Пры расстройствах СКТ, якія, як правіла, суправаджаюцца стратай апетыту, млоснасцю, ванітамі, дыярэяй, многія пацыенты свядома абмяжоўваюць сябе ў харчаванні альбо зусім адмаўляюцца ад ежы. Гэта абсалютна няправільна! Нават пры пакутлівай дыярэі альбо ванітах правільнае харчаванне вельмі важнае.
Для нармальнага функцыянавання імуннай сістэмы і здольнасці арганізма супрацьстаяць нападам патагенаў неабходна штодня забяспечваць аптымальнае паступленне макра- і мікранутрыентаў. Патрэба ў іх падчас хваробы значна ўзрастае. Таму дыета на аснове правільна складзенага меню не толькі не нашкодзіць падчас хваробы, але і дапаможа хутчэй ачуняць.
Асноўнымі прынцыпамі дыеты пры расстройствах СКТ з'яўляюцца частае дробавае харчаванне не меней за 5 разоў у дзень, зберагальныя спосабы прыгатавання ежы і выкарыстанне прадуктаў, якія спрыяюць нармалізацыі работы СКТ. Мы падрыхтавалі некалькі карысных рэцэптаў.
Мясныя зразы, фаршыраваныя амлетам
Пры расстройствах кішэчніка варта адмовіцца ад вострай, смажанай, тлустай ежы, фастфуду, перапрацаваных мясных прадуктаў, кансерваў, а таксама ад салодкіх газаваных напояў, камерцыйных сокаў. Асновай рацыёну павінны зрабіцца стравы, прыгатаваныя паравым спосабам альбо спосабам варкі. Пры гэтым упор трэба рабіць на высокабялковыя прадукты з багатым вітамінна-мінеральным складам.
Для гатавання спатрэбяцца:
- Ялавічная выразка – 300 г
- Чэрствы белы хлеб – 40 г
- Малако – 100 мл
- Яйка – 1 шт
- Соль па смаку
- Сметанковае масла – 5 г.
Спачатку прыгатуйце амлет: яйка трэба ўзбіць з малаком, злёгку прысаліўшы. Выпякаць лепей на сухой патэльні з антыпрыгарным пакрыццём на сярэднім агні пад накрыўкай. Калі такога посуду няма, дно патэльні можна злёгку змазаць распушчаным сметанковым маслам. Гатовы амлет варта астудзіць і парэзаць на невялікія кавалачкі.
Белы хлеб размачыце ў малацэ, адцісніце. Мяса з размочаным хлебам двойчы прапусціце праз мясарубку – чым драбней кавалачкі ялавічыны, чым больш гамагенізаваная кансістэнцыя фаршу, тым лепей. Пасаліце, добра вымешайце.
З фаршу сфармуйце аладкі, у сярэдзіну пакладзіце ў якасці начыння амлет, краі аладкі старанна зашчыпайце. Гатуйце мясныя зразы, фаршыраваныя амлетам, паравым спосабам (у параварцы, мультыварцы, у сатэйніку пад накрыўкай, выкарыстоўваючы спецыяльныя ўстаўкі для паравога гатавання). Час гатавання – 40 хвілін.
Рыбныя кнэлі
Амега-3 поліненасычаныя тлустыя кіслоты карысныя і незаменныя для здаровага арганізма. А для таго, што хварэе, – асабліва. Яны валодаюць супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі і дабратворна ўплываюць на імунныя магчымасці арганізма. Не так даўно з'явіліся даследаванні, якія паказваюць, што амега-3 тлустыя кіслоты здольныя падаўляць вірусную актыўнасць у арганізме. Асноўная крыніца каштоўнага прадукту – рыба. Уключаць яе ў меню пры дыярэі, ванітах альбо іншых праблемах з СКТ таксама можна.
Для гатавання спатрэбяцца:
- Філе рыбы (судака, траскі, хека, мінтая і інш.) – 300 г
- Чэрствы белы хлеб – 30 г
- Растопленае сметанковае масла – 3 ч.л.
- Вяршкі – 90 мл
- Крыху солі.
Хлеб размачыць у вяршках. Рыбнае філе прапусціць праз мясарубку, змяшаць з размочаным і адціснутым белым хлебам. Сфармаваць невялікія кнэлі (памерам з буйны грэцкі арэх). На працягу 5 хвілін адварыць у гатаванай злёгку падсоленай вадзе. На гарнір можна падаць грэцкую, аўсяную альбо пярловую кашу, прыгатаваную на вадзе.
Рысавы суп на чарнічным настоі
Традыцыйны «дзедаўскі» рэцэпт пры дыярэі і ванітах – рысавая каша на сняданак, абед і вячэру – не лепшая парада. Гэтая ежа занадта цяжкая, калі ёсць праблемы з парушэннем работы СКТ. І зусім іншая справа – рысавы адвар! Яго можна піць для прафілактыкі абязводжвання. Але таксама на аснове рысавага адвару можна гатаваць карысныя пры расстройстве СКТ стравы.
Для прыгатавання 1 порцыі спатрэбяцца:
- Доўгі рыс – 30 г
- Сушаныя чарніцы – 40 г
- Вада – 750 мл
- Цукар – 1 ч.л.
- Лімонны сок – 1 ст.л.
- Белы хлеб – 100 г.
Перад прыгатаваннем рыс прамыць да чыстай вады. Зварыць у 400 мл вады да гатоўнасці і разам з пакінутым адварам працерці праз дробнае сіта. У пакінутых 350 мл вады зварыць папярэдне вымытыя сушаныя чарніцы, пакінуць у каструлі, не зліваючы ваду, для настойвання на 30 хвілін. Затым чарнічны настой варта працадзіць праз дробнае сіта альбо складзеную ў некалькі слаёў чыстую марлю, дадаць у атрыманую вадкасць працёрты рыс, цукар і лімонны сок.
На патэльні без дадання алею падсушыць нарэзаны кубікамі белы хлеб. Грэнкі падаваць з супам.
Звярніце ўвагу: замяняць у рэцэпце сушаныя чарніцы на свежыя альбо замарожаныя непажадана. Пры тым, што гэтыя ягады, безумоўна, карысныя і здаўна выкарыстоўваюцца як правераны народны сродак ад страўнікавых праблемаў, дзеянне чарніцаў пры розных расстройствах СКТ наўпрост залежыць ад таго, у якім выглядзе яны выкарыстоўваюцца. З парушэннямі работы СКТ, абумоўленымі запорамі, добра спраўляюцца свежыя ягады. А вось сушаныя, наадварот, дапамагаюць пры дыярэі.
Вялікая памылка думаць, што пры расстройствах кішэчніка з дыярэяй і ванітамі дыета строга абмежаваная, а пералік дазволеных прадуктаў амаль аскетычны: хлеб ды вада. Насамрэч, па словах дацэнта кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, к.м.н. Алены Адаменкі, рацыён і падчас хваробы можа заставацца звыклым (пры ўмове, што і да гэтага ён засноўваўся на прынцыпах здаровага харчавання).
Можна толькі ўнесці некаторыя карэкціроўкі да таго часу, пакуль работа СКТ не прыйдзе ў норму. Напрыклад, аддаць перавагу не яблыку, а яблычнаму пюрэ (скурка садавіны багатая на клятчатку і ў перыяд кішэчных расстройстваў цяжкая для пераварвання).
Свежы хлеб лепей замяніць на ўчарашні альбо несалодкія сухары. Па магчымасці адмовіцца ад вострых прыпраў і спецый, харчовых дабавак, каб лішні раз не раздражняць слізістую кішэчніка і страўніка, і г.д. Яшчэ больш аб правілах харчавання пры парушэнні работа СКТ можна пачытаць у гэтым матэрыяле.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by