29.12.2024
29.12.2024

Як не засумаваць зімой? Топ-9 варыянтаў актыўнага адпачынку

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Мы не можам змяніць надвор'е зімой — нізкія хмары і кароткія дні нікуды не знікнуць. Але мы самі можам арганізаваць адпачынак у Беларусі зімой такім чынам, каб гэты час стаў яскравым і насычаным уражаннямі.

Калі паглядзець крыху пад іншым кутом, апынецца, што зіма ідэальная не толькі для адпачынку ў санаторыі, але і для вандраванняў! А ў некаторых выпадках зіма і зусім ідэальны час для сямейных паездак на сваім аўтамабілі. Ну, напрыклад, вы сабраліся ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскую пушчу, ці хацелі, нарэшце, навучыць сваё дзіця стаяць на сноўбордзе ці горных лыжах. Адпачынак у Беларусі зімой - самы лепшы для гэтага час.

Маршрут па беларускіх замках: куды зімой з'ездзіць у Беларусі?

Мірскі і Нясвіжскі замкі неверагодна прыгожыя ў любую пару года. Але вам, напэўна, ужо пашчасціла ў іх пабываць. Калі ж не, прапануем з’ездзіць менавіта туды.

Калі гэтыя замкі не такія ўжо актуальныя, вам могуць спадабацца Навагрудак альбо Ліда, якія знаходзяцца на адлегласці ўсяго 50 км адзін ад аднаго, і ў абодвух гарадах можна ўбачыць па-сапраўднаму знакавыя замкі Беларусі.

Лідскі замак не мае патрэбы ў прадстаўленні. Напэўна вам не раз траплялася выява яго пунсовых цагляных сцен. А зараз уявіце, як містычна усё гэта хараство будзе выглядаць у зімовы час! Ды і навошта ўяўляць — трэба ехаць!

Паглядзеўшы выдатна захаваны замак, едзем у Навагрудак — горад не толькі самага старажытнага замка Беларусі, але і месца, звязанае з імем Уладзіміра Высоцкага. Менавіта сюды знакаміты рускі бард прыехаў для здымак у кінафільме «Сыны сыходзяць у бой». Ён паспеў пажыць і ў самім горадзе, у мясцовым гатэлі, і на возеры Літоўка (якое, дарэчы, вядома яшчэ і дзякуючы містычным гісторыям, якія пра яго ходзяць).

З'ехаць на Нарач — у загарадны комплекс «Малінаўка»

Малінаўка

Уцёкі з горада — гэта заўсёды добрая задума. Асабліва, калі можна глядзець на агонь у каміне, парыцца ў лазні і хадзіць басанож па драўлянай падлозе. Каб адчуць увесь гэты вясковы дзэн — адпраўляйцеся ў загарадныя сядзібы і выдаленыя хутары. Тым больш, што па ўсёй Беларусі іх раскідана вялікае мноства.

У комплексе «Малінаўка» аўтэнтычныя дамы 19 стагоддзя спалучаюцца з прыгожымі дызайнерскімі інтэр'ерамі. На выбар гасцям прапануюць некалькі драўляных хатак. У комплексе ёсць свой рэстаранчык з традыцыйнымі беларускімі стравамі, мангал, лазня на дровах і рака па суседстве, каб пасля парнай ліха сігануць у палонку.

Адправіцца ў Гродна (нават калі вы бывалі тут ужо шмат разоў)

Што ж да культурнай праграмы, то тут трэба параіць вам экскурсію ад праекта «Таямніцы горада». Па сутнасці, гэта нават не экскурсія, а хутчэй, тэатралізаваны тур, дзе проста перад вамі разыгрываюцца сцэны з далёкага мінулага Гродна.

Вы паглядзіце містычнае шоу і прабярэцеся за дзверы старога манастыра, даведаецеся больш пра беларускіх рыцараў і зможаце акунуцца ў свет таямніц, што напаўняюць сабой сярэднявечныя вуліцы горада.

Ну а калі ўвесь Гродна вы ўжо аблазілі ўздоўж і ўпоперак — скачыце ў машыну і адпраўляйцеся яшчэ на захад, да самай мяжы Польшчы. Там у невялікай вёсачцы Свяцк стаіць нядаўна адрэстаўраваны палац роду Валовічаў (са сваім рэстаранам і крафтавым броварам).

Яшчэ 8 кіламетраў на поўнач — і вось вы ў вёсцы Радзівілкі, ля прыгожай сядзібы 18 стагоддзя. Калісьці яна належала манахам камальдулам, затым — дваранскаму роду Гурскіх, а сёння тут абсталяваны рэстаран і гатэль. А можна проста пагуляць навокал. На тэрыторыі сядзібы ёсць прыгожая сажалка і невялікая піўніца.

Этнакомплексы

Этнакомплексы, размешчаныя ў пасёлках або асобна, дазволяць не толькі даведацца пра культуру Беларусі, але і адпачыць на прыродзе.

Як адзін з варыянтаў у Мінскім раёне ў аграгарадку Азярцо можна наведаць Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту — музей пад адкрытым небам, падзелены на тры сектары: Цэнтральная Беларусь, Паазер'е, Падняпроўе. Ён знаёміць з традыцыйным жыллём рэгіёнаў, культурай, побытам, адзеннем. Для турыстаў распрацаваны тэматычныя экскурсіі, забаўляльныя праграмы. Зімой тут святкуюцца Каляды і Масленіца.

У наваколлях Дзяржынска, недалёка ад Мінска, размешчана «Вялікае княства Сула». Пляцоўкі парка-музея інтэрактыўнай гісторыі раскрываюць гісторыю Беларусі, пачынаючы з дагістарычнай мегалітычнай культуры, працягваючы эпохамі неаліту, славянскіх культаў, заканчваючы гісторыяй пачатку XX ст. Экскурсіі па парку зімой уключаюць майстар-класы, забаўкі на свежым паветры, знаёмства з калядкамі або масленічнымі традыцыямі, спектаклі і пачастункі.

Музей «Дудуткі»

Дудуткі

За сорак кіламетраў ад Мінска знаходзіцца музей, прысвечаны старадаўнім рамёствам і тэхналогіям. Доследныя майстры правядуць майстар-клас, як зрабіць драўляныя музычныя інструменты, падковы, раскажуць пра асновы ганчарнай справы і ткацтва.

Турысты могуць пакаштаваць хлеб і сыр, вырабленыя па традыцыйных рэцэптах прама ў «Дудутках». Таксама там размешчаны заасад, дзе жывуць паўліны, страўсы, кабаны і бараны.

У стайні можна не толькі ўбачыць і пакарміць коней, але таксама пракаціцца вярхом або ў запрэжцы. На тэрыторыі штогод ладзяць тэматычныя фестывалі і святы. У «Дудутках» ёсць гасцявыя дамы з лазняй і зонай барбекю.

Зімовая экскурсія на балота

Зімовая экскурсія на балота

Прагулкі па беларускіх балотах — гэта экстрым, экскурсія на балота зімой — двайны экстрым. Амаль усюды, дзе ўладкоўваюць падобныя экскурсіі, вам скажуць, што лепшы час — вясна, лета і восень. І нават у падрабязнасцях распішуць, чым добры той ці іншы сезон.

Але вось уладальнікі сядзібы «На прасторах Палесся» сцвярджаюць, што халады — не перашкода. У сядзібе ёсць вялікі намёт з абаграваннем, і гаспадары суцэль могуць правесці вас узімку па адным са сваіх маршрутаў: «Па дрымучым Палессі» або «Па Альманскіх балотах». Пабадзяцца ў холад некалькі дзён па дзікіх і бязлюдных месцах, ад астраўка да астраўка па ледзь прыкметным сцежках або старадаўнім мурам —забава для смелых. Першы маршрут складзе 55 км і зойме 4 дні, другі — 80 км і 6 дзён.

Пабываць на калядных кірмашах ў розных беларускіх гарадах

Час кірмашоў ужо пачаўся. У Мінску іх можна знайсці ў любым раёне, самыя маштабныя — у цэнтры. Зазірнуць на кірмаш каля Палаца Спорту, на Кастрычніцкай плошчы, паблізу Нацыянальнай бібліятэкі і на стадыёне «Дынама» варта абавязкова.

Да таго ж не забудзьцеся пра навагоднія маркеты і, напрыклад, «Пясочніцу» у новым зімовым фармаце з ёлкамі і глінтвейнам. Але калі наведванне сталічных кірмашоў для мінчан — звычайныя снежаньскія будні, то прагулка па падобных кірмашах у Віцебску, Гродне ці Брэсце стане цікавым вопытам. Можна скласці ўласны рэйтынг гарадоў, дзе ствараюць самую казачную атмасферу ды і прыкупіць сувеніраў ад мясцовых умельцаў.

Пабываць на зімовым свяце ў Строчыцах

Строчыцы

У Строчыцах звыявйна святкуюць Каляды. Запланаваны батлейка, абыход двароў пераапранутымі, гульні, народныя танцы і пачастункі, у тым ліку гарачая гарбата з траў. А ў студзені звычайна сюлы запрашаюць на абрад «Шчадрэц», падчас якога традыцыйна гатуюць  куццю і варожаць.

Актыўны адпачынак

Калі вы не самы дасведчаны сноўбардыст ці лыжнік, раім вам пачаць з малога — не выязджаючы за межы Мінска, дабярыцеся да вул. Каржанеўскага, 45. У гарналыжным цэнтры «Сонечная даліна» ёсць асноўны і навучальныя схілы, невялікая рампа, пракат рыштунку, а таксама цюбінгі. Тут збіраюцца адны навічкі, таму вашыя падзенні нікога не збянтэжаць.

Наступны ўзровень катання прадстаўляе гарналыжны спартыўна-аздараўленчы комплекс «Лагойск». Тут пяць асноўных схілаў і адзін навучальны, якія працуюць да дзвюх ночы па пятніцах і суботах. Ёсць пракат любога рыштунку, традыцыйна цюбінг, пейнтбол, а таксама зімовая рыбалка.

Праехаўшы па трасе М3 яшчэ далей, вы апынецеся каля чатырох самых вялікіх беларускіх схілаў - яны знаходзяцца ў рэспубліканскім гарналыжным цэнтры «Сілічы». Там вас чакае і сноўпарк, і хафпайп, і трампліны. Калі смеласці вам не займаць, але па навыках вы пачатковец, не хвалюйцеся: на месцы ёсць вучэбная траса.

Калі зімовыя схілы вам не вельмі цікавыя, то адпраўляйцеся рассякаць лёд! У Беларусі велізарны выбар месцаў для гэтай забаўкі, апетай у сотнях рамантычных фільмаў. Вашай увазе прадстаўляецца прасторны каток з люстраным пакрыццём у дзяржаўнай культурна-спартыўнай установе «Чыжоўка-Арэна» і месца ў самым сэрцы Мінска — на Нямізе.

ТОП-10 зімовых прысмакаў. Як зрабіць дэсерт карысным?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"