13.03.2020
13.03.2020

Сёння – дзень як дзень! Ну праўда ж?!:)

logo
Думкі ўслых
0 67
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ну і што, калі пятніца, 13-га?! Хіба мы прымхлівыя?! Нее-е-е-е-е-е! Мы сёння смела прылашчым чорную котку, нават калі яна будзе пераходзіць дарогу з пустым вядром… Адмахнёмся ад іншых рытуальных дзеянняў і проста выкінем з галавы ўсе думкі пра нешчаслівыя супадзенні. Няхай сёння дзень будзе звычайным. Альбо нават – трохі лепшым за іншыя. Больш удалым, больш шчаслівым, больш прыемным ва ўсіх адносінах… Даю ўстаноўку! 🙂

Прымхі. Пятніца, 13-га.

А што датычыцца супадзенняў… Ужо ў каторы раз заўважаю, што сёлета даволі часта штосьці адбываецца-спраўджваецца альбо на дзень раней абяцанага, альбо на дзень пазней. А бываюць і проста невытлумачальныя неспадзяванкі. Вось як учора…

У чацвер, 12-га, увечары нікога не знесла?! Ой, што рабілася ў Чэрвені! Як гэта часта бывае, непагадзь наляцела ўсяго толькі на непрацяглы час. І штосьці мне падказвае, што ў нас дзесьці альбо дрэвы паваліла, альбо дахі пазрывала. Не дай Бог!

Так ужо гуло-завывала… Ды кідала прыгаршчамі з усёй сілы дождж у вокны… Ды выдзімала тыя вокны-дзверы са страшэннай сілай... Здавалася, што наша пяціпавярхоўка зараз проста паплыве, як маленькі карабель! 🙁

Падышла да акна – і проста жах мяне ўзяў! Бо дождж гнала суцэльнай сцяной у некалькі метраў вышынёй! А вецер настойліва хацеў уварвацца ў кватэру. Як добра, што праз колькі хвілін усё суцішылася.

… П’ючы гарачую гарбату з чарнічна-малінавым варэннем (самае тое, што зараз трэба ў гэты прастудны сезон!), прыгадваю, чаго ўсё ж не раяць рабіць у пятніцу, 13-га. Ну, так, на ўсялякі выпадак.

Рэчы агульнавядомыя. Іх пажадана не рабіць і ў іншыя дні. Напрыклад, нельга сварыцца, асабліва з блізкімі людзьмі. Як і папракаць за дробныя памылкі, праколы, выпадковасці. Ва ўсіх сітуацыях лепей прамаўчаць, чым нагаварыць лішняга.

Сёння раяць не дазваляць самой маніпуляваць. Лепей прымаць рашэнні самастойна і цвёрда іх прытрымлівацца. Гэтак жа, як і сваіх планаў. Складзеных зараней ці тых, якія яшчэ толькі выспяваюць…

І з людзьмі, якія вас раздражняюць, не трэба мець стасункаў! І, мне так здаецца, не толькі сёння. Бо, думаю, у многіх ёсць у бліжэйшым альбо больш дальнім коле знаёмых чалавек, пра якога кажам – «энергетычны вампір».

Прымхі. Пятніца, 13-га. Энергетычны вампір.

Адчувалі калі-небудзь такое?! Паразмаўляеш з чалавекам, а затым робіцца блага, і ты застаешся літаральна без сіл. І добра, калі аднойчы толькі такое здарылася. А калі пастаянна?! Так што лепей падалей, падалей… А стасавацца трэба з прыемнымі вам людзьмі.

І ўвогуле, пазітыўныя думкі, добры настрой, вера ў лепшае яшчэ ніколі лішнімі не былі. Ва ўсе дні любога года. Таму проста не дапускаем негатыву ў сваё жыццё. Наколькі гэта магчыма. Ці стараемся хаця б зводзіць яго да мінімуму.

А вы ведаеце, што панічны страх перад пятніцай, 13-га, – гэта таксама фобія?! І што ёй нават прыдумалі назву. Праўда, я паспрабавала запомніць – і не змагла. Ды тут і не вымавіш з першага разу! Спрабуйце: параскаведэкатрыяфобія! Асабіста я па сугуччы прыгадала Параскеву (Пятніцу) ды яшчэ Катрын! А ў вас якія асацыяцыі?!

Прымхі. Пятніца, 13-га. Чорнае кацяня баіцца.

Да таго ж, як распавядала ўжо, наш народны паэт Рыгор Барадулін раіў скласці лічбы 1 і 3 і атрымаць станоўчую ва ўсіх адносінах «чацвёрку» (як раней, яшчэ пры пяцібальнай сістэме ў школах, казалі – моцную «чацвёрку»). І вельмі любіў ды песціў свайго хатняга гадаванца – ката Мірона. Чорнага, з белымі «шкарпэткамі» на лапках і белай жа «манішкай».

Так што настройваемся на тое, што сёння – дзень самы звычайны. Ці, як казала ўжо, нават лепшы за іншыя. Апошні працоўны на тыдні перад выхаднымі. А таму – такі чаканы. Прыемнага і ўдалага дня ўсім! Няхай выдасца светлым.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 67

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".