20.12.2024
20.12.2024

Званы Беларусі: містычныя і лекавыя

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

На працягу стагоддзяў званы суправаджалі сваімі бомамі жыццё людзей. Яны абвяшчалі час працаваць і адпачываць, час радасці і смутку. Яны апавяшчалі пра стыхійнае бедства і набліжэнне ворага, склікалі мужчын для барацьбы з непрыяцелем і сустракалі ўрачыстым звонам пераможцаў, збіралі для абмеркавання важных спраў.

Гук вечавага звана быў сігналам да народных сходаў. Беларусы здаўна верылі, што званы лекуюць душу і цела, узвышаюць духоўна, аднаўляюць энергію, гарманізуюць псіхіку, умацоўваюць фізічнае здароўе.

 Самы старажытны звон на Беларусі

Званы на землях Беларусі пачалі з’яўляцца разам з распаўсюджваннем хрысціянства, у асноўным у 10–11 стагоддзях. Лічаць, што яны былі запазычаныя з Еўропы, а туды патрапілі з Кітая. Першыя хрысціяне асцярожна ставіліся да званоў, але з часам яны сталі неад’емным атрыбутам царкоўнага культу і ў цэлым значнай з’явай у народнай культуры.

На думку даследчыцы беларускіх званоў, кампанолага Алены Шацько, Беларусь унікальная тым, што ў нашай краіне захавалася больш за 2 000 гістарычных званоў, адлітых у 16–20 стагоддзях. І з поўнай упэўненасцю можна сказаць, што такой колькасці званоў няма ва ўсёй Расіі, дзе пасля рэвалюцыі 1917 года знішчалі званы і званароў…

На нашай тэрыторыі захаваліся званы мяцовых майстроў 16–19 стст. Самы старажытны звон знаходзіцца ў царкве вёскі Моладава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Ён быў адліты ў 1583-м годзе ліцейным майстрам Марцінам у Коўне на замову мсціслаўскага кашталяна Сямёна Войны. Адлівалі ў нас званы і замежнікі — немцы, палякі... Напрыклад, у Нясвіжскі замак князь Радзівіл запрашаў нямецкага майстра Моцсфельда. Ён зрабіў звон з прарэзамі, які, паводле пісьмовых крыніц, гучаў незвычайна прыгожа, і яго з любоўю называлі «беларускія цымбалы». Да нашага часу захаваўся толькі малюнак. Звон зваліўся і разбіўся падчас пажару ў замку ў 1906-м годзе.

«Салавей кліча!»

Фрагмент звона

Людзі добра разумелі мову званоў, бо іх гук суправаджаў чалавека ад нараджэння да смерці. Званы былі неад’емнай часткай і вясковага, і гарадскога жыцця, пад гук званоў чаргаваліся поры года, світанкі і прыцемкі, званы званілі і ў радасныя, і ў гаротныя дні, суправаджалі вялікія святы і сямейныя падзеі. Таму гукі званоў у народнай культуры атрымалі сакральныя і рытуальныя функцыі.  Па званах  людзі вызначалі, што адбываецца ў суседніх вёсках. Так на заручыны гучаў адмысловы звон. А калі маладыя пары вянчаліся, па наваколлі разносіўся вянчальны звон.

Пахавальны звон гучаў, аж пакуль чалавека не данясуць да могілак. І людзі па ўсім наваколлі чулі гэты звон, жагналіся, чыталі малітву па памерлым. Часам па звоне можна было зразумець, памерлы — мужчына ці жанчына. Так па жанчыне білі ў званы два разы, а па мужчыне тры. Нават з якой вёскі нябожчык, можна было вызначыць — бо часам пэўнае селішча магло падарыць храму звон. Маленькія званіцы рабілі і на могілках, там званілі ў час пахаванняў.

Званы выконвалі пэўную ролю ў абетах. Ахвяраванні званоў былі індывідуальныя, сямейныя і групавыя. На ахвярных званах адлівалі даравальныя надпісы. Перад святамі званы мылі, націралі да бляску, ўпрыгожвалі стужкамі, называлі асабістымі імёнамі. Так, паводле надпісу на звоне ў вёсцы Трасцяніца Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці вядома пра ахвяру маці і пра яе загінулага падчас Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Францыі сына Івана Салаўя (1895 г. н.) Яна атрымала страхоўку за пагібель сына і заказала адліць звон у яго памяць. Аднасяльчане ўзгадвалі, што звон атрымаўся вельмі гучны. І калі ён званіў, то казалі: «Трэба ісці на службу, Салавей кліча».

Па ўсёй Еўропе распаўсюджаны паданні пра храм, што праваліўся пад зямлю, ці ў возера. Такія правалы звязваюцца з матывамі пакарання за грахі ці, наадварот, як цудоўнае выратаванне ад ворагаў. У асноўным гэтыя паданні звязаныя з узгоркамі і азёрамі. У многіх падобных паданнях распавядаецца пра бомы, якія ідуць з-пад зямлі або з-пад вады. Гэтыя месцы лічацца зонамі, дзе чалавек кантактуе са сферай сакральнага. Напрыклад, у вёсцы Мікалаеўка Крупскага раёна Мінскай вобласці царква нібыта пайшла пад зямлю а 10-й гадзіне раніцы з першым ударам дабравеста разам з прысутнымі вернікамі і святаром. Потым з-пад зямлі людзі чулі царкоўныя спевы і гукі званоў.

Паводле павер’яў лічылася, што званы могуць разагнаць хмары, абараніць ад пошасці. Напрыклад, старажылы вёскі Лужкі Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці згадвалі, што ў іх вёсцы, калі не патрэбны быў дождж, то хмары адганялі моцным царкоўным звонам. І гэта заўсёды дапамагала

Што лячылі званы?

Звон на могілках

З часам магія званоў і іх гукаў перайшла і ў народную медыцыну. Таму гукі званоў прыроўнівалі да такой  жа сілы, якую давалі святая вада, цудатворныя абразы і жыватворныя крыжы. Так, у Перадвелікодны чацвер вада ў крыніцах і калодзежах, рэках і азёрах, куды даходзілі гукі званоў, таксама лічылася асвечанай і набывала цудадзейныя ўласцівасці, якія выратоўвалі чалавека ад мноства хваробаў на ўвесь наступны год. Асабліва гэта тычылася званоў на Вялікдзень.

Вада, асвечаная званамі, змывала з чалавека хваробы і грахі. Дзяўчаты на світанку самі ішлі да вадаёмаў, чакалі званоў і мыліся, каб надаць твару бель і румянасць. Аналагам святой вады была таксама вада, злітая са звона. Яе збіралі ў гаршчочак і паілі хворага. Такой вадой прамывалі вымя ў кароў. Лічылі, што гэта павялічвае надоі.  Шапялявасць лячылі вадой злітай з «языка» звона.

У час гучання званоў праводзілі па твары манетай і яйкам, каб ён быў белым і чыстым. Па зубах праводзілі брытвай, каб яны не балелі, каталіся па падлозе, каб не балеў жывот. Глухату лячылі такім чынам: у нядзелю, асабліва на Вялікдзень, станавіліся пад званы і вельмі доўга стаялі так. Але пры гэтым званіць мусіў нехта іншы, а не сам хворы, бо ў зваротным выпадку хвароба магла толькі зацягнуцца. Прычым, лячэнне пачыналі менавіта ад першага ўдару. Таксама, калі  дзіцятка доўга не пачынала  гаварыць, то бацькі ці знахары або хто-небудзь са сваякоў саджалі яго ў мех і насілі вакол званіцы.

У народнай медыцыне выкарыстоўвалі вяроўку ад звона. У час гучання жанчыны хапаліся за яе, бо лічылі, што гэта пазбаўляе ад болю ў руках. Каб дзеці былі здаровыя, іх паілі вадой, у якую быў пакладзены кавалачак ад такой вяроўкі. Вяроўкай ад звона секлі адзін аднаго па хворых месцах. У якасці лекавага сродку выкарыстоўвалі і змазку ад царкоўнага звона. Калі немаўлятка плакала, то яго акурвалі дымам з такой змазкі. Змазкай лячылі парэзы, нарывы, пухліны.

Званы даўней прымяняліся пры лячэнні бранхіяльнай астмы, гіпертаніі, язвы, для палягчэння болевага сіндрому. Звонатэрапіяй лячылі ліхаманку, хваробы сэрца, пярэпалах, псіхічныя разлады.

Даўней пры эпідэміях і страшных морах, неўраджаях ды іншых бедствах загадвалі бесперапынна біць у царкоўныя званы. Доўгі час гэта лічылі звычайнымі забабонамі. Нядаўна ж былі апублікаваныя вынікі навуковых даследаванняў, паводле якіх, тэмбр і частата звону ўплывае на ўвесь жывы навакольны свет. Здаўна было заўважана, што яго баяцца мышы, пацукі і шэраг казюрак. Для іх такія гукі нязносныя, таму шматлікія пераносчыкі хвароб уцякаюць далей ад званіцы, прэч з паселішча. Ачышчальны гук дабравесту і трызвону станоўча ўплывае на людзей. Невыпадкова званы так любілі нашыя продкі.

Зёлкі лекавыя ды чарадзейныя. Расліны ў побыце беларусаў

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0