02.02.2019
02.02.2019

Не шкадуючы жывата свайго. Захворванні СКТ маладзеюць, важна не прапусціць трывожны сімптом

logo
Здароўе дзяцей
0 37
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Скаргі на жывот – адна з самых распаўсюджаных прычын нядужання дзяцей з ранняга ўзросту. Жывоцік перыядычна мучыць і немаўлятак, і школьнікаў, і дарослых. Прычын таго мноства: ад банальнай нястраўнасці да віруснай інфекцыі. Але адна справа – востры жывот, калі сімптомы відавочныя.

Зусім іншая – схаваныя хваробы страўнікава-кішэчнага тракта (СКТ). Часцяком яны даюць пра сябе ведаць не адкрыта, а таму доўгі час могуць заставацца па-за ўвагай. Але менавіта час у гэтым выпадку з'яўляецца вырашальным, асабліва калі гаворка ідзе пра дзяцей.

З-за паталогій органаў СКТ дае збой сістэма стрававання, парушаецца працэс засваення пажыўных рэчываў, іх недаатрымліваюць усе органы і тканкі. Для растучага арганізма гэта пагражае сапраўднай катастрофай, наступствы якой могуць нагадваць пра сябе ўсё астатняе жыццё. Як і чаму маладзее гастрапаталогія, якія сімптомы важна не прапусціць і своечасова звярнуцца па дапамогу да ўрача, журналіст Слушна даведалася ў дацэнта 2-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, кандыдата медыцынскіх навук Ірыны Савановіч і намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 5-й гарадской дзіцячай паліклінікі г.Мінска Алены Германавай.

Захворванні СКТ у дзяцей

Плюс на мінус

 
Ірына Савановіч
Дацэнт 2-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, к.м.н.
Калі казаць пра агульную дынаміку захворвання па класе органаў стрававання ў дзіцячым узросце, дык за апошнія 10-12 гадоў назіраецца значнае іх зніжэнне. Напрыклад, у 2005 годзе колькасць новых выпадкаў хвароб органаў стрававання была 117,5 на 1 000 дзіцячага насельніцтва, у 2017 годзе гэтая лічба склала 66,1. Гэта значыць, захворваемасць знізілася практычна ў два разы. Таксама ў два разы зменшылася колькасць выпадкаў язвавай хваробы ў дзяцей. Але не ўсё так проста ў дзіцячай гастраэнтэралогіі.

Змяніўся вектар захворвання, канстатуюць эксперты. Выкарыстанне ў дыягнастычных і лячэбных мэтах сучасных метадаў візуалізацыі (эзафагагастрадуадэнаскапіі, фібракаланаскапіі, капсульнай эндаскапіі) дазволіла з новых пазіцый перагледзець структуру захворванняў органаў СКТ у дзяцей. Калі раней лічылася, што асноўная крыніца праблем хваробы жоўцепратокаў (напрыклад, распаўсюджаная раней дыскінезія жоўцевыводзячых шляхоў), дык зараз гэта, хутчэй, дыягназ-выключэнне. Затое ўсё больш месца займаюць паталогіі, якія не лічыліся традыцыйнымі для педыятрыі.

 
Ірына Савановіч
Дацэнт 2-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, к.м.н.
Перш за ўсё мы адзначаем рост імунапаталогій кішэчніка (хвароба Крона, язвавы каліт, аўтаімунныя паражэнні СКТ), рост колькасці паражэнняў стрававода і не ў рамках банальнай рэфлюкснай хваробы, калі мае месца толькі пякотка, а эразіўных і эазінафільных эзафагітаў – тое, чаго ў нас раней не было. Расце колькасць паталогій, якія спалучаныя з атлусценнем. На жаль, мы сёння вымушаны выстаўляць такія дыягназы, як стэатагепатыт, алкагольна-тлушчавая хвароба печані.

Захоўваецца высокі ўзровень паталогій, крыніцай якіх служыць Хелікабактар пілоры. Што горш – расце рэзістэнтнасць бактэрыі да праводзімай тэрапіі, абумоўленая, перш за ўсё, некантралюемым і неапраўданым прыёмам антыбіётыкаў.

Асаблівы акцэнт трэба зрабіць на высокай спалучанасці паражэнняў органаў СКТ у дзяцей. Паняцце «камарбіднасці» (спалучэнне адразу некалькіх захворванняў), не ўласцівае раней дзіцячай гастраэнтэралогіі, сёння ўжываецца, на жаль, усё часцей.

 
Ірына Савановіч
Дацэнт 2-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, к.м.н.
Амаладжэнне гастраэнтэралагічнай паталогіі – гэта не столькі медыцынская, колькі вялікая сацыяльная праблема. Тое, што мы цяпер маем, можна назваць хваробамі цывілізацыі. За апошнія 50-60 гадоў змяніўся наш лад жыцця, характар харчавання, але не змяніліся нашы гены. Калі палічыць, колькі часу сучасныя дзеці праводзяць за камп'ютарам ці тэлевізарам, замест таго, каб ганяць мяч на вуліцы, калі прааналізаваць структуру іх харчавання, стане зразумела: мы і нашы дзеці – закладнікі і ахвяры цывілізацыі.

Па дадзеных зваротаў у Рэспубліканскі дзіцячы цэнтр цэліякіі і гастраэнтэралогіі на базе 3 ГДКБ, колькасць пацыентаў з хваробай Крона і язвавым калітам за 2017 год склала каля 150 чалавек. У маштабах краіны гэта невялікія лічбы. Але трэба разумець, што за імі – цяжкія, інвалідызуючыя захворванні, якія пачынаюцца ў дзіцячым узросце. За гэтымі лічбамі – лёсы канкрэтных дзяцей, якасць жыцця іх саміх і ўсёй сям'і.

Сёння, на жаль, не існуе ні кансерватыўных, ні хірургічных метадаў, якія маглі б цалкам вылечыць запаленчыя захворванні кішэчніка. Таму задача ўрачоў – спыніць прагрэсаванне паталогіі, мінімізаваць хірургічныя ўмяшанні, дасягнуць устойлівай рэмісіі. Задача бацькоў – дазволіць урачам зрабіць гэта своечасова.

Сімптомы захворванняў СКТ у дзяцей

Сімптомы захворванняў СКТ у дзяцей

 
Алена Германава
Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 5-й гарадской дзіцячай паліклінікі г.Мінска
Ёсць шэраг сімптомаў, якія могуць паказваць на дрэннае становішча з боку страўнікава-кішэчнага тракта ў дзіцяці. Іх важна не прапусціць, не ігнараваць і звярнуцца па дапамогу да педыятра ці гастраэнтэролага.

На думку Алены Германавай, падставай для звароту да ўрача павінны служыць:

  • парушэнні стулу: стул радзей за 1 раз у суткі ці, наадварот, часты – больш за 4 разы ў суткі. Яшчэ большую насцярожанасць бацькі павінны праявіць, калі парушэнні адбываюцца на фоне дыскамфорту: уздуцця жывата, зніжэння апетыту, неспакою, сам стул мае спецыфічны непрыемны пах, у ім прысутнічае слізь або кроў;
  • тлусты стул;
 
Алена Германава
Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 5-й гарадской дзіцячай паліклінікі г.Мінска
Калі спаражненні пакідаюць тлустыя, бліскучыя плямы на бялізне ці сценках унітаза, якія з цяжкасцю адмываюцца або змываюцца – гэта таксама служыць сігналам праявіць пільнасць і паказаць дзіця ўрачу. Як правіла, гэта сведчыць аб парушэнні засваення тлушчаў і можа быць выклікана ўжываннем залішне тлустай ежы, а таксама паказваць на розныя паталагічныя станы з боку страўнікава-кішэчнага тракта і іншых органаў і сістэм (напрыклад, падстраўнікавай залозы, печані, жоўцевага пузыра і інш.).
  • непрыемны пах з рота, налёт на языку, адчуванне палення языка, скаргі на скажэнне смаку;
  • павышанае газаўтварэнне (метэарызм) – такія дыскамфортныя адчуванні могуць суправаджаць цэлы шэраг сур'ёзных паталогій, аж да кішэчнай непраходнасці, атаніі кішэчніка ды інш.;
  • адрыжка.
 
Алена Германава
Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 5-й гарадской дзіцячай паліклінікі г.Мінска
Безумоўна, адрыжка можа быць і ў абсалютна здаровага чалавека. Яна часты спадарожнік «хапатліўцаў» – тых, хто прывык есці хутка. Паветра, якое пры гэтым заглынаецца, павялічвае ціск у страўніку, стварае пачуццё цяжару і распірання. Але калі адрыжка з'яўляецца, скажам так, беспадстаўна, яна занадта частая, мае рэзкі пах і, тым больш, калі з паветрам у рот трапляе змесціва страўніка, – гэта трывожны сімптом. Візіт да ўрача не варта адкладаць.

Акрамя таго, пра непаладкі з боку страўнікава-кішэчнага тракта могуць сведчыць страта вагі без бачных прычын, дысфагія (парушэнне глытання), пачуццё пастаяннай горычы ў роце.

Не ігнаруйце трывожныя званочкі, нават калі яны здараюцца час ад часу і не носяць сістэматычны характар. Хаця б дзеля таго, каб потым не давялося біць у набат.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 37

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».