8 ліпеня на адкрытай пляцоўцы комплексу Dipservice Hall у Мінску прайшоў паказ новых калекцый беларускіх дызайнераў – Ethical Fashion Show#3. Прысутнічаць «ужывую» пашанцавала нямногім – толькі прадстаўнікам прэсы, дызайнерскім камандам і партнёрам мерапрыемства (акрэдытацыю атрымалі каля 100 чалавек). Для шырокай публікі падзея транслявалася анлайн на сайце арганізатара – Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларуская палата моды».
Ethical Fashion Show – праект штогадовы. Ён прысвечаны трэндам устойлівай (этычнай) моды. Тут гаворка ідзе пра натуральную прыгажосць, прыродную ўнікальнасць і непаўторнасць, індывідуальнасць, а таксама пра асабістую адказнасць кожнага за нашу агульную будучыню. У сусветным маштабе. Якраз пра гэта новы тэрмін «conscious» (адказнасць), які выкарыстоўваюць фэшн-майстры, дэманструючы свае аўтарскія працы.
Новыя калекцыі з натуральных тканінаў прадставілі беларускія дызайнеры Паліна Хісторыя і Ларыса Атаманава (брэнд Historia Naturalis, калекцыя «Сон у купальскую ноч»), Наталля Кастрама (калекцыя «Калыханка» – свежы ўспамін пра самаізаляцыю) і дэбютантка праекта – Ірына Ромбак (калекцыя «Валошкавая»). Канцэпцыяй, якая аб'ядноўвае Ethical Fashion Show#3, арганізатары выбралі тэму ўсходнеславянскага Купалля, якое Беларусь адсвяткавала літаральна напярэдадні.
Летняя зеляніна, велізарная колькасць пахучых кветак, мадэлі самых розных узростаў (ад 15 да 75), іх натуральная прыгажосць (устойлівыя трэнды «no make up» і «бодыпазітыў») у спалучэнні з унікальнасцю аўтарскага адзення, а таксама неверагоднае музычнае суправаджэнне ў этна-стылі ад ды-джэя Дашы Пушкінай... Кожны элемент фэшн-шоу дапаўняў і мякка падкрэсліваў асноўныя пасылы: этычная мода – гэта мастацтва, натуральнасць – гэта выдатна, быць сабой – гэта правільна, а здароўе – гэта вельмі важна.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by