16.01.2024
16.01.2024

Як дабрадзейнасць Бусла да сваркі давяла (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Берагі Малога Перакопа заўсёды былі зарослыя травой. Звычайна побач з высокай і густой асакой рос аер. Нават там, ад пастаяннага намыву прыбярэжнага пяску і паддоннага рачнога глею ўтвараўся вузкі пясчаны лапік плёса, адбіраючы ў селяніна і без таго сціплы шнур сенакосу. Берагі ж ракі пры гэтым заставаліся амаль некранутымі, калі толькі дзе-нідзе падмытымі.

На той ціхі плёс Драч трапіў невыпадкова. Тут, сярод вялікіх трысняговых зараснікаў і рыжа-зялёнай асакі, ён і з’явіўся на свет год таму, вылупіўшыся з яйка. Было дзевяць глініста-вохрыстых ў чырвона-бурых плямках яечак. Было, але бацькі задужа даверлівыя, тым і скарысталіся ўсюдыісныя Лісіца, альбо лугавы Лунь ці звычайная Варона. Адно яечка дзівам закацілася пад мяккі падшэрстак гняздечка. І захавала сваё права на жыццё.

З таго часу ён ад усіх хаваецца. Можа, гэта і задужа пільная асцярожнасць гэтай лугавой невідзімкі. Толькі заўзятым аматарам прыроды даводзілася сустракаць гэтую асцярожную птушку. Таму што жыве Драч сваім патаемным жыццём. Але і ў адзіноце ён адкаблучыў такі вінт, што і вялікая  птушка на такое не здатная.

Драч ходзіць па беразе ракі

— Гэй, Драч, вылазь ужо са сваёй схованкі! – казаў доўганогі Бусел, а сам паціху рухаўся наперад, углядаючыся больш паблізу - пад ногі і па баках, чым удалеч.

— Адчуваю пільны погляд тваіх вачэй на сабе. Чаго перапудзіўся? Вылазь! Я ўсяго хачу табе даць карысную параду, Драч!

Ведаў Бусел, што афарбоўка ў яго знаёмца асаблівая, зусім някідкая, як у яго, хаця ён валодае некаторымі прыроднымі асаблівасцямі, якія вылучаюць яго сярод балотна-лугавога царства. Са звыклай адлегласці Драч здаецца проста шэранькай птушкай крыху большай за шпака, а вось з блізі адлегласці зусім ііншы. Драч апрануты ў файны рудавата-карычневы мундзір са светлымі плямкамі-гузічкамі і бачнымі чорнымі папярэчнымі рысачкамі на крылцах.

Зараз Бусел углядаўся ў зараснікі трыснягу і аеру, каб не прапусціць цёмна-карычневую спіну гэтай невідзімкі.  З такой афарбоўкай і са сваімі невялікімі памерамі ён быццам раствараецца сярод трыснягу.

— Фу, ты! Здаецца, толькі што прамільгнуў побач, а ўжо і няма, – голасна вымавіў Бусел. –  Вот жа божае сварэнне! Да яго з мірам, а ён – у хованкі гуляць.

Сустрэць гэтага разведчыка – яшчэ не значыць убачыць: застыне нерухома, шыю сваю выцягне шэрым дубчыкам, і стаіць. Каб ён раптам распасцёр свае крылы, чырвоная падкладка якіх тут жа кінулася б у вочы кожнага цікаўнага.

Драч хаваецца

“Як хораша жыць, глядзець, як іграе ранішняе сонца на жывой вадзе, як цалуе яно бронзавы лісток, пад якім  сядзіць тлустая жабка, а мне цягайся за гэтым свавольнай птушкай”  - думаў расчараваны Бусел.

— Э-Эй, сябар! Вось ты ад мяне хаваешся, а сам недзе ў душы кепска пра мяне думаеш. Гэта няправільна! Я табе толькі дабра жадаю! Усяго што хацеў бы папрасіць прабачэнне за ўчарашнія мае піруэты. Гэта я малых лебедзянят ратаваў ад Цмока. Ці чуеш ты, разведчык-самазванец!

Сусед – ні гу-гу. “Абазліўся дарэмна”, – падумаў Бусел і прытаіўся, не губляючы надзеі высачыць труслівага Драча.

Раптам пачуўся голас Зязюлі: Ку-ку! Ку-ку! Раз, два… Дзесьці побач загудзеў Авадзень: З-з-з-м-м-м! “Што гэта за неаб’яўлены канцэрт? – здзівіўся Бусел.

— Адной рана шчэ гады лічыць, а другому і падаўна: калі тая спякота надыдзе…

Нечакана пад нагамі Бусел адчуў штосьці цвёрдае, але не камень, бо тое штосьці шавялілася і казытала да смеху.— Што ты задумаў, малы шчанюк? Няйначай ў сябры запрасіў лянівых і кусачых? Дык гэта дарэмна! Толькі сабе нашкодзіш, павер мне!

Непадалёку плюхнула, бы камень з разгону, ладная рыбіна.

— Тут добрае месца для рыбы. Рака ў гэтым месцы агібае разбуялую зеляніну і ціснецца да нізкага берага. Можа, нават ёмкі шчупачок, альбо лінёк, які акурат заўчора трапіўся пад маю дзюбку. Бусліха, седзячы на яйках, шчыра дзякавала за свежы пачастунак, – думаў Бусел.

Казачнае возера

Раптам наваколле загаманіла…

— Ш-ш-ш! – шаляслясцелі распеўна трыснягі і чараты. – Нічога асаблівага пад тваімі нагамі няма! – шаптала наваколле. – Той, хто цябе адбэсціць пакуль далекавата ад тваіх пятак.

Бусел стаяў укапаны і прыслухоўваўся.

— Бз-з-з! Бз-з-з! – гудзелі камары.

“Нешта замнога ўдзельнікаў хору! – Можа, яны мяне папярэджваюць аб небяспецы? – разважаў Бусел.

— Ай-яй-яй! Што? Хто? – закрычала штосьці страшнае з вады. – Я цябе зараз правучу! Будзеш ведаць як знішчаць малых драчанят! – гундосіў велічэзны з доўгімі вусішчамі, чорнымі лупастымі, як алівы вачыма і вострымі, як нажніцы-секатары, кляшнямі Рак.

— Якіх драчанят?

— Звычайных! Такіх маленечкіх пушысценькіх камячкоў…

— Чакайце! Чакайце! – азвалася Чаротаўка. – Дык гэта ж Цмок па ўсім узбярэжжы бяды нарабіў!

— Я ж пра гэта і хацеў яму давесці! Цяпер я зразумеў чаму ён ад мяне  жахаецца, – мовіў узрадаваны Бусел. Я нават не згледзеў адкуль ён узяўся! Хутчэй за ўсё з неба! Бачылі б вы яго кіпцюры, нібы сярпы! Ён не толькі мяне пасек бы як мячом, а любога сустрэчнага, нават Мядзведзя.

Глухі, але злы і ўчэпісты Рак нічога не чуў, адшукваў свайго ворага і працягваў вісець на нагах Бусла.

— Вось, глядзі! – енчыць Рак вусач. – Ты раструшчыў мой панцыр. Ён  павярнуўся бокам, які насамрэч меў некалькі трэшчынак, нібы бліскавіца саданула. Таптаўся па мне. А, ён жа не ведае! Трасяні мазгамі, цыбаты! Не хочаш успамінаць? Тады я нагадаю. Я плыў сабе на радасць. Як пачуў тупат ззаду, спрабаваў каламуціць рэчышча, але пад бруха трапляліся каменьчыкі, што вымываліся з глею. Сустракаліся касячкі маленькіх рыбак, якія адцягвалі маю ўвагу. У гэты самы момант чую як  трэснуў мой панцыр, а вочы вылезлі на паверхню вады. Бачу толькі як чырвоныя  цыбатыя ногі-слупы адддаляюцца ўсё далей і далей. Нашкодзіў і збег! Думаў так і сыйдзе? Але-такі ёсць у мяне сведкі, якія ўсё бачылі!

Рак у возеры

— Нікога я не крыўдзіў! – пачаў апраўдвацца Бусел. – Я сам уцякаў ад Цмока. Нават малых лебедзянят выратаваў. Можаце спытаць у іх бацькоў. Ці нават у Чомгі, яна таксама непадалёку плавала.

— Драч, вылазь! – крыкнуў Рак.

Драч зухавата падышоў.

— Ты казаў, што бачыў на ўзбярэжжы Бусла?

— Так, бачыў.

— Кажаш, быў побач, але не папярэдзіў аб небяспецы. Чаму?

— Таму што я спяшаўся ўпаляваць вадзяных жукоў, што разагнаў касячок малых рыбак, – зухавата паводзіў Драч. – Дый хацеў адпачыць, а тое за дзень не прысеў. Вунь маё гняздзечка, зірні, Рак, прама на сцяблах чаратоў, каля самай вады.

І хацеў ужо пракрычаць сваю просценькую песеньку з двух бясконца паўтараючых гукаў – “крэкс, крэкс”. Выцягнуў уверх шыю і, быццам падрыхтаваўся да бою з нябачным супернікам, урэшце толькі ціха прахрыпеў.

Тут Бусел не вытрымаў: “ Як вам не сорамна! Я ж з дабром да вас, а вы зусім не па-сяброўску…”

— Дык хто тады раструшчыў мой панцыр? – не сунімаўся Рак. Але  крыху задумаўшыся, супакоіўся.

Рак, які толькі што ўчыняў допыт Буслу ўхваліў яго ўчынак. Лепш саступіць такому крутадуху, чымся быць перапэцканым той жа фарбаю. “За гэта я табе ў спякоту, калі не будзе ассабліва спажывы для тваіх дзяцей, прыганю не адзін касяк рыбы. І прабач мяне!” – крычаў наўздагон.

На гоман падплылі Лебедзь і Чомга. Яны таксама падцвердзілі, што менавіта раз’ятраны Цмок нарабіў бяды. А Бусел толькі паспяваў ратаваць і малых, і слабейшых.

Чомга каля ракі

— Так што на цябе, вусач, наступіў ніхто іншы як Цмок, – мовіла Чомга. – Я побач была і ўсё бачыла на свае вочы. А ганялася тая пачвара за Драчом, які, здавалася, быццам перадражніваў яго сваім “крэкс, крэкс”.  Прабяжыць, пасмокча вады і як хукне агнём, быццам з агнямёта.

— І я сцвярджаю! – лілася з вышыні блакітнага неба срэбраным званочкам песенька Жаўрука. Ён, як заўсёды, парадаваў звонкай і шчырай песняй. Мелодыя пранікла ў самае сэрца пакрыўджанага Бусла.

— А ты, хітрун, Рак! Хутка скеміў з кім больш выгадна сябраваць! – заўсміхаўся разважлівы Лебедзь. – За розум узяўся! Так, добрым для ўсіх не будзеш.

— Ква-ква-ква! – жабы таксама крычалі адлятаючаму Буслу. – Пакрыўдзіўся ён, бачыце! А як сам нас крыўдзіць дык добра, так? Адна з чарады жабак паказала прадзёўбаную бакавіну.

— Цябе, як самую крыклівую і дасужую добра правучыў! - узбунтаваліся супраць той выскачкі суродзічы.

Бусел і жабы

Адно Драч не супакойваўся: “Патрабую пісьмовай гарантыі ад Бусла, што не будзе пасылаць на маю тэрыторыю свайго сябрука Цмока.

— Ай-яй-яй! Як не па-сяброўску і вельмі груба! – адзначыла Чомга. – Твая прыхабнаць цябе ж і згубіць. Сорамна!

— За тое шчыра і непасрэдна! – нахабна адказваў Драч.

Як ні хацеў Бусел працягваць пустую спрэчку, але прыйшлося даць такія гарантыі. Пасля адкінуў галаву, узрадавана заклекатаў.

Толькі падпісаў тую паперыну, як тут жа паказаўся здзеклівы Драч і схапіў яе сваёй дзюбкаю.

— Вось так будзе лепей! – кажа Драч, калышучыся на трысняговай сцяблінцы.

— Чым так жыць у калектыве, – кажа Рак, — Лепш няхай мяне браканьеры звараць у чыгуне.

— Ну што ты? Не спяшайся, дружа! – азваўся вусаты і слізкі Мянтуз.

—  Ніколі не слухай чужых парад! Усе могуць табе параіць, але ніхто не здолее ўстаць на тваё месца! Ведай: пакуль што мы не можам расказаць усяго пра сваіх суседзяў-жартаўнікоў. Нам побач жыць. Пройдзе некаторы час і жартаўнікамі будуць тыя, хто без нас не здолее жыць.

Перастаў з тае пары Бусел дабрачыннасцю займацца. Рэчка Малы Перакоп неяк раптоўна пачала высыхаць. Хутка так абмялела, што атрымала назву Сухая Парэчка.

Бусел перастаў займацца дабрадзейнасцю

Казалі акурат той глыбіні хапіла злому Цмоку, каб выпусціць апошні дух і не рабіць іншым шкоды. Толькі вострыя кіпцюры ды жоўтыя клыкі яго да сённяшняга дня там валяюцца. Як артэфакты мінулага.

І кожны раз тым месцам коні на дыбкі ўстаюць.Толькі навакольнае хараство і мудрае задуменне прыроды надаюць вершнікам сілы супакоіць нават самага гарачага скакуна.

Бусел стаяў у свам гняздзе і ўспамінаў-аналізаваў перажытае.

Над люстраной паверхняй возера згасаў летні дзень. А пад Андрэявай гарою расла вярба. Пад вярбою было блакітнае акенца ў зялёнай траве. Тут бруілася гаманлівая крынічка. Яна частавала сваёю вадою яшчэ нашых прашчураў.

Лясны Жаўрук і Салавейка, ды ў самым гаі некалькі птушак стараліся весела праводзіць летні дзень. Іх музыка як смачная страва прымусіла Бусла пераасэнсаваць сваё меркаванне наконт дабрачыннасці ўчынкаў.

У цёплых хвалях паветра песні іх дрыжалі прыгожай музыкай.

Не дзіва, што каля крынічкі кіпела жыццё.

Вось і ўсё. Ну, дык бывай, дружа! Паважай і шануй усё жывое на гэтай зямельцы!

Як чароўны напой рабіў зайца хітрым? (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».