Здаецца, самы невыносны боль – гэта зубны. Той, што доўга трываць немагчыма. І тады ты ўжо не думаеш: страшна-не страшна ў стаматалагічным крэсле, будзе балець мацней ці не… Тады ты імчыш да стаматолага ледзьве не бегма! Толькі каб пазбавілі ад гэтай невыноснасці… Толькі каб адпусціла… А пасля – фуу-у-у-у-у… Выдыхаеш… Адчуваеш такое агромністае проста шчасце ад таго, што не баліць!!! І… Часцяком зноўку не ідзеш да ўрача. Ажно да наступнага разу.
Пазналі ў гэтым апісанні сябе?! 🙂 Я дык – дакладна. Вось шчыра: захапляюся тымі людзьмі, хто наведвае стаматолага рэгулярна. Столькі разоў на год, колькі патрэбна. А то і яшчэ часцей. Магчыма, калі б у свядомым узросце я б мела яшчэ добрыя зубы, рабіла б гэтак жа... Але ўлічыўшы маю дзіцячую любоў да салодкага… Як кажуць, пакуль не стане невыносна. Хаця, вядома ж, трэба мяняцца. Трэба. Тым больш, што зараз і выбар па кошту-якасці велізарны. Былі б грошы. А яшчэ так важна знайсці СВАЙГО стаматолага...
У нас у дзяцінстве ён «знайшоўся» сам. Бо не было тады платных стаматалагічных паслуг. Не было і шырокага выбару зубных пастаў, зубных шчотак… Яшчэ і дэфіцытам яны часцей за ўсё былі! А весткі пра добрага стаматолага ў невялікім гарадку Чэрвені разыходзіліся хутка. Ды і існаваў жа абавязковы агляд дзіцячых зубоў у школах. А мне са стаматолагам і ўвогуле давялося пазнаёміцца рана.
Ніна Міхайлаўна Шут. Светлая ёй памяць. Ужо колькі часу прайшло з тых школьных гадоў, а мне і дагэтуль усё памятаецца так яскрава. Гэта быў сапраўды стаматолаг ад Бога, які умеў загаворваць зубы і ў прамым, і ў пераносным сэнсе.
Строгая – і ў той жа час добрая. Праўдзівая ў сваіх апісаннях: «Ну вось яшчэ крышачку пасвярлю – і ўсё…» Ніякай замарозкі! Усё нажывую! Тое «пасвярлю» ў нерв і – прама ў мозг іголкай! Здавалася… Такім было лячэнне зубоў у правінцыйным гарадку ў 1980-х.
І ўсё роўна ж Ніна Міхайлаўна дзесьці падманвала… З часам, на які зацягвалася выдаленне нерва, свярленне, чыстка... Што «вось-вось – і ўсё». Але гэта не крыўдзіла. Наадварот, былі ўдзячныя за той падман. І – давяралі. Хаця ўсё роўна трэсліся, калі да стаматолага было – трэба.
Ужо колькі гадоў Ніны Міхайлаўны няма, а я не-не ды прыгадаю яе. З удзячнасцю. Памятаю яе воблік, памятаю яе рукі. Як яна дзе ўгаворвала, а дзе і строга так загадвала. Каб не ўздумала плакаць. Ну, а ўспомніць гэтую цудоўную жанчыну ў Міжнародны дзень стаматолага – святая справа…
У нашым Чэрвені платныя стаматалагічныя паслугі пачалі ўводзіць з 1999-га года. І тады ж хутка пачалі распаўсюджвацца чуткі-меркаванні, што там і матэрыялы лепшыя, бо платныя, і пломбы даўжэй стаяць. А галоўнае, зноў-такі, што стаматолаг вельмі добры.
Ала Станіславаўна Мядзведзева. Яна сталася для мяне другім СВАІМ стаматолагам. Добрая, мяккая, прыветная… І хаця мой страх перад стаматалагічным крэслам да таго часу нікуды не падзеўся, але да яе я ісці не тое каб не баялася… Не баялася – яе, а не стаматалагічных працэдур. І да гэтага часу стаўлюся з даверам, хаця і даўно не была на прыёме. Заўсёды прыемна сустракаць яе, такую жвавую і рухавую, на вуліцах Чэрвеня.
У свой час як журналіст распавядала пра Алу Станіславаўну, пра яе асабісты юбілей на старонках чэрвеньскай раёнкі. Таму і ведаю, што першы свой практычны вопыт пасля заканчэння ВНУ яна набывала ў інтэрнатуры – на базе Магілёўскай паліклінікі №1. А затым былі два гады адпрацоўкі ў вёсцы Сухары. І – поўная адказнасць. Бо там Ала Мядзведзева была адзіным стаматолагам.
А затым ужо быў і застаецца – Чэрвень. Не адно дзесяцігоддзе працы. Агромністая колькасць вылечаных зубоў. Шмат падзяк, у тым ліку і праз раённую газету. Апрача таго, што Ала Станіславаўна – прафесіянал зубной справы, яна яшчэ і добры псіхолаг. Таксама і ўгаворвае пацыента, і зубы яму загаворвае!
Вядома ж, у кожнага чэрвеньца ёсць свае любімыя спецыялісты ў стаматалагічным аддзяленні. Як і ў кожнага, хто чытае гэтыя радкі, – у сваім горадзе. А можа, і не толькі ў сваім. Памятаю, як давялося ставіць металакерамічныя каронкі ў Мінску ў той час, калі толькі-толькі пачалі з’яўляцца прыватныя фірмы па аказанні такіх паслуг.
Выбіраць асабліва не было з чаго. І адкладваць не было куды. Даверылася. І не пашкадавала! Якасць, правераная часам. Прычым абяцанае насамрэч значна пераўзышло чаканае!
Сёння, у Міжнародны дзень стаматолага, мы шчыра віншуем усіх, хто мае дачыненне да гэтай прафесіі! Здароўя, дабрабыту, удзячных пацыентаў, пабольш нагод для радасці, задавальнення ад зробленага!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by