09.06.2022
09.06.2022

Жанчына, якая п'е. Прычыны і наступствы жаночага алкагалізму

logo
Здароўе дарослых
0 45
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Даволі доўгі час алкагалізм лічыўся пераважна мужчынскай праблемай. Але сёння няма сумненняў у тым, што хвароба не мае прынцыповых адрозненняў па полу, узросце, прыналежнасці да той ці іншай сацыяльнай групы альбо віду  алкагольнага напою.

Між тым, уплыў этылавага спірту на жаночы арганізм больш агрэсіўны, залежнасць развіваецца ў разы хутчэй, павялічвае і абцяжарвае рызыку развіцця негатыўных наступстваў. З пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя гендэрныя адрозненні ўздзеяння алкаголю зрабіліся прадметам асобнай пільнай увагі з боку вучоных.

Зараз у Беларусі на афіцыйным уліку ў нарколагаў знаходзяцца каля 160 тысяч чалавек. Характэрна, што на фоне штогадовага зніжэння агульнай лічбы колькасць выпадкаў жаночага алкагалізму, якія рэгіструюцца, на працягу апошніх гадоў расце. Так, на дыспансерным уліку ў нарколагаў знаходзяцца каля 35 тысяч жанчын з дыягнаставанай алкагольнай залежнасцю і яшчэ больш за 15 тысяч – на прафілактычным. Абсалютная большасць з іх – жанчыны працаздольнага ўзросту.

Што прымушае жанчыну цягнуцца да чаркі? Гэтае пытанне было пакладзенае ў аснову сацыялагічнага даследавання, якое правялі ў маі 2020 года супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя.

Чаму яна п'е?

Жаночы алкагалізм. Прычыны.

Тлумачачы, чаму менавіта жанчыны зрабіліся аб'ектам сацыялагічнага даследавання, кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі Арцём Малмыгін падкрэсліў:

– Жанчыны прадстаўляюць найбольш рызыкагенную і ўразлівую групу з пункту гледжання згубнага ўздзеяння алкаголю на арганізм, а таксама на рэпрадуктыўны патэнцыял. У той жа час гэтая група з'яўляецца і найбольш актыўнай у эканамічных адносінах. Мэтай нашага даследавання было вывучэнне распаўсюджанасці алкаголю сярод жанчын працаздольнага ўзросту, матываў яго ўжывання.

Жаночы алкагалізм. Чым адрозніваецца ад мужчынскага.

Так, было высветлена, што з той ці іншай частатой ужываюць алкаголь больш за 50% жанчын працаздольнага ўзросту.

Асноўнымі матывамі, якія падахвочваюць да ўжывання спіртнога, жанчыны назвалі:

  • жаданне ўзняць настрой і/альбо расслабіцца;
  • культурныя традыцыі (свята = застолле са спіртным);
  • цяжкая жыццёвая сітуацыя і/альбо праблемы ў асабістым жыцці;
  • ужыванне «за кампанію».

Умоўна кажучы, прычыны жаночага піцця ў асноўным звязаныя з эмацыянальнай сферай, у той час як мужчыны схільныя «запіваць» сацыяльныя нягоды і ўціск: фізічна цяжкая праца, цяжар адказнасці, кар'ерны правал і г.д.

Алкаголь і жанчына несумяшчальныя. Ад прыроды

Жаночы алкагалізм. Чаму жанчыны п'юць.

Па дадзеных, якія агучвалі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя ў 2019 годзе, на кожнага сярэднестатыстычнага мужчыну-беларуса ў год прыпадае амаль 18 літраў чыстага спірту (у перакладзе на гарэлку – прыкладна 90 бутэлек). У параўнанні з імі ўжыванне сярод жанчын выглядае больш умераным – у сярэднім усяго 5,5 літра чыстага спірту ў год.

Але праблему нельга разглядаць выключна скрозь прызму аб'ёму алкаголю, што спажываецца, перакананыя спецыялісты. Асноўная праблема заключаецца ў тым, наколькі мужчынскі і жаночы арганізмы па-рознаму рэагуюць на ўздзеянне этылавага спірту.

Аказваецца, у арганізме жанчыны выпрацоўваецца меншая колькасць алькагольдэгідрагеназы – аднаго з двух ферментаў, якія «абясшкоджваюць» этылавы спірт, што паступае звонку, і выводзяць яго. У прыватнасці, алкагольдэгідрагеназа разбурае малекулы спірту да ацэтальдэгіду – рэчыва, вельмі таксічнага для арганізма. Другі фермент – альдэгіддэгідрагеназа – расшчапляе ацэтальдэгід да вуглякіслага газу і вады, якія натуральным чынам праз дыханне, пот і мачу выводзяцца з арганізма.

У той жа час, па задумцы прыроды ў арганізме жанчыны больш высокі ўзровень ліпіднай масы (тлушчу), якая затрымлівае спірт. Дысбаланс ферментаў-антыдотаў і высокі аб'ём ліпіднай масы абумоўліваюць больш рэзкую фізіялагічную рэакцыю на алкаголь з боку жаночага арганізма: ён даўжэй засвойваецца; пры аднолькавай колькасці выпітага ўзровень алкаголю ў крыві ў жанчын, як правіла, вышэйшы, чым у мужчын; неадкладныя эфекты алкаголю праяўляюцца хутчэй і працягваюцца даўжэй. Прасцей кажучы: жанчына хутчэй п'янее і больш павольна цверазее.

Менавіта гэтым шмат у чым тлумачыцца той факт, што залежнасць ад алкаголю ў жанчын развіваецца паскоранымі тэмпамі (на працягу 5-7 гадоў у сярэднім; у мужчын – на працягу 10-15 гадоў), носіць больш агрэсіўны характар, а наступствы для здароўя праяўляюцца з большым цяжарам.

Як алкаголь уплывае на жаночае здароўе

Жаночы алкагалізм. Як уплывае на здароўе.

Ужыванне алкаголю непазбежна наносіць шкоду здароўю. У жанчын гэтыя рызыкі павялічваюцца шматкроць:

  • рызыка развіцця цырозу і іншых захворванняў печані, асацыяваных з ужываннем алкаголю, у жанчын вышэйшая, чым у мужчын;
  • хутчэй надыходзіць зніжэнне кагнітыўных здольнасцяў, а таксама развіццё атрафічных змяненняў галаўнога мозгу;
  • рызыка пашкоджання сардэчнай мышцы на фоне злоўжывання алкаголем у жанчын вышэйшая, нават пры больш нізкіх дозах і «стажы» ўжывання;
  • ужыванне алкаголю павялічвае рызыку раку ротавай поласці, горла, стрававода, печані і тоўстай кішкі. У жанчын ужыванне алкаголю таксама звязанае з ракам грудзей нават пры нізкім узроўні спажывання;
  • этылавы спірт вельмі негатыўна ўздзейнічае на рэпрадуктыўную функцыю жанчыны і пры рэгулярным ужыванні значна зніжае верагоднасць цяжарнасці. У той жа час ужыванне алкаголю падчас цяжарнасці шматкроць павялічвае рызыку выкідышу, мёртванараджэння, заўчасных родаў, а таксама нараджэння малыша з фетальным алкагольным сіндромам.

Як спыніць жаночы алкагалізм

У згаданым сацыялагічным даследаванні Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі закранаўся яшчэ адзін цікавы момант. Удзельніц, якія былі катэгарычна настроеныя супраць ужывання алкаголю, прасілі назваць прычыну адмовы.

Жаночы алкагалізм. Як спыніць.

Аказалася, што ёсць усяго тры асноўныя фактары, якія ўтрымліваюць жанчын ад піцця:

  • усведамленне небяспекі развіцця захворванняў, звязаных з ужываннем алкаголю;
  • усвядомленае адмоўнае стаўленне да алкаголю;
  • магчымыя праблемы ў сям'і.

На думку Арцёма Малмыгіна, яны павінны дапамагчы канкрэтызаваць меры прафілактыкі жаночага алкагалізму.

– Можна прапанаваць наступныя меры прафілактыкі: інфармацыйна-асветніцкія, з абавязковай акцэнтуацыяй увагі на рызыках і негатыўных наступствах ужывання алкаголю для жаночага здароўя, у тым ліку рэпрадуктыўнага, а таксама сацыяльнага і сямейнага дабрабыту. Важным фактарам таксама з'яўляюцца меры, якія зніжаюць цэнавую даступнасць алкаголю.

У прыватнасці, можна сказаць, што Дзяржпраграмай «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека на 2021-2025 гады» прадугледжанае павелічэнне гранічных мінімальных цэнаў на моцныя алкагольныя напоі ў памеры, якi перавышае прагнозны ўзровень базавай інфляцыі, мінімум на 20-40%.

Акрамя таго, вельмі неабходныя меры пазітыўнай прафілактыкі, якія матывуюць на памяншэнне ўжывання алкаголю альбо адмову ад яго: умацаванне сацыяльнага, матэрыяльнага і маральна-псіхалагічнага дабрабыту сям'і як важнага сацыяльнага інстытута; фарміраванне ў грамадстве сярод жанчын каштоўнасных установак на нараджэнне дзяцей.

У той жа час вельмі важным застаецца фарміраванне асобы жанчын, стварэнне ўмоў для фарміравання жыццёвых асобаў з развітымі духоўнымі патрэбамі, інтарэсамі і запытамі, у тым ліку стварэнне ўмоў для баўлення вольнага часу, які не матывуе на ўжыванне алкаголю.

https://bel.24health.by/5-samyx-rasprostranennyx-zabluzhdenij-ob-alkogole/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 45

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».