Магу пайсці ў заклад: кожны зараз падумаў пра рознае! Хтосьці – «І хлопцаў радасны народ канькамі звонка рэжа лёд», у сэнсе – пра каток. Хтосьці ўявіў, як кубікі лёду ціхенька звіняць у шклянцы з алкагольным напоем (толькі не захапляемся, так?!). Іншыя, магчыма, прыгадалі велічную лядовую казку, якую ў некаторых гарадах стварылі таленавітыя творцы. Альбо лёд пад нагамі – такі небяспечны зараз...
Ну, а я – сапраўды пра ледзяныя кубікі, толькі карысныя для твару. Пра крыямасаж. Таму больш усё ж – да спадарынь, чым да спадароў. Хаця... І нават не пра наведванне салона прыгажосці! Пра, так бы мовіць, хатні ледзяны масаж. Бо прыгатаваць карысны лёд дома пры наяўнасці лядоўні – не проста, а вельмі проста!
Безумоўна, асабліва прыемна асвяжыць твар гарачым летнім дзяньком. Але паколькі да любімай многімі пяшчотнай пары года яшчэ так далёка... Загартаваныя гэтымі маразамі, мы не пабаімся лёду ў доме і ўзімку, праўда?! Толькі, зразумела ж, калі няма таму супрацьпаказанняў.
Калі вы добра пераносіце такую працэдуру, дык смела можаце гатаваць кубікі (ці абраць якую іншую форму) з мінеральнай вады, адвараў карысных траў і нават... лёд з мёдам і аліўкавым алеем! Рэцэптаў у сеціве можна зараз знайсці мора! І падабраць для свайго тыпу скуры і па свайму густу. А калі ўсё пойдзе, як належыць, скура абавязкова скажа вам «дзякуй» за клопат. А кашалёк – за эканомію сродкаў на салон прыгажосці!
Асабіста мне вельмі падабаецца лёд з травамі. Ён так завабліва пахне, што хочацца яго ўкусіць! І замарожаная мінеральная вада таксама прыйшлася даспадобы. А формачкі для лёду ў мяне авальныя, з адмысловымі накрыўкамі-трымальнікамі. Вельмі зручна!
Што ж датычыцца лёду іншага – катка, дык ён жа таксама мае дачыненне да тэмы здароўя, ці не так?! Хто ўжо сёлета асвоіўся на ім і на каньках пачуваецца, як у тапачках?! Дзяліцеся ўражаннямі!
Бо мне ўсё роўна пакуль і хочацца, і колецца. Спыняе адсутнасць на чэрвеньскім катку борцікаў. А ў нашым дзяцінстве, калі залівалі каткі на тэрыторыі школьных стадыёнаў, абавязковай умовай былі хакейныя каробкі. І на іх борціках так зручна было вісець, пакуль стомленыя ногі не адкажуць гатоўнасцю да далейшага катання...
А вось для маёй аднакласніцы і цёзкі, якая даўно ўжо жыве ў Мінску, гэта не сталася перашкодай. Толькі прыехала да родзічаў у Чэрвень – і практычна адразу ж на каток! Мяне таксама запрашала... Толькі я пакуль не рызыкнула... Усё ж не адзін дзясятак гадоў прайшоў з тае пары, як я ў апошні раз стаяла на каньках...
Так што лёд сапраўды з усіх бакоў заваблівая штука. А дзе лёд – там і снег. Вось толькі прачытала пра яшчэ адзін від загартоўкі – прагулкі па ім... басанож. Задумалася... Аўтар артыкула сцвярджае, што яны дапамагаюць умацаваць імунітэт, знізіць рызыку прастудных захворванняў, павысіць супраціўляльнасць арганізма да холаду.
Оо-о-о-о, здаецца, адны выгоды! І парады добрыя: пачынаць з некалькіх крокаў у дзень, тэмпература паветра падыходзячая – ад нуля да мінус дзесяці градусаў марозу, снег павінен быць не заледзянелым... Вам падабаецца ідэя?! Мне таксама. Але... Вось і лыжка дзёгцю! Займацца гэтым трэба... будучы абсалютна здаровым. Я, на жаль, міма снегу... басанож... А вы?!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by