У мінскім Палацы мастацтваў адкрылі выстаўку «Разам. Да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва»
У экспазіцыі прадстаўлены работы больш як 70 айчынных майстроў: жывапісцаў, скульптараў, графікаў. Гэта дзеячы мастацтва, у розныя гады ўдастоеныя дзяржаўных прэмій, чые творы так ці інакш адлюстроўваюць апошнія 30 гадоў гісторыі незалежнай Беларусі. Уваход на выстаўку бясплатны для ўсіх наведвальнікаў Рэспубліканскай мастацкай галерэі.
У межах выстаўкі прадстаўлены творчыя дасягненні ўнітарных прадпрыемстваў Беларускага саюза мастакоў – Мастацкага камбіната і Скульптурнага камбіната, а таксама работы мастакоў, якія з 1994 да 2024 года атрымлівалі дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь. Работы для экспазіцыі прадстаўлены мастакамі-удзельнікамі выстаўкі, фондамі Саюза мастакоў, Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Музеем гісторыі горада Мінска.
На працягу ўсёй сваёй гісторыі, і асабліва за 30 апошніх гадоў, грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз мастакоў» у сваёй дзейнасці было цалкам звязана з вырашэннем дзяржаўных задач у галіне развіцця, захавання і прапаганды беларускага мастацтва, умацавання маральных каштоўнасцей і ідэалагічных асноў нашага грамадства.
— Назва выстаўкі «Разам», значыць мы разам, разам з Прэзідэнтам, са сваёй краінай. Па сутнасці, гэтая выстаўка — своеасаблівы доказ таго, наколькі таленавіты наш народ, — падкрэсліў на адкрыцці праекта старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. — Толькі палічыце, колькі важных аб'ектаў на тэрыторыі ўсёй Беларусі ўдалося рэалізаваць нашым творцам дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы. Нагадаю, што Беларускі саюз мастакоў — адзіны на постсавецкай прасторы, які захаваў свае унітарныя прадпрыемствы, скульптурны і мастацкі камбінаты. Калі нядаўна я расказваў пра гэта калегам з Казахстана, яны захапляліся, казалі, вам добра, мы ўсё гэта даўно страцілі… А Беларусь захавала. Паглядзіце, колькі знакавых аб'ектаў рэалізавана за апошнія гады нашымі майстрамі: ад замкаў да залаў Нацыянальнай бібліятэкі, Палаца Незалежнасці, Вярхоўнага Суда. Дадайце да гэтага мемарыяльныя комплексы «Ала», «Трасцянец», у Чырвоным Беразе, абноўленыя аб'екты ў мемарыяльным комплексе «Хатынь»… У якой яшчэ дзяржаве мастакам аказаны такі давер і падтрымка?
Творчаму калектыву Беларускага саюза мастакоў належыць мноства манументальных твораў, створаных для інтэр’ераў і экстэр’ераў значных грамадскіх будынкаў і аб’ектаў з 1994 па 2024 гады. Прыкладам можа служыць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Палац Рэспублікі, Ратуша, Палац Незалежнасці ў Мінску, Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Мірскі замак, замак у Нясвіжы, музей «Белавежская пушча», будынак Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, Палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, мемарыял у Трасцянцы, станцыі метро ў г.Мінску. Гэтыя і іншыя аб’екты створаны сіламі сяброў саюза і калектывамі Скульптурнага камбіната і Мастацкага камбіната.
З’яўляючыся грамадскай арганізацыяй, Ссаюз мастакоў працуе на выкананне шматлікіх дзяржаўных праграм у галіне эстэтычнай і маральна-ідэалагічнай асветы і выхавання грамадзян нашай краіны. Прадстаўляючы Беларусь на шматлікіх міжнародных мастацкіх форумах, мастакі ўносяць немалы ўклад у фарміраванне дастойнага іміджу нашай дзяржавы.
На выстаўцы можна ўбачыць работы многіх вядомых майстроў, у тым ліку Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага, а таксама Мая Данцыга, Валерыя Шкарубы, Георгія Паплаўскага, Уладзіміра Таўсціка, Максіма Петруля, Віктара Барабанцава і іншых вядомых жывапісцаў, графікаў і скульптараў. Прадстаўлены ў тым ліку творы, якія ў розныя гады ўдастоены нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва. Убачыць іх можна да 2 лютага.
— Крыху пазней мы плануем выдаць альбом з гэтымі работамі, яны сапраўды з'яўляюцца нацыянальным здабыткам. Акрамя таго, у дні выстаўкі пройдуць некалькі канферэнцый, будзе таксама арганізавана праца з дзіцячымі школамі мастацтваў, — дадае Глеб Отчык.
У сваёй дзейнасці Беларускі саюз мастакоў заўсёды адчуваў дапамогу і падтрымку з боку нашай дзяржавы. За выдатныя творчыя дасягненні ў нацыянальнай культуры, асабісты ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва і актыўны ўдзел у мастацкім жыцці Рэспублікі Беларусь сябры саюза рэгулярна вылучаюцца на атрыманне розных узнагарод і прэмій. У 2006 годзе народны мастак Беларусі Міхаіл Андрэевіч Савіцкі атрымаў высокую ўзнагароду – стаў Героем Беларусі. З 1994 па 2024 год 8 чалавек атрымалі званне народных мастакоў Беларусі, 36 сяброў саюза сталі заслужанымі дзеячамі мастацтваў Рэспублікі Беларусь, 24 чалавекі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Кісларод у «сінім» паветры. Выстаўку Веранікі Ракашэвіч прадставілі ў Мінску
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by