А сёння ж 1-га красавіка… І ў каго якія асацыяцыі, а? Другі месяц вясны надышоў (ужо другі???). Та-а-а-а-ак… А яшчэ? Дзень матэматыка. Святкуецца, так бы мовіць, неафіцыйна. Матэматыкі, са святам!!! Дар’я (і ўсё ж – ха-ха!) брудная. Ёсць такое народнае свята. Міжнародны дзень птушак. І такое ёсць. Ух, як цяпер гэтыя пярнатыя майструюць гнёзды! Толькі трэск чуваць! 🙂
Учора стаяла на прыпынку ў чаканні маршруткі – і проста абрагаталася, назіраючы, з якой важнасцю яны збіраюць (ледзь не напісала – трэскі!) пруткі. Назбіраюць цэлую дзюбу, частка вываліцца… Эх, пачынаем спачатку! А калі б перакласці тое, што яны пры гэтым «кажуць»… Думаю, такой ненарматыўнай лексікі мы яшчэ не чулі! 🙂
Але ж якія цярплівыя! Колькі б ні выкідвалася з дзюбы, упарата забіраюць назад. А калі ўжо дзве птушкі прэтэндуюць на адзін пруток… Ды пачынаюць яго забіраць адна ў адной… Эх, хацелася зняць відэа, ды далекавата дзея адбывалася!
Але вяртаемся да святаў гэтага дня. Ну, а яшчэ, яшчэ што святкуем??? Так!!! Дзень смеху!!! Памятаеце яшчэ пра такое свята?! Я вось прыгадала. На здзіўленне… Але ж зусім-зусім сёння нявесела. І нават не верыцца, як аптымістычна я распавядала пра гэты дзень год таму…
Але не хачу ні панікаваць, ні скатвацца ў дэпрэсію (шчыра скажу – блізкая да гэтага)… Таму хоць смех скрозь зубы, хоць – скрозь слёзы, а патрэбны. Згодныя?! Таму зноўку прыгадваем пра ўсе сродкі для стварэння пазітыву, знаходзім пабольш нагод для радасці… І-і-і-і-і… І я вельмі спадзяюся, што ў нас з вамі атрымаецца хаця б штосьці радасна-пазітыўнае. Хаця б на секундачку!!!
У мяне дык уся надзея на добры фільм. У тым плане, калі ўсё ж выдасца вольны час для яго прагляду. І што арганізм уцягнецца ў працэс і зрэагуе нармалёва…Адгукнецца, як патрэбна, – смехам. А дзесьці і суперажываннем. І хаця б крыху мы адцягнемся ад уласных праблемаў…
Ну, з Днём смеху больш-менш разабраліся. А што ж за Дар’я брудная, спытаецеся вы. Ага, на першы погляд, смешная назва народнага свята. J А нашы продкі толькі і мелі на ўвазе, што калі зімы былі нармалёвыя, дык на 1-га красавіка яшчэ ўсё снег раставаў. Таму і бруду было шмат. А не таму так назвалі, што якаясьці Дар’я мыцца не любіла! 🙂 Мыцца ў нашай сітуацыі трэба часцей! І рукі, рукі з мылам!!!
Нашы продкі верылі, што менавіта 1-га красавіка абуджаецца Дамавічок (Хатнічак)! І што яго трэба не толькі пачаставаць, але і рассмяшыць. Інакш пачне злавацца і наводзіць свае парадкі. Так што хочаш-не хочаш, а хвілінку для жартаў у нашай невясёлай сітуацыі трэба неяк вынайсці.
«Калі дзень дажджлівы, дык лета не будзе сухім», – заўважалі даўней нашы продкі, кажучы пра Дар’ю брудную. Ну, у нас колькі дзён таму мокры снег на сёння абяцалі. Затым перадумалі. А зрэшты, паназіраем… Бо калі 1-га красавіка ясна і цёпла, дык лета будзе без дажджоў і з вятрамі.
А пра веснавую ваду, якая бяжыць з шумам, нават узгадваць не буду! Хаця снег быў, я не адмаўляюся. І лужыны па калена – таксама. Але ўжо і знаку ад таго няма…
І пра што яшчэ не пагаварылі? Ага, пра Дзень матэматыка. Вы любілі матэматыку ў школе, інстытуце? Магчыма, любіце цяпер? Я, па праўдзе, не. Бо чысты філолаг з адпаведным складам розуму. Не, калі патрэбна, лічу я добра. Асабліва грошы! 🙂 Але… Не люблю. Хаця пры гэтым люблю шахматы і логіку. Парадокс…
А ў школе, калі матэматыка дзялілася на алгебру і геаметрыю, алгебру я ўсё ж любіла. І настаўніца ў нас была выдатная. Толькі вельмі строгая. Вольга Васільеўна Ефіменка, светлая ёй памяць…
Гэта дзякуючы ёй я даведалася, што наш аднакласнік Алег Навіцкі ў Зорным, у атрадзе касманаўтаў, на той час – кандыдат у касманаўты. З яе падачы пачалася мая доўгая журналісцкая праца па асвятленні яго падрыхтоўкі да першага палёту і самога палёту. І я гэтага ніколі не забудуся…
Сёння 1-га красавіка. І таксама не адно свята… Выбірайма кожны тое, што бліжэй. І святкуйма! Хаця б секундачку…
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by