07.10.2020
07.10.2020

Як абараніць свой дом ад каранавіруса. Простыя парады

logo
Здароўе дарослых
0 60
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Заразіцца каранавірусам магчыма, дакрануўшыся да прадмета, на якім маглі застацца інфіцыраваныя часцінкі хворага чалавека. У паўсядзённым жыцці нам даводзіцца дакранацца да многіх прадметаў. Поручні ў грамадскім транспарце, заправачныя «пісталеты» на аўтазапраўцы, дзвярныя ручкі, кнопкі ліфта, мабільны тэлефон... Усе гэтыя паверхні могуць быць заражаныя інфіцыраванымі часцінкамі. Менавіта таму мыццё рук і выкарыстанне антысептыку трывала ўвайшлі ў паўсядзённае жыццё. Але як засцерагчы ўласнае жыллё? Інфармацыйны партал Здаровыя людзі сабраў простыя рэкамендацыі экспертаў пра тое, як абараніцца ад «пранікнення» COVID-19.

Каранавірус. Заразіцца на запраўцы.

Бяспечны дом

Умоўна ў калідоры кватэры можна выдзеліць зону, на якой рызыка ўздзеяння каранавіруса даволі высокая. Гэта тэрыторыя, дзе, як правіла, вы пакідаеце абутак, ключы, сумку, здымаеце верхнюю вопратку. Пастаўце адразу каля дзвярэй дома флакончык з дэзінфікуючым сродкам. Апрацаваўшы рукі адразу пасля вяртання дадому, вы значна звузіце тэрыторыю, якая можа быць інфіцыраванай.

Па вяртанні з вуліцы праводзіць спецыяльную дэзінфекцыю або санітарную апрацоўку адзення і абутку немэтазгодна. Разам з тым, надайце ўвагу рэчам, з якімі вы выходзіце на вуліцу і часта бераце іх у рукі: сумкам, акулярам, ключам, мабільнаму тэлефону і г.д. Рэгулярна працірайце іх мыльным растворам або дэзінфікуючымі спецыяльнымі сродкамі. На іх таксама могуць «пасяліцца» заражаныя часцінкі.

Самую звычайную вільготную ўборку памяшканняў варта праводзіць рэгулярна. Пад асаблівай увагай – усе паверхні і прадметы ўжытку, да якіх вы дакранаецеся штодня.

Каранавірус. Вільготная ўборка дома.

Самымі «небяспечнымі» месцамі спецыялісты называюць халадзільнік, мікрахвалёўку, сталы, крэслы, ручкі дзвярэй і шафаў, а таксама выключальнікі. Гэтымі бытавымі прадметамі мы карыстаемся найбольш часта, і тут можа знаходзіцца шмат мікробаў. Каб ачысціць гэтыя месцы, па іх трэба прайсціся сурвэткай з дэзінфікуючым сродкам або працерці анучкай з мыльным растворам.

Гэтыя рэкамендацыі тычацца таксама тэлефонных апаратаў, пультаў кіравання, камп'ютарных клавіятураў, мышак, гаджатаў.

Абеззаражваць варта таксама краны і кнопкі спуску ўнітаза. Такую працэдуру неабходна праводзіць штодня.

Абавязковая ўмова эфектыўнай прафілактыкі каранавіруса – рэгулярнае праветрыванне кватэры: штодня не меней за два разы на працягу паўгадзіны.

Каранавірус. Праветрываем памяшканне.

Перад тым, як пакласці набытыя прадукты ў халадзільнік або на стол, вымыйце іх. Сачыце за чысцінёй усіх кухонных паверхняў.

Асабістая гігіена

Мыць рукі з мылам варта на працягу не меней за 20 секунд пад праточнай вадой. Старанна пратрыце вобласці паміж пальцамі, вакол пазногцяў, кутыкулы і вялікага пальца.

Пасля вяртання дадому пажадана прыняць душ і змяніць вопратку. Не варта хадзіць па кватэры ў тых рэчах, якія вы апраналі на вуліцу. У кожнага члена сям'і павінны быць асобныя ручнікі, посуд.

Частай змены патрабуе і пасцельная бялізна, асабліва наўлечкі. Калі чалавек хварэе, на іх паверхні могуць заставацца інфіцыраваныя часцінкі. Мыйце сваю вопратку, калі гэта магчыма, пры тэмпературы вады больш за 60°С.

Старайцеся мінімізаваць агульнае карыстанне рэчамі, а таксама часцей ачышчайце паверхні, адзенне і прадметы.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 60

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Хваробы ад А да Я"