«З новай шубкай! З новай шорсткай!» – жартаўліва дадаю звычайна я. Так ужо з дзяцінства палюбіліся гэтыя вітанні ад вавёрак з казкі Самуіла Маршака «12 месяцаў». З першым днём Новага года шчыра вітаю ўсіх прыхільнікаў сайта «Слушна»!
Як настрой, сябры?! Спадзяюся, выдатны. З чаго пачаўся ваш дзень?! У мяне – традыцыйна, з кубачка духмянай кавы і самага навагодняга фрукта – мандарына!
Ну што ж, стары год, «сабачы», мы правялі. Новы год, «свінячы», сустрэлі. Усе паспелі загадаць жаданне пад перазвон гадзінніка?! А можа, нават і не адно? У чарговы раз шчыра зычу, каб на працягу 2019-га ўсё спраўдзілася.
Няхай вашы сябры будуць сапраўднымі людзьмі, а не свіннямі. А ў кожнага з вас будзе ўлюбёная справа, месца працы да душы, трывалы дабрабыт, блізкія людзі побач.
А ўсё ж такі гэта вельмі прыемная прыдумка, што з першага дня новага года можна калі не ўсё, дык шмат чаго пачаць наноў, праўда?! І ў гэта насамрэч хочацца верыць. І не мае значэння, што размова ідзе ўсё больш пра ўяўнае, чым пра сапраўднае. Новы год дорыць нам новыя НАДЗЕІ, і гэта цудоўна!
Вось калі не з сёння, дык з заўтра мы абавязкова пачнём больш уважліва сачыць за сваім здароўем. А можа, зробім нават ранішнюю зарадку (нарэшце!!!) штодзённай справай. Ці хаця б штотыднёвай – звычку наведвацца ў спартзалу. Альбо басейн, калі ёсць такая магчымасць.
Мы пачнём больш уважліва ставіцца да сваіх блізкіх, асабліва састарэлых. Не раздражняцца па дробязях, а ўважліва выслухоўваць, дзяліць іх перажыванні. Мы ж так многім ім абавязаны... Трэба толькі зрабіць намаганне і хаця б крыху перайначыцца...
А для гэтага і нагода ёсць – Новы год! Абсалютна новы! Асаблівы, адзіны, адметны, адмысловы... Які больш ніколі не паўторыцца. І ён будзе для нас такім, якім мы яго зробім самі. Ну, і крыху ўдачы адтуль, зверху, таксама не пашкодзіць...
Спадзяюся, што за гэтыя тры дні вы не дужа стаміліся – ад прыгатавання, святкавання ды вяселля. І заўтра з новымі сіламі (у новым годзе!) мы прыйдзем на працу. І ўсё ў нас будзе атрымлівацца як найлепш. І гэтага вам таксама шчыра жадаю.
А святкаванні ж на гэтым не заканчваюцца! Наперадзе праваслаўнае Нараджэнне Хрыстова, Каляды, Стары Новы год, Васілле, Вадохрышча... Святы як царкоўныя, так і народныя. І кожны будзе святкаваць так, як лічыць патрэбным. Галоўнае, памятаць, што здароўе за грошы не купіш. І што добра было б знайсці час, каб задумацца не толькі пра матэрыяльнае, але і пра маральнае, духоўнае. Асабліва падчас светлага свята Раства...
Гэта ўсё чакае нас зусім хутка. Ну, а пакуль у нас яшчэ – Новы год! Таму віншуемся найперш з ім. А таксама з Днём народзінаў усіх, хто іх святкуе ў ноч з 31-га снежня на 1-га студзеня альбо непасрэдна сёння.
І лёгкага заўтра ўсім нам першага ў новым годзе працоўнага дня!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by