Здзіўлены?! Ды і я сама, прызнацца, таксама. Ужо колькі сустракала ў тым жа Мінску розных людзей-талісманаў на розных мерапрыемствах усіх узроўняў... Але вось такога, які, здаецца, нарадзіўся для гэтай ролі і ледзь не для сапраўды прафесіі... Упершыню.
Вялікае Добрае Сэрца – такім быў талісман адмысловага мерапрыемства, якое зладзіў у маім родным Чэрвені Мінскай вобласці мясцовы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) у супрацоўніцтве з іншымі зацікаўленымі.
Тут ці не ўпершыню ў Мінскай вобласці прайшла першая міжрэгіянальная Паралімпіяда-2019. А ўдзельнічалі ў ёй наведвальнікі аддзяленняў забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў. Запросіны на мерапрыемства атрымалі прадстаўнікі трох суседніх раёнаў – Бярэзінскага, Пухавіцкага і Смалявіцкага.
Пра само мерапрыемства распавяду асобна – яно сапраўды таго вартае. Сачыце за публікацыямі на нашым сайце!
А зараз – пра талісман, ролю якога так душэўна выканаў загадчык аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання Чэрвеньскага ТЦСАН Максім Русецкі.
Як ён паспяваў усюды, для мяне сапраўды сталася загадкай. Але так і было. Павітацца з удзельнікамі каманд, сфатаграфавацца з гледачамі, а падчас цырымоніі ўзнагароджання – з прызёрамі, падбадзёрыць тых, хто спаборнічаў у розных відах спорту і дысцыплінах Паралімпіяды, падтрымаць выступоўцаў з абмежаванымі магчымасцямі, а дзе трэба – і дапамагчы ім... Паскакаць, завесці залу, патанчыць падчас выканання песень (так-так-так, канцэрт невялікі таксама быў!)... Насмяшыць, расчуліць, прабегчыся «на мяккіх лапках»... Максім, шчыра кажу: СУПЕР!!!
Талісман, можа, сам таго не чакаючы, стаў самым яркім момантам Паралімпіяды. І не толькі таму, што касцюм быў чырвоным і прыцягваў да сябе ўвагу літаральна ўсіх... Выкананне таленавітае!
– А дзе ж наш талісман? Дзе наш талісман? – пытаўся ў мікрафон адзін з удзельнікаў канцэрту, супрацоўнік Чэрвеньскага ТЦСАН Міхаіл Няхай.
А талісман-то ў гэты час заняты. Толькі-толькі суправадзіў папярэднюю выступоўцу, дзяўчыну на калясцы, да глядзельных месцаў. Але вось ён ужо гатовы танчыць, падтрымліваючы спевака. А мы – захоплена пляскаць у далоні.
Дэбют у якасці талісмана ў Максіма быў першым. І такім удалым! Хаця падчас 15 гадоў працы ў сацыяльнай сферы яму даводзілася і самую яркую ролю на навагодніх святах выконваць – Дзеда Мароза.
І вось жа задумка цудоўная – пашыць менавіта такі касцюм, Вялікага Добрага Сэрца, спецыяльна да чэрвеньскай Паралімпіяды. І гэта таксама кажа пра тое, наколькі душэўна падышлі супрацоўнікі нашага ТЦСАН да падрыхтоўкі такога, прама скажам, нестандартнага, але вельмі-вельмі патрэбнага мерапрыемства – для тых, хто побач з намі, хто такі ж, як мы.
І недарэмна ж выбралі такі талісман-сэрца, бо ён – сапраўдны сімвал усёй сацыяльнай работы! У свой час я даволі шмат як журналіст распавядала на старонках газеты пра сацыяльных работнікаў. А цяпер, пасля гэтага мерапрыемства, увесь час думаю вось пра што...
Падчас маёй вучобы ў школе ў 1980-ыя, а затым працы ў 1990-я (таксама ў школе) я лічыла, што самая душэўная прафесія – настаўніцкая. Бо, як гучна казалася тады, яе прадстаўнікі «сэрцы аддаюць дзецям». Але, даруйце за чарговы штамп, усё змяняецца ў гэтым свеце.
І цяпер я ўпэўнена, што самая душэўная прафесія – сацыяльнага работніка. Душэўная і сардэчная. Недарэмна многія для сваіх падапечных робяцца самымі блізкімі людзьмі. Можа, нават больш блізкімі, чым родныя сыны ды дочкі, унукі ды ўнучкі, якія рэдка наведваюць састарэлых сваякоў...
І робяць сацыяльныя работнікі значна больш, чым патрэбна па абавязках. І адгукаюцца на ўсе просьбы. І затрымліваюцца даўжэй... А галоўнае – ніколі не адмаўляюцца выслухаць састарэлага альбо чалавека з абмежаванымі магчымасцямі, паразмаўляць, паспачуваць... Бо іх падапечныя могуць абысціся пэўны час без ежы, але не без чалавечых стасункаў. Асабліва, калі зазвычай у хаце – на адзіноце...
...А тым часам у зале нашага фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Ігумен» (старажытная назва горада Чэрвеня) талісману радаваліся і госці, і гаспадары. Бо большасць наведвальнікаў аддзяленняў для інвалідаў, асабліва маладыя, – яны ж як дзеці. Іх рэакцыя праўдзівая, а пачуцці адкрытыя і шчырыя. І часам, гледзячы на гэта, немагчыма схаваць сваёй расчуленасці.
Я сапраўды рада, што пабыла на гэтым мерапрыемстве і ўбачыла вось такога неабыякавага, добрага, адкрытага... Так і хочацца сказаць – Чалавека і Талісмана Максіма Русецкага.
Шчыра дзякую загадчыцы аддзялення абслугоўвання на даму Чэрвеньскага ТЦСАН, маёй даўняй і добрай знаёмай Таццяне Адзінец за запросіны, за прыемную кампанію. Таня, ты супер!
Не магла не ўтрымацца, каб не сфатаграфаваць іх, калег, Максіма і Таццяну... на п’едэстале гонару! І няхай сабе не за спартыўныя дасягненні, але за свае лепшыя душэўныя якасці яны гэтага таксама дастойныя!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by