Дзень Незалежнасці, Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў… Як свята ні назаві, а сутнасць – адна… 3-га ліпеня 1944-га года Беларусь зноў зрабілася вольнаю ад фашысцкай навалы. Хаця і ў наступныя дні яшчэ дзесьці ішлі асобныя баі і гінулі нашыя слаўныя абаронцы. Але менавіта гэты дзень стаўся пераломным, паваротным…
Таму асабіста для мяне гэтая дата, асабліва ў апошнія гады, – таксама дзень памяці і смутку, дзень успамінаў… Пра дзеда Івана, якога ніколі не бачыла, але здолела адшукаць згубленае пахаванне ў Літве і нават наведаць яго ў 2010-ым… Пра шматлікіх ветэранаў – герояў маіх журналісцкіх аповедаў, якіх ужо няма з намі…
Пра змагароў, якія вызвалялі наш Чэрвеньскі раён… Усіх нацыянальнасцяў. Многія з якіх так і засталіся ў нашай зямлі… І проста неверагодным чынам, шляхам мноства супадзенняў іх магілы і праз шмат дзесяцігоддзяў адшукваюць сваякі.
Прыгадваецца ў гэты дзень вайна… Яе пачатак… У сваім узросце дзень 3-га ліпеня ўжо не ўспрымаю як яркае і вясёлае свята, як магло быць па маладосці. Ды і дужа шмат сумных падзей адбываецца. Балючыя страты не даюць магчымасці радавацца.
А маладым, вядома ж, няхай будзе радасна! І святочна! Але калі хоць хто-небудзь з іх хоць на хвіліну ўбачыць у гэтым дні не толькі забаўляльнае, але і вось такую ж памяць, павагу да старэйшага пакалення… Гэта будзе выдатна.
Сёлетняе свята асаблівае яшчэ і тым, што, збіраючыся на мерапрыемствы, ні ў якім разе не трэба забывацца: пандэмія каранавіруса, на жаль, пакуль нікуды не падзелася. І лепей быць у масках… І трымаць сацыяльную дыстанцыю… І…
Але ж салюты-феерверкі многія могуць убачыць, нават не выходзячы з дому, – з вокнаў кватэр, балконаў... Урачыстае шэсце – па ТВ і ў інтэрнэце. Як і святочны канцэрт. А для людзей з групаў рызыкі гэта ж сапраўды выйсце, ці не так?!
Зрэшты, не буду нікому псаваць святочны настрой. Калі хтосьці збіраецца пабачыць усё на ўласныя вочы на свежым паветры – прыемных вам святкаванняў! Бо падчас нашых няпростых цяпер будняў многім сапраўды хочацца свята. Дык няхай яно – будзе! Толькі абавязкова – бяспечным!
Тым жа, хто збіраецца на тры дні на дачу… Раім сачыць за прагнозам надвор’я. Пакуль яно, на жаль, не дужа спрыяльнае на трэцяга і нават паўдня чацвёртага ліпеня. Зусім несвяточнае, скажам так.
А пра што вам думаецца сёння? Што прыгадваецца? Ці ваяваў хто ў вашых сем’ях? Магчыма, партызаніў? Быў дзіцём вайны? Вязнем? Ці ведаеце, дзе пахаваныя дарагія сэрцу людзі?
Памяць – вось што важна захаваць нам усім… Памяць пра сумныя падзеі, памяць роду… Гэта – аснова асноў, на чым трымаемся мы ўсе. Нашы продкі заслужылі, каб пра іх памяталі. І прыгадвалі. Распавядалі дзецям, унукам, праўнукам. І не толькі ў асобныя памятныя дні…
Са святам, сябры! З агульным – для ўсіх і асабістым – для кожнага! Няхай светлым будзе гэты дзень і наступныя. Здароўя ўсім, шчасця, дабрабыту, мірнага неба над галавой!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by