21.03.2024
21.03.2024

Як народная медыцына лечыць бародаўкі ды іншыя хваробы скуры?

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Розныя лішаі, нарывы, рабацінне і бародаўкі на целе чалавека ў выніку шматлікіх прычын бытавалі ва ўсе часы. Але ж людзі заўсёды імкнуліся выглядаць прывабнымі, асабліва дзяўчаты.

Дзеля захавання красы цела ў народзе існавалі розныя парады, а веды пра гаючыя ўласцівасці раслін, прадуктаў жывёльнага паходжання, мінералаў перадавалася ад пакалення да пакалення.

Ад рабаціння — жабіна ікра!

Напрыклад, касметычным сродкам ад каросты лічыўся сок выціснуты з конскага шчаўя і квашанай капусты, а таксама калядны попел. А каб пазбавіцца рабаціння, кабеты ішлі на крумканне жабаў, збіралі іх ікру і мыліся ёю або абціраліся марцовым снегам. Таксама верылі, што рабацінне, лішаі, растрэскванне і ўсялякія хваробы скуры хутка мінаюць, калі памазаць іх ваконным потам, што садзіцца на шыбы.

Асабліва настойліва  раілі купацца ў некаторых сакралізаваных азёрах і крыніцах, прычым, у пэўныя дні і нават гадзіны! Спрадвеку лічылі, што ўсе скураныя хваробы здымае вада Сіняга Калодзежа каля вёскі Кліны ў Слаўгарадскім раёне. Для гэтага трэба тройчы акунуцца, пакінуць старое адзенне на беразе і ўскласці новае.

Сіні калодзеж

Папулярнымі ад скураных хвароб лічылі Пятніцкія крыніцы каля вёскі Палыкавічы паблізу Магілёва і ў Віцебску. У Палыкавічах раней вадасвяцці адбываліся на 8, 9, 10 і 12 Пятніцы пасля Вялікадня. У 1983 годзе гэтая крыніца была абвешчана Помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. У вадзе вызначана наяўнасць фтору, магнію, медзі, алюмінію, хрому, стронцыю, тытану, ванадыю. У Віцебску Пятніцкая крыніца знаходзіцца каля храма ў гонар святога мучаніка Фадзея, на вуліцы 39-й арміі.

Нават і ў наш час шырокай папулярнасцю карыстаецца Святое возера каля вёскі Шапялевічы Круглянскага раёна на Магілёўшчыне. Гэта возера і крынічка каля яго нібыта лечаць скураныя хваробы менавіта ў Купальскую ноч. 7 ліпеня, у дзень Яна Хрысціцеля тут адбываецца вадасвяцце. Шмат паломнікаў прыязджаюць напярэдадні і праводзяць на беразе ноч.

 «Сонейка ўзыдзе, а бародаўка з пальчыка сыдзе…»

Паводле міфалагічных уяўленняў, бародаўкі ўзнікаюць ад лягушак і рапух. Таму ў народзе забараняецца браць іх у рукі. Існуюць павер’і, што бародаўкі можна змыць вадой ад растопленых градзінак.

На Гомельшчыне бародаўкі змазвалі крывёй уюна, якога разарвала чорная свіння, а на Гродзеншчыне сціралі кавалачкам солі, які на імгненне клалі на агонь. Існуюць і розныя замовы ад бародавак.

Напрыклад: «Не сама я прыступаю, а сам Гасподзь прыступае, бародаўкі забірае, раскідае па мхах, па балотах, па пушчах, па нетрах, па цёмных лясах, па сухіх дубах. Там бародаўкі будуць сухога дуба круціць, ламаць, а (імя хворага) да здароўя прызываць. Сонейка ўзыдзе, раса на землю ўпадзе, а бародаўка з пальчыка сыдзе».

Для пазбаўлення ад бародавак нашыя продкі раілі таксама змываць іх вадою, узятаю з-пад дрэва-вываратня, націраць іх конскім потам або знойдзеным на полі каменем, які нават у найвялікшую спякоту заўсёды вільготны. Таксама трэба было нацерці бародаўку кавалкам мяса, а потым закапаць яго ў зямлю. Верылі: калі мяса згніе, бародаўка знікне. А яшчэ меркавалі, што калі пакласці руку на колькі хвілінаў у мурашнік, каб яе добра пакусалі мурашы, бародаўкі абавязкова згінуць.

Шырока бытаваў звычай завязвання на нітцы — чорнай або чырвонай — ці на конскай валасінцы столькі вузельчыкаў, колькі на целе бародавак. Прычым, нітка, на якой завязвалі вузельчыкі, павінна быць асаблівай: спрадзенай на перадвелікодным тыдні, узятай з ног нябожчыка ці ўпершыню спрадзенай дзяўчынкай ды інш. Такія ніткі ці конскі волас з вузельчыкамі закопвалі пад парогам ці ў мокрым гразкім месцы або выкідвалі на раздарожжы.

Каб пазбавіцца бародавак на руках, або як іх называлі ў народзе – «дзічоў», трэба іх пералічыць і зрабіць на палачцы адпаведную колькасць насечак. Потым палачку трэба кінуць на скрыжаванні дарог і вяртацца, не азіраючыся. Хто возьме палачку, да таго і “дзічы” пяройдуць. Палачку робяць як мага прыгажэйшую, каб яна магла хутчэй прывабіць увагу прахожых. Таксама “дзічы” хутка спадуць, калі мыцца ў бягучай вадзе, гледзячы на ўсход сонца. Вельмі добрым сродкам уважалі  абмыванне бародавак вадою, якая кропае са страхі, ці шумам, які пасля дажджу пакрывае ваду ў лужынах.

Спрадвеку ў народзе лічылі, што збавіць ад бародавак могуць і пэўныя валуны з выемкамі (слядкамі), у якіх збіраецца дажджавая вада.

Такую ваду трэба было сабраць праз суткі пасля дажджу і мачыць «дзічы» па два разы на дзень — перад усходам і пасля заходу сонца. Верылі, што яны знікнуць да новай дажджавой вады.

Камень-кабыла і След мядзведзіцы

Вялікі поўсвіж

Каля вёскі Вялікі Поўсвіж Лепельскага раёна дажджавая вада з каменя здымае не толькі бародаўкі, але яшчэ дапамагае ад галаўнога болю і ад хвароб вачэй.

Вада з выемкі на вялікім камені каля вёскі Пузавічы Браслаўскага раёна пазбаўляе ад бародавак і ачышчае твар. У гэтым жа раёне вялікі выцягнуты камень ляжыць каля старой дарогі з вёскі Дуброўка ў вёску Стаўрова. Па форме камень нагадвае човен, і таму яго завуць Каменная Дубіца, або Доўбіца. Дажджавая вада ў выемцы на камені ёсць заўсёды, нават у спякотныя дні. Мясцовыя жыхары і цяпер упэўненыя, што гэтая вада зводзіць бародаўкі і лечыць хваробы вачэй.

Паводле падання, пад гэтым каменем закапана золата, а з падарожнымі, якія праходзяць побач, адбываюцца розныя здарэнні: то нешта прымроіцца ў гушчары, то пачуюцца нейкія гукі і енкі. Асабліва шмат такіх здарэнняў на Шостак — праз тыдзень пасля Вялікадня.

Дайнова

Каля вёскі Куляшы Вілейскага раёна ляжыць камень са Следам мядзведзіцы. Паводле легенды, у гэтым месцы працякала рэчка. Неяк выпадкова мядзведзіца ўтапіла тут сваё дзіця. Угневаўшыся, яна запячатала раку каменем і на ім пакінула свой след. У народзе лічыцаць, што дажджавая вада са слядка выводзіць бародаўкі.

Каля вёскі Дайнава Лідскага раёна ляжыць Камень-Кабыла. На ім 21 лунка. Да ўзыходу сонца ў любую з лунак трэба пакласці медную манету і потым ёю націраць бародаўку. Так рабілі яшчэ ў канцы 20 стагоддзя.

Палыкавіцкая крыніца

У наш час шырока вядомы лекавы камень каля вёскі Падзевічы ў Бялыніцкім раёне. Ён лічыцца адным з 7 цудаў раёна. Камень ляжыць у лесе каля былога храма, пабудаванага ў 17 стагоддзі. Ён нявялікага памеру і мае наверсе штучную ямку, магчыма, ад жалезнага крыжа. У ямцы збіраецца дажджавая вада і ніколі не высыхае. Лічаць, што трэба памачаць у вадзе палец рукі і памазаць ім бародаўку на целе. Кажуць, яна потым знікне. Але вылечыцца можна толькі пасля таго, як тройчы наведаеш камень-лекар.

Нібыта жывыя размаўляюць. Чароўныя ўласцівасці крыніц у Крынічках

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0