Беларусь незвычайна багатая на яркіх і асэнсаваных мастакоў. Тэмы, ідэі і вобразы, якія беларускія майстры ўкладаюць у свае творы, вечныя і дарогя народу. Кожны рэгіён па-свойму адлюстроўваецца ў культуры краіны, дзякуючы чаму можна бачыць душу народа. Так насычаюць фарбамі беларускую культуру і творы мастакоў Гомельскай вобласці.
Гомельшчына — утульны, цёплы беларускі край, які неаднойчы апавяўся ў песнях мсцовых жыхароў, часта гучыць у вершах сучасных беларускіх паэтаў, яго куточкі пераносілі і пераносяць на свае палотны мастакі. Аднам словам, гэты рэгіён багаты на таленты.
30 ліпеня ў Палацы мастацтва адбылося адкрыццё мастацкага праекта Гомельскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, які называецца вельмі сімвалічна «Род Гомельскі».
Усё наша сучаснае жыццё практычна на кожным кроку да мяжы напоўнена разнастайнымі медыя. Сацсеткі, тэлебачанне, рэклама на вуліцы – мы ўвесь час падвяргаемся шквалу візуальных вобразаў, з якімі нам даводзіцца ўзаемадзейнічаць, хочам мы гэтага ці не. Мы ўбіраем ідэі і творчыя тэндэнцыі, якія з’яўляюцца ў розных кутках свету і імкліва распаўсюджваюцца праз інтэрнэт. Як сярод усёй гэтай разнастайнасці прымусіць сябе сфакусавацца на тым, што сапраўды блізка? Як выбіраць вартае ўвагі і захаваць аўтэнтычнасць свайго ўласнага творчага бачання? Вельмі тонкая, практычна эфемерная, але такая важная матэрыя – культурны код… І дадзеная выстаўка менавіта пра гэта, культурную адметнасць.
Праект «Род Гомельскі» – гэта разважанне аб жыцці з пункту гледжання агульнасці людзей, якія думаюць па-рознаму, але маюць у душы нешта агульнае. Што гэта? Генетычная памяць? Школа? Светапогляд, выхаваны лакальным соцыумам? Што для нас важна – цытаванне створанага раней, інтэрпрэтацыя гэтага ці наадварот – поўнае адмаўленне і пошук зусім новага? Вопыт уласных памылак ці сляпая ўпэўненасць у сваёй творчай правасці? Атрымаць адказы на гэтыя пытанні можна наведаўшы праект «Род Гомельскі».
— Беларускі саюз мастакоў заўсёды намагаецца далучаць да ўсіх вялікіх выставак і акцый мастакоў з рэгіёнаў, тым болей у структуры саюза ёсць абласныя арганізацыі. Сёння мы гаворым пра Гомельшчыну. Думаю, на далейшых прэс-канферэнцыях мы пагаворым і пра іншыя рэгіёны Беларусі, — адзначыла намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч на прэс-канферэнцыі да выстаўкі. — Ініцыятарамі праекта «Род гомельскі» сталі нашы гомельскія мастакі, якія падрыхтавалі яе яшчэ ў мінулым годзе і нават паспелі паказаць у залах палаца Румянцавых-Паскевічаў. На выстаўцы прадстаўленыя і кераміка, і скульптура, і жывапіс, і графіка, і камп’ютарная графіка пяцідзесяці сямі мастакоў. Для плаката мы выбралі работу гомельскай мастачкі Святланы Наздрын-Платніцкай — яна ўбачыла Гомельшчыну яркай, сонечнай, дзе з’ядноўваюцца тры стыхіі: неба, зямля і вада. Разнастайнасць праекта — гэта і асаблівасць рэгіёна. Гомельшчына — і Палессе, і Ветка з яе ўнікальнай культурай. Там нарадзілася шмат творцаў, якія паўплывалі на фарміраванне мастацтва Беларусі.
Калі казаць пра культуру Гомельшчыны, нельга абысці адлюстраванне ў ёй тэмы чарнобыльскай трагедыі. «Маю маленькую радзіму закапалі ў зямны шар», — вымавіў на прэс-канферэнцыі вядомы мастак Уладзімір Васюк. Яго родны пасёлак, што ў Хойніцкім раёне, апынуўся ў зоне адсялення. Да 20-годдзя чарнобыльскай трагедыі мастак зрабіў памятны знак «Укрыжаваная вёска», на ім надпіс — «Маленькай радзіме ад удзячных жыхароў».
Згадаем народнага мастака Беларусі Гаўрылу Вашчанку, які адлюстраваў малую радзіму на сваіх палотнах; мастака, доктара мастацтвазнаўства Віктара Шматава, які з вялікім болем успрыняў чарнобыльскую трагедыю, што закранула яго малую радзіму, і лічыў сваёй місіяй сабраць прадметы мастацтва ў забруджаных раёнах. Мастакі — ураджэнцы Гомельшчыны, той жа Віктар Барабанцаў, паехалі туды пасля чарнобыльскай трагедыі, каб адлюстраваць, што адбываецца.
Знамянальна, што выстаўка адкрылася ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі. Нядаўна Гомельская арганізацыя Беларускага саюза мастакоў арганізавала праект, прысвечаны трагедыі канцлагера Азарычы. У выстаўцы, якая называлася «Чорныя зоры», узялі ўдзел мастакі розных пакаленняў, у тым ліку і шмат маладых аўтараў.
«Род Гомельскі» — гэта больш за 50 мастакоў Гомельскага рэгіёну, якія працуюць у розных тэхніках і напрамках: ад рэалізму да абстрактнага жывапісу, ад наіўнага мастацтва да сур’ёзных даследаванняў надзённых праблем, ад этнічных матываў да падарожжа па касмічных светах... І ўсё гэта звязана тонкай, але такой моцнай ніткай Гомельскага роду...
Няўлоўнае зачараванне. Фотавыстаўку Анатоля Каляды прадставілі ў Мінску
Агульнавядомы навуковы факт — зносіны з жывёламі зніжаюць узровень стрэсу і зараджаюць станоўчымі эмоцыямі. У Беларусі ёсць нямала месцаў, дзе за звярамі можна не проста паназіраць, але і пагладзіць, і пакарміць іх
«Слушна» прапануе карысную падборку паркаў з жывёламі, дзе вы зможаце адпачыць усей сям’ёй і атрымаць незабыўныя эмоцыі.
Гродзенскі раён, в. Каробчыцы
«Гарадзецкi маёнтак «Каробчыцы» — гэта старажытная шляхецкая сядзіба ў стылі 19 стагоддзя. Тэрыторыя комплексу займае 54 гектары. Вялікая частка маёнтка — запаведнік, таму патрапіць туды можна толькі на брычцы, фаэтоне або дыліжансе.
Комплекс уключае 5 вадаёмаў, кожны з якіх заселены рыбай. А вакол — масткі, альтанкі, клумбы. На тэрыторыі комплексу жыве шмат жывёл. Частка з іх жыве ў міні-заапарку, а частка знаходзіцца ўнутры запаведнай тэрыторыі на вольным выпасе.
У самым цэнтры маёнтка свабодна гуляюць алені, казулі, лані, камерунскія козы, які і кабаны. А ў вальерах міні-заапарка жывуць больш экзатычныя жывёлы і птушкі: вярблюдзіца, кенгуру ды іншыя. Некаторых звяркоў дазваляецца пагладзіць і нават пакарміць, але толькі кормам, набытым на тэрыторыі комплексу.
Мінская вобл., Пухавіцкі рённ, аг. Сяргеевічы
На тэрыторыі гатэля раскінуты французскі парк у 25 гектараў са святломузычным фантанам і міні-заапаркам з вялікай колькасцю цікавых і рэдкіх жывёл.
У заасадзе жывуць паўночныя і плямістыя алені, белыя паўліны, рысі, яноты-паласкуны, венцаносныя жураўлі, дагестанскія туры, палярныя совы, ваўкі і яшчэ шмат іншых жывёл і птушак. Звяроў тут можна карміць, але толькі кормам, набытым на рэсэпшэне гатэля. Адпраўляючыся на шпацыр у заапарк, удакладніце на сайце парк-гатэля ці не будзе зачынена яго тэрыторыя для правядзення пэўных мерапрыемстваў.
Па-першае, уражвае дата стварэння заапарка — 1927-й год. Па-другое, доўгія гады гэта было адзінае месца ў краіне, дзе можна было ўбачыць дзікіх жывёл накшталт леапардаў і тыграў.
А пачыналася ўсё з завуголка пры мужчынскай гімназіі ў Гродне. Там налічвалася ўсяго 17 відаў жывёл. А самым першым жыхаром лічыцца звычайны бабёр, якога асабіста прывёз ініцыятар стварэння заапарка ў Гродне Ян Каханоўскі. Па легендзе, ён атрымаў тэлеграму аб параненай жывёле. І, па сутнасці, выратаваў бабра ад немінучай смерці.
Цяпер у Гродзенскім заапарку налічваецца больш за тры тысячы жывёл – дробныя і буйныя драпежнікі, капытныя, рэптыліі, птушкі…
Пухавіцкі раён, а/г Дукора, вул. Школьная, 15
«Дукорскі маёнтак» — старажытнае месца, якім некалі валодалі вядомыя ўсім Сапегі і Агінскія. На тэрыторыі комплексу аўтэнтычных майстэрняў знаходзяцца гамарня, заапарк і, вядома, знакаміты перавернуты дом.
У сядзібе ёсць заасад, які налічвае каля паўсотні жыхароў. Тут можна ўбачыць не толькі жывёл сельскага двара — гусей, свіней, курэй, коз, авечак, аслоў, трусоў, але і экзатычныя віды - вярблюда, страусаў, паўлінаў, якаў, аленяў, ваўкоў, лань. Жывёл можна карміць.
1,5 км. ад в. Станькава, Дзяржынскага раёна, Мінскай вобласці (дарога Самахвалавічы — Негарэлае)
Цэнтр уключае ў сябе вялікі комплекс тэматычных пляцовак: заасад, канеферму, ваенна-гістарычны комплекс «Партызанскі лагер», гасцявыя домікі, кафэ і многае іншае.
У заасадзе прадстаўлена звыш 40 відаў птушак і млекакормячых. Тут можна ўбачыць страусаў, фазанаў, паўлінаў, больш за 15 відаў курэй, ліс, янотаў, зуброў, якаў, высакародных і плямістых аленяў, лам, муфлонаў, тыграў, рысь, льва, а таксама неверагодных сябровак мядзведзіцу Васілісу і сабачку Анфісу.
Усе жывёлы размешчаны ў сваіх прасторных асобных вальерах.
Брэсцкая вобл., Баранавіцкі раён, в. Дэколы, вул. Бярозавая, д. 4
«NatUrlich» — унікальнае месца, аналагаў якому ў Беларусі цяжка і ўзгадаць. Аграсядзіба належыць сямейнай пары. Акрамя заасада на тэрыторыі сядзібы ёсць дом са спальным пакоем і кухняй з усёй неабходнай тэхнікай.
Для таго, каб пазнаёміцца з насельнікамі заапарка, не абавязкова арандаваць жыллё. Сюды можна прыехаць на некалькі гадзін і ўдосталь пагуляць са звяркамі. У вальерах жыве каля 40 жывёл: авечкі, козы, фазаны, гусі, куры, яноты, лісы. У заапарку ёсць і экзатычныя звяры: афрыканскія страўсы, поні, альпакі, насухі, рысі, ваўкі, яноты, дзікабразы і нават тыгр.
У «NatUrlich» са звяркамі можна не толькі пакарміць, але і сфатаграфавацца з імі, пагуляць, пагладзіць. У якасці пачастунка для жывёл пойдзе чыстая, пажадана, парэзаная гародніна і садавіна, батон, хлеб. А калі захочаце пакарміць рысь, ліс, ваўкоў, куніцу, харкоў ці насух, падыдзе грам 100 любога мяса без косткі. Бярыце з сабой смачнасці і прыязджайце.
Сюды варта зазірнуць хаця б таму, што гэта максімальна набліжанае да натуральнага асяроддзе пасялення жывёл. Толькі ўявіце: запаведнымі гэтыя мясціны сталі яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя!
Як гаворыцца ў апісанні, прыродаахоўная ўстанова «Бярэзінскі біясферны запаведнік» займае тэрыторыю больш за 108 гектараў, 12 з іх выдзелілі заапарку.
Насельнікаў тут адносна няшмат: 22 дзікіх звяроў, шэсць птушак і 75 хатніх жывёл. Таксама на гэтай тэрыторыі жывуць алень, лань, дзік, казуля, ліса і янотападобны сабака.
Віцебская вобл., Браслаўскі р-н, х. Ядзішкі
«Хутар Ёдзішкі» — унікальны праект, аналагаў якому няма ва ўсім СНД. Гэта сямейная арганічная ферма з гісторыяй. Тут у гасцей ёсць магчымасць цалкам пагрузіцца ў вясковае жыццё: паспрабаваць сябе ў ролі сапраўднага фермера, а таксама атрымаць асалоду ад смаку натуральных экалагічна чыстых прадуктаў.
На ферме шмат розных жывёл. Некаторыя з іх знаходзяцца на вольным выпасе. Козы, авечкі, трусы свабодна разгульваюць па хутары і часта праяўляюць да гасцей вялікую цікаўнасць. Іх можна пагладзіць і пакарміць. Экскурсія па ферме не з'яўляецца асобнай паслугай, а ўваходзіць у агульную праграму адпачынку на «Хутару Едзішкі».
Аднак, па папярэдняй дамоўленасці гасцінныя гаспадары з радасцю правядуць адмысловую экскурсію, нават калі вы не плануеце арандаваць домік. Дадайце да гэтага шпацыр па прыгожых месцах і неверагодна смачную вячэру ў сямейным рэстаране вясковай кухні, дзе гатуюць з арганічных прадуктаў, вырашчаных сваімі рукамі.
вул. Арлоўскага, в. Буйнічы, Магілёўскі раён
Заасад у прыгарадзе Магілёва — не толькі адна з найцікавейшых славутасцяў рэгіёну, але і па-свойму ўнікальны парк жывёл на тэрыторыі Беларусі. Ён адкрыўся ў 2005 годзе як навучальная лабараторыя Магілёўскага агралесатэхнічнага каледжа імя Арлоўскага. Па задумцы, якую яшчэ з 1990-х выношваў яго дырэктар Георгій Маліноўскі, менавіта тут будучыя леснікі і егеры атрымалі магчымасць вывучаць звычкі жывёл, даглядаць іх, вучыцца шанаваць і берагчы прыроду.
Сёння на плошчы каля 160 гектараў у натуральных умовах вялікіх вальераў жывуць зубры, алені, лані, казулі, ласі, у малых вальерах — рысь, тыгр, мядзведзь, ваўкі, лісы, янотападобныя сабакі... Усяго тут больш за 300 асобін.
Акрамя таго, найважнейшая задача Магілёўскага заасада — рэабілітацыя жывёл, якія хворыя альбо трапілі ў бяду.
Візітка заасада — падарожжа на міні-цягніку па чыгунцы. Сафары-маршрут за некалькі кіламетраў пралягае ўздоўж вялікіх вальераў, дзе на волі жывуць буйныя лясныя насельнікі. Таксама пасажыры могуць палюбавацца цудоўнымі краявідамі і ўбачыць разгалінаваную сістэму каньёнаў, якія з'явіліся на гэтай тэрыторыі яшчэ падчас ледніковага перыяду. Частка аднаго з іх пераўтворана ў маляўнічы вадаём, які насяляюць прадстаўнікі вадаплаўнай фауны.
Таксама ў Магілёўскім заасадзе створаны кантактны заапарк, насельнікаў якога дазволена карміць садавінай і агароднінай, гладзіць і нават браць на рукі.
Беларусь і Татарстан доўгі час маюць сяброўскія адносіны ў розных напрамках дзяржаўнасці. Дзякуючы такому стаўленню, у краін існуе шмат агульных праектаў, якія карыстаюцца поспехам.
Так, 25 ліпеня ў Нацыянальным гістарычным музеі адбылося адкрыццё выстаўкі «Жывая нітка традыцый», прысвечаная Татарстану.
Экспазіцыя з'яўляецца сапраўдным культурным паглыбленнем у свет дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Татарстана. Гэта выдатная магчымасць акунуцца ў атмасферу татарскай культуры і атрымаць асалоду ад унікальных твораў мастацтва.
Аснову праекта складаюць вырабы сучасных майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод іх узоры скураной мазаікі, ткацтва, вышыўкі, карункапляцення, мастацкай керамікі, а таксама ювелірныя вырабы. Цэнтральны ж экспанат выстаўкі — вышытая карта Татарстана, якая ўпершыню экспануецца за межамі Расіі. Над гэтай картай працавалі 200 майстрых з усіх раёнаў татарскай рэспублікі.
— Гэтая выстаўка дазваляе пазнаёміцца з татарскай культурай. Тут ёсць сюжэтныя і жанравыя фатаграфіі канца XIX-XX стагоддзяў і гістарычныя касцюмы народнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі нашай рэспублікі. Усяго іх 137, — падкрэсліла на адкрыцці праекта генеральны дырэктар Нацыянальнага музея Татарстана Аліса Вяткіна. — Мы з'яўляемся прыкладам рэспублікі, дзе людзі розных народнасцей і канфесій захоўваюць свае традыцыі і пры гэтым паважаюць традыцыі іншых краін. Наведвальнікі нашай выстаўкі змогуць больш даведацца аб тэхналогіі вытворчасці вырабаў народных промыслаў.
Экспанаты выстаўкі расказваюць аб трох асноўных этнічных групах, якія пражываюць на тэрыторыі Татарстана: цюрках (татары, чувашы), славянах (рускія) і фіна-уграх (удмурты, марыйцы, мардва). Апроч вырабаў традыцыйных мастацкіх промыслаў, культурная своеасаблівасць і асаблівасці жыццёвага ўкладу кожнага народа знаходзяць адлюстраванне ў гістарычных касцюмах, узноўленых на аснове сапраўдных прадметаў з музейных фондаў.
Мастацкім рашэннем выстаўкі сталі ніткі чырвонага і зялёнага колераў. І гэта не выпадкова. Менавіта гэтыя колеры прысутнічаюць у сцягах абедзвюх рэспублік, сімвалізуючы сувязь паміж Беларуссю і Татарстанам.
Як адзначыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой, летась у ліпені Нацыянальны гістарычны музей прадстаўляў этнаграфічную выстаўку ў Казані, а зараз беларусы могуць пазнаёміцца з татарскай культурай. «Мы ставілі ў тым ліку задачу паказаць пранікненне іншых культур і этнасаў у беларускі этнаграфічны касцюм і абрадавае жыццё грамадства і разнастайнасць нашых рэгіёнаў. Рэспубліка Татарстан на гэтай выстаўцы прадстаўлена па такім жа прынцыак, на ёй паказана нацыянальная разнастайнасць рэгіёна».
Выстаўка працягне працу ў Мінску да 25 жніўня. Партнёрам праекта выступае Рэсурсны цэнтр укаранення інавацый і захавання традыцый у сферы культуры Рэспублікі Татарстан.
Няўлоўнае зачараванне. Фотавыстаўку Анатоля Каляды прадставілі ў Мінску
Анатоль Каляда — сапраўдны мэтр фотамастацтва, на здымках якога захаваліся вялікія як для гісторыі свету, так і краіны, асобы і падзеі. Яго аб’екыў нібы застылая памяць захаваў тое, што немагчыма проста апісаць абыякавымі словамі. Гэта спадчына, якая застанецца назаўжды з намі.
У ліпені у Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбылося адкрыццё выстаўкі фатаграфіі «Легенды» з прыватнага архіва Анатоля Данілавіча. Праект быў падрыхтаваны сумесна з Беларускім грамадскім аб'яднаннем фатографаў.
Выстаўка прысвечана творчасці фотакарэспандэнта Анатоля Каляды, які прысвяціў усё жыццё фатаграфіі і пакінуў найбагацейшы архіў, частка якога і прадстаўлена ў экспазіцыі. Ён працаваў у выданнях «Знамя юнасці», «Літаратура і мастацтва», «Роднае слова», у часопісе «Нёман», на беларускім тэлебачанні.
Якой звыклай і нескладанай справай сёння стала для нас тое, што яшчэ нядаўна лічылася амаль чараўніцтвам. Як проста зараз «спыніць імгненне», захаваўшы яго на камеру мабільнага тэлефона.
Сучаснаму фатографу, які ні разу не здымаў на плёнку, цяжка ўявіць усе асаблівасці здымкі «іншай» фатаграфіі, дзе няма магчымасці паглядзець, ці добра знята, ці дакладна абраны ракурс і ці ўсе дэталі патрапілі ў кадр. Даведацца пра гэта можна толькі пасля праяўлення плёнкі.
У фотакарэспандэнтаў савецкага часу было з сабой некалькі фотаапаратаў з рознымі аб'ектывамі і ўсталяванай фотастужкай рознай святлоадчувальнасці. Для таго, каб спраўляцца з гэтай няпростай тэхнікай, патрэбны быў адмысловы спрыт і нюх.
Менавіта такім фотакарэспандэнтам быў Анатоль Каляда, які ўсё жыццё прысвяціў фатаграфіі і пакінуў нам найбагацейшы архіў, частка якога прадстаўлена на выстаўцы «Легенды». Больш прыдатную назву для гэтага праекта, мусіць, складана прыдумаць. З чорна-белых фатаграфій глядзяць на нас людзі, імёны якіх залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю нашай краіны: Пётр Клімук, Міхаіл Савіцкі, Заір Азгур, Расціслаў Янкоўскі, Леанід Левін, Гаўрыла Вашчанка, Валянцін Елізар'еў, Анатоль Анікейчык і іншыя вядомыя асобы.
Сярод мноства фатаграфій няма ніводнага пастановачнага кадра, і ў гэтым вялізная каштоўнасць прадстаўленых на выстаўцы работ. Мы не проста бачым чалавека на здымку, мы пераносімся ў іншы час, мімаволі апускаемся ў савецкую эпоху, нібы не мінула з тых часоў паўстагоддзя.
Куратар выстаўкі, намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб'яднання фатографаў Алена Данброва на пытанне аб унікальнасці архіваў адказала: «Назва фотавыстаўкі максімальна дакладна перадае змест. Дастаткова проста паглядзець на афішу, на якой намаляваны сапраўдныя легенды. Усіх гэтых асоб змог захаваць на сваіх здымках для будучых пакаленнях Анатоль Каляда».
Фатаграфія для Анатоля Каляды была яго жыццём, натхненнем і прафесіяй. Майстар не проста фіксаваў — ён перадаваў настрой, атмасферу, няўлоўнае зачараванне моманту. Менавіта таму да слова «фатограф» абавязкова хочацца дадаць слова «мастак». Мастак, які пакінуў нам на памяць замалёўкі аб падзеях і людзях, што сталі ўжо гісторыяй, якой сёння мы можам ганарыцца.
У выставачным комплексе Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура адкрылі персанальную выстаўку мастака Ігара Нікалаенкі «Мне не сумна».
Ігар Нікалаенка — малады аўтар, які развіваецца ў плыні канцэптуальнага мастацтва. Яго творы — тонкія выказванні пра штодзённасць, якую мастак ператварае ў крыніцу натхнення. Асноўныя напрамкі мастацтва аўтара: фатаграфія, арт-аб'ект, плакат, перфоманс. У яго работах заўсёды прысутнічае зазор для інтэрпрэтацыі, іншае дно, абшар для дадатковых сэнсаў, якія глядач можа прааналізаваць, калі захоча. Творца любіць рэальны свет і лічыць яго чароўна цікавым і пазнавальным для сябе і наваколля.
Выстаўка выдатна падыходзіць для мяккага знаёмства з сучасным канцэптуальным мастацтвам. Яна абсалютна дакладна дэманструе нам, як выглядае сёння маладое мастацтва ў краіне, і наколькі гэта мастацтва шматграннае, глыбокае і цікавае.
Мастацтва для Ігара Нікалаенкі ў глабальным сэнсе слова — гэта магчымасць развівацца, а значыць, жыць паўнавартаснае жыццё. Ён шырока паглыбляе нас у свет уласнай свядомасці і дапамагае адчуць тую самую энергію маладосці і натхнення, якой, бывае, проста не хапае ў жыццёвай мітусні.
Асноўны працэс творчасці мастака — гэта назіранне за светам і чалавекам, за самім сабой. Ён вывучае матэрыял, гісторыю і разважае.
Часам яго мастацкія пошукі займаюць тыдзень, часам некалькі год. Аўтар упэўнены, лепш зрабіць менш, але лепей, ён за якасць, а не за колькасць, а таксама ён умее чакаць і жыць у стане спакою.
Ігар Нікалаенка ў сваёй творчасці выкарыстоўвае некалькі ўзроўняў разумення. Ключы да разумення знаходзіць у «нагляднасці», самаадукацыі і пачуццёвасці гледача, а не ў тлумачэннях сэнсу работы.
Сімвалізм карцін Ігара Нікалаенкі ўзмацняе культурная кадыфікацыя колеру. У сваёй унутранай логіцы ён звяртаецца да розных этапаў развіцця чалавека як асобы. У яго творчасці карціна свету — рэальнага і абстрактнага — увасабляецца ў магчымасць для гледача выбраць для сябе свой асаблівы свет, дзе будзе камфортна, утульна і прыгожа.
Выстаўка мастака будзе цікавая прадстаўнікам розных пакаленняў. Творчая моладзь зможа дакладна адчуць ідэнтэфікацыю ў думках, разважаннях, магчыма, поглядах на будучыню. Больш дарослая публіка атрымае магчымасць пазнаёміцца з цікавым мысленнем аўтара і зразумець, наколькі моцна сёння працуе энергія ў чалавеке, калі ён натхнённы. Па работах Ігара заўважна, гэта энергія проста невычэрпная.
Убачыць праект можна па адрасе завулак Северна 15А. Куратар выстаўкі — Надзея Хмыль
Сапраўдны рай на Зямлі. Чаму варта наведаць Музей беларускай маляванкі
Макаронныя гнёзды з фаршам гатуюць па мностве розных рэцэптаў. Аўтар вырашыла прыгатаваць у духоўцы. Такая страва — незвычайная падача для людзей, якім падабаюцца макароны з катлетамі альбо з мясам.
Макароны ёсць рознай формы і памеру, аўтар выкарыстоўвала тонкія спаггеці, вы можаце выбраць менавіта такія, якія вам больш даспадобы. Форму для выпечкі можна выкарыстоўваць і керамічную, у ідэале трэба, каб яе борцікі былі вышэй за страву, якая будзе запякацца.
Рэцэпт духмянай стравы з фаршам у духоўцы прапануе блогер Святлана Карніцкая.
Падрыхтуйце неабходныя інгрэдыенты. Пастаўце кіпяціць ваду для макарон ў рондаль.
У гэты час нарэзаць кубікам адну цыбулю. У фарш дадаём соль, перац молаты, папрыку. Змешваем.
Калі закіпела вада, апускаем макароны ў падсолены кіпень. Вада павінна быць вышэй макарон не больш, чым на 2-3 см. Варым іх прыкладна 1-2 хвіліны, каб макароны не разварыліся цалкам.
Гэтага часу будзе дастаткова, каб гнёзды сталі больш мяккімі і падатлівымі для фаршыроўкі. Дастаём іх акуратна з вады і перакладаем у форму для запякання.
Да фаршу дадаем нарэзаную дробнымі кубікамі цыбулю, яйка. Добра змешваем.
Пакінутую цыбуліну нарараем кубікамі і моркву надзіраем на тарцы. Абсмажваем цыбулю ў раслінным алеі на патэльні. Затым праз пару хвілін дадаём моркву, і абсмажваем, змешваючы да мяккасці.
Дадаем да гародніны таматавую пасту і смятану і тушым усё разам яшчэ пару хвілін пад вечкам.
Тонкім струменьчыкам уліваем гарачую ваду (можна выкарыстоўваць ваду пакінутую пасля варэння макаронаў), дадаем па смаку соль, молаты перац, даводзім да кіпення і здымаем падліўку з агню.
Пераходзім да напаўнення гнёздаў. Злёгку рассоўваем сярэдзінку гнязда і напаўняем іх фаршам.
Зверху паліваем макароны з фаршам таматава-смятаннай падліўкай так, каб яна пакрыла страву.
Зрабіце на кожным гняздзе шапачку з цёртага сыра.
Накрываем форму фольгай і запякаем у духоўцы пры тэмпературы 180 градусаў каля 40-45 хвілін. За некалькі хвілін да гатоўнасці можна фольгу прыбраць, каб сыр зверху падрумяніўся.
Гнёзды з фаршам у духоўцы гатовыя.
Смачна есці!
Рэцэпты сакавітых катлет ад блогера. Падборка самых нечаканых інгрэдыентаў
Вядучы майстар сцэны, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Мікалай Сцешыц сёлета адзначае шэраг юбілеяў. Па-першае – 30 гадоў творчай дзейнасці ў Магілёўскім тэатры лялек, а па-другое – вясной артыст адзначыў сваё 55-годдзе.
Карэспандэнт «Слушна» Надзея Зуева сустрэлася з Мікалаем Арсеньевічам і давадалася шмат цікавых момантаў з яго жыцця і прафесійнай дзейнасці.
– Я заўсёды ведаў, што буду акцёрам. Вырашыў паступаць пасля дзявятага класа. Сказаў маці, што ўсё, далей вучыцца ў школе не буду – пайду ў тэатральнае вучылішча. (Лічу, лепш займацца тым, чым хочаш.) Паехаў у Днепрапятроўск: бо ў нас не было такіх вучылішч. Паступіў на акцёра тэатра лялек. Для мяне гэта цікавей, чым быць акцёрам драматычнага тэатра. Падчас вучобы растлумачылі – акцёр тэатра лялек атрымае нашмат больш у параўнанні з акцёрам «драмы». Напрыклад, у нас была ўзмоцненая пластычная адукацыя. Лічу, той багаж ведаў, які я атрымаў, мяне вядзе ў працы і да гэтай пары.
Усе мае родныя жывуць у Любані. Уяўляеце, які фурор здарыўся, калі паступіў у тэатральнае вучылішча! Мама ганарліва хадзіла па нашым гарадку, хоць спачатку і не вельмі хацела бачыць мяне артыстам (смяецца).
Калі казаць дакладней, у вучылішчы была не вучоба, а выхаванне чалавека як асобы, як акцёра. Памятаю, мы прыходзілі а восьмай раніцы, сыходзілі, бывала, а другой гадзіне ночы.
Мяне ўражваюць дагэтуль педагогі і рэжысёры, якія ў маленькіх дзецях, што праслухоўваюцца, умеюць вызначыць, каго ўзяць, а каго не. Памятаю сябе, калі паступаў: у шорціках, у цяльняшцы – зусім дзіцяці быў (усміхаецца).
Курс набраўся моцны. І калі ты быў прафнепрыдатны, то аб гэтым казалі, і ў лепшым выпадку пераводзілі ў «кульпрасвет». У нас было на курсе ўсяго 12 чалавек, а дайшло да канца толькі пяць. Адлічыць маглі за паводзіны. Мяркую, паводзіны – гэта важна. Не прыйшоў на экзамен, сарваў урок – гэта сто працэнтаў адлічэнне з вучылішча. Было вельмі строга.
Гады студэнцтва праляцелі незаўважна. Мае аднакурснікі зараз працуюць па ўсім свеце. Шмат з іх можна ўбачыць у расійскім кіно. Я ж не адчуваю цёплых пачуццяў да гэтага віду мастацтва.
Быць драмакцёрам мне нават лягчэй. Памятаю, калі вярнуўся з арміі, у той час было цяжка знайсці працу. У мяне атрымалася ўладкавацца ў Слонімскі драмтэатр. Потым быў Магілёўскі драматычны... І толькі наш абласны тэатр лялек стаў маім другім домам. Адчуваю сябе тут вельмі ўтульна.
– У нашым тэатры актыўна развіты эксперыментальны пачатак. Можна ўзгадаць таленавітых рэжысёраў, якія цудоўна ажыццяўлялі гэтую канцэпцыю. І цяперашні Ігар Казакоў – перспектыўны ў гэтым плане рэжысёр. Нам пашанцавала, што яго знакамітыя папярэднікі – і народны артыст Украіны Сяргей Яфрэмаў, і заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алег Жугжда, і іншыя творцы ставілі ў нас спектаклі. Мы і зараз сябе пазіцыянуем як эксперыментальны тэатр. Хоць праблема рэжысуры, вядома, стаіць востра. А рэжысура ў тэатры лялек – асаблівая.
— У мяне ніколі не ўзнікала пытання — хворы я, ёсць тэмпература — няма — заўсёды выходжу на сцэну. За свае трыццаць гадоў служэння мастацтву не было ніводнага бальнічнага. Праўда, летась адзін усё ж з’явіўся – і тое, настаялі. Сказалі: «Коля, досыць тваіх подзвігаў» (смяецца).
І сапраўды, калі выходзіш на падмосткі, знікае тэмпература, становіцца лягчэй. Памятаю, у спектаклі «Тры парсюкі» трэба было рабіць кульбіт. А ў мяне — страшэнныя ныркавыя колікі. Гледачу ж не растлумачыш.
У такіх выпадках трэба альбо мяняць прафесію, альбо ахвяраваць сабою. Вытрымцы і самадысцыпліне навучыла тэатральная школа. Цяпер, гляджу, моладзь разбэшчаная… Не ўсе вытрымліваюць: хтосьці зрываецца. Мяне ж гэтыя ўменні вельмі выручаюць. Трэба – значыць трэба. Устаў і пайшоў. І працуеш не на дзесяць-пятнаццаць працэнтаў, а на сто. Я заўсёды выкладваюся на рэпетыцыі, бо ведаю: тое, што напрацоўваю цяпер, вернецца ў будучым. Проста не змагу пасля ніжэй гэтай планкі апусціцца.
— Бываюць і белыя, і цёмныя палосы. Быў час, калі мы, акцёры, не ведалі, куды рухацца далей. Калі не было рэжысёраў. Натуральна, я нармальны чалавек, магу і дэпрэсаваць часам. А на сцэну трэба выходзіць бадзёрым, вясёлым, бо цябе чакаюць маленькія гледачы.
Маладым акцёрам стараюся дапамагчы. Аднак парад не даю – гэта справа няўдзячная. Навучыць нельга, а навучыцца можна. Хто жадае пазнаць майстэрства – падыходзяць, мы займаемся, нешта раю.
Нядаўна на гастролях, у Гродзенскім тэатры лялек, сустракаю свайго выпускніка, які вучыўся на драматычным аддзяленні. Кажу: «А чаго ты не ў драмтэатры?». А ён адказвае: «Вы так цудоўна расказалі пра “ляльку”, што вырашыў пайсці працаваць менавіта ў гэты тэатр». Вядома, прыемна.
Па жыцці мяне вяла толькі прафесія. Калі толькі прыехаў у Магілёў, адна карэспандэнтка спытала: «Мікалай, што для вас тэатр?» А я ляпнуў першае, што прыйшло ў галаву: «Тэатр – маё жыццё». Аднак гэта насамрэч так. Гэта і мая сям’я, і мае крыўды, і мае расчараванні.
У звычайным жыцці не стасуюся ні з кім. Сябе добра адчуваю толькі дома, у родных сценах. Я заўсёды ў тэатры – гэта для мяне дом. Разважаю, а можа, трэба было б жыць жыццём звычайнага чалавека: стварыць сям’ю, нарадзіць дзяцей? Але, напэўна, звар’яцеў бы. Займаюся тым, што падабаецца.
— Цікавасць дарослай публікі да лялечнага тэатра ёсць. Сказаў бы больш – яна нікуды не знікала. Часта прыязджаюць да нас гледачы з Мінска. У тым ліку на дзіцячыя спектаклі. У мяне нават была прыхільніца. Не ведаю, адкуль прыязджала, але заўсёды прывозіла незвычайныя сувеніры. Увогуле, дарослыя — тыя ж дзеці. Яны хочуць прыйсці і акунуцца ў гэтую атмасферу. Забыцца, што там, на вуліцы творыцца, ім трэба апынуцца ва ўтульным доміку. Мы стараемся падтрымліваць такую атмасферу ў тэатры. І калі думаеце, што тэатр лялькі толькі для дзяцей, то дарэмна. Губляеце для сябе шмат чаго.
— Я вельмі ўдзячны сваім родным, якія ўсе гэтыя гады падтрымлівалі мяне і дапамагалі. Калі б не яны, было б цяжка. І брату, і сястры, і маці вялікі дзякуй! Сястра з Масквы піша: «Брацік, ганаруся табой!». А гэта заслуга толькі маіх блізкіх.
У свой юбілейны год хачу пажадацьусім менш расчараванняў, засмучэнняў, поспеху ў пачынаннях і справах. А самае галоўнае — здароўя! Усім – родным, блізкім і сабе.
Фота прадстаўлена Магілёўскім абласным тэатрам лялек.
14 ліпеня ў гідралагічным заказніку Балота Мох адбылася сустрэча выпускнікоў 1984 года Міёрскай СШ №2
У пару майго маленства школы падзяляліся на «васьмігодкі» і «сярэднія» з васьмігадовым і дзесяцігадовым навучаннем адпаведна. Таму першы мой выпускны адбыўся ў 1982 годзе з Мілашоўскай васьмігадовай школы, другі – у 1984, з Мёрскай СШ №2. Для майго дальнейшага аповеду гэта істотная заўвага.
Мае аднакласнікі па Мілашоўскай васьмігодцы зладзілі два гады таму, у 2022 годзе, сустрэчу праз сорак гадоў. «Мы малодзенькія і харошанькія» – так назвала я расказ пра нашу сустрэчу, які друкаваўся ў раённай газеце «Міёрскія навіны». На яго адгукнуліся аднакласнікі-міёрцы, загарэўшыся сустрэцца таксама.
Мінула два гады. Яшчэ маладзейшыя і харашэйшыя, праз сорак гадоў пасля выпуску з Міёрскай СШ №2 сустрэліся і выпускнікі нашага 10-ага «А»!
Наш 10 «А» і светлай памяці класная кіраўніца Кававлевіч Ганна Львоваўна заўжды былі лёгкімі на пад’ём і ахвочыя да рознага крэатыву. Мы ладзілі агнявыя вечары, ездзілі на «Зарніцы», выпускалі сценгазеты, урокі беларускай і рускай літаратуры пачыналі з чытання лірычных вершаў…
Праз сорак гадоў праверылі: прага крэатыву і прыгодаў ад нас нікуды не падзелася! Пачалі абмяркоўваць фармат сустрэчы і вынайшлі самы незвычайны з магчымых.
Касю Казачонак (Карніцкую) сёння ведае і Беларусь, і замежжа як супер гіда па балотных прасторах гідралагічных заказнікаў Ельня і Балота Мох. Пра яе здымаюць фільмы, пішуць СМІ, яе называюць каралевай балотаў.
Грэх не скарыстацца нагодай і не папрасіцца на экскурсію да Касі, падумалася арганізатарам сустрэчы — і Кася з радасцю пагадзілася!
Апушчу падрабязнасці нашых доўгіх перапісак у чаце «Аднакласнікі», высвятленні падрабязнасцяў пра тое, як будзем накрываць стол… Выснова была такая: галодных зараз няма, на пачастунак кожны нешта прынясе да агульнага стала – і даволі. Прыгодаў жа зашмат не бывае! Ну, а дрэс-код задаваў фармат сустрэчы: убіраліся па паходнаму, замест абцасаў і наваксаваных чаравікаў аднакласнікі прыйшлі ў гумовіках.
Забягаючыся крыху наперад, скажу: арганізатары былі такія апантаныя авантурнай ідэяй, што трошкі не падумалі, ці ўсе маюць фізічныя сілы і здароўе скакаць па балоце. Магчыма, таму нас урэшце сабралася не шмат. А, магчыма, нас не сабралася б болей нават калі б мы прыбраліся па святочнаму і сустракаліся дзесьці ў кавярні – магчыма, прыйшлі б адны і тыя ж людзі. Было як было, астатняе невядома.
Вось пра тое як было і раскажу.
«Нас мало, но мы в тельняшках», — дакладна пра наш 10 «А» на сустрэчы.
Віктар Калкоўскі прыехаў з Фаніпаля. Я – з Мінска. Грэта Баравік (Катовіч) настойліва дабіралася з Міёраў.
Віктар уразіў усіх сваёй падрыхтоўкай. Адкрыў багажнік машыны, а там і мабільная лядоўня, і стол з крэсельцамі, і мангал, і вядро варыць юшку, і трынога пад яе, і пластыковыя кантэйнеры з усялякім начыннем: вадкае мыла, сурвэткі, торбачкі, запалкі… Усяго не пералічыць, скажу толькі – што б падчас нашага пікніка ні спатрэбілася, Віця як казачны чарадзей даставаў са сваіх скрынак і скрыначак у багажніку. У адказ на наша здзіўленне сцісла і сціпла адказаў, што дваццаць пяць гадоў службы ў войску (Віктар Калкоўскі – падпалкоўнік у адстаўцы), збораў і выездаў навучылі жыць у паходных умовах і быць гатовым да ўсяго. Ну і, канешне ж, найперш – самому вырашаць задачы і праблемы, якія ўзнікаюць.
Грэту мы ў балота не заманілі ніякімі пернікамі. Затое яна з Васілём Казачонкам, мужам Касі, ласкава пагадзіліся чакаць нас на хутары ў Храброве, варыць юшку з рыбы, якую навудзіла Кася загадзя, і смажыць шашлыкі.
Паколькі фармат сустрэчы не забараняў быць з мужамі і жонкамі, мой чалавек таксама быў з намі. Разам з ім і правадніцай Касяй наш атрад вандроўнікаў у чатыры чалавекі адважна рушыў насустрач прыгодам па Балоту Мох.
Мы ішлі да балотнага возера, а па дарозе Кася расказвала нам пра лес на подступах да балота, пра балотныя астравы, азёры, расліны і насельнікаў.
— Бачыце пацёртасці на дрэвах на рознай вышыні? – пытала Кася. – Тут чухалі спінкі дзікі і ласі… А вось гэтая нібыта простая дошка з расколінай – даўнейшая пастка на ваўкоў… Вось гэтая раслінка – шэйхсцэрыя балотная -- расце там, дзе пачынаецца дрыгва, таму будзьце пільнымі и не лезьце туды!
Вось сфагнум – мох з унікальнымі ўласцівасцямі. Ён мае бактарэцыдныя якасці, таму людзі здавён карысталіся ім як перавязачным матэрыялам. Сфагнум даўней выкарыстоўвалі і як памперсы.
Пад намі – дзевяць метраў торфу. Гэта значыць, Балоту Мох дзевяць тысяч гадоў, бо па аднаму міліметру на год прыбывае тарфянага слою.
Балота ў дваццаць разоў мацнейшы, чым лес, ачышчальнік паветра, – як з рога ўсяго многа сыпала цікавосткамі Кася…
Усе мы не ўпершыню былі на балоце. Усё ж выраслі на Міёршчыне і традыцыйна штовосень ходзім браць журавіны і брусніцы. Але паход з Касяй можна параўнаць з падарожжам па замежжы з перакладчыкам і экскурсаводам – ці без іх. Усюды можна проста круціць галовамі на бакі і карміць вочы. Але любое падарожжа куды цікавейшае, калі ёсць праваднік і тлумач. Пагатоў, такі як Кася – закаханы ў кожную травінку. Яна гаворыць з дрэвамі, травой, вадой. Ад іх, кажа Кася, яе дужасць і энэргія.
Падыходзім да высачэзнай елкі на балотным востраве. Кася расказвае, як калісьці разам з малымі сынамі ўзбіраліся на яе і ўсё Балота Мох бачылі як на далоні.
Подзвіг “елкалазання” паспяхова бярэцца паўтарыць Віктар Калкоўскі – ён у выдатнай фізічнай форме. Гонарам за аднакласніка поўніцца душа: якія нашы гады! Віця, ты герой!
Разам з Касяй мы зыбаліся на імху, хадзілі краем балотнага возера і, урэшце, скокнулі ў яго і паплылі! Шчыра скажу, рэдка з чым параўнальная стрэсатэрапія. Калі водарасці казычуць цела, прагрэты сонцам верхні слой вады грэе душу і цела, а ніжні, студзёны, працінае да дрыжыкаў, усе негаразды свету на нейкі час знікаюць.
Наперадзе ж яшчэ атракцыён па карасканню на бераг, якога ў балотнага возера, па сутнасці, няма! Чапляешся за падводныя карані раслінаў, упіраешся нагамі ў зыбкі мох, ледзь жывы вылазіш з вады – як нанва на свет нараджаешся. Праверана асабіста!
З балота выбраліся жывымі і не пашкоджанымі. Вяртаемся, і я распытваю Касю пра людзей, якія бываюць у яе. Ці можа яна назваць самых незвычайных гасцей? Сярод іх – і кітайцы, і афрыканцы, не кажучы ўжо пра беларусаў, расіян, еўрапейцаў.
—Была ў мяне жанчынка з чатырохмесячным немаўляткам, — расказвае Кася. – Яна яго нясе, пакорміць – і далей рушым. А яшчэ – жанчына, восемдзесят адзін год, былая альпіністка. Яна ўсё жыццё марыла пабываць на балоце і здзейсніла сваю мару, бо захавала выдатную фізічную форму, — дзеліцца Кася…
Нарэшце мы выбраліся з балота і паехалі на хутар Храброва, дзе стаіць хатка Касінай бабулі. Тут зараз гаспадарыць Кася. Цярпенне той часткі нашай каманды, якая засталася чакаць на беразе, проста жалезнае – мы доўга вандавалі. Грэта ж з Васілём чаравалі над юшкай і шашлыкамі.
А яшчэ нас чакаў сюрпрыз! Пакуль мы прападалі на балоце, да Храброва даехала наша аднакласніца Венера Новікава! Яна даўно жыве ў Швецыі, але часта бывае ў Беларусі. Вось і зараз супалі яе прыезд і сустрэча з аднакласнікамі. Да сустрэчы крыху пазней і анлайн далучылася наша чароўная Жаначка Касперская – мы перамаўляліся з ёй праз акіян, бо Жана даўно жыве ў Канадзе.
Далей – болей. Віктар Калкоўскі, які не стамляўся здзіўляць, датэлефанаваўся нашай настаўніцы матэматыкі Нэлі Мікалаеўне Бамбізавай і сілай сваёй пераканаўчасці ўгаварыў далучыцца да сустрэчы. Вось гэта быў сюрпрыз дык сюрпрыз!
—Я мела толькі паўгадзіны на зборы, — ківаючы на летні абутак, кажа наша настаўніца.
Як і раней, усмешлівая, па-юначаму гарэзлівая, хоць і пафарбаваная гадамі ў серабро, наша Нэлі Мікалаеўна ззяе і атуляе сваіх вучняў цёплымі ўспамінамі і мілымі сэрцу падрабязнасцямі.
Віктар Калкоўскі для яе найбольш пазнавальны ў профіль – бо памятае, як ён сядзеў за партай ля вакна і задумліва глядзеў у неба. Я найбольш выразна помнюся ёй у строгім чорным касцюме, калі выпадкова перасекліся ў Міёрах падчас маёй студэнцкай практыкі і я праводзіла яе да дому. Венеру і Грэту Нэлі Мікалаеўна хваліць за стараннасць і адказнасць… Яшчэ кажа, што памятае вочы кожнага з нас – якімі яны былі, калі мы глядзелі на класную дошку з-за партаў і якімі – калі стаялі ля дошкі і рашалі прыклады…
Ад гэтых дробязяў сціскаецца сэрца.
«Меньше всего любви достается нашим самым любимым людям…» – так спяваецца ў адной бардаўскай песні.
Гэта праўда. Не ўсе людзі адпачатку валодаюць разуменнем каштоўнасці тых, хто побач і поруч, з кім зводзіць жыццё па месцах нараджэння і вучобы.
«Сорак гадоў не сябравалі, не сустракаліся – і вось сабраліся, трэба сябраваць,» – пажартавала Грэта.
З песні слоў не выкінеш, што праўда тое праўда.
Але ж заўжды ёсць шанец паразумнець! Псіхолагі сцвярджаюць, што ў сталым веку, калі новыя сябры знаходзяцца і набываюцца цяжка – альбо не з’яўляюцца зусім – з’яўляецца шанец наладзіць страчаныя масты з сябрамі дзяцінства і юнацтва.
Мне здаецца, у нашай невялікай групы аднакласнікаў гэта атрымалася.
Былі і шчымлівыя згадкі пра школу і настаўнікаў, і юшка з рыбы, якую навудзіла Кася, і шашлыкі, якія смажылі Грэта і Васіль, і «Ламбада» з сапраўдным калумбійцам, якога завуць Оскар (апынуўся сярод нас, аднакласнікаў, і такі далёкі госць у фармаце “з мужамі і жонкамі можна”), і падарункі ад гаспадыні хутара Касі – слоікі мёду ад сваіх пчол, а яшчэ магніцікі, значкі і паштоўкі з выявай балотаў Мох і Ельня.
Пасля ўсёй кампаніяй рушылі да мяне ў Мілашова – паглядзець выстаўку нашай унучкі, юнай мастачкі Арыядны. Выстаўка ладзілася на тэрасе сямейнай мастацкай галерэі «Пуня». Пасля гасцей правялі з кароткай экскурсіяй па Ідолце і Мілашову…
Але і гэта не ўсё!
Ахвотных паглядзець загадкавыя маладзільныя камяні ў лясах Міёршчыны назаўтра раным-раненька Кася чакала ў сябе на сядзібе. Мы ўсталі на досвітку, каб зноў пусціцца ў вандроўку. Сустрэліся з Вялесавым камянём, пабачылі камень-лекар, куды здавён хадзілі ацаляцца людзі і нават жывёлы.
Струбніца і Пацавічы: аграгарадкі ў Гродзенскай вобласці, дзе ёсць лекавыя камяні
Пасля мне з сям’ёй трэба было вяртацца на Мінск, а Віктар, Кася і Венера ў Узмёнах сустрэліся з Людмілай Малец (Людачкай Анашка). Яна б хацела, але праз абставіны не змагла далучыцца да нас у Храброве. Што ж, як кажуць – калі гара не ідзе да Магамета, Магамет ідзе да гары…
У чат «Аднакласнікі» сыпаліся і сыпаліся фатаздымкі і цёплыя словы, падзякі адно адному за сустрэчу і падораныя цеплыню і эмоцыі.
Развітваліся – і абяцалі сустрэцца зноў. Наступным разам, відаць, у больш універсальным фармаце. Не ў балоце, а проста на зямлі. Не ў гумовіках, а ў наваксаваных чаравіках і туфліках на абцасах.
Усяк можна, абы жывыя і маладыя душой і сэрцам. Але тое, што адбылося – ужо назаўжды застанецца з намі.
Дзякуй, дарагія аднакласнікі! Дзякуй, сусвет, за дараваную магчымасць!
Адзін з самых чароўных момантаў нашай сустрэчы, падаецца мне – малады запал і фізічная рухавасць усіх удзельнікаў.
Наш фармат быў не за сталом пасядзець і пабяседаваць. Экспромт, сюрпрызы і нечаканасці суправаджалі нас на працягу дня. Усе вымушаныя ад’езды, вяртанні, змены ў планах і іх карэкцыя успрымаліся так арганічна і дабразычліва, што было сталае адчуванне супрацы ў камандзе, дзе адзін аднаго людзі разумеюць з паўслова.
Гэта вельмі крутое адчуванне! Каб яго перажыць, варта было і па балоту патэпаць, і на сушы паскакаць. Вельмі спадзяюся, што ў наступную сустрэчу аднакласнікаў паболее.
Яшчэ раз асобна ад усіх нас, аднакласнікаў, перадаю падзяку гаспадарам сядзібы – Касі і Васілю Казачонкам за іх гасціннасць і шчодрасць. Нэлі Мікалаеўне Бамбізавай – кланяемся і дзячым за гонар быць з вамі. Праз гады дасылаем словы падзякі і шанавання нашым настаўнікам СШ №2, перадаем прывітанне аднакласнікам, якія далучацца да нашай кампаніі ў наступны раз.
Да новых сустрэч, сябры!
Каханне — моцнае пачуццё ўласцівае чалавеку, літаральна ўсе рэлігіі свету трактуюць каханне, як пачуццё боскае. І, натуральна, у беларускага народа ёсць старадаўнія ўяўленні пра характар гэтага пачуцця, якія захаваліся ў вераваннях ды абрадах і нават — у камянях.
У першую чаргу гэта сакралізаваныя валуны. Некаторыя з іх нават маюць назву «Камень Кахання». Такія назвы атрымалі камяні, якія з’яўляюцца найбольш частым месцам паломніцтва маладых і закаханых. Каля такіх валуноў прызначаюцца спатканні нават у нашыя дні.
Паблізу Мінска, паміж вёскамі Крыжоўка і Малая Валоўшчына, каля лясной дарогі, за 0,3 км ад брамы садовага таварыства «Экран», ляжыць вялізны Камень Кахання. У старажытныя часы гэты валун меў культавае значэнне, якое з цягам часу трывала замацавалася ў народзе.
Лічыцца, што гэты камень дапамагае ўз’яднацца са сваёй другой палавінкай. Для гэтага трэба з добрымі думкамі дакрануцца да каменя, пажадаць яму дабра і толькі потым папрасіць аб патаемным…
Яшчэ адзін «Камень Кахання» ляжыць каля вёскі Доўжа Віцебскага раёна, ва ўрочышчы Баравінка, на правым беразе ракі Храпаўлянка. Паводле падання, некалі ў вёсцы жыла надзвычайнай прыгажосці дзяўчына. Каля каменя яна сустракалася з кавалём Сасноўскім. Аднойчы нейкі пан ўбачыў прагажуню і пасватаўся да яе. Бацькі дзяўчыны далі згоду, але закаханыя працягвалі сустракацца. Пан даведаўся пра гэтыя сустрэчы і загадаў забіць маладых, а іх целы кінуць у возера, з якога выцякала рака Храпаўлянка. Панскія служкі здзейснілі злачынства каля каменя і, як распавядалі, валун у тую ноч стаў чырвоным ад крыві, бо пан прыняў на сябе грэх забойства не толькі закаханых, але яшчэ і ненароджанага дзіцяці пары.
Недалёка ад сямейнага комплексу Путкамераў, у парку Гаёк каля вёскі Больценікі Воранаўскага раёна на Гродзеншчыне, ёсць невялікі валун з высечаным крыжам, яго называюць Камень Кахання ці Камень Марылі. Гаворка ідзе пра Марылю Верашчака, каханую дзяўчыну паэта Адама Міцкевіча. Як вядома, яна была заручана з Ваўжынцам Путкамерам, уладальнікам сядзібы. Закаханыя хадзілі на кароткія спатканні ў гай поруч з каменем. На адным баку вялізнага каменя выбіты крыж. Ёсць дзве версіі яго з'яўлення. Па першай, Марыля загадала выбіць крыж як сімвал сваёй тугі па каханаму. Па-другое, крыж — праца самога Адама Міцкевіча, ён выбіў яго пасля таго, як Марыля не прыйшла на іх апошняе спатканне. Раней увесну і ўлетку моладзь выкладала кветкамі сцежку да каменя.
У парку горада Брагін на Гомельшчыне ляжыць яшчэ адзін невялікі Камень Кахання. Легенда пра яго гаворыць, што тут сустракаліся Дзмітрый Самазванец з Марынай Мнішак, якая была сястрой ўладальніка палаца Канстанціна Вішнявецкага Грызэлі. Раней каля каменя стаяла альтанка і моладзь тут прызначала спатканні. Брагінскі валун з даўніх часоў лічыўся паклонным. Паводле павер’я, калі маладыя бралі шлюб, то абавязкова павінны былі пасядзець на камені і абмяняцца кавалачкамі ад яго. Тады, верылі нашыя продкі, муж і жонка будуць моцна кахаць адно аднаго.
У апошнія дзесяцігоддзі вельмі папулярным стаў Нявесцін Камень ці Рамбоўскі Камень каля вёскі Агароднікі непадалёк ад трасы паблізу Ашмянаў. З даўніх часоў уважаюць, што камень выконвае жаданні і дапамагае жанчынам у шлюбе і мацярынстве. Да яго таксама прыводзяць маленькіх дзетак, каб засцерагчы ці вылечыць ад хвароб. Раней ва ўсім наваколлі і нават у саміх Ашмянах нявесту не пускалі ў дом жаніха, пакуль яна не сходзіць да каменя.
Вядомыя тры паданні. Паводле аднаго з іх, дзяўчына кінулася ў роў следам за жаніхом, які патануў. Вада высахла, а слёзы дзяўчыны ператварыліся ў камень. Паводле другой версіі, камень ляжыць на месцы паганскага капішча, дзе ў старажытнасці бралі шлюб. Трэцяя легенда распавядае, што пад каменем пахаваная паслушніца, якая малілася за шчасце жанчын у шлюбе.
Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ў Мінску, на Лодачнай вуліцы, на беразе Сваіслачы, ляжаў камень Дзед. Існаваў звычай, што дзяўчына, якая хацела выйсці замуж, загадвала на пэўнага хлопца і абвязвала камень ручніком вытканым уласнаруч. Да Дзеда звярталіся і сямейныя пары, прасілі дапамагчы зачаць дзіця. Каб просьба здзейснілася, трэба было пасядзець на валуне. Цяпер гэты валун знаходзіцца ў Музеі валуноў у мікрараёне Уручча. Але і па сёння гэты камень і ўзімку, і ўлетку застаецца месцам паломніцтва. Да яго вядуць некалькі сцежак, а вакол заўсёды можна знайсці сучасныя ахвяраванні — манеты, цукеркі, яблыкі і кветкі.
У апошнія гады статус Каменя Кахання набыў і Святы (Цудадзейны, Богаў, Даждзьбогаў) Камень ва ўрочышчы Дальжбы каля вёскі Крамянец Лагойскага раёна. Вакол валуна на дрэвах павязана шмат стужачак — тут загадваюць жаданні і пакідаюць дар Даждзьбогу — богу ўрадлівасці і сонечнага святла. Сюды прыязджаюць на Купалле, Вялікдзень, Сёмуху, а ў час вяселля маладыя з усяго наваколля наведваюць камень і кладуць на яго кветкі.
З каханнем у народных вераваннях стасуецца і шэраг паклонных крыніц. Ваду выкарыстоўвалі і падчас вяселля. Бацька з вядром вады абыходзіў вясельны поезд перад тым, як маладыя выпраўляліся ў храм. З вядром вады прынята было сустракаць маладых на ўездзе ў вёску. Дзе-нідзе засталася традыцыя весці маладых да калодзежа і абліваць ім з аднаго вядра ногі.
Прынамсі, у Стайках Ушацкага раёна спрадвеку лічылі, што дзяўчына неўзабаве пабярэцца шлюбам, калі на Купалле акунецца ў мясцовай культавай крынічцы. А ў вёсцы Пеніца Калінкавіцкага раёна вераць, што вада іх святой крыніцы вылечвае ад шматлікіх хвароб. Незамужнія дзяўчыны прыязджаюць сюды адпіць глыток ледзяной вады, каб знайсці мужа. Калі ж прызначыць спатканне каля крыніцы, то па хуткім часе будзе і вяселле!
У вёсцы Ядраная Слабада Клічаўскага раёна на Магілёўшчыне таксама ёсць крыніца, якая дапамагае ў справах кахання. Здаўна верылі, што калі дзяўчына хоча хутчэй выйсці замуж, то ёй трэба да ўзыходу сонца абліцца вадой з крыніцы і прагаварыць:
“Я святою вадой умываюся,
Золатам уціраюся,
Сонейкам апранаюся,
Месяцам падперажуся,
А зоркамі засцягнуся:
Я нікога не баюся.
Як сонца і месяц на ўвесь свет свеціць,
Так і я каб была на ўвесь свет міла і люба (імя каханага)”.
Дрэвы-лекары ў Беларусі. Куды паехаць, каб атрымаць «порцыю» здароўя?
Такая праблема, як пярэпалах, сучаснай медыцынай у якасці захворвання не разглядаецца. Тым не менш, у даўнія часы ў беларусаў існавала нямала спосабаў лячэння гэтага нервовага разладу.
Спалох, спуд, пярэпалах, пуд, ляк — гэта хваравіты стан, вынік моцнага стрэсу ў сітуацыі нечаканай сустрэчы з кімсьці ці чымсьці небяспечным або нечаканым.
Уздрыгванне ад спалоху беларускія сяляне тлумачылі тым, што гэта «душа выскачыць хацела». Калі пярэпалах быў вельмі моцны, лічылі, што душа можа апынуцца «не на месцы» ці зусім выскачыць з цела. У першым выпадку бралі чатыры гарачыя вугольчыкі з печы і апускалі іх адзін за адным у пасудзіну з чыстай крынічнай вадой, а потым гэтай вадой абмывалі хворага. Калі ж разлад больш сур’ёзны, то, каб вярнуць спалоханы дух, стрыглі патроху валасы ў тых, хто мог напалохаць хворага, і тымі валасамі падкурвалі яго, прымушаючы глытаць дым.
Калі прычынай сполаху была нейкая жывёліна, то і яе стрыглі, і поўсцю ці пер’ем падкурвалі. Так рабілі, бо лічылі, што разам з дымам уваходзіць у хворага яго спалоханы дух…
У лячэнні ад спуду выкарыстоўвалі рытуальныя дзеянні. Па целе чалавека, галоўным чынам па жываце, каталі яйка ды прамаўлялі замовы. Потым у посуд налівалі ваду, разбівалі гэтае яйка і выпускалі туды жаўток. Па тых фігурах, якія набываў разбіты жаўток у вадзе, вызначалі каго і чаго хворы спалохаўся. Падобнае дзеянне рабілі і з расплаўленым волавам. Яго вылівалі ў місу з вадой над галавой спалоханага. Калі пры гэтым чуўся моцны рэзкі гук, гэта азначала, што чалавек паправіцца.
Вадзілі па целе, найчасцей па жываце, кавалачкам хлеба — выкатвалі хваробу, а потым аддавалі хлеб чорнаму ці першаму сустрэтаму сабаку. Або апоўначы выпраўляліся з хлебам у глухое месца ці на скрыжаванне дарог, там кідалі хлеб і, вяртаючыся назад, стараліся не азірацца.
На Случчыне такія шарыкі рабілі з пячнога попелу з кропляй вады і каталі іх па аголеным жываце.
Шырока выкарыстоўвалі разнастайныя адвары з малачайніка (агароднага асоту), піжмы, півоні ды іншых раслін. Таксама рабілі настоі са старой саломы. Калі ў ім купалі хворае дзіця, прамаўлялі замову: «Выходзь, пярэпалах, з ручак, з ножак, з усялякіх костачак, з усялякіх суглобчыкаў! Можа, чаго спалохаўся, можа, ваўка чы мядзведзя, мо ліса, мо ката, мо сабакі, усялякага звера, мо, якога дурнога чалавека».
Калі нехта моцна палохаўся, ажно дрыжэў, яго адразу апырсквалі вадою з рота і разрывалі яму каўнер кашулі. Пры гэтым казалі: »Чур цябе, хрышчонага, наражонага!» Яшчэ трэба было тры разы плюнуць, а калі гэта не дапамагала, то давалі ваду з рота таго, хто напалохаў.
Калі дзяўчына палохалася мужчыну і з гэтае прычыны моцна хварэла, яе праносілі праз штаны. Дзеля гэтага бралі штаны поўнага чалавека і распорвалі абедзве нагавіцы. Таксама раілі дзеля перасцярогі ад пярэпалаху насіць сарочку навыварат і заўжды мець з сабою іголку. Тады, верылі нашыя продкі, ніякі пярэпалах не прыстане.
У якасці лекаў з сакральных валуноў здзіралі мох, настойвалі яго на вадзе і давалі выпіць. У вёсцы Маяк Слуцкага раёна пра гэта яшчэ не так даўно распавядалі старажылы. Пра камень захавалася паданне. Калісьці ішоў Бог па зямлі і ўбачыў камень на полі, абапёрся локцем, каб адпачыць. Кажуць, пасля гэтага на валуне нават след застаўся, з-за чаго яго і сталі называць Святым. Людзі хадзілі пакланіцца святыні, памаліцца каля яе.
Таксама мохам, узятым на цвінтары з трох магільных камянёў, абкурвалі хворага тройчы — на ўсходзе сонца, апоўдні і на захадзе. Абкурвалі і павуціннем, сабраным пад лавамі з чатырох месцаў накрыж. Шмат дзе старажытныя каменныя сякеркі “пярункі” клалі ў ваду, шапталі над ёй, а потым паілі хворага...
Калі чалавек знянацку трапляў у ваду і моцна палохаўся, то трэба было выціснуць на руку ваду з намоклага адзення і выпіць яе. Лячэбную ролю адыгрывалі і царкоўныя званы. Калі ў іх білі, то спужаных, асабліва дзяцей, стараліся падвесці пад іх.
І ў наш час 7 ліпеня, на Яна ці Іаана Хрысціцеля, на ўзыходзе сонца ад царквы з вёскі Чарневічы, што на мяжы Глыбоцкага і Мёрскага раёнаў, ідуць хрэснай працэсіяй да крыніцы і па дарозе збіраюць 12 лекавых траў. Іх асвячаюць адначасна з асвячэннем крынічнай вады, а потым гэтымі травамі акурваюць ад спалоху.
У Полацку каля Сафійскага сабора, на схіле гары, пры спуску на Ніжне-Пакроўскую вуліцу знаходзіцца крыніца Іаана Хрысціцеля. Вада з гэтай крыніцы, як многія вераць, акрамя спуду дапамагае ад хвароб сэрца і печані. Але, каб крыніца дапамагла, трэба тройчы папіць вады, а потым пакласці на камень ахвяраванні і загадаць жаданне.
У вёсцы Мушына Верхнядзвінскага раёна Святая крыніца знаходзіцца насупраць касцёла, на левым беразе ракі Сар’янкі. Паводле легенды, калісьці людзі пабачылі, што ікона Божай Маці прыхінулася да бярозкі. Абраз перанеслі ў толькі што пабудаваную царкву ў вёсцы Росіца, але на наступны дзень ён зноў апынуўся на тым жа месцы. Тады зразумелі, што гэта быў Божы знак. Сталі капаць, і на тым месцы прабіўся ключ, які выявіўся лекавым. Над крынічкай зрабілі калодзеж і пабудавалі капліцу з чырвонай цэглы. Запрошаны мастак намаляваў фрэскі з анёламі. З цягам часу капліцу знішчылі, а калодзеж выжыў і сёння добраўпарадкаваны.
Спалох, паводле паданняў, лечаць таксама дзве крыніцы каля вёскі Свержань Рагачоўскага раёна. Крыніцы маюць сваіх святых заступнікаў і свае святы. Гэта Дзень Святой Тройцы і Успенне Прасвятой Багародзіцы. У дзень свята ваду набіраюць у запас на цэлы год і апроч пярэпалаху лекуюць ёй хваробы вачэй.
Непадалёк ад вёскі Прасолы Шклоўскага раёна, на рацэ Бярозаўка, знаходзіцца святая крынічка пад назвай Родная. У каменнай сценцы над крыніцай умураваны ў нішу абраз Божай Маці з Дзіцяткам. Яшчэ бабулі расказвалі, каб дзіця было здаровае і нікога не пужалася, яго трэба было выкупаць ў гэтай вадзе немаўлём.
У гэтым жа раёне з падобнай мэтай насілі дзяцей і да крыніцы ў вёсцы Сліжы. Яе вадой спрадвеку асвячалі дамы і лячылі хваробы. Найбольш лекавай сілай вада крынічкі, як меркавалі, валодае 22 красавіка — на свята пакутніка архімандрыта Вадзіма, празванага ў народзе Ключнікам. У дзень свята людзі хадзілі да крыніц (ключоў), чысцілі іх і прыгаворвалі: «Падземная вадзіца, адмыкаем табе шляхі вясновыя». Пасля гэтага з крыніц бралі ваду, мыліся і пілі яе.
Дапамагалі камяні, мох і нават перуновыя стрэлы. Як лячылі зубы нашы продкі
Суп з бульбянымі клёцкамі не асабліва распаўсюджаная і папулярная страва, і гэта не гледзячы на тое, што бульба — гэта гародніна нумар адзін у нашай краіне. Так ужо склалася, што клёцкі прынята гатаваць са звычайнага цеста, у склад якога ўваходзяць толькі мука, яйка і соль.
Падчас гатавання бульбяных клёцак варта памятаць аб адным правіле: ні ў якім разе не трэба цалкам астуджваць бульбу перад злучэннем яе з іншымі інгрэдыентамі.
Усім вядома, што бульба выкарыстоўваецца ў гатаванні большасці колькасці першых страў. Гэта, калі так можна выказацца, незаменны інгрэдыент. Менавіта па гэтым паказчыку бульбяныя клёцкі можна дадаваць у самыя розныя супы — мясныя, рыбныя ці з агародніны.
Наш пастаянны аўтар — блогер і гаспадыня харчэўні ў старажытным Тураве Алена Браніславаўна прапануе свой смачны рэцэпт малочнага супу з бульбянымі клёцкамі.
Інгрэдыенты
Спосаб прыгатавання
Бульбу абабраць і надзерці на дробнай тарцы.
Адціснуць праз тканіну амаль да сухога стану.
Бульбяны сок зліць, крухмал дадаць да адціснутай бульбы.
Пасаліць і сфарміраваць клёцкі велічынёй з грэцкі арэх.
Ваду подсаліць па смаку, давесці да кіпення, укінуць клёцкі, пасля таго, як яны усплывуць, варыць на маленькім агні 7-10 хвілін.
Зліць ваду, але не цалкам: абавязкова пакіньце 1/3 частку. Дадайце малако, давядзіце да кіпення.
Абавязкова пакладзіце ў міску кавалачак масла.
Смачна есці!
https://bel.24health.by/dlya-amatarau-pershyx-strau-top-7-supou-belaruskaj-nacyyanalnaj-kuxni/
Колькі часу ні хадзілі Ягорка са сваім сябрам мурашом Грышкам, ды заўсёды радасцю і ўзнёслым настроем дарогу мералі. Вось толькі прымчаліся спытаць у пчолак, як ім новае жытло. А тыя здаля, убачыўшы іх, радуюцца сваім збавіцелям, дзякуюць. І самі і мядок для іх рыхтуюць.
— Ці ведаеш, Ягорка, што перад засухай пчолы становяцца злейшымі, часцей кусаюцца?
— Напэўна, чуў. Але я асабліва гэтым не цікаўлюся. Мой дзядуля – іншая справа.
— Ты зірні, зірні! Як яны працуюць! Да вячэрняй зары, стараюцца як бы кампенсаваць сваёй “звышурочнай” працай мінулы прастой.
— У кожнага свой клопат, дружа. І сваё прызначэнне,- адказваў Ягорка.
Не маглі і нашыя хлопцы марна час бавіць. А зараз і пагэтуль: цяпер лацвей на скутары рассякаць ранішняе паветра. Некалі размова пра скутар, як бы жартам, вялася між сябрамі. Але Мураш заўсёды памятае сказанае ім. І выконвае.
— Як гэта ў цябе ўсё ў галаве трымаецца? – іншым разам распытваў Ягорка.
— А вельмі проста: усе патрэбнае я пра сябе прашэптваю, а перад сном аналізую кожную хвіліну пражытага дня.
— Во як! А я гэта не адну гадзіну корпаўся ў розных даведніках: хацеў даведацца пра жывёлу з самымі вялікімі мазгамі.
— І што, дакорпаўся?
— Так. І я вельмі шчаслівы, што гэтая жывёліна – гэта ты, Мураш! – Мой сябра з самымі вялікімі мазгамі ў адносінах да цела!
— Гэта ты радуешся ці насміхаешся?
— Грышка, дружа, канешне ж шчыра радуюся!
— Ну і радуйся сабе на здароўе! Але калі я табе раскажу пра не менш загадкавых суродзічаў, ты што будзеш рабіць? Смяяцца ці здзіўляцца?
— Не ведаю! Калі ядуць упоравень з чалавекам – здзіўляцца, калі лепей за цябе выконваюць розныя трукі. Але давай, расказвай, — нясмела сказаў Ягорка. Сказаў, але сам неяк суцішыўся: раптам штосьці незвычайнае пачуе. І як сябе павесці перад сябрам?
— Пра мураша Кулю чуў?
— Кулю? Не!
Ягорка наструніўся.
— Дык вось, гэты від суродзічаў жыве на дрэвах. Аднак, калі чуе небяспеку тут жа саскоквае долу. І пры гэтым … крычыць немым голасам, адначасова выпускае сваё вострае джала для самаабароны. Дарэчы, джала ў таго мураша вастрэй за кап’ё, куля няйначай: лёгка прабівае жалеза. Ад яго ўкусу можна нават памерці.
— Цікава, нічога не скажаш. А што яны яшчэ там могуць?
— А цяпер ты здзівішся яшчэ больш. Гэтыя качавыя мурашы з назваю Эцытон Бурчэллі (напэўна, італьянцы) — адзіныя жывыя істоты на планеце, якія ствараюць творы “арганічнай архітэктуры”. Яны вельмі вялікіх памераў, а сківіцы маюць вельмі вострыя. І могуць не толькі лёгка адстаяць сваю тэрыторыю, але і смела знішчаюць любую жывую істоту, незалежна ад яе памераў. І вось яшчэ. Для дабрабыту сваёй калоніі з мільёнаў асобін здольныя пабудаваць са сваіх целаў любое збудаванне – сцены, масты. – Ну, як здзіўлены?
— Вельмі здзіўлены! Але гэта ніяк не паўплывае на нашае сяброўства. Усяго толькі факты! Ды нейдзе там, далёка. А мы з табою тут і цяпер, і нясём радасць і дабро!
— Няхай сабе і так, але ж ты павінен ведаць і гэтыя факты. Не забывайся на тое, што ты вучань гімназіі і павінен ведаць больш за іншых!
— Дзякуй! Згодны. Ну, дык што там на сёння?
— Ведаеш, дружа, няхай і даўно гэта сталася, але з маёй галавы ўсё ніяк не выходзіць адзін мураш-вандроўнік. Чаму ён, убачыўшы мяне ўпершыню так абразліва дражніў, што раззлаваў мяне.
— І што?
— А тое: завошта? Здаецца, нікога не зневажаў, не крыўдзіў, і раптам пачуць такое! Ды ад каго? Ад невядомага вандроўніка, які ныраў і бульк-бульк-бульк, выпускаў з-пад вады вялізныя бурбалкі і паказваў язык.
— Ну і няхай сабе!
— Як гэта — няхай? Ты ж ведаеш: творчую асобу пакрыўдзіць на раз-два. Вось нядаўна, ты таксама павінен памятаць. Як гусяняты з качанятамі ганяліся за мною, каб з’есці. Але я не даў ім такой радасці, а ўскочыў на дрэва. І не пасміхаўся, а наадварот прапаноўваў: як убачылі – крычыце, як дагоніце – хапайце!, не маўчыце – здабывайце, смаката з мяне – клювайце!
Ягорка зразумеў, што Грышка не крыўдаваў асабліва, а толькі па-сяброўску пакепліваў з тых назалякаў. Тады вочы яго разгараліся, а яго цела яшчэ больш наструньвалася як перад самым адказным нумарам. І тут раптам такое! Вось і думаю, а што рабіў бы я ў такім выпадку? Каб у самае непрыемнае імгненне хтосьці замінаў? Напэўна, расхваляваўся б і прасіў бы дапамогі пазбавіць ад таго блазана?
А Грышка ўсяго толькі пільна і моўчкі паглядзеў у вочы таго вандроўніка. І, о дзіва! Адразу нечаканы ўдар паветра моцна прыйшоўся ў твар вандроўніка з гукам – бах-тара-рах! - і той не змог супрацьстаяць яго позірку, знік, штосьці мармычучы на развітанне.
А калі агледзеўся: на яго пазіралі ўтаропіўшыся незнаёмыя кузуркі ды стракозы з шызымі крыламі. Глядзелі і, нібы папракалі яго за крыўду. Але Грышка і не думаў ні наракаці, ні апраўдвацца, толькі ўсміхнуўся – а дзе ж яго сябры? Але яго сябры сядзелі стаіўшыся ў траве, чакалі, каб напасці на Грышку і зрабіць штосьці такое, ад чаго знікла б цікаваць ва ўсіх сустрэчы з ім. Вядома, яго папулярнасць зацямняла іх, нават не якія-небудзь надзвычайныя здольнасці, а нават само існаванне як разумных істот.
— Аёечкі! – дзівіліся тыя, хто чуў тыя Ягоркавы разважанні. — І гэта столькі перажыванняў з-за нейкіх там дробязяў!
— Увага: каварныя дробязі! – зазначыў Ягорка. – Здаецца, самая звычайная, ну зусім невялічкая дробязь здольная часам моцна папсаваць наша жыццё. А настрой дык дакладна.
— Ды кіньце вы ўсё гэта ў самую вялікую торбу і – на сметнік! Хлопцы, Купалле на носе, а вы тут такія дробязі абмяркоўваеце! Няхай яны і жывуць са сваім жа каварным ядам! Айда, да возера!
Вечарэла. Зрэдку ўжо пырхалі матылькі і стракозы. І толькі конікі адно толькі і ведалі, што трашчаць. Ды высока ў небе звінела песня жаваранка.
— Хмары такія беленькія, чыстыя. Яны мусіць і мяккія, быццам пуховыя, га? – дзівіўся Ягорка. – Паўзуць марудна, як чарапахі.
— А куды ім спяшацца? Гэта нам патрэбна рупіцца! – звярнуў увагу мураш.
— Зірні, якая вясёлка павісла!
Удалечыні праплываў гурт хмар, а з-за яго разлілося над зямлёй сонечнае святло і нарадзілася яркая, вялізная-вялізная і шырокая арка вясёлкі.
— Якая цяплынь! – радаваліся яны.
— Год павінны быць хлебародным, — адзначыў Ягорка. – Вунь, зірні, у кожным бусліным гняздзе малых не менш трох. Не трэба і прагнозы тыя слухаць: у цяжкія гады буслы слабейшых сваіх дзетак выкідваюць з гнёздаў. Ведаюць, што не пракормяць. Сёлета лацвей сямейству выкарміць.
— Вось якая разумная прырода! Усё прадугледзела, усім сваім насельнікам дала патрэбнае. Які цуд! – зазначыў мураш.
Аксамітная зеляніна палёў і лясоў, чыстае паветра абуджалі такі настрой, што хлопцам і самім хацелася ўзляцець у неба сінь і заспяваць песню. Ды неспадзявана сярод бязмежнага макавага поля яны сустрэлі Божую кароўку.
— Мусіць тая самая, каторая на адным з нашых прадстаўленняў шкадавала, што не паспела падзякаваць за цудоўныя нумары?
— Так, гэта тая ж Багоўка. Я яе пазнаў. Яна тут надоўга спынілася. Так што і нам пара адпачыць, - прапанаваў Грышка.
— Давай! – пагадзіўся Ягорка.
Яны прымасціліся на мяккай траўцы. І пачалася бяседа.
— А ты ведаеш, Грышка, Божая кароўка прыносіць вялікую карысць – пазбаўляе расліны ад шкодных кляшчоў, рознай тлі.
— Няхай сабе! Але чаму гэтага, здавалася, звычайнага жучка так называюць? – цікавіўся дапытлівы мураш.
— Бачу ты ці не закахаўся ў таго чырвонага з чорнымі плямкамі жучка, а, Грышка? Няхай сабе і так! Дык вось, што я табе скажу: сама назва “кароўка” хутчэй за ўсё звязана з біялагічнай асаблівасцю жучка: ён можа даваць малачко, толькі не звычайнае белае, а рыжае, - як сапраўдны навуковец тлумачыў Ягорка. — Няўжо ты не бачыў? Такая вадкасць выдзяляецца на драпежнікаў, якія ўбачаць свой магчымы абед.
— Наколькі я ведаю: не чапаюць пацерку (так называем яе мы, мурашы) і з-за яркай афарбоўкі. Тая быццам папярэджвае: “Магу атруціць!” – І атручвала! Не чуў? Некалі адна справілася з цэлым роем чмялёў. Вось гэта дык да! Малайчына! Хаця знешне яна вельмі прываблівая і нагадвае хутчэй каравай, што сімвалізуе сонейка.
— Так, а “божая” таму што спакойная і лагодная, пры ўсіх гэтых чутках - усё хацеў давесці Ягорка, - і ўвасабляе веруючага ў Бога. – Дык вось, дружа, слухай. У славян існуе легенда. У Перуна была жонка, якую за здраду ператварылі ў божую кароўку, абпаленую караючым агнём – маланкай. Дзеці яе таксама караюцца агнём. З сямі дзяцей толькі сёмы вытрымлівае выпрабаванне. Таму богава кароўка лічыцца істотай, якая здольная ляцець да Бога і перадаваць яму розныя просьбы. Сама яе назва надае статус прыбліжацца да Бога.
— Ягорка, паслухай мяне! Выходзіць, што гэта “жывёліна” Усявышняга, якую нельга не тое што забіваць, а нават крыўдзіць?
— Так. Усё ты дакладна зразумеў. Мы, як былі меньшымі, успамінаў Ягорка, гаварылі ёй: “Божая кароўка, паляці на неба: там твае дзетачкі ядуць цукерачкі. Сама паясі і нам прынясі!” Дзьмулі на далонь, і Багоўка сапраўды адлятала ўгору, пакідаючы за сабой мора дзіцячага захаплення.
— Я тасама неаднойчы чуў, - казаў мураш, - як гэта істота выконвала ролю вестуна: у яе дзеці дапытваліся, ці добрым будзе надвор’е, старэйшыя – ці добрым будзе ўраджай і колькі засталося жыць гадоў…
— Пра жыццё нагадаў… Я дагэтуль не ведаю, Ягорка, дзе ўсё ж зімуюць гэтыя прыгажыя жучкі? Няўжо, як і мурашы ў зямлі?
— Ды што ты, Грышка! Кароўкі-буроўкі на зімоўку адлятаюць у Вялікабрытанію. – Уяўляеш, гэта не буслы ці гусі – вялікія птушкі, а тут агромністыя чароды гэтых пунсова-чырвоных кропак пакрывае ўсё неба. Пры благім надвор’і ці пры пералёце цераз праліў Ла-Манш апускаюцца прама на ваду, і хвалі выносяць на бераг суцэльную вогненна-чырвоную паласу. Прасохнуўшы на сонцы, яны працягваюць свой шлях.
— А як жа самалётам яны не замінаюць?
— Замінаюць! Бывала што па некалькі самалётаў за адзін узлёт збівалі. Цікава тое, што, звычайна, у тых самалётах знаходзіліся ваяўнічыя і злыя чыноўнікі. Так што гэтыя жучкі карысныя ўдвайне, - падагуліў Ягорка.
— Яны так і вандруюць паміж зямлёй і небам?
— Пакуль так. Можа што інакшае для іх прыдумаеш?
— Смяешся? Гэта калі прырода пастараецца, - адказаў мураш і незнарок паглядзеў у бок, дзе забаўлялася Багоўка.
А тут такі духмяны пах стаіць! Прыгледзеліся: сярод сонечнай палянкі невялічкі чырвоны жучок з сямю чорнымі кропачкамі на спіне збірае, што б вы думалі? Суніцы! Ад такога смачнага паху мураш ажно ледзь не задыхнуўся. Як на сапраўднай цукерачнай фабрыцы.
— І каго гэта прыгажуня такой смакатой будзе частаваць?
— А, гэта вы! – не адрываючыся ад работы, прамовіла Багоўка. – Іду на Свята Сонца, а з пустымі рукамі сорамна з людам сустракацца. Там будзе шмат маіх знаёмых. Будзем варажыць на будучыню: вянкі плесьці ды пускаць па вадзе. Ды і папараць – кветку шукаць.
— Ну, а калі ты знойдзеш тую кветку, што будзеш рабіць?
— Па-першае, мураш. Пошукі папараць-кветкі адкрываюць звышздольнасці разумець размову звяроў і птушак, бачыць русалак і назіраць, як у лесе гуляюць дрэвы, - тлумачыла Багоўка. Мураш ажно рот прыадкрыў. – Асобны дар, - яна працягвала свой урок, — у гэтую ноч уладальнік папараці-кветкі здольны выявіць любы скарб.
— Няўжо? А дзе больш за ўсё верагодна шукаць яе, тую кветку? – не адступаўся зацікаўлены мураш.
— Гэта не так усё проста! Патрэбна багата розных абрадаў правесьці: і палявых лекавых траў-зёлак назбіраць, насушыць ды папрымаць для ачышчэння і аздараўлення. Надоечы абавязкова памыцца і папарыцца ў лазні, выкарыстаўшы пры гэтым розныя духмяныя травы ці пакупацца патрэбна, бо сёння вада валодае асаблівай ачышчальнай сілай. Паскакаць цераз вогнішча. А назаўтра яшчэ і пакачацца па расяным лузе. Яшчэ больш ачысціцца. Толькі ўсё гэта разам забяспечыць добрае здароўе на цэлы год.
— Вось ты, Багоўка, нагаварыла нам, дык нагаварыла. Я ўжо і забыўся на ўсё, а трэба ж выканаць хаця б тое-сёе. Вось ты сказала варажыць на будучыню? Як гэта па плывучаму вянку даведацца пра сваё шчасце? – зацікаўлена спытаў Ягорка.
— Вельмі проста, Ягорка! – Калі вянок заплывае далёка, гэта абяцае шмат шчасця ў жыцці. А калі вянок тоне (і такое бывае!), то блізкіх адносін з загаданым абраннікам не атрымаецца. Таму некаторыя дзяўчаты плятуць і па два вянкі – для жаніха і нявесты.
— Цікава! – Грышка яшчэ шырэй рот адкрыў.
— А як ты думаў? Не ўсё так проста! – працягвала Божая кароўка. Калі плынь злучае два вянкі, то неўзабаве адбудзецца шчаслівае вяселле.
— Я чуў яшчэ і пра абрадавую багатую вячэру! Што з гэтым? – не сунімаўся мураш Грышка.
— Не хвалюйся, дружа, мая бабуля па вяртанні згатуе нам шыкоўную вячэру, - адказаў Ягорка. – І мажліва на траіх.
— Вось ты ўжо запрыкмеціў! Дык гэта толькі пасля забаў, а цяпер нам яшчэ колькі дабірацца да галоўнага Купальскага свята!
— А мы зараз жа бяром з сабою гэтую хадзячую сунічку і мчымся на свята. Праўда, калі яна таго пажадае, - сказаў упэўнены мураш.
— Пагодзіцца! У такіх прыгожых істот, ды ў такі дзень, калі колькасць кропачак на яе сукеначцы супадае з лічбаю календара, шчаслівае будучыня, - дружалюбна пасміхаўся Ягорка. — Высокая інтуіцыя ў такіх істот. Вось пабачыш: у табе яна бачыць шчырага паплечніка.
— Я згодная! Паехалі. Я не маю права спазняцца, таму што павінна паказаць дзяўчатам новыя ўзоры вянка ў выглядзе спелай суніцы, — адказала Багоўка. – Свята Сонца – гэта радасць сустрэцца з сябрамі, атрымаць штосьці новае для сябе, набыць новых сяброў і своеасаблівы вопыт.
І памчаліся яны за трыдзевяць земляў ад сваіх родзічаў. Скутар ехаў роўна, але даволі хутка. Ягорка, час ад часу, аглядаўся назад: ці не згубіў сваіх бязважкіх пасажыраў. Сам жа ўспамінаў, як у вольную хвіліну хадзіў да возера ці на рэчку, якія былі зусім побач з вёскаю дзядулі з бабуляю. Клаўся на мурожную траву, глядзеў на высокія яліны ды бярозы, якія ледзь варушыліся на лёгкім ветрыку, і тады да яго прыходзіла музыка.
— Ягорка, што ты там мурчыш? – пытаўся мураш.
— Ды так, проста хочацца спяваць пад мелодыю ветра, - адказваў, стараючыся перакрычаць вецер.
— На дарогу лепш глядзі, а то ўжо шарэе і начныя прывіды вось-вось павінны выходзіць! – прыстрашваў смелы мураш.
Ягорка толькі весела хмыкнуў пра сябе і лёгенька націснуў на газ.
Не паспеў уключыць фару, як высачэзныя гмахі вырасталі з цемры, нібы начныя шэрыя прывіды. “А можа гэта банда крыважэрных пачвар, якія, здаецца, хочуць нас паланіць? – думаў пра сябе Ягорка. – А можа і яны таксама крочаць на свята? А можа за намі сочаць, хаваючыся за кустамі, за стваламі дрэў? Яны, відаць, хочуць, каб мы спыніліся на безлюднай дарозе. Бач, — разважаў перапужаны хлопчык, — як у тых фільмах, свецяцца.
Разважаў, але сваімі ўраджаннямі не дзяліўся. А калі і тыя, што за імі цікуюць таксама ахвяры выпадку, пакрыўджаныя? І такім чынам захацелі выказацца. Няўжо ніводзін не празрэе, што пужаць іншых – гэта брыдка, жорстка, урэшце рэшт.
А можа гэта справа лютага і страшнога змея, што кольвечы быў у гэтых краях? А што, калі зноў панадзіўся? І ўжо на прывале за намі сачыў? Даведаўся пра наш шлях, а зараз напусціў сваіх чаляднікаў. Сам жа дзесьці сядзіць у велікапышным палацы і чакае… А чаляднікі ўжо пераследуюць, амаль усутыч падступаюць. А што, калі спыніцца ды правучыць іх: кінуцца няўцям напярэймы і добрым кіем хвоснуць з усяе сілы, каб не пужалі болей! А што, калі я, як будучая ахвяра, зрабіў іх, прывідаў, натуральнымі ў сваім уяўленні?..
Сэрца сціскалася ад страху. Здавалася, злыя чарадзеі з прагнасцю глядзяць на іх, так і чакаюць, калі спыняцца і тады…
Кіроўца рабіўся ўсё змрачнейшым. Грышка адчуваў стан сябра, але маўчаў, ведаў, што гэта часовае і вось-вось вырашыцца станоўча.
Вось табе маеш! Хочаш вер, хочаш – не вер! Але на гэты раз прымхі яго перамаглі. Адвярнуўся Ягорка да сваіх спадарожнікаў і асцярожна націснуў на чароўны гузічак на камізэльцы прыдрамалага мураша. Ён і вохнуць не паспеў, калі ўзняў вочы: ажно па лесе ззянне разлівалася. Бралася на відно. Малочна-белае святло нясмела прабівалася скрозь кроны ўзлеску.
Абапал дарогі – дрэвы стаяць і аб нечым таемным шэпчуцца. “Можа, прачыталі мае думкі-разважанні і зараз пасміхаюцца? Добра, што думкамі тымі ні з кім не дзяліўся?” – разважаў Ягорка, весела скалануўшы плечы.
Раптам дзесьці з кустоўя пачулася бадзёрая песенька салоўкі. Гэта ён, ранішні пявун, пацяшаў вандроўнікаў.
Пасажыры-вандроўнікі прачнуліся. У паветры расплываўся свежы водар быццам ад мільёна руж: гэта кожная сунічка ў кошычку Багоўкі зашавялілася, даючы зразумець, што чарадзейнае Свята сонца пачалося.
Ягорку, мураша Грышку і Багоўку сустракалі як ганаровых гасцей.
— Якое шчасце мець столькі сяброў! – казалі нашы героі.
Яны з радасцю паказвалі сваё ўмельства і мастацтва, спрыт і кемлівасць.
Як Ягорка знайшоў сабе сябра сярод мурашоў. Частка 6 (казка) + аўдыё
One fine body…