У жніўні, калі ўсё патанала ў кветках, а надвор’е выдалася не спякотным, ладзілася свята вёсак Горкі і Горкаўская Слабада, што на Чэрвеньшчыне. Перад пачаткам канцэртнай праграмы кожная вуліца прадстаўляла сябе.
Я адказвала за вуліцу Гагарына, два завулкі Гагарына і невялічкую, на 8 дамоў, вуліцу Палявую. Аповед выдаўся самым багатым на падзеі! Нам сапраўды было пра што расказаць. І пра самыя высокія дрэвы (дубы, таполі, бярозы) , і пра самыя старыя – больш за 50 гадоў… Пра самага маленькага жыхара з завулка Гагарына і шматдзетную сям'ю з вуліцы Палявая, а таксама пра самую сталую сям'ю (62 гады разам жывуць) з завулка Гагарына-2.
А паказалі мы прысутным трэці дзень вяселля па-горкаўску! Былі маладыя, кума з кумам, сват. Каравай спяклі, а потым з прыгаворкамі віншавалі маладых і дзялілі яго. Самае вясёлае – галенне свата… касой з выкарыстаннем французскай парфумы пасля!
Наша маладое пакаленне выступала з песняй на прычэпе мотаблока «Жорык», які быў упрыгожаны вялікай колькасцю шароў. Зрабілі вясельнае фота. Прыгожыя твары аднавяскоўцаў, жарты, усмешкі, радасць, абдымкі сяброўскія і шчасце ад сустрэчы – усё гэта падаравала нам свята. А ўпрыгожаная тэрыторыя, канцэрт запэўнілі ўсіх прысутных, што вёска – жыве!
Галіна Аляксандраўна Ворнік, 1957 г.н. Замужам,3 сыны, 5 унукаў. Шчаслівая, што жыву на непаўторнай зямлі роднай. Цаню кожнае пражытае імгненне!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by