2017-2018?
Як адзначыла кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе, вядучы навуковы супрацоўнік РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Наталля Грыбкова, з 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў эпідэміялагічны перыяд штогод цыркулюе адначасова тры разнавіднасці віруса грыпу: два віруса тыпу А і вірус тыпу В .
У гэтым сезоне на тэрыторыі нашай краіны цыркулююць практычна тыя ж (роднасныя) вірусы, што і ў мінулым. Таму і ўздым захворвання спецыялісты прагназуюць не вышэйшы і не больш цяжкі, чым у 2016-2017 гадах.
Хто ў групе рызыкі?
Пра тое, што грып – грознае захворванне і можа выклікаць цэлы шэраг цяжкіх ускладненняў, сказана не мала. Таму ў сезон, калі вірусы грыпу актывізуюцца, пільную ўвагу трэба надаваць (а лепш своечасова зрабіць прышчэпку):
- дзецям, асабліва ў першыя паўгоды жыцця. Дзяцей вакцынуюць супраць грыпу толькі з шасці месяцаў. Таму, у сезон, калі вірусы асабліва актыўныя, бацькам малых варта быць больш асцярожнымі і не грэбаваць правіламі прафілактыкі ВРІ і грыпу;
- асобам старэйшым за 65 гадоў;
- людзям, якія маюць хранічныя захворванні (ішэмічная хвароба сэрца, абструктыўная хвароба лёгкіх, бранхіяльная астма, цукровы дыябет, выяўлены атэрасклероз сасудаў і іншыя). Грып часта прыводзіць да іх абвастрэння. А вось для вакцынацыі супраць грыпу хранічныя захворванні – зусім не прычына ад яе адмовіцца, а нагода зрабіць;
- цяжарным жанчынам (грып можа прывесці да гібелі плоду).
Топ парадаў ад урачоў, каб не захварэць
- Падчас сезоннага ўздыму ВРІ і грыпу старайцеся пазбягаць масавага збору людзей;
- Пры чханні і кашлі ўлічвайце «рэспіраторны этыкет». Выкарыстоўвайце сурвэтку або прыкрывайце рот тыльным бокам далоні.
- Часцей мыйце рукі з мылам. Вірус можа захоўвацца на ручках дзвярэй, парэнчах у транспарце ці, напрыклад, на трубцы тэлефона.
- Карысна таксама ўвільгатняць слізістую носа. Гэта можна зрабіць звычайным фізрастворам (0,9%-ы водны раствор хларыду натрыю). Справа ў тым, што «сухая» слізістая насаглоткі – добрае асяроддзе для размнажэння віруса.
- Выдатны сродак прафілактыкі – ўмераная фізічная актыўнасць. А вось рэзка пачынаць гартавацца ўрачы не рэкамендуюць. Лішняя нагрузка на імунітэт арганізму зусім непатрэбная. Для загартоўвання самы лепшы час – травень.
- Звярніце ўвагу на свой рацыён. Ці збалансаваны ён? Здаровае і правільнае харчаванне – выдатны «спадарожнік» моцнага імунітэту.
- Прымаць розныя імунамадулятары спецыялісты не раяць. Іх эфектыўнасць даволі спрэчная. Перавагу лепш аддаць правераным вітамінна-мінеральных комплексам.
- Пры першых прыкметах хваробы – заставайцеся дома і выконвайце ўсе рэкамендацыі ўрача.
Будьте здоровы!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by