Крок 1. Даць выказацца.
Нягледзячы на тое, што непрыемную і трывожную тэму хочацца замаўчаць, лепей выслухаць усё, што накіпела ў дзіцяці. Пра што гаварылі з нагоды віруса ў садку, школе, што канкрэтна распавядалі, чаго ён баіцца. Галоўная задача – быць устойлівай фігурай, якая можа вытрымаць напружанне. Трывога і страх не павінны замоўчвацца. Лепей дазволіць ім выказвацца адкрыта. Гэта не значыць, што мы нагнятаем паніку. Але гэта кажа пра тое, што мы не ігнаруем небяспеку і гатовыя прымаць меры. Вірус лепей «прыручыць». Намаляваць, зляпіць, прайграць у гульні, скласці верш. Для дарослых таксама будзе карысна!
Крок 2. Гаварыць праўду.
Старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі хутчэй за ўсё самі могуць прачытаць інфармацыю ў сацыяльных сетках ці атрымаць спасылку ад аднакласнікаў. Дзеці ў садку і малодшыя школьнікі арыентуюцца ў асноўным на размовы дарослых дома і навокал. У залежнасці ад узросту дзіцяці трэба распавесці яму праўду пра тое, што вы ведаеце. Не прыменшваючы небяспеку, але і не перабольшваючы яе. Пажадана выбраць адну крыніцу інфармацыі, якой вы давяраеце, і прытрымлівацца яе. Глядзіце разам мультфільмы і перадачы пра вірусы, старайцеся адказваць на ўсе пытанні.
Пра каранавірус для дзяцей нават стварылі песню (глядзець можна з рускімі субтытрамі). У YouTube яна сабрала ўжо амаль 20 млн праглядаў.
Самае галоўнае ў кантакце з дзецьмі для дарослых – справіцца са сваімі трывогамі і страхам і прадумаць алгарытм дзеянняў. Што я буду рабіць, калі ўвядуць каранцін? А калі не? Як я буду дзейнічаць?
Крок 3. Навучыць выконваць простыя правілы.
Для дзіцяці важна: бацькі ведаюць, што рабіць, яны пра мяне паклапоцяцца. Простыя меры не толькі дазваляюць знізіць рызыку распаўсюджвання віруса, але і памяншаюць пачуццё трывожнасці. Бо ёсць рэчы, на якія можна паўплываць: часцей мыць рукі з мылам, не чапаць вочы, рот, нос, абмежаваць знаходжанне ў месцах збору людзей. Наяўнасць правілаў супакойвае дзіця.
Мыццё рук можа ператварыцца ў займальную гульню. І нават спаборніцтвы, хто больш крэатыўна і цікава гэта зробіць. Напрыклад, напяваючы песеньку ці прыдумаўшы займальны танец. Як доўга мыць рукі? Некаторыя бацькі падлічылі, што 20-секундная працэдура роўная песні «Happy birthday to you», выкананай 2 разы. Замест яе можна выбраць упадабаны верш ці песеньку. Галоўнае, знайсці кропку адліку, якая будзе зразумелая для малыша.
Дзіця можа не толькі навучыцца «прафесійна» мыць рукі, але і быць адказным за тое, каб навучыць гэтаму ўсіх членаў сям’і. Так даволі руцінная працэдура можа ператварыцца ў займальную аб’яднаўчую гульню. А можна і зусім пакрэатывіць і запусціць, да прыкладу, дзіцячы hand wash challenge ў інтэрнэт.
Крок 4. Супакоіцца дарослым.
Дзеці рэагуюць, перш за ўсё, не на словы, а на атмасферу ў доме. Небяспеку яны адчуваюць тады, калі бачаць, як моцна трывожацца бацькі. Бо для дзіцяці ўвесь маштаб праблемы ў першую чаргу засяроджаны на тым, ці не здарыцца штосьці дрэннае з мамай ці з татам. Мы не робаты. Калі душыць уласныя трывогі і страхі, можна атрымаць зрывы і хваробы. Лепей іх ўсведамляць і імкнуцца паклапаціцца пра сябе для таго, каб быць апорай для сваіх дзяцей і родных.
- Слухайце прыемную расслабляльную музыку. Калі цела заціснутае, а трывожныя думкі не даюць супакою, музыка дапаможа пераключыцца. Любімую мелодыю можна паставіць і на сігнал будзільніка, каб абуджэнне было максімальна прыемным.
- Выберыце час, «вольны ад віруса». Акрамя каранавіруса, у свеце ўсё ж застаецца мноства прыемных рэчаў. Паназірайце за прыродай (хаця б з акна), адзначце, як адчуваецца подых вясны, як цудоўна спяваюць птушкі. Жыццё працягваецца.
- Асвойце медытацыю. Ёй можа стаць проста расслабленне, цішыня. Мэта – адключыцца ад трывогі, падумаць пра любімае месца або час, у якім хацелася б апынуцца, ці проста не думаць ні пра што. Які падарунак самому сабе вы зробіце, калі эпідэмія пройдзе? Што здавалася штодзённым раней і амаль страціла сваю прывабнасць, а потым будзе зноў пераацэненае ў вашых днях?
- Штодня рабіце для сябе штосьці прыемнае. Любімая кава, маска на твар, цікавая кніга могуць і павінны прысутнічаць у вашым жыцці разам з мыццём рук ды іншымі мерапрыемствамі.
- Чытайце або глядзіце перадачы пра людзей, якія аказваліся ў горшай сітуацыі, але знаходзілі выйсце. Камусьці дапамагае зараз кніга Віктара Франкла аб прысутнасці духу ў канцлагерах «Скажы жыццю «Так!». Усе касавыя зборы пабіў за апошнія тыдні фільм «Заражэнне». Падбадзёрвальнымі могуць быць і відэаролікі з усяго свету, дзе людзі не губляюць бадзёрасці духу нават ва ўмовах сацыяльнай ізаляцыі. Італьянцы выходзяць на балконы, каб спяваць ды граць на музычных інструментах. Іспанцы праводзяць на балконах фітнэс-заняткі.
- Дастаткова адпачывайце. Недасыпанне можа правакаваць трывожнасць, паўнавартасны адпачынак цяпер важны ва ўсіх адносінах.
- Добра харчуйцеся. Гародніна, дастатковая колькасць вады і нават знакамітая цяпер грэчка – добрая нагода паэксперыментаваць з карыснымі прадуктамі.
- Майце стасункі з роднымі і сябрамі. Дзякуючы сучасным сродкам сувязі кантакт можа быць паўнавартасным. Вы не адзінокія ў сваіх перажываннях. Узаемная падтрымка – тое, што неабходна ў такія часы. Распавядзіце дзецям, чаму зараз важна не кантактаваць са сталымі людзьмі асабіста. Але падкрэсліце важнасць іх увагі для бабуль і дзядуляў. Выдатнае выйсце – відэазванкі.
- Пазбягайце панікёраў. Прымайце меры бяспекі, але не кантактуйце з тымі, хто нагнятае абстаноўку. Калі вам робіцца блага ад чытання навінаў, па магчымасці выключыце і іх.
- Піце ваду, хадзіце ў душ. Вада здымае напружанне і супакойвае.
- Выкарыстоўвайце пачуццё гумару. Смехатэрапія сапраўды здольная павышаць імунітэт!
- Звярніцеся да псіхолага. Калі самастойна справіцца з трывогай не атрымліваецца, не саромейцеся звярнуцца па дапамогу да спецыяліста. Зараз амаль усе псіхолагі арганізуюць кансультацыі анлайн, многія робяць гэта па зніжанаму кошту. Добрая нагода паклапаціцца пра сябе для тых, хто ніяк не мог дайсці. Акрамя таго, многія адкрываюць бясплатны анлайн-доступ да сваіх трэнінгаў і семінараў (у тым ліку – прысвечаных трывозе). Напрыклад, такую акцыю абвясціла вядомы дзіцячы псіхолаг Людміла Петраноўская.
Крок 5. Абапірацца на руцінныя рэчы.
Для захавання спакою (і свайго, і дзіцячага) важна захоўваць жыццёвы ўклад максімальна звычайным. Выконвайце хатнія справы ў звыклым рытме, захоўвайце рэжым. Хаос спараджае трывогу. Нават калі вы застаяцеся ў гэтыя дні дома, старайцеся ўпарадкаваць свой расклад.
Крок 6. Бавіць час разам.
Сумесны якасны час з бацькамі – тое, што неабходна дзецям ва ўсе часы. А цяпер асабліва. Гэта своеасаблівае пасланне: «Мы побач, ты важны, усё добра, мы разам, мы справімся». Нават калі ў вас няма цяпер магчымасці цалкам сысці на каранцін, добрай альтэрнатывай людным месцам па выхадных і вечарах зробяцца хатнія кіна- або кулінарныя выхадныя, прагулкі ў парку на свежым паветры. Самыя непрыемныя рэчы могуць прынесці штосьці добрае. Напрыклад, магчымасць запаволіцца і яшчэ раз пазнаёміцца са сваім дзіцем.
У той час, калі ўвесь свет быццам перавярнуўся, нам давядзецца экстрана сталець па-сапраўднаму і рабіцца тымі астраўкамі бяспекі, да якіх могуць прымкнуць нашы дзеці. Замест мітусні і дня сурка прыйшоў час выявіць сапраўдныя каштоўнасці ў жыцці і нарэшце надаць гэтаму ўвагу не на хаду, а грунтоўна. Бо нашы дзеці таго заслугоўваюць. Будзе выдатна, калі такая традыцыя захаваецца не толькі ў перыяд вірусаў і глабальных пераменаў у свеце.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by