… Выстава «Ахова здароўя Беларусі-2021», дзень другі. Дакладней – раніца. Як чалавек немясцовы, выязджаю па сваім маршруце з Чэрвеня зараней. Зараней і прыязджаю. У руках – раздрукаваны электронны білет, па якім за 25 хвілін да афіцыйна заяўленага пачатку выставы (10.00) спрабую прайсці. Трэба ж і стэнд свой (газеты «Медыцынскі веснік») знайсці, і падрыхтавацца…
Але… Сюрпрайз! Непрыемны. Ахоўнік на ўваходзе тлумачыць, што прайсці можна па білеце гэтым толькі… акурат у 10.00! Тлумачу пра стэнд, пра дзяжурства. А мне ў адказ: «Тады ў вас павінны быць вось такія бэйджы…» Бэйджы ёсць. Толькі… на стэндзе. Таму даводзіцца чакаць, хто з калег прыйдзе са сваім і вынесе нам нашыя…
Калі колькасць тых, каго таксама не пускаюць на ўласныя стэнды па той жа прычыне, вырастае на некалькі дзясяткаў, выходжу з памяшкання на вуліцу. Там прахалодна, затое больш бяспечна. Бо, па-першае, не ўсе ў масках, а па-другое… Якая там сацыяльная дыстанцыя, калі на невялікім пятачку сабралася каля 50 чалавек?!
Уважліва аглядаю электронны білет. Ці ёсць там дзе пазнака, што прайсці можна толькі ў 10.00, а не зараней? Няма… Эх… Можна было не замарочвацца з яго заказам і раздрукоўкай.
Нарэшце нам выносяць нашыя бэйджы «Прэса». Праходзім.
А там… Там практычна адразу ж – наведвальнікі! Бо ў нас – ярка! У нас – цікава! У нас – віктарына! За ўдзел у якой можна атрымаць цукеркі і памятныя прызы.
Адразу ж хачу шчыра падзякаваць усім, каго зацікавіў наш стэнд. Хто згаджаўся не толькі адказаць на пытанні (актуальныя, між іншым! Пра агульнавядомыя меры прафілактыкі COVID-19 па рэкамендацыях СААЗ!), але і пастасавацца, напісаць водгукі-пажаданні.
Традыцыйна на такіх выставах нашыя наведвальнікі – людзі самых розных узростаў, і не толькі медыцынскія работнікі, прадстаўнікі розных кампаній ды студэнты медустаноў. І не толькі з Мінска. Што робіць стасункі вельмі пазнавальнымі і запамінальнымі.
… Дзве жанчыны са Случчыны ахвотна згаджаюцца адказаць на пытанні віктарыны. І паспяхова! Радуюцца, пачуўшы маю беларускую мову. У адказ гучыць такая ж. Здорава сустракацца з аднадумцамі! Карыстаючыся момантам, перадаю праз іх прывітанне сваёй сяброўцы, рэдактару тамтэйшай раённай газеты Ірыне Каваленка.
Асабліва прыемна чуць: «А мы вас выпісваем! І сайты вашыя ведаем!» Хтосьці распавядае, што аформіў нават электронную (!) падпіску для мамы – колішняга медработніка на заслужаным адпачынку, хтосьці яе ж – для сябе ці арганізацыі… Не толькі папяровы варыянт выдання выбіраюць падпісчыкі, і гэта таксама радуе.
Вельмі шмат падыходзіла маладых і актыўных – студэнтаў. Таксама ахвотна адказвалі на пытанні, раіліся адно з адным, шчыра радаваліся прызам… Дзівіліся, калі адказвалі недакладна, і запаміналі, як трэба правільна рабіць. І вось у гэтым таксама бачым карысць нашай віктарыны!
Былі і салідныя мужчыны… 🙂
… Адказаўшы на прапанаваныя пытанні, хлопец і дзяўчына бяруцца за іншыя білеты:
– Мы цяпер не за цукеркі, мы – для сябе, добра?!
– А вы студэнты?
– Не, мы ўрачы…
І такіх, дарэчы, яшчэ было шмат – тых, хто зацікавіўся ўсімі пытаннямі і правільнымі адказамі. Асвета руліць! 🙂
Падыходзілі і іншыя ўдзельнікі выставы, рознага ўзросту. І таксама ахвотна пагаджаліся адказваць на пытанні віктарыны. Нават наш партнёр Віктар праверыў свае веды па ўсіх білетах.
– Недарэмна ж медыцынскую адукацыю атрымліваў, – патлумачыў свой добры досвед.
А падчас невялікага зацішша дапамог маёй каляжанцы Жанне Гаўрычэнкавай вымераць ціск.
– А я ваш аўтар, – пастасаваўся з намі яшчэ адзін наведвальнік з Гомельшчыны – Андрэй Савосцін. – Быў лепшым студэнтам Беларусі…
У гэты час на стэнд прыехала наш галоўны рэдактар газеты «Медыцынскі веснік» Таццяна Сівец. Яна ж і запрасіла Андрэя да больш актыўнага супрацоўніцтва.
– Газета ваша відавочна цікавейшай зрабілася ў апошні час, – заўважыў наступны ўдзельнік віктарыны. – Дарэчы, я – за навуковасць. Так што давайце больш навуковых артыкулаў…
– А я вырашыла з вамі яшчэ згуляць…
І такіх, хто да нас падыходзіў не адзін раз за паўдня, было багата. А хтосьці прыводзіў сваіх знаёмых. 🙂 Маўляў, ідзі, згуляй…
Вось і атрымлівалася, што па самой выставе разгульваць не было калі. Запомнілася толькі машына хуткай дапамогі на дэманстрацыі, вялізная чарга на вакцынацыю супраць COVID-19 на вуліцы з раніцы, якая прырастала проста на вачах, і… лавачка для сэлфі і фота. І тое таму, што яе паказалі і сфоткалі! 🙂
А ўвогуле, канешне ж, нам самім было падчас працы на выставе і цікава, і карысна (а ўлічваючы добрую кампанію – яшчэ і весела!). Дарэчы, на працягу ўсяго дзяжурства мы з Жаннай маскі не здымалі, толькі мянялі. І асабліва ніякіх нязручнасцяў у выглядзе абцяжаранага дыхання ці чагосьці там яшчэ не назіралася. Гэта толькі калі ўжо я дахаты прыехала (з улікам дарогі – практычна цэлы дзень у масцы!), дык адчула што трохі баліць пераноссе і вушы. 🙂 Але – не крытычна.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by