Часам, каб ацаніць сучаснае, дастаткова зазірнуць у мінулае. Сёння ўсе супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы: ад ізаляцыі хворых і апрацоўкі памяшканняў да вакцынацыі – лічацца, як штосьці звыклае і натуральнае.
Але быў час, калі ўрачам даводзілася літаральна навобмацак, метадам спробаў і памылак шукаць дакладныя рашэнні ў супрацьстаянні шматлікім эпідэміям. І гэта ў вельмі складаных умовах тэрытарыяльнага і палітычнага пераўладкавання свету, бесперапынных войнаў і абмежаваных навуковых медыцынскіх ведаў. У маштабах гісторыі чалавецтва для Беларусі такі час быў практычна «ўчора».
Выступаючы на II Форуме па пытаннях грамадскага здароўя, прафесар кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя БелМАПА, д.м.н. Эдуард Вальчук прадставіў гістарычны экскурс на тэрыторыю Беларусі 19 стагоддзя. У ім ярка адлюстраваная спецыфіка хваробаў таго часу і намаганні ўрачоў па прадухіленні распаўсюджвання эпідэмій.
Хваробы – ад балота і халадца
Заканчэнне 18 стагоддзя-першая палова 19-га былі для Беларусі часам раскладання феадальных і развіцця капіталістычных адносінаў. Неўраджаі, якія перыядычна паўтараюцца, голад, вайна 1812 года ў значнай меры паўплывалі на эканамічнае становішча насельніцтва і стан здароўя. Цяжка працякалі і шмат разоў паўтараліся эпідэміі сыпнога і брушнога тыфу, дызентэрыі, воспы і інш. (асабліва ў перыяд напалеонаўскіх войнаў 1807 і 1812 гг.).
Ад стыхійных бедстваў і эпідэмій больш за ўсё пакутавалі найбяднейшыя слаі насельніцтва. Як адзначалася ў справаздачах, «класам, найбольш знішчаным, у першую чаргу былі сяляне, за імі ішла гарадская бяднота». Так, з 1803 па 1810 гг. насельніцтва Гродзенскай губерні зменшылася на 0,7%, альбо на 4.224 чалавекі, з 1810 г. па 1816 г. – на 9,4%, альбо на 50.637 чалавек.
Прычыны хваробаў трактаваліся з пазіцый стану навуковых медыцынскіх ведаў таго часу.
Павятовы лідскі ўрач Р.Садоўскі лічыў, напрыклад, што прычынай цынгі з'яўляецца «месцазнаходжанне нізкае, багністае і спажыванне стаялай вады». Прычынай «гарачкі тыфаідальнай» называлася «прастуда ўвосень і ўзімку і неасцярожнае ўжыванне ежы». Крывавы панос, на думку тагачасных урачоў, узнікаў «ад сапсаванага стрававання моцнай гарачкай,... ужывання няспелых ягад, гародніны, грыбоў, ад недахопу добрага хлеба, ужывання ў гарачыя дні халоднай вады, квасу, халадцу».
Хуткае распаўсюджванне эпідэмій, якія суправаджаліся высокай смяротнасцю, патрабавала рашучых і дзейсных мераў. Асабліва высокая смяротнасць была пры эпідэміях халеры.
Эпідэміі халеры
Першыя звесткі пра з'яўленне халеры ў Расіі адносяцца да пачатку 30-х гадоў 19 стагоддзя. Але яшчэ да гэтага ў 1830 г. была апублікаваная «Аб'ява Міністэрства Унутраных спраў аб прыкметах халеры, спосабах засцярогі ад яе і яе лекавання». У дакуменце былі выкладзеныя асноўныя прыкметы халеры, а таксама ахоўныя меры: апранацца цяплей, не ўжываць сырой гародніны, не піць піва, кіслага малака, расстаўляць парашок альбо раствор «хларынавай вапны» і інш. А вось ужыванне лазняў не шкодна.
У Беларусь халера была занесеная з Царства Польскага ў 1831 г. У Гродзенскай губерні яна з'явілася 1 красавіка 1831 г. i працягвалася да 1 кастрычніка, захварэлі 1942 чалавекі, лятальнасць склала 48,7%. У 1831 годзе прафесар Віленскага ўніверсітэта Ф.Рымкевіч апублікаваў адну з першых манаграфій «Аб халеры і мерах барацьбы з ёй».
У Гродзенскай губерні і паветах былі створаныя халерныя камітэты, «заснаваныя былі прыватныя ачапленні», МУС «устанаўлівала асаблівыя шпіталі і каранцін». У абавязкі павятовых урачоў уваходзіла правядзенне «медыка-паліцэйскіх мераў для спынення эпідэміі».
Так, у 1831 г. у Лідскім павеце быў створаны халерны камітэт, павятовы ўрач, доктар медыцыны К.Гнаінскі прыняў меры па найхутчэйшай ліквідацыі эпідэміі. «За стараннасць у аказанні дапамогі і лячэння хворых падчас бушавання халеры» яму была аб'яўленая «ўдзячнасць штаб-доктара Міністэрства Унутраных спраў» імперыі.
Другая эпідэмія халеры з'явілася ў другой палове 1848 г. Трэба адзначыць, што да гэтага большасць урачоў не лічылі халеру заразнай. У другую эпідэмію погляды на заразнасць халеры пачалі мяняцца. Так, з'явіліся сцвярджэнні, «што халера заразлівая, і заражаюцца ёю альбо праз паветра, альбо ад судотыку з хворым», а таксама, што «падобна да адзёру і воспы, неабходная пры гэтым індывідуальная схільнасць». Некаторыя ўрачы прама паказвалі «на заразлівасць спаражненняў хворых на халеру».
У мэтах папярэджання распаўсюджвання халеры ў губерні і паветах былі створаныя камітэты грамадскага здароўя, якія складаліся са старшыні (павятовага маршалка дваранства) і членаў (мясцовага дабрачыннага, спраўніка, гарадскога галавы, павятовага і гарадавога ўрачоў). Камітэты разам з паліцыяй і гарадской думай павінны былі займацца папярэджаннем развіцця хваробы і «паляпшэннем санітарных умоваў». Паветы былі падзеленыя на халерныя ўчасткі, на кожны з іх прызначаны фельчары альбо цырульнікі.
Асабліва цяжка працякала халера ў сельскай мясцовасці. Захворванне ў губерні складала 17,4 на 1000 насельніцтва, лятальнасць – 35%.
У эпідэмію 1853 г. у Гродзенскай губерні было зарэгістравана 727 хворых на халеру, лятальнасць перавысіла 32%. У кастрычніку-лістападзе гэтага ж года халера з'явілася ў Лідзе на рэкрутах з Царства Польскага. З 15 тых, хто захварэў, 7 памерлі.
З 1853 г. для лячэння хворых на халеру адкрываліся часовыя бальнічныя аддзяленні за кошт сродкаў Загаду грамадскага догляду з бясплатным лячэннем. Падчас эпідэміі халеры ў 1856 г. у Лідскай ваенна-часовай бальніцы было адкрытае халернае аддзяленне.
Халерныя эпідэміі перыядычна з'яўляліся на землях Беларусі ў 1866-1867 гг., у 1871 г. i 1893-1894 гг. Гэтыя эпідэміі былі таксама вельмі цяжкімі. Напрыклад, падчас эпідэміі халеры ў 1871 г. смяротнасць склала 43,1%. У ліку тых, хто памёр, былі 4 фельчары.
Спарадычныя выпадкі халеры ў гэтыя ж гады рэгістраваліся пастаянна.
Роля грамадскіх аб'яднанняў
Падчас эпідэмій ажыўлялася праца грамадскіх аб'яднанняў. У 1893 годзе Лідскі камітэт грамадскага здароўя прыняў пастанову «Аб утрыманні сельскімі абывацелямі двароў, вуліц і жылых памяшканняў чыста і аб даследаванні вады ў студнях». У павеце былі створаныя 24 санітарна-выканаўчыя камісіі, якія складаліся з участковых папячыцеляў, валасных старшыняў і іншых прадстаўнікоў самакіравання.
Камісіямі агледжана 13449 дамоў, «зроблена 2595 санітарных паляпшэнняў», даследаваная вада ў 5203 студнях, для догляду хворых навучана 12 санітараў. Пры гэтым грамадскія аб'яднанні валодалі вельмі абмежаванымі сродкамі. У тым жа 1893 г. «на санітарныя паляпшэнні выдаткавана ўсяго 320 руб., на выпраўленне студняў 75 руб., на навучанне санітараў 225 руб. За невыкананне «санітарна-паліцэйскіх патрабаванняў» аштрафавана міравымі суддзямі 168 асобаў ад 1 да 15 рублёў».
Доўгая дарога да пацыента
Між тым, нават у спакойныя ад эпідэмій гады вельмі высокай заставалася колькасць выпадкаў, якія рэгістраваліся, такіх захворванняў, як тыф, дызентэрыя, воспа, коклюш, дыфтэрыя. Шырока былі распаўсюджаныя сухоты, венерычныя хваробы, трахома, каўтун да інш.
Цікава, што пра хваробы, якія з'явіліся ў павеце, станавыя прыставы, мясцовыя святары ды іншыя афіцыйныя асобы паведамлялі па інстанцыі знізу ўверх непасрэдна ў канцылярыю губернатара. Адтуль паведамленне накіроўвалася ў губернскую ўрачэбную ўправу. І толькі потым, нарэшце, інфармацыя трапляла да павятовага ўрача.
У выніку дапамога аказвалася са значным спазненнем. Напрыклад, у адной са справаздачаў паказана, што да моманту прыезду павятовага ўрача з тых 46 чалавек, хто захварэў на сыпны тыф, «паправілася 20, памерла 10». Для спынення далейшага распаўсюджвання «хворыя былі сабраныя ў асаблівыя добрыя хаты, дастаўлена прыслуга, прапісаныя патрэбныя лекі», а для «бліжэйшага надгляду... і выканання абавязку фельчарскага пакінуты на месцы прышчапляльнік воспы Іван Клышэйка».
Як вынікае з архіўных дадзеных, эпідэмічная захваральнасць рэгістравалася пастаянна. Напрыклад, у 1845 годзе, адным з найбольш спакойных па захваральнасці, у Лідскім павеце адзначаліся: гарачка тыфаідальная 156 выпадкаў (памерла 6 чалавек); гарачка нервовая 30 выпадкаў (памерла 3); крывавы панос – 253 выпадкі (памерла 30); хвароба венерычная – 35 выпадкаў ды інш.
Венерычныя захворванні
Шырокае распаўсюджванне атрымалі венерычныя захворванні. Выяўленнем іх займаліся павятовыя ўрачы сумесна з чынамі паліцыі. «Знойдзеныя заражанымі любастраснай хваробай (пранцамі)», адпраўляліся ў г.Вільна для лячэння ў шпіталі святога Якава.
Пранцы выяўляліся пастаянна, распаўсюджванне іх звязанае з пастоямі ваенных камандаў, паўстаннямі ды інш. У асобныя гады бальніцы выкарыстоўваліся выключна для бясплатнага лячэння сіфілітыкаў. У 80-90-х гг. 19 стагоддзя захворванне на пранцы павялічылася да такой ступені, што ў бальніцы ажыццяўлялася толькі шпіталізацыя «сіфілітыкаў грамадзянскага ведамства», на сяле адкрываліся прыёмныя пакоі на 4 ложкі для лячэння гэтых хворых.
У 1897 г. урач С.К.Завадскі 1-га сельскага ўрачэбнага ўчастка Лідскага павета прыняў меры па актыўным выяўленні кантактаў хворых на пранцы. Ён задаўся мэтай абследаваць кожны выпадак пранцаў, каб выявіць усіх заражаных. Ён аб'язджаў вёскі, пры выяўленні пранцаў праводзіў пагалоўны агляд насельніцтва. Так, у перыяд з 20.10.1897 г. па 01.01.1898 г. ўрач накіраваў на лячэнне ў Лідскую бальніцу 91 пацыента з пранцамі. Характэрна, што насельніцтва з разуменнем ставілася да аглядаў, а эфектыўнасць такога падыходу была пацверджаная медыцынскай супольнасцю.
Наступленне воспы
Апроч іншага, у гэты перыяд паўсюль была распаўсюджаная і воспа. Неабходна адзначыць ролю Віленскага ўніверсітэта і медыка-хірургічнага факультэта ў папулярызацыі і ўкараненні новых навуковых дасягненняў у барацьбе з эпідэміямі. Так, распрацаваны Э.Джэнерам (1798 г.) метад вакцынацыі воспы пачаў хутка распаўсюджвацца ў Беларусі.
У 1801 г. І.А.Бернанд, інспектар Мінскай урачэбнай управы, першым у Літоўскай губерні ўвёў ва ўжыванне прышчэпкі каровінай воспы. Пра пачатак прышчэплівання воспы ў Гродзенскай губерні было паведамлена 24 жніўня 1803 г. Па распараджэнні ўрачэбнай управы «прышчэпліванне ахоўнай воспы ставіцца ў абавязак усіх без выключэння штатных медыцынскіх чыноўнікаў, аднак некаторыя са штатных урачоў абмяжоўваюцца прызначэннем для гэтай патрэбы воспапрышчапляльнікаў».
У паветах засноўваюцца воспапрышчапляльныя камітэты. Вакцынацыяй займаюцца павятовыя ўрачы, лекарскія памочнікі, спецыяльна падрыхтаваныя воспапрышчапляльнікі. Воспапрышчапляльны камітэт «кожнаму з воспапрышчапляльнікаў, якія пражываюць у павеце, прызначаў маёнткі і паселішчы, у якіх ён абавязаны вырабляць ахоўную воспу дзецям і ў прызначаныя тэрміны прадстаўляць акуратна ведамасці з пасведчаннем дваровых начальстваў ці чыноўнікаў земскай паліцыі».
Актыўным прапагандыстам воспапрышчаплення быў ураджэнец Гродна, прафесар Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі Аўгуст Бекю. Ён напісаў манаграфію «Аб вакцынацыі, альбо так званай каровінай воспе» (Вільня, 1803 г.). Па ініцыятыве прафесараў І.Франка і А.Бекю ў Вільні з'явіўся Інстытут вакцынацыі, які быў ліквідаваны ў 1831 г. пасля разгрому польска-літоўскага паўстання. У 1831 г. у Лідскім павеце «прышчэпленая ахоўная воспа 915 дзецям, па Гродзенскай губерні 1661 дзіцяці, у 1832 г. па павеце 1614, па губерні 14.765 дзецям».
Эпідэмія воспы 40-х гадоў, якая доўжылася каля 10 гадоў, мела важныя наступствы для ўсяго паўночна-заходняга краю. Урачы адзначалі, што «за адсутнасцю дабраякаснага матэрыялу для прышчэпак ні першасная, ні другасная прышчэпкі не ўплывалі прыкметным чынам на памяншэнне жахаў натуральнай воспы». Нарыхтоўка матэрыялу для прышчэпак была «прадстаўлена без урачэбнага кантролю неадукаваным воспрапрышчапляльнікам».
Урачы, збянтэжаныя і расчараваныя «бяссіллем прышчэпак, якія праводзяцца», перасталі займацца вакцынацыяй. Нарыхтоўка матэрыялу для прышчэпак была прадстаўлена без усялякага ўрачэбнага кантролю клопату неадукаваных воспеннікаў.
Улады, добра ўсведамляючы ненармальнасць і няправільнасць воспавай справы ў краі, стараліся дапамагчы ў бядзе. У 1872 г. «пры садзейнічанні казны» ў Вільні быў адкрыты інстытут анімальнай медыцыны, які праіснаваў каля года. Нарэшце, у 1886 г. быў арганізаваны Віленскі губернскі воспапрышчапляльны цялятнік, які забяспечваў заходнія губерні вакцынай да 1914 года.
Толькі пасля гэтага вакцынацыя дала адчувальныя вынікі, натуральная воспа выяўлялася вельмі рэдка «і тое больш спарадычным,... а не эпідэмічным чынам».
Сібірская язва
На тэрыторыі Беларусі напрыканцы 19 стагоддзя здараліся таксама эпідэміі сібірскай язвы. Аб адной з іх на пасяджэнні імператарскага Віленскага ўрачэбнага грамадства далажыў Лідскі павятовы лекар А.Я.Садоўскі. У сваім дакладзе «Нататкі аб сібірскай язве на людзях у Лідскім павеце ў 1885-1886 гг.» ён выклаў асаблівасці праходжання эпідэміі ў павеце і меры барацьбы з ёй.
Эпідэмія з'явілася ў летнія месяцы ў разгар эпізаатыі на жывёлах. Захварэлі 50 чалавек, у бальніцах знаходзіліся 32 хворыя. Сібірская язва працякала ў форме язваў на вонкавым покрыве, за выключэннем аднаго выпадку кішэчнай формы, які скончыўся смяротным зыходам.
Самым небяспечным месцам язвы была шыя: з трох выпадкаў 2 скончыліся смяротна. Па ступені цяжкасці працэс працякаў у мяккай форме ў 7 чалавек, сярэдняй цяжкасці ў 18, цяжкай у 12, безліхаманкавых выпадкаў было 13.
З асаблівасцяў лячэння варта адзначыць, што разам з традыцыйнымі ўмяшаннямі шляхам глыбокіх разрэзаў ва ўсю тоўшчу некратычнай тканкі язвы, у 9 выпадках сельскім павятовым урачом Яноўскім было ўжытае не выразанне, а выпальванне язвавага фокусу, для чаго на пачатку ўжывалася калёнае жалеза, затым тэрмакаўтэр Пакелена. Крытэрыем, што «прыпальванне зробленае на дастатковай глыбіні, служаць моцныя рэфлекторныя рухі і моцны крык». Сярэдняя працягласць хваробы пры выразанні складала 22 дні, пры выпальванні – 17.
Ахвяры і выратаваныя
Эпідэмічная захваральнасць заўсёды павялічвалася пры правядзенні вялікіх будаўнічых работ. Так, падчас будаўніцтва Балагое-Седлецкай чыгункі ў Лідскім павеце ў 1902-1903 гг. сабралася больш за 8000 рабочых і датыкальных да іх сялян. Дрэнныя санітарныя ўмовы прывялі да буйной эпідэміі тыфу, барацьба з якой «наяўнымі ўрачэбнымі сіламі станавілася непасільнай». Віленскім урачэбным аддзяленнем «у дапамогу медыкам павета» быў накіраваны лятучы санітарны атрад у складзе ўрача, двух фельчараў, двух сясцёр міласэрнасці.
Імі была аказаная дапамога 1177 хворым на сыпны тыф, 409 – на брушны тыф, 749 – на крывавы панос. Лятальнасць ад сыпнога тыфу складала 7%, пры брушным тыфе – 11%, крывавым паносе – 15%. Было агледжана каля 8 тысяч амбулаторных хворых з незаразнымі формамі хваробаў, праведзеная дэзінфекцыя 797 жылых памяшканняў у 19 воласцях і інш.
Адной з першых ахвяраў сыпнога тыфу стаў павятовы ўрач Аляксей Якаўлевіч Савіцкі, перахварэлі на брушны тыф урач і фельчар лятучага санітарнага атрада.
Неабходна адзначыць, што ў гэты перыяд у барацьбе з масавымі хваробамі мелі месца і некаторыя новаўвядзенні. У 1894 г. з'явілася паведамленне аб адкрыцці супрацьдыфтэрыйнай сыроваткі. У 1895 г. яна была з поспехам прымененая лідскім павятовым урачом Р.Р.Гузе і гарадавым Э.М.Рэнертам. Па іх дадзеных, з 42 хворых дзяцей пасля ўвядзення сыроваткі памерлі «толькі трое, дастаўленыя ў безнадзейным стане». Выпадкі, «ускладненыя стэназаваннем гартані», пасля ўвядзення сыроваткі заканчваліся лячэннем і «вясковых дзяцей адразу адвозілі дадому».
У Памятных кніжках губерні прыводзяцца дадзеныя пра стан эпідэмічнай захваральнасці напрыканцы 19 стагоддзя. Так, у 1886 г. «з павальных заразных хваробаў назіралася»:
- воспа 1114 чалавек, лятальнасць 24,8%;
- брушны тыф 993 (8,8%);
- крывавы панос 755 (11,3%);
- шкарлятына 729 (19,06%);
- сыпны тыф 320 (5,3%);
- дыфтэрыт 270 (34,44%);
- адзёр 48 (14,6%);
- сібірская язва 18 (22,2%).
«З усіх захворванняў з заразнымі формамі, уключаючы венерычныя хваробы, было 5006 выпадкаў», памерла ад іх 711 чалавек (14,2%).
Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі 19 стагоддзя ў барацьбе з масавымі эпідэмічнымі хваробамі адпрацоўваліся мерапрыемствы першаснай медыка-санітарнай дапамогі, ствараліся грамадскія аб'яднанні з удзелам штатных медыцынскіх чыноўнікаў, праводзіліся прышчэпкі, ізаляцыя заразных хворых, дэзінфекцыя жылля, прадметаў ужытку ды інш. Для лячэння і назірання за хворымі прыцягваліся вольнапрактыкуючыя ўрачы, фельчары, цырульнікі, прышчапляльнікі воспы.
У асноўным барацьба з эпідэміямі абмяжоўвалася рамкамі медыка-паліцэйскіх мераў, аб'ём іх быў недастатковым, часта праводзіўся з вялікім спазненнем, адчуваўся недахоп медыцынскіх кадраў ды інш. Гэтыя меры не маглі істотна паўплываць на эпідэмічную захваральнасць, узровень і смяротнасць пры якой доўгі час заставаліся высокімі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by