28.11.2018
28.11.2018

Дэталёвы партрэт «ціхага забойцы»: вірус гепатыту С

logo
Хваробы ад А да Я
0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У 1990 годзе, калі наш эксперт, выдатны вучоны, прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук Сяргей Жаваранак рыхтаваўся абараняць доктарскую дысертацыю ў ваенна-медыцынскай акадэміі ім.С.М.Кірава ў Санкт-Пецярбургу, яму параілі з назвы навуковай працы прыбраць згадку пра гепатыт С. Як выказаўся сам Сяргей Уладзіміравіч, «каб не дражніць гусей».

Тады толькі пачалі набіраць абароты сумесныя даследаванні беларускіх навукоўцаў і іх расійскіх калег па вірусу гепатыту С. Пакуль жа яго існаванне выклікала вялікія сумневы.

Сёння гепатыт С з'яўляецца глабальнай сусветнай праблемай. Ён не прызнае межаў, распаўсюджаны на ўсіх кантынентах і мае не менш за 50 штамаў і падтыпаў. З вірусных паражэнняў печані менавіта гепатыт С валодае найбольшай ступенню хранізацыі: на яго долю прыпадае прыкладна 40% усіх выпадкаў хранічнай паталогіі печані. Як следства, інфекцыя правакуе развіццё цяжкіх ускладненняў, якія вядуць да гібелі чалавека.

Гепатыт С у лічбах

Апошнія дадзеныя СААЗ паказваюць на тое, што больш за 185 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце інфіцыраваны вірусам гепатыту С.

Пры гэтым штогод фіксуецца да 1,75 мільёна новых выпадкаў заражэння. Гэта вельмі ўмоўныя лічбы, паколькі ў большасці выпадкаў хвароба ў вострай форме працякае бессімптомна.

Больш за тое, прыняўшы хранічнае цячэнне, яна можа гадамі і нават дзесяцігоддзямі не выяўляць сябе і стаць відавочнай толькі на стадыі цяжкага паражэння печані – цырозу ці раку. Уласна, менавіта па гэтай прычыне за гепатытам С замацавалася дрэнная слава «ціхага забойцы».

Паводле ацэнак розных спецыялістаў, ад 15 да 40% тых, хто заразіўся вірусам гепатыту С, на працягу паўгода папраўляюцца самі, не звяртаючыся да спецыфічнага лячэння, і могуць нават не здагадвацца пра перанесенае захворванне. Аднак у 60-85% выпадкаў хвароба прымае характар хранічнай.

Так, у свеце налічваецца больш за 70 мільёнаў чалавек з хранічным гепатытам С. Каля 400 тысяч чалавек штогод гінуць ад ускладненняў.

У Беларусі захворванне на гепатыт С на працягу апошніх гадоў застаецца стабільным: каля 33 тысяч чалавек. Пры гэтым штогод выяўляецца да 3 тысяч новых выпадкаў.

Прычыны заражэння

Вірус гепатыту С, як і вірусы гепатыту В і Дэльта, адносіцца да парэнтэральных і перадаецца праз кроў і іншыя вадкасці арганізма. Крыніцай заражэння з'яўляецца інфіцыраваны чалавек.

Часцей за ўсё небяспечны вірус пранікае ў арганізм у наступных выпадках:

  • пры выкарыстанні адной іголкі рознымі людзьмі (пры ін'екцыях, пірсінгу, нанясенні татуіровак і г.д.). Так, пераважная большасць інфіцыраваных вірусам гепатыту С (да 90%) з'яўляюцца актыўнымі спажыўцамі ін'екцыйных наркотыкаў;
  • пры бязладных палавых кантактах, сэксуальных сувязях са шматлікімі партнёрамі. Да яшчэ больш высокай рызыкі заражэння схільныя людзі, якія практыкуюць аднаполы сэкс;
  • у родах ад інфіцыраванай маці да дзіцяці;
  • пры медыцынскіх маніпуляцыях нестэрыльнымі інструментамі альбо тымі, што падвергліся недастатковай ступені стэрылізацыіі;
  • пры пераліванні не праверанай на наяўнасць віруса гепатыту С крыві.

Дзякуючы найстражэйшаму кантролю за якасцю крыві і яе прадуктамі, выкарыстанню аднаразовых шпрыцаў, кропельніц і іншага медыцынскага інструмента, у Беларусі два апошнія шляхі перадачы віруса зведзены да нуля.

Вірус гепатыту С, як і вірус гепатыту В, тэрмічна няўстойлівы і гіне пры высокіх тэмпературах.

Гэтак жа, як і ВІЧ-інфекцыя, вірус гепатыту С не перадаецца:

  • пры поціску рукі;
  • абдымках;
  • пацалунках;
  • грудным выкормліванні;
  • карыстанні агульнымі сталовымі прыборамі;
  • праз харчовыя прадукты і ваду.

Сімптомы гепатыту С

Інкубацыйны перыяд доўжыцца ад 20 да 90 дзён.

Як правіла, пры вострай форме хвароба працякае лёгка, пераважна без жаўтухі і ярка выражаных сімптомаў. Гэта адна з асноўных прычын, чаму далёка не ўсе выпадкі захворвання дыягнастуюцца наогул ці на ранняй стадыі, да пераходу ў хранічную форму.

Да найбольш частых сімптомаў, якія суправаджаюць працяканне безжаўтушнага перыяду хваробы, адносяць:

  • анарэксію (страту апетыту і страту вагі без бачных прычын);
  • расстройствы з боку страўнікава-кішачнага тракту (млоснасць, ваніты);
  • хуткую стамляльнасць, слабасць, апатыю;
  • дыскамфорт у правым падрабрынні.

Спецыфічнымі прыкметамі інфекцыйнага паражэння печані з'яўляюцца:

  • пацямненне мачы;
  • абясколерванне калу;
  • жаўтуха (характэрная афарбоўка скуры і склер вачэй).

Не ігнаруйце любыя сімптомы недамагання! Звярніцеся па кансультацыю да ўчастковага тэрапеўта або інфекцыяніста.

Спецыфічнай вакцыны супраць віруса гепатыту С не існуе.

Тым не менш, сучасныя лекавыя сродкі (так званыя прэпараты прамога супрацьвіруснага дзеяння), дазваляюць цалкам пазбавіць арганізм ад небяспечнага віруса, незалежна ад стадыі захворвання і/або наяўнасці мутацый віруса.

Выздараўленне наступае ў 96% выпадкаў. Аднак гэта тычыцца толькі самога гепатыту С. Ускладненні, да якіх ён прыводзіць, часцяком незваротныя альбо патрабуюць іншых падыходаў у лячэнні, ажно да трансплантацыі донарскай печані.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 47

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Хваробы ад А да Я"