29.04.2017
29.04.2017

Шкодныя прадукты ў рацыёне — ворагі хараства і здароўя

logo
Рэцэпты
0 60
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Генеральная прыборка на абедзенным стале!

Хочаце, каб ваш адбітак у люстэрку цешыў кожны дзень? Мінус 4 прадукты з рацыёну — і вы абавязкова станеце прыгожым і здаровым чалавекам. Стройнае цела, аксамітная скура, бліскучыя валасы, цвёрдыя пазногці і моцнае здароўе забяспечаныя без усялякіх намаганняў. Мы дапаможам вам правесці генеральную прыборку на абедзенным стале. Але падрыхтуйцеся здзіўляцца: пагроза хараству і здароўю часам тоіцца ў самых «бяскрыўдных» прадуктах.

Прадукт №1. Спецыі і прыправы прамысловай вытворчасці

Вы калі-небудзь звярталі ўвагу на склад такіх міксаў? Калі не, то дарэмна. У аснове большасці пакетаваных спецый, акрамя перцаў, маярану, чабору, кмену ды іншых духмяных раслін ляжаць соль і харчовыя дабаўкі, галоўным чынам глютамат натрыю. І нават не ляжаць, а саліруюць, у сэнсе, пераважаюць. А лішак солі, між іншым, прыводзіць да ўтварэння ацёкаў, павышэння крывянага ціску, што гіпертонікаў, напрыклад, можа давесці да інсульту. Выдатнай мішэнню для хларыду натрыю з’яўляюцца таксама печань, ныркі, сэрца. А якое «дабро» нясе нашаму арганізму глютамат натрыю — тэма, вартая асобнай гутаркі. Ён шкодны нават не сам па сабе. З яго дапамогай нават з харчовых адкідаў ды смецця (некандыцыйных прадуктаў нізкага гатунку, магчыма, нават нясвежых) можна прыгатаваць «цукерку», чым часцяком і карыстаюцца нядобрасумленныя вытворцы. Акрамя таго, шматкампанентныя спецыі могуць выклікаць алергічную рэакцыю. Вам яно трэба?

Вред глютамата натрия

Аднак зусім адмаўляцца ад спецый і прыпраў не варта. Яны не толькі дадаюць страве водар і розныя смакавыя адценні, але і дабратворна ўплываюць на здароўе і прыгажосць. Так што альбо ўважліва чытайце спіс складнікаў на ўпакоўцы, альбо рыхтуйце спецыі і прыправы самастойна. Гэта не вялікая праца. Мята, чабор, базілік, кроп, пятрушка, сельдэрэй, кінза... А таксама пякучы перац, часнык, лук... Іх можна вырасціць на прысядзібным участку, высушыць, здрабніць і з карысцю для здароўя дадаваць у стравы.

Прадукт №2. Каўбаса

Тут наогул усё проста і відавочна, за выключэннем аднаго: ніколі не ведаеш напэўна, з якой менавіта палкі сыравэнджанай або салямі пачнецца зваротны адлік.

СААЗ афіцыйна пацвердзіла, што верагоднасць утварэння злаякасных пухлін прамой кішкі і падстраўнікавай залозы вырастае на 18–20 працэнтаў пры рэгулярным ужыванні ў ежу апрацаванага чырвонага мяса.

З яго, дарэчы, і робяць каўбасы, вяндліну і ўсё тое, чым забітыя халадзільнікі аддзелаў з мяснымі паўфабрыкатамі. Хаця не, магчыма менавіта вы нарадзіліся ў кашулі і з вамі нічога не будзе ад паглынання вэнджаных і вяленых мясных далікатэсаў. Але будзьце літасцівыя: не карміце імі дзяцей. Солі, халестэрыну і насычаных тлушчаў ім у жыцці і без таго дастанецца. Дзеля справядлівасці адзначым, што менавіта ў дачыненні да гэтага прадукту дыетолагі дапускаюць невялікае паслабленне. Калі перад вамі паўстала дылема: з'есці бутэрброд з каўбасой ці доўга сядзець галоднаму — лепш схіліцца да першага. Галоўнае, каб гэты разавы перакус не зрабіўся звычкай, а каўбаса не стала асноўным прадуктам харчавання.

Прадукт №3. Газіроўка

Вред газировки

Больш лютага ворага для фігуры і знешнасці яшчэ пашукаць трэба. Мы гатовыя спажываць яго сотнямі літраў на год. Прычына ў цукру і «чароўных бурбалках». Пры ўжыванні «шыпучкі» змяняецца ўзровень цукру ў крыві, арганізм патрабуе вадкасці яшчэ і яшчэ. Разам з тым літр салодкай газіроўкі фактычна забяспечвае сутачную патрэбу ў калорыях сярэднестатыстычнага чалавека з невысокай рухальнай актыўнасцю, напрыклад, офіснага работніка. Пры гэтым не наталяючы ні смагі, ні голаду. Такім чынам, газіроўка — просты шлях да залішняй вагі.

Але і гэта яшчэ кветачкі! Уздуцце жывата, абвастрэнне гастрыту і язвавай хваробы страўніка, верагоднасць утварэння камянёў у нырках, рызыка астэапарозу, карыес — наступствы дзейнасці вуглякіслага газу, велізарнай колькасці цукру, кафеіну, фосфарнай і вугальнай кіслот, якія патрапляюць у наш страўнік разам з «чароўнымі бурбалкамі».

Прадукт №4. Фастфуд, усё, што з ім звязана, і любыя яго вытворныя

Любоў да сябе павінна стаць галоўным матыватарам, каб за кіламетр абыходзіць тое, што здольна нанесці шкоду, часта непапраўную. Фастфуд — антонім слоў «прыгажосць» і «здароўе». Не могуць атлусценне, атэрасклероз сасудаў, вугравы сып, пашыраныя поры і карыес быць прыгожымі. Ды і чалавека, у якога хранічны авітаміноз, гіпертанія і хваробы практычна ўсіх унутраных органаў: сэрца, падстраўнікавай залозы, страўніка, печані, нырак, нельга назваць здаровым...

Менавіта гэтым могуць закончыцца штодзённыя перакусы маргарынам, перапрацаванымі жывёльнымі тлушчамі, канцэрагенамі, соллю і харчовымі дадаткамі. Вы такое не ясьцё? Як бы не так: усё вышэй пералічанае — фактычна аснова вытворчасці чыпсаў, хот-догаў, бургераў і г. д.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 60

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».