Ну што ж, традыцыйна пачынаем з пераліку разнастайных святаў, якія зноўку сабраліся ў адзін дзень – 9-га кастрычніка. Самае вядомае народна-царкоўнае – Іван Багаслоў, прафесійнае – Сусветны дзень пошты. А яшчэ – Сусветны дзень яйка, Дзень барацьбы з атлусценнем хатніх жывёлаў (!), Дзень заплеснелага сыру (!!!), Дзень цікавых падзей, Дзень адлюстравання ў лужынах… Выбіраем! І адзначаем. 🙂 Асабіста я – за лужыны. А вы?!
Жарт увогуле-то… Пачынаем з Івана Багаслова. Ён жа – Іван Пакроўны, ён жа – Іван Шаптун, ён жа – Іван Журавіннік і нават… Кураед. Як вядома, Іван (Іаан) Багаслоў – нябесны апякун вандроўнікаў, мастакоў, іканапісцаў. Таму калі збіраецеся ў далёкую дарогу альбо дзесьці заблукалі, ды яшчэ ў цемры… Трэба звяртацца ў думках да Іаана…
І мы ўсё яшчэ працягваем тэму традыцыйных восеньскіх вяселляў! Памятаеце?! Ажно да Пакрову спрыяльная пара. І не толькі іх гуляць, а ў першую чаргу – заляцацца-дамаўляцца-сватацца. Таму і дайшло да нашага часу гэтае: « Іван Багуслаў дружкі разаслаў». І працяг таксама ёсць: «…а на Пакрова дзеўка гатова».
Даўней таксама лічылі за лепшае да гэтага часу заканчваць усю працу на зямлі. І казалі пра гэта так: «Хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты добрага слова». А вы – вартыя?! 🙂 Гэта я найперш ва ўладальнікаў агародаў-дачных участкаў-сядзібаў пытаюся.
Бо даўней ужо 9-га кастрычніка мог… выпасці снег! Нашыя продкі прыкмячалі: «Калі на Багаслова снег, дык зіма ляжа на Міхайлаў дзень». Гэта значыць – 21-га лістапада. Назіраем і чакаем! Але, па шчырасці, наколькі я люблю першы снег… А ўсё ж 9-га кастрычніка для яго ранавата. Ці не так?!
А вось хто мерае кіламетры, і часцяком – пешшу, не зважаючы ні на снег, ні на дождж, ні на слату ды галалёд, дык гэта паштальёны! І разважаючы аб прафесійным свяце работнікаў пошты, мы таксама кажам найперш пра тых, сапраўдных, верных сваёй прафесіі людзей. Якія ў дождж, гразь, слату, холад, гарачыню… З поўнымі важкімі сумкамі.
І калі раней у тых сумках былі сапраўды толькі газеты, часопісы, паштоўкі, лісты… І часцяком паштарскія сумкі было не зашпіліць і не падняць (!)… Дык зараз усё меней газет ды іншага, а ўсё болей спадарожных тавараў. Бо план па іх продажы пакуль ніхто не адмяняў.
З аднаго боку, жыхарам аддаленых вёсак, вядома ж, зручна. Асабліва калі крама адсутнічае, а аўтакрама не радуе ні рэгулярнасцю прыезду, ні разнастайнасцю тавараў. А з іншага… Калі без веласіпеда… Паспрабуй прыцягні такі груз у руках за некалькі кіламетраў…
Сёння мы ўзгадваем тых сапраўдных паштальёнаў, якіх з такой нецярплівасцю чакаюць людзі адзінокія. Бо гэта магчымасць паразмаўляць з жывым чалавекам. З тым, хто выслухае, паспачувае альбо парадуецца разам… Хто заўсёды знойдзе дзеля гэтага вольную хвілінку. Нягледзячы на тое, што па часе можа затым не ўкласціся ў межы свайго афіцыйнага працоўнага дня.
Вось і паважаюць іх, лепшых прадстаўнікоў прафесіі. І чакаюць дзесьці яшчэ больш за родных дзяцей ды ўнукаў, калі тыя таксама не дужа часта наведваюцца ў вёскі.
І, вядома ж, сёння мы віншуем тых работнікаў пошты, якія робяць патрэбную справу ў, так бы мовіць, стацыянарных паштовых пунктах, раённых вузлах паштовай сувязі і г.д., хто прыязджае да людзей з мотадастаўкай «Белпошты».
Словам, усіх, хто святкуе Сусветны дзень пошты, ВІН-ШУ-ЕМ шчыра!!! Дарэчы, упершыню яго адзначылі… 50 гадоў таму!
… Прыгадваючы нядаўнія дажджы, мы плаўна пераходзім да Дня адлюстравання ў лужынах! Ой, якія цікавыя фоткі часам атрымліваюцца, праўда?! З фільтрамі і без іх. Вядома ж, больш заманліва сфатаграфаваць цікавыя адбіткі ў чысцюткай азёрнай ці рачной вадзе… Але і лужыны могуць быць калі не празрыстымі, дык даволі чыстымі. Калі бруд у іх асядае на самае дно…
А вы любіце фатаграфаваць лужыны з цікавымі адбіткамі-адлюстраваннямі?! 🙂
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by