Па дадзеных сусветнай статыстыкі, у 2016 годзе каля 275 млн чалавек, або прыкладна 5,6% насельніцтва Зямлі, ва ўзросце ад 15 да 64 гадоў хаця б аднойчы ўжывалі наркатычныя рэчывы. Па падліках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2015 годзе з-за ўжывання наркотыкаў памерлі каля 450 тысяч чалавек.
Пры гэтым частка смерцяў выкліканая менавіта ўжываннем наркотыкаў (напрыклад, перадазіроўкай). Разам з тым, больш за 62% падобных смяротных выпадкаў звязаныя з ужываннем наркотыкаў ускосна (выпадкі смерці ў выніку ВІЧ-інфекцыі, гепатыту С).
Штогод 26 чэрвеня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абаротам. Пра сітуацыю ў Беларусі і метады лячэння асоб, якія ўжываюць псіхатропныя рэчывы, а таксама пра новыя спосабы рэабілітацыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры распавялі:
- Вячаслаў Гранькоў, каардынатар праграм па інфекцыйных захворваннях краінавага офіса СААЗ у Рэспубліцы Беларусь;
- Генадзь Казакевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь;
- Іна Белаец, загадчыца сектара наркалогіі арганізацыйна-метадычнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя.
СААЗ: Чалавек павінен быць упэўнены ў ананімнасці на 100%
Па словах Вячаслава Гранькова, пазіцыя СААЗ, як і Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці, заключаецца ў тым, што кожны чалавек, які пакутуе ад залежнасці, павінен атрымліваць поўны комплекс медыцынскіх паслуг. Эксперт распавёў пра важныя прынцыпы аказання дапамогі асобам, якія пакутуюць ад наркатычнай залежнасці. І ў ліку першых ён назваў даступнасць лячэння і яго «прывабнасць», або, іншымі словамі, забеспячэнне канфідэнцыяльнасці звароту ў медыцынскую ўстанову.
На яго думку, менавіта боязь «уцечкі» інфармацыі становіцца той прычынай, з-за якой многія нарказалежныя не спяшаюцца атрымліваць лячэнне. У пацверджанне сваіх слоў ён прывёў дадзеныя даследавання, якое было праведзена ў Рэспубліканскім цэнтры наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі. Так, у Мінску з 2012 па 2017 год колькасць ананімных зваротаў па наркалагічную дапамогу скарацілася ў пяць разоў.
Новы цэнтр працяглай рэабілітацыі і сайт для дзяцей
Як адзначыў Генадзь Казакевіч, нягледзячы на тое, што ўзровень наркапагрозы ў краіне захоўваецца (па дадзеных МУС, рэальная колькасць наркаспажыўцоў у Беларусі складае не менш за 88,5 тысячы чалавек), праца праваахоўных органаў дае свае станоўчыя вынікі.
Звярнуў увагу Генадзь Казакевіч і на праблему стыгматызацыі нарказалежных у нашым грамадстве. Пры ўсім пры гэтым, падкрэсліў прадстаўнік МУС, памылкова меркаваць, што кожны нарказалежны, які звярнуўся да нарколагаў па дапамогу, аўтаматычна патрапіць у поле зроку МУС.
Як расказаў спецыяліст, МУС выступіла з ініцыятывай, якую падтрымалі міністэрства аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны. Прапанова датычыцца стварэння цэнтра працяглай медыцынскай і сацыяльнай рэабілітацыі нарказалежных асоб. Ён адчыніцца да заканчэння гэтага года на базе РНПЦ псіхічнага здароўя. Праграма рэабілітацыі будзе ўключаць як медыцынскі, так і сацыяльны складнік. Першапачаткова цэнтр будзе арыентаваны на Мінск і Мінскую вобласць.
Зараз ужо распрацаваная дарожная карта, пакрокава распісаныя абавязкі кожнага члена мультыдысцыплінарнай брыгады. Акрамя гэтага, для тых, хто будзе праходзіць у цэнтры лячэнне і рэабілітацыю, распрацаваная так званая індывідуальная «карта пацыента», якая ў далейшым будзе перадавацца супрацоўнікам, якія займаюцца працаўладкаваннем і занятасцю.
Дарэчы, яшчэ адна ініцыятыва, якую прапанавала МУС, тычыцца прафілактыкі наркаманіі сярод падлеткаў.
На інфармацыйным рэсурсе https://pomogut.by/ з'явіцца інфармацыя і для дзяцей.
Стацыянарнае лячэнне і замяшчальная тэрапія
Як патлумачыла Іна Белаец, лячэнне нарказалежных у нашай краіне ажыццяўляецца на бясплатнай і платнай аснове. Рэабілітацыйныя праграмы ў стацыянарах разлічаныя на 21-28 дзён.
Для наркаманаў, якія ўжываюць ін'екцыйныя наркотыкі, дзейнічаюць праграмы замяшчальнай тэрапіі (метадонам). Зараз у Міністэрстве аховы здароўя разглядаецца магчымасць правядзення замяшчальнай тэрапіі іншымі прэпаратамі. Усяго ў Беларусі дзейнічае 19 кабінетаў, у якіх ажыццяўляецца праграма замяшчальнай тэрапіі метадонам.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by