Марозіва таяла ў вафельным кубачку, але Адэля не спяшалася яго есці. Авечка дакорліва глядзела на мяне.
– Пані Наталля! Не раз ужо казала і яшчэ паўтару: вы вельмі чэрствая асоба!
Упікаць мяне Адэля можа бясконца. Я прывыкла. Але што сёння пайшло не так? Дзень жа пачынаўся цудоўна! Мы з Адэляй бавілі час на палянцы ля возера. Выправіцца некуды далей у пошуках новых уражанняў не выпадала. Заўтра мне зноў за кампутар, да сваіх казак, а Адэльцы на яе лужок – пасвіцца.
З самай раніцы ўсё ішло ціхамірна. Малачком ад загару нашмараваліся (я – з галавы да ног, Адэля – толькі нос). А пасля закуліліся на квяцістую покрыўку. Паляжалі. Накупаліся. Абсохлі. Калі стала зусім горача, авечка прапанавала збегаць за марозівам. (“Я ж бегаю хутчэй за вас, спадарыня Наталля!”) І пабегла. У цудоўным настроі. А вярнулася насупленая, як навальнічная хмара.
– Маглі папярэдзіць, што блакітнае марозіва рабілі не ў мой гонар! Я не пакутавала б зараз ад стрэсу!
Ой! Авечка трымала ў капытках блакітны ласунак! Якраз таго ж адцення, як колер яе воўначкі.
– Ого! Ніколі не спрабавала блакітнае марозіва! – здзівілася я і забрала ў авечкі нераспакаваную порцыю. – Нічога дзіўнага! Марозіва называецца “Валошкі”! Таму яно блакітнае.
– А я лічу, што яго варта было назваць “Адэлька”. Дык не! Кветачку нейкую прыплялі!
– Па першае: не я гэтае марозіва рабіла. А па-другое: кветачка не нейкая. Валошка – сімвал нашай краіны.
Адэля на імгненне аслупянела:
– Які такі сімвал? Вы нядаўна запэўнівалі, што сімвал – зубр! Я вам паверыла! Нават інтэрв’ю ў яго брала!
– Адэля! Яшчэ тады я цябе папярэдзіла, што ў нашай краіны ёсць і іншыя сімвалы.
– Праўда? І валошка?
– Чыстая праўда! Валошка, ці васілёк лугавы – таксама сімвал.
Авечка сапла незадаволена.
– Чакайце! Зубрыныя гісторыі мяне і праўда ўразіла. Але ж гэта – проста кветка. Ды яна сотнямі, ТЫСЯЧАМІ расце на любой палянцы. За што ёй такая пашана?
– Можа, за прыгажосць? – запыталася я з усмешкай.
– Прыгажосць – паняцце адноснае! – адрэзала Адэля. – А чым яшчэ яна праславілася? Мінулы раз вы пераконвалі, што сімвалы ўслаўляюць усякімі спосабамі: і вершы, і песні…
– Так і ёсць, Адэлю. Чакай, зараз я табе раскажу.
– Не, – гаротна ўздыхнула авечачка, – гэта вы чакайце. Трэба хаця б пакаштаваць марозіва, бо яно вось-вось растае.
Пасля ласунку Адэльчын настрой крышку палепшыў.
– Каб не маё выхаванне, нават капыткі аблізала б! – прызналася Адэля. – Ну, пачынайце сваю лекцыю!
– Давай сходзім на жытнёвае поле! Тут блізенька, – прапанавала я.
– І што мы там не бачылі? – неахвотна засабіралася Адэля. – Можа, валошкі дадуць інтэрв’ю? – падпусціла шпільку мая прыяцелька. Не слухаючы яе незадаволенага бурчання, я пашыбавала да знаёмай мясціны.
З невысокага пагурка нам адкрылася цэлае жытнёвае мора! Сярод яго хваляў сінія васількі прыветна нахілялі свае галоўкі пад павевамі лёгкага ветрыку. Асабліва многа кветак было на ўскрайку поля.
– Калі паглядзець на поле з вялікай вышыні, яно будзе нагадваць залатое вока з сінімі вейкамі, – выказала здагадку я. – Патрымай, калі ласка, – і працягнула авечцы сваю порцыю марозіва. Заўсёды даю яму трошкі падтаяць, бо не люблю, як зубы “заходзяцца” ад холаду. Дастала з пляжнай торбы мабільнік, каб пафатаграфаваць.
Я здымала поле, неба, кветкі, кузурак на кветках. На некалькі хвілін нават пра Адэлю забылася. На здзіўленне, яна мяне не торгала і не патрабавала ўвагі. Фотасесія для валошак скончылася, і я ўспомніла пра сваё марозіва.
– Усё, Адэлька, давай марозіва, – працягнула я руку. – Пасля цябе пафоткаю ў валошках. Будуць файныя здымкі!
– Якое марозіва? – вылупіла вочы авечка. – Здзекуецеся? Я даўно яго з’ела!
– Але гэта была мая порцыя! – абурылася я.
– І што з таго? Па-першае, не вы за ім у краму бегалі. А па-другое, яно раставала на вачах. Трэба было ратаваць сітуацыю, – заявіла Адэля і аблізнулася.
Сонца добра-такі прыпякала. Я з задавальненнем з’ела б сваю падталую порцыю блакітнага ласунка. Але Адэля мяне апярэдзіла! І ніякіх згрызот сумлення!
– Адэля! Ты бываеш проста невыноснай! – раздражнёна заявіла я.
– А вы занадта крыўдлівая! – адрэзала авечка. – Ну, засталіся адзін раз без салодкага! Што з таго? Лепш раскажыце, чым так праславіліся валошкі, што сталі сімвалам?
Але мне не хацелася нічога расказваць. Адэліны паводзіны мяне абурылі. А гарачыня і сітуацыя не натхнялі на лекцыі. Я моўчкі развярнулася і пабрыла да аўтобуснага прыпынку. Усерджаная Адэля тэпала следам.
Дабраўшыся да горада, кожная з нас падалася ў свой бок. Замест прабачэння на развітанне авечка прасіпела, што і знацца не хоча з такой упарцінай як я.
– Ну і маўчыце сабе! Задавака! Без вас разбяруся, чаму васількі знакамітымі сталі! І фотасесію зладжу куды лепшую!
Адэля некалькі дзён не завітвала, але зрэдзку тэлефанавала. Я адчувала, што авечку ажно падмывае падзяліцца нейкімі навінамі, але не паказвала ніякай зацікаўленасці і старалася хутка скончыць размову. Расчараванная Адэля адвітвалася.
Не ведаю як хто, але я не магу бясконца сердаваць. Крыўда на авечачку растала, як тое марозіва, з якога яна пачалася. Адэля гэта адразу адчула.
– Спадарыня Наталля! – заявіла яна, унюхаўшы адлігу ў маім голасе, – апранайце сінюю сукенку і чакайце мяне! Зараз мы некуды пойдзем!
Адэля заявілася праз некалькі хвілін. Ды не адна, а з Малімонкай подручкі. У абедзьвух на галовах красавалі прыгожыя валошкавыя вяночкі. Трэці вянок Малімонка ўрачыста ўздзела на мяне. Адэля кінула прыдзірлівы позірк:
– Сукенка магла быць і сінейшая! Вы чулі калі-небудзь пра каралеўскі сіні? Шыкоўны колер! Самы модны ў гэтым сезоне! Але вы ніколі за модай не паспяваеце, пані Наталля.
Гэту шпільку я прапусціла міма вушэй.
Утрох мы падаліся на шпацыр. Адэля з Малімонкай упэўнена кіраваліся ў цэнтр горада.
– Куды мы ідзём? – я ўрэшце звярнула ўвагу на асаблівую ўрачыстасць авечкі і козачкі.
– У музей, – паспела праблеяць Малімонка, перш чым Адэлю нібыта прарвала!!!
– Ой, спадарыня Наталля! У музеі столькі цікавага! Такія карціны! Такія экспанаты!!!
Пад несупыннае лапатанне маіх прыяцелек мы пераступілі парог мастацкага музея. Выявілася, што квіткі ўжо купленыя. І пра экскурсію дамоўлена загадзя. Нас чакала маладая дзяўчына з прыветнай усмешкай.
– Думаеце, гэта звычайная экскурсія? – ажно падскоквала ад узрушэння Малімонка. – Не, пані Наталля! Гэта сапраўдны квэст! Мы разам прыдумалі адмыслова для вас!
– Дзіўна! – я недаверліва глядзела на авечку. – Наколькі я памятаю, раней Адэля ніколі не цікавілася музеямі.
– Раней не цікавілася, – згадзілася мая прыяцелька. – Затое цяпер мы з Малімонкай ведаем кожную музейную залю як свае капыткі!
– Ну, гэта вельмі смелае сцверджанне, – далучылася да нашай размовы экскурсавод. – Каб вывучыць усю экспазіцыю, патрэбны не адзін месяц. Але я гатова засведчыць: вашы прыяцелькі нават з завязанымі вачыма могуць адшукаць кожную карціну, на якой ёсць выява васількоў.
Дык вось у чым справа! Адэля трымала сваё абяцанне разабрацца з валошкавай папулярнасцю. Экскурсавод падала мне музейную мапу. На ёй жоўтыя стрэлачкі, зялёныя крыжыкі і сінія зорачкі.
– Ваша задача – знайсці ўсе карціны з валошкамі і сабраць іх цэлы букет! – заявіла Адэля.
– Букет карцін? – разгубілася я.
– Не карцін! Кветак! Трэба заплюшчыць вочы і крутануцца вакол сябе тры разы! – камандавала Адэля. – Без гэтага магічнага дзеяння квэст не пачнецца!
Я так і зрабіла. Крутанулася. Адплюшчыла вочы. І зразумела, што прасіць нейкіх тлумачэнняў у прыяцелек позна. Адэля з Малімонкай подбегам кіраваліся ў суседнюю залю. Затое прастора вакол напаўнялася дзіцячым гоманам. На квэст завітала цэлая група студыі юных мастацтвазнаўцаў. І амаль усе апранутыя ў сіняе і блакітнае. Дзяўчына-экскурсавод хуценька раздала ім мапы і паабяцала ўдзельнікам квэсту незабыўныя ўражанні. Я паспяшалася далучыцца да дзяцей. Яны так хутка з’арыентаваліся ў мапе і заданнях, што я ледзьве паспявала за імі. Ля кожнай карціны, на якой заўважалі выяву валошак, мы спыняліся. Адэля з Малімонкай, выскоквалі з якойсьці схованкі, уручалі кветку валошкі самаму пільнаму, а экскурсавод расказвала пра мастака і яго твор. А пасля мы рушылі далей.
Я сапраўды атрымала незабыўныя ўражанні! Найперш ад дзяцей, што паводзіліся ў музейных залях як рыба ў вадзе. Не дзіва, што мне ўдалося зарабіць толькі тры кветачкі. А пасля мы ладзілі фотасесію.
– Апрануць усіх ў валошкавыя колеры было маёй ідэяй, спадарыня Наталля, – ганарліва заявіла авечка.
– Затое я прыдумала дарыць самым пільным удзельнікам васілёк, – захвалявалася Малімонка.
– Вы абедзьве малайчынкі, – пахваліла іх экскурсавод. – Прыдумалі вельмі цікавы і пазнавальны квэст. Цяпер мы распрацуем і іншыя маршруты.
Мы адвіталіся і выйшлі на вуліцу. Адэля з Малімонкай ажно падскоквалі, радуючыся ўдаламу эксперыменту.
– А вы здагадаліся, чаму стрэлачкі былі жоўтыя, крыжыкі зялёныя, а зорачкі сінія?
– Ну, сінія зорачкі – гэта самі валошкі? Так?
Прыяцелькі дружна заківалі галовамі.
– А зялёныя крыжыкі – гэта сцяблінкі кветак, а жоўтыя стрэлачкі – жытнёвае поле! – выпаліла авечачка.
– Малайчынкі! – яшчэ раз пахваліла я Адэлю з Малімонкай.
– Гэта яшчэ што! Пакуль вы сядзелі дома, надзьмуўшыся як мыш на крупы, мы з Малімонкай вывучылі верш пра самы знакаміты ў нашай краіне васілёк.
– Гэта які ж? – з усмешкай запыталася я, хаця ўжо здагадалася, што пачую ў адказ.
– “І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька”.
Верш Максіма Багдановіча “Слуцкія такчыхі”! – наперабой загаманілі мае прыяцелькі. – Мы нават патрапілі ў краязнаўчы музей на выставу слуцкіх паясоў! І даведаліся іх гісторыю. І што яны таксама наш сімвал!!!
– Ой, пані Наталля! – раптам забедавала козачка. – А вы на выставу не патрапіце, яна скончылася…
– Нічога, Малімонка, я ўжо некалькі разоў бачыла слуцкія паясы, – супакоіла я яе. – Да таго ж мы можам паехаць у Слуцк на экскурсію ў бліжэйшыя дні. Пабачым мясціны, дзе яны ствараліся.
Адэля з Малімонкай ахвотна згадзіліся. І працягвалі балбатаць пра сваю вынаходлівасць пры стварэнні музейнага квэсту.
– Чакайце, а куды ж мы цяпер ідзем? – удалося мне ўплішчыць слоўца.
– А вы не здагадваецеся? – хітра прыплюшчыла вока Адэля. – Тады лічыце, што квэст працягваецца!
Квэст працягваўся ажно да помніка Максіму Багдановічу ў скверы ля Опернага тэатра.
– Пані Наталля! Давайце пафоткаемся з Максімам Багдановічам, – прапанавала Малімонка. – Ой, гляньце! Ён трымае ў руках букет з васількоў!
– Так! Бо васілёк узгадваецца ў вершах паэта найчасцей. Дарэчы, зборнік вершаў, які выйшаў у апошнія дні яго жыцця, называецца “Вянок”.
– О! Гэта знак! – узрушылася Адэля. – Мы павінны пакінуць свае валошкавыя вяночкі паэту.
Так і зрабілі. А пасля наведаліся ў музей Максіма Багдановіча, што ў Траецкім прадмесці. Канечне, і там не абыйшлося без фотасесіі.
Нагадаю, што ніводзін дзень у кампаніі з Адэлькай не абыходзіцца без прыгод і здарэнняў. І ніколі не ведаеш, што гэта будзе!
Надвор’е стаяла гарачае. Хацелася піць. Падышоўшы да банкамата, я дастала з торбы банкаўскую картку. Трэба было зняць трошкі грошай. І толькі пачала ўстаўляць картку ў шчыліну, як да мяне кінулася авечка.
– Гляньце! Зноў ён! – утрапёна крычала яна, спрабуючы выхапіць картку, а насамрэч так падпіхнула яе, што банкамат – глыць! – і праглынуў маю картку з усім багаццем.
Што рабіць? Давялося званіць ў банк, тлумачыць прычыну і прасіць, каб найхутчэй прыслалі спецыялістаў, якія змогуць выбавіць картку з банкамата. На шчасце, у мяне быў вольны час. Мы прыселі ў засені дрэў.
– Адэлю! Што ты на гэтую картку каршуном кінулася? – раздражнёна запыталася я.
– Спадарыня Наталля, не сварыцеся на Адэльку, – адразу пачала заступацца за яе Малімонка.
– Я не сваруся, але сітуацыя прыкрая, – адказала я.
– А што вы на мяне сярдуеце? – узрушылася Адэля. – Не я вашу картку зажавала, а банкамат! Мо, ён зламаны! А я проста ўбачыла там валошку, хацела вам паказаць!
– Дзе ты ўбачыла валошку? – здзівілася я.
– Так я і ведала! Малімонка, ты глянь на гэтую асобу! – тыцнула на мяне капытком Адэля. – Нічога вакол не заўважае! А яшчэ кніжкі піша! На вашай картцы ёсць выява валошкі.
– Праўда? – я сумелася. Вось табе і маеш. Ледзь не кожны дзень карыстаюся карткай, а што на ёй намалявана, зусім не памятаю!
Нам пашчасціла. Праз некалькі хвілін з’явіўся супрацоўнік банка, які вызваліў картку і аддаў мне з рук у рукі.
– Бачыце, – тут жа тыцнула авечка капытком у картку. – Валошка!
І праўда. Трэба ж, а я ніколі не заўважала!
– Недзе яшчэ я васількі бачыла, – задумалася Малімонка. А Адэля ўжо цягнула нас далей і патрабавала ад мяне раскаяння за хвіліну раздражнёнасці. Праз нейкі час я не вытрывала:
– Здаецца, ужо і павячэраць пара!
– Між іншым, мы з Малімонкай ужо таксама галодныя. Але я не дам нам прапасці з голаду! За мной! – закамандавала Адэля. І раскрыла насцеж дзверы рэстарацыі, перад якой мы неўпрыкмет апынуліся.
– Гэта ж “Васількі”, – ад радасці падскочыла Малімонка. – Адэлю, ты нават мне не казала, што вячэраць будзем у “Васільках”!
Адэля задаволена заківала галавой. Да нас ужо спяшаўся афіцыянт.
– Я замаўляла столік! – крышку ганарыста прамовіла авечка, і нас у той жа момант правялі да ўтульнага століка ля акна, на якім стаяў шыкоўны букет васількоў.
– Дарэчы, гэта для вас, спадарыня Наталля! На знак нашага прымірэння!
– Дзякуй, Адэлька. Я ўжо і не памятаю, што паміж намі былі нейкія непаразуменні, – шчыра прызналася я.
– От за што я вас і люблю: вы зусім не злапомная! – зазначыла авечачка і схапіла меню. – Давайце павячэраем, бо ўжо кішкі марш іграюць!
Зрабілі заказ. А потым я расказала прыяцелькам, што васількі ўшаноўваліся людзьмі нават у старажытнасці. Як лекавая расліна. Іх лацінскую назву звязваюць з міфалагічным лекарам-кентаўрам Хіронам. Валошкі на Беларусі прысутнічалі і ў купальскіх абрадах, і ў песнях і ў арнаменце.
Паколькі Адэля з Малімонкай выразным поглядам праводзілі афіцыянтаў, апранутых у вышыванкі, я апярэдзіла іх пытанне.
– Сучасныя майстрыцы таксама ахвотна выкарыстоўваюць выяву васілька ў сваіх працах. Узяць хаця б адзенне маркі Ноnar. Але гэтыя выявы ўжо маюць больш эстэтычнае, чым сакральнае значэнне. Сакральнае – значыць таямнічае, – спахапілася я. Не варта абцяжарваць маім прыяцелькам знаёмства з сімваламі.
– Ой! А пра імёны мы забыліся! – чамусьці спалохана ахнула коззачка.
– Ну як жа пра іх можна забыцца, Малімоначка, – супакоіла я яе. – Васіль – герой не адной беларускай казкі. Згадайма хаця б “Як Васіль змея перамог”! Або Васіліна – і прыгожае жаночае імя, і фабрыка, якая вырабляе шкарпэткі. Дарэчы, – узгадала я, – у нас ёсць пісьменніца Алена Васілевіч. А яшчэ ў назвах беларускіх гарадоў і вёсак мы таксама неаднойчы сустрэнем прысутнасць васількоў. І ў эмблеме міністэртсва замежных спраў.
Адэля з Малімонкай слухалі як зачараваныя.
– Успомніла! – раптам узрушылася Малімонка і ад хвалявання пачала скубаць валошкавыя пялёсткі з майго букета.
– Што, Малімоначка? – я адсунула кветкі далей ад козачкі.
– Я выяву валошкі яшчэ і на самалётах бачыла!
– Ой! І праўда! – радасна ўсклікнула Адэля.
Малімонка на хвілінку задумалася:
– Раз васілёк лунае над зямлёй, яго можна параўнаць з легкакрылым матыльком!
Я пахваліла козачку за такое паэтычнае параўнанне. І нагадала прыяцелькам яшчэ адзін верш Багдановіча “Па-над белым пухам вішняў”. Адэля імгненна насупілася:
– Так, пані Наталля! Досыць нам галаву дурыць! Мне і Малімонцы заўтра на працу чуць свет. Нам няма калі вылежвацца!
На вуліцы ўжо і праўда прыкметна шарэла. Пара разыходзіцца. Пакуль расплаціліся, пакуль нафатаграфаваліся з усімі хлопцамі і дзяўчатамі ў вышыванках разам і паасобку, зусім сцямнела. На мае напаміны пра позні час Адэля адрэзала:
– Я абяцала, што не толькі разбяруся з валошкамі-сімваламі, але і фотасесію зраблю не горшую за вашу!
Пакуль брылі да фермы, Адэля незадаволена бубнела сабе пад нос. Ля дзвярэй у загончык Малімонка, пазяхаючы, адвіталася і пайшла спаць. І тут Адэлю прарвала:
– Толькі і чуеш ад вас цэлы вечар: васількі-валошкі, валошкі-васількі, сімвал-эмблема… А некаторыя лічаць вашыя васількі пустазеллем, якое смокча сілы з жытнёвага поля! – Адэля крута развярнулася і бразнула дзвярыма проста перед маім носам.
Я толькі плячыма паціснула. Ну што тут зробіш: зноў не авечкі былі ўгаранаваныя. Гэта заўсёды засмучае Адэлю.
А дома мяне чакаў сюрпрыз. Пакунак з печывам “Васілёк” і “Васілінка”. Відаць, Адэля цішком пакінула яго тады, калі выманьвала мяне на квэст. Што ні кажыце, а сённяшні вечар быў цудоўным, падумалася мне. І раптам сярод пачастункаў я заўважыла цыдулку ад Адэлі:
“Пані Наталля! Я вельмі хацела купіць для вас валошкавае марозіва. Аббегла ўсе крамы: нідзе няма. Прабачце! Вам давядзецца паверыць мне на слова: яно неверагодна смачнае! Самае смачнае марозіва ў свеце!”
Я ўздыхнула:
– Шкада, што мне не давялося пакаштаваць блакітны валошкавы цуд...
А сярод ночы мяне падняў тэлефонны званок:
– Спадарыня Наталля, а сімвал можна скрасці? – устрывожана запыталася авечка.
– Што ты маеш на ўвазе, Адэлька?
– Я вычытала ў інтэрнэце, што васілёк з’яўляецца сімвалам Эстоніі. Выходзіць, мы свой сімвал праспалі?
– Не, Адэлю, – супакоіла я прыяцельку. – Здараецца, розныя народы аддаюць пашану аднаму і таму ж сімвалу. Але яго вобраз усё адно мае некаторыя адрозненні ў кожнай краіне. Таму спі сабе спакойна: пакуль мы помнім пра свае васількі-валошкі, яны з намі!
– Вы мяне супакоілі, спадарыня Наталля! – з палёгкай уздыхнула Адэля. – Толькі ж не забудзцеся: нам яшчэ фоткацца з ручнікамі і самалётам. І на жытнёвым полі з валошкамі. Яны прыгожыя! І няхай толькі хто паспрабуе назваць іх простым пустазеллем!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by