«Спой мне, мама, аранжавую песеньку». Калісьці гэты матыў быў вельмі папулярны, а спявалася ў песні пра дзяўчынку, якая ўсё малюе толькі адной аранжавай фарбай. А дарослыя катэгарычна гэта адпрэчваюць — так не бывае!
Аднак узышоўшае сонца ўсё ставіць на свае месцы: і неба, і мора, і вярблюд размалёўваюцца так, як бачыць дзяўчынка «аранжавыя мамы аранжавым хлопцам аранжавыя песні аранжава спяваюць». І дарослыя пачынаюць верыць словам дзяўчынкі.
Нешта падобнае адбываецца з бацькамі, якія не могуць вызначыць магчымасці свайго дзіцяці. Толькі дасведчаныя выхавальнікі, псіхолагі, развіваючы здольнасці дзяцей, змогуць знайсці ў дзіцяці тое адзінае, у чым яно таленавітае і развіваць гэта далей. Здавалася б, навошта вывучаць звычайныя «калякі-малякі», выкананыя няцвёрдай рукой дзіцяці? А для таго, каб з упэўненасцю сказаць: «Так, у вашага Сярожы ёсць здольнасці да жывапісу. А Наташа выдатна спявае. Дзяніс добра лічыць, а ў Светы проста талент да замежных моў!». Важна, каб дзеці аказаліся ў такой школе, дзе гэтыя здольнасці будуць развівацца.
Псіхолагі лічаць, што гульня для дзіцяці далёка не забава, яна дае магчымасць вучыцца і развіваць свае здольнасці, такія як параўнанне, аналіз, запамінанне, а таксама навыкі гаворкі ў нязмушанай атмасферы.
Гуляючы, дзеці выказваюць свае фантазіі, спазнаюць навакольны свет, вучацца навыкам зносін. Дзеці спрабуюць суперажываць, адрозніваць рэальнасць ад выдумкі. Дзіця, з якім з ранняга ўзросту шмат гуляюць, хутчэй становіцца самастойным, у яго дастатковая прыстасаванасць да розных жыццёвых падзей.
Дзеці гуляюць з лялькамі, машынкамі, кубікамі, з усім, што знайдуць вакол сябе. Калі дзіця да трох гадоў не гаворыць, а развіццё яго пачынаецца пасля гэтага тэрміна, то яно адбываецца з цяжкасцю і без таго поспеху, які бывае ў раннім узросце. Тэмпы разумовага развіцця дзяцей неаднолькавыя. Некаторыя развіваюцца вельмі хутка ў першыя гады, нашмат апярэджваючы аднагодкаў. І тады бацькі губляюцца, не ведаюць, як паступіць — затармазіць развіццё, каб яно не паўплывала на здароўе ці наадварот, заахвочваць дзіця.
Жыццё паказала, што ранняе развіццё часцей за ўсё не з'яўляецца паказчыкам незвычайнай адоранасці. З гадамі тэмпы развіцця зніжаюцца, і дзіця становіцца на адзін узровень са сваімі аднагодкамі.
Бацькі абавязкова павінны прымаць удзел у гульні з дзіцем. Павінны даць яму магчымасць выплюхнуць энергію, пацешыцца, даследаваць навакольны свет. Гульню нездарма называюць «працай дзяцей» з-за таго значэння, якое яна мае ў развіцці маленькага чалавека.
Бацькі павінны падбіраць гульні, каб дзіця магло пашырыць свае інтэлектуальныя здольнасці, умець лічыць, запамінаць. Гульня і ўцягнутасць павінна прыносіць радасць і дзіцяці, і даросламу, але як толькі бачыце — у малога падае цікавасць да гульні, адразу заканчвайце. Дайце магчымасць дзіцяці скласці правілы і гуляць па іх.
І вядома, раяць псіхолагі, купляйце дзіцяці лялькі. Бо менавіта лялькі займаюць вялікую ролю ў развіцці маленькага чалавека. Пажадана купляць цацкі, якія дзіця даўно хацела. Яны павінны развіваць дапытлівасць, вядома, трэба выбіраць бяспечныя.
Радасць, якую вы зможаце падараваць малому новай цацкай, стане і вашай радасцю, а праведзеныя разам прыемныя хвіліны дапамогуць вам зрабіць дабрэй і весялей сумеснае жыццё.
І памятайце: трэба своечасова праліць святло ў душы дзяцей, каб потым у дарослым жыцці ім жылося нашмат лягчэй і больш упэўнена.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by