Вучоныя ўсяго свету ў адзін голас сцвярджаюць: сямейныя абеды і вячэры – гэта больш, чым ежа за агульным сталом. Гэта свайго роду рытуал, які робіць яго ўдзельнікаў больш моцнымі, упэўненымі ў сабе, спакойнымі і шчаслівымі людзьмі.
Тыя дзеці, для якіх абсалютна натуральная атмасфера сямейных трапез, растуць на парадак здаравей за сваіх аднагодкаў і маюць поспех у вучобе. Між тым, са шкадаваннем даводзіцца канстатаваць: сучасная сямейная вячэра зусім не тая, што была яшчэ паўстагоддзя таму.
Напружаныя і не абмежаваныя дзённым часам графікі працы ці вучобы, вечны паспех, калі часцяком есці даводзіцца ў літаральным сэнсе на хаду, пакідаюць мала шанцаў на ціхія сямейныя вячэры. І нават калі дамачадцаў атрымліваецца сабраць за адным сталом, дык тэлевізар ці асабісты гаджэт выступаюць галоўнымі суразмоўцамі: час ежы – самы зручны, каб даведацца апошнія сусветныя навіны і адказаць у сацсетках на прапушчаныя каментары.
Вось толькі некалькі аргументаў, чаму неабходна захаваць (ці адрадзіць?) добрую традыцыю.
1. Сумесная ежа аб'ядноўвае сям'ю
Гэта самы відавочны аргумент на карысць сумесных трапез. Шматлікія даследаванні паказваюць, што члены сем'яў, якія рэгулярна збіраюцца разам, каб паабедаць або павячэраць за адным сталом, адчуваюць больш моцную сувязь адзін з адным. У той час, калі кожны з іх на працягу дня вядзе раз'яднанае жыццё на працы і ў школе, сямейная вячэра дазваляе ім аб'яднацца. Напрыклад, даследаванні, праведзеныя вучонымі ва Універсітэце штата Паўночная Дакота (ЗША), выявілі цэлы шэраг пераваг для ўмацавання сямейных і роднасных сувязяў, бо дазваляюць:
- перадаваць сямейныя традыцыі і каштоўнасці з пакалення ў пакаленне;
- умацаваць сямейныя сувязі;
- правесці час разам і атрымаць задавальненне ад стасункаў адзін з адным у нязмушанай абстаноўцы;
- бацькам адчуваць настрой сваіх дзяцей, быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў іх жыцці.
79% дзяцей і падлеткаў, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, прызналі, што адчуваюць радасць пры магчымасці сабрацца за адным сталом разам са сваёй сям'ёй. А 98% дарослых пагадзіліся з важнасцю таго, каб іх сям'я ела за адным сталом хаця б 1 раз у дзень.
2. Дапамагае справіцца са стрэсам
Сямейная вячэра ідэальная для таго, каб вызваліцца ад назапашаных за дзень перажыванняў, сумневаў, боязі. Аднолькава важна быць не толькі пачутым, але і ўмець слухаць іншых. Атмасфера адзінства, цэласнасці сям'і, якая праяўляецца падчас сумесных трапез, дазваляе быць шчырымі і смелымі, каб закранаць нават тыя тэмы, якія старанна абыходзіліся бокам у іншы час. Узаемны давер і магчымасць размаўляць па душах з самымі блізкімі людзьмі – самы моцны релаксант і антыдэпрэсант.
Гэта пацвердзілі вынікі даследавання вучоных з Універсітэта Брыгама Янга (штат Юта, ЗША). Яны правялі апытанне сярод працуючых мамаў – супрацоўніц адной з найбуйнейшых сусветных IT-карпарацый. Большасць з рэспандэнтак адзначылі, што для іх самы эфектыўны спосаб зняць стрэс і напружанне офісных будняў – вячэра ў коле членаў сям'і. На наступны дзень яны адчуваюць сябе больш свежымі, павялічваецца працаздольнасць.
3. Прыносіць карысць фізічнаму і псіхічнаму здароўю
Сям'і, якія ядуць разам, маюць больш правільны і збалансаваны рацыён. Так сцвярджаюць вучоныя са Стэнфардскага ўніверсітэта. Яны правялі анкетаванне больш за 15 тысяч дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў. Аказалася, што тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якім звыклыя сямейныя абеды і вячэры, радзей ядуць смажаную ежу, багатую насычанымі тлушчамі, і аддаюць перавагу гародніне і садавіне. А даследаванне, праведзенае Амерыканскім грамадствам харчавання, паказала, што дзеці, якія ядуць дома ў коле сям'і, менш схільныя да набору лішняй вагі.
Акрамя таго, у сем'ях, дзе сумесныя прыёмы ежы традыцыйныя, дзеці менш схільныя да дэпрэсіўных станаў і не пакутуюць ад прыніжанай самаацэнкі.
4. Сямейнае адзінства – спосаб зберагчы дзяцей ад наркотыкаў
Яшчэ больш уражальнымі выглядаюць вынікі навуковых пошукаў вучоных Нацыянальнага цэнтра па праблемах наркаманіі і злоўжывання псіхаактыўнымі рэчывамі (CASA) пры Калумбійскім універсітэце. Адно з даследаванняў паказала, што падлеткі, якія ядуць у коле сям'і не менш за 3 раз у тыдзень, у 2,5 разы радзей прынаджваюцца да тытунекурэння, у паўтара разы радзей – да алкаголю, а шанцаў пачаць ужываць наркотыкі ў іх менш у 3,5 разы!
Ёсць і іншыя перавагі для здароўя дзяцей ад сумеснага прыёму ежы. Напрыклад, больш высокія вынікі тэстаў, палепшаныя навыкі мыслення і зніжэнне дрэнных паводзінаў. У цэлым, адзначаюць навукоўцы, трапеза ў коле сям'і можа аказаць станоўчы ўплыў на самаацэнку, каштоўнасці і кагнітыўнае развіццё моладзі.
5. «Пачуццё сям'і» дапамагае ў вучобе
Прадметам яшчэ аднаго даследавання вучоных з CASA стала вывучэнне паспяховасці дзяцей з сем'яў, дзе сумесны прыём ежы з'яўляецца традыцыяй, і сем'яў, дзе ўсе члены сілкуюцца, як прыйдзецца. Аказалася, што дзеці з сем'яў, менш педантычных у пытаннях сумесных трапез, удвая часцей пакутуюць ад недахопу ўседлівасці і ўважлівасці, горш засвойваюць новую інфармацыю і часцей атрымліваюць нізкія або нездавальняючыя адзнакі, чым дзеці з сем'яў, дзе сумесныя вячэры або абеды арганізуюцца не радзей за 5 разоў на тыдзень. Вядома, можна супакоіць сябе тым, што ў апошніх абедзенны стэйк цудоўным чынам дзейнічае на мазгавую актыўнасць. А можна зрабіць высновы і часцей збірацца за агульным сталом усёй сям'ёй.
6. Сямейныя вячэры – гэта частка вас саміх
Спіс пераваг ад сумесных прыёмаў ежы з блізкімі па крыві і духу людзьмі можна працягваць даволі доўга. Згадаць удасканаленне навыкаў стасункаў, уменне выбудоўваць сацыяльныя сувязі, навучанне манерам і паводзінам за сталом і скончыць цалкам рэальнай фінансавай эканоміяй ад сумеснай гастраноміі ў параўнанні з перакусамі ўразнабой і ў адзіночку. Але, бадай, самае важнае, што варта зразумець: сямейныя абеды і вячэры – гэта частка нас саміх. Магчымасць абменьвацца адзін з адным станоўчымі эмоцыямі, энергіяй, шчырасцю, даверам, глыбокім пачуццём унутранай сувязі паміж членамі адной сям'і.
Ніякая, нават самае здаровая з пункту гледжання дыеталогіі, страва не зробіць вас сапраўды здаравей, калі няма разумення, што тое, што вы ясце і колькі вы ясце, непарыўна звязана з тым, дзе, як і з кім вы прымаеце ежу.
Не адкладайце на заўтра вячэру з сям'ёй, якую можна наладзіць ужо сёння.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by