З чаго пачынаецца палавое выхаванне дзяўчынкі і калі яго трэба пачынаць? Для чаго патрэбныя прафагляды ў дзіцячага гінеколага? Ці трэба ім распавядаць пра кантрацэпцыю?
Нагадваем, што героямі першага выпуску праекта «Я толькі спытацца...» сталі галоўны пазаштатны дзіцячы гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БелМАПА Аксана Іванішкіна-Кудзіна і мама 12-гадовай Юліяны мінчанка Наталля Барысёнак.
Кансультацыя дзіцячага гінеколага
Яшчэ добра памятаецца, калі выклікалі шок дашлюбныя адносіны. Потым надышла чарга здзіўляцца грамадзянскім шлюбам. Цяпер хутчэй выкліча пэўнае здзіўленне, калі гэтыя два этапы прапушчаныя. Надышоў час ранняга палавога жыцця. Вы як дзіцячы доктар бачыце гэтую тэндэнцыю?
– Гэта вельмі правакацыйнае пытанне. Калі адкажу, што не, я гэтай тэндэнцыі не бачу і не лічу, што сучасныя падлеткі пачалі ўступаць у палавое жыццё раней... У мяне спытаюцца: а што вы на сваім працоўным месцы робіце, калі не бачыце гэтай праблемы ў грамадстве?! З іншага боку, калі скажу, што так, праблема ёсць і падлеткі пачалі раней уступаць у палавое жыццё, у мяне зноў-такі спытаюцца: як вы з гэтым змагаецеся? А я не бачу сэнсу з гэтым змагацца.
Па шчырасці, з пункту гледжання спецыяліста, параўноўваючы з пакаленнямі 60-х, 70-х, напэўна, яшчэ і 80-х гадоў мінулага стагоддзя, тэндэнцыю да зніжэння ўзроставай планкі з 17-18 гадоў, безумоўна, мы бачым. Гэта даніна часу, пэўным сацыяльным з'явам, паскарэнню нашага жыцця...
Але крытычных праяў, каб гаварыць, што ўсе падлеткі пагалоўна ў 13-14 гадоў пачынаюць жыць палавым жыццём, няма. Зараз узрост уступлення ў палавое жыццё ў сярэднім складае 15-15,5 года, г.зн. крыху ніжэйшы за ўзрост шлюбнай згоды. Часам узнімаюць пытанне пра зніжэнне планкі шлюбнай згоды з 16 гадоў да 15. Але я як дзіцячы гінеколаг не бачу, што для гэтага ёсць аб'ектыўныя прычыны.
З чаго пачынаецца... дзяўчынка
З чаго пачынаецца палавое выхаванне дзяўчынкі і калі яго трэба пачынаць?
– Любое выхаванне, у тым ліку і палавое, пачынаецца тады, калі вы пачулі першы піск дзіцяці ў радзільным доме. Узялі сваю дзяўчынку, прыклалі яе да грудзей, паклалі ў ружовы канверцік, надзелі абадок з банцікам і сукеначку, нават калі ёй усяго 3 дні ад нараджэння. Вось гэта пачатак палавога выхавання. Гэта значыць, фарміраванне асобы чалавека ў зададзенай плоскасці. Лічыцца, што ва ўзросце 3-х гадоў у дзіцяці ўжо ёсць выразнае ўсведамленне сваёй палавой ролі ў грамадстве.
А размовы з дзецьмі пра розніцу палоў або пэўных псіхасэксуальных асаблівасцях павінны адбывацца самацёкам, плаўна, без рэзкіх рухаў: споўнілася дзіцяці 10 гадоў – давайце правядзем з ім урок палавога выхавання. Усе дзеці розныя.
Таму асноўная роля ў выхаванні бацькоўская. Але да гэтага часу пераважаюць дзве формы стасункаў або, хутчэй, нестасаванняў бацькоў і дзяцей на інтымныя тэмы. Першая: бацькі баяцца на такія тэмы размаўляць. Другая: не ведаюць, як распавядаць, каб не апошліць, не напалохаць, або, што яшчэ горш, не абудзіць цікавасць.
– Калі бацькі будуць баяцца мець стасункі з дзіцем на складаныя тэмы, такія, як палавое выспяванне, палавое жыццё, адкуль бяруцца дзеці, паверце, бацькоўскую ролю возьме на сябе соцыум, не заўсёды самы спрыяльны; той жа інтэрнэт... Гэта нармальна, калі дзіця слухае кагосьці іншага: ён абнаўляе сферу сваіх ведаў, свой космас, але задача бацькоў – быць пры гэтым у светапоглядзе дзіцяці ўсё ж больш аўтарытэтнымі. А для таго, каб быць аўтарытэтам, варта памятаць вось гэтае: «Трэба выхоўваць не дзяцей, трэба выхоўваць сябе».
За зачыненымі дзвярыма. Прыём у дзіцячага гінеколага
Для чаго патрэбныя прафагляды ў дзіцячага гінеколага? Ці можа мама адмовіцца ад іх? Як падрыхтаваць дачку да візіту?
– Калі пачынаецца збор даведак у дзіцячы сад/школу, заўсёды ёсць 2-3 мамы, першая фраза якіх, калі адчыняюцца дзверы: «Увогуле-то я не згодная, але калі патрабуюць, дык я яе прывяла». Сустрэчнае пытанне: ад чаго вы не можаце адмовіцца? Усе прафілактычныя агляды ў любога спецыяліста абсалютна добраахвотныя. І ніхто не адмаўляецца ад паходу да акуліста, стаматолага, а вось гінеколаг робіцца нейкім каменем сутыкнення.
Насамрэч гэта зусім не жартоўнае пытанне. Бачу і сваю заслугу, і іншых урачоў у тым, што зараз прафілактычныя агляды ахопліваюць 99% насельніцтва, калі браць па рэспубліцы, і дзесьці 97-98% па Мінску. І ніхто нікога не прымушае. Гэта выдатная магчымасць выявіць велізарны пласт захворванняў у раннім узросце, калі на іх можна паўплываць. Дзякуючы прафаглядам, мы ўжо не бачым многіх захворванняў, якія я, напрыклад, бачыла ў студэнцтве: пэўныя храмасомныя, неўратычныя... Не таму, што іх няма, а таму, што іх пачалі рана выяўляць і своечасова лячыць. Гэтым мы забяспечваем дзіцяці якасць жыцця, сацыяльнасць, папраўку яго здароўя.
Нягледзячы на каласальную працу, штогод 2-3 выпадкі цяжкіх паталогій, што выяўляюцца на прафаглядах, мы маем. Таму я зусім не бачу сэнсу ўзнімаць пытанне медаглядаў перад школай або перад дзіцячым садком, тым больш, што мама можа выбраць сама, калі адвесці сваё дзіця.
Што тычыцца прафаглядаў у старэйшым узросце... Гэта вельмі балючая тэма, яна зараз мусіруецца і лянівым у тым ліку – прафагляды ў падлеткавым узросце, г.зн. 14-15 гадоў. Далей яны ўжо рэкамендуюцца як штогадовыя, але я падкрэсліваю – рэкамендуюцца. Калі вы на яго не пойдзеце, нікому горш не стане глабальна. Наогул, першапачаткова любы медагляд і паход да ўрача павінен быць для сябе, а не для кагосьці і не для паперы.
Як праходзіць агляд у дзіцячага гінеколага?
– Чамусьці існуе прадузятасць, што агляд у гінеколага – гэта: калі ласка, на гінекалагічнае крэсла. Агляд гінеколага, у першую чаргу, і гэта самае важнае, – збор анамнезу. Гэта значыць, пагаварыць: ці ёсць месячныя, калі яны пачаліся, які менструальны цыкл, выдзяленні рэгулярныя-не рэгулярныя, балючыя-не хваравітыя...
На другім месцы агляд малочных залоз на прадмет выключэння пухлінаў, утварэнняў, гіпаплазіі, гіперплазіі... А далей пытаемся ў падлетка, ці ёсць якія скаргі. На гінекалагічным крэсле ў абавязковым парадку ніхто не глядзіць. Калі дзіця скажа, што не жыве палавым жыццём і скаргаў няма, ніхто не адправіць яго на крэсла. Выкіньце гэты міф з галавы.
Гэта значыць, верыце таму, што сказалі?
– Безумоўна. Падлеткам нельга верыць, але трэба (смяецца). Памятаеце, як казаў прафесар Праабражэнскі: «З усімі можна па-добраму». Хаця я ўсё ж зраблю рэмарку. Да гонару многіх урачоў старой загартоўкі, асабліва ў райцэнтрах, якія маюць 40-50 гадоў стажу, прывыклі працаваць у сваім алгарытме, 1-3 выпадкі ў год пухлінаў, анамалій развіцця выяўляецца менавіта дзякуючы рэктальнаму агляду. Так што гэты агляд сябе апраўдвае ў чымсьці.
Але вы зразумейце, сілком усё роўна глядзець не будуць, за ногі не прывяжуць. Зараз, калі ёсць сумневы, урач заўсёды можа зрабіць УГД органаў малога таза і мець адказы на многія пытанні: утварэнні, пухліны, цяжарнасці ў асаблівасці... Так што альтэрнатыва ёсць.
Ці могуць дзяўчынкі самі прыйсці на прыём, калі ім гадоў 13?
– Не, гэта пытанне юрыдычнай плоскасці. У Законе «Аб ахове здароўя» (арт.44) выразна прапісана, што з 14 гадоў дзіця мае права даваць добраахвотную згоду на простае медыцынскае ўмяшанне. Сапраўды, на агляд гінеколага, гутарку з ім, 14-гадовы падлетак можа прыйсці сам. Але да 14 гадоў для гэтага павінна быць згода бацькоў або законных прадстаўнікоў.
У выпадку, калі ў дзяўчынкі парушаная дзявоцкая плява, ці абавязаны гінеколаг паведамляць пра гэта камусьці, акрамя бацькоў?
– Гэтая тэма занадта вострая. Другая праблема, што яна занадта свежая. І я б палічыла за лепшае не замаўчаць яе ніякім чынам, а крыху спусціць на тармазах. Бо калі мы паставім у рад 100 чалавек і выдадзім ім ліст белай паперы, хтосьці скажа, што ліст шэры, хтосьці – што цёмна-сіні, хтосьці знойдзе крапінкі, хтосьці зялёнае адценне... Не будзе для 100 чалавек гэты ліст белым. Таму, як бы я ні старалася адшліфаваць тое, што хачу данесці, мая думка ўсё роўна ўсімі будзе нейкім чынам інтэрпрэтавацца.
Для таго, каб паставіць нейкія кропкі, я скажу так: мы павінны паведамляць і паведамляем пра факты, якія прапісаныя ў заканадаўчым акце. Гэта пастанова 1192 Савета Міністраў, і там напісана вельмі дакладна, што ў выпадку выяўлення цяжарнасці непаўналетняй да 16 гадоў, перапынення цяжарнасці ў гэтым жа ўзросце, выяўлення прыкметаў гвалтоўнага ўступлення ў палавую сувязь, згвалтавання, прычынення цяжкай цялеснай шкоды, траўмаў непаўналетняй, мы павінны інфармаваць органы правапарадку. І ведаеце, гэта правільна. Занадта шмат сітуацый, калі дзіця, асабліва маленькае, гвалтоўна ўцягваюць вось у гэтыя рэчы. Гэтыя злачынствы заўсёды латэнтныя, яны доўгія, замоўчваюцца.
Палавое выспяванне і здароўе
Падлеткі ў перыяд палавога выспявання часта сутыкаюцца з такой праблемай, як анемія? Як доўга ўстанаўліваецца менструальны цыкл?
– Анемія, хутчэй, характэрная для дзяцей з пэўнай саматычнай паталогіяй, а не для ўсіх дзяўчынак у перыяд палавога выспявання. Адно другога не тычыцца. Прырода ўсё вельмі граматна прадумала. Нармальная менструальная функцыя ў жанчыны (а ў жанчыны ў прынцыпе вельмі кампенсатарны арганізм) ніколі не прыводзіць да анемізацыі.
Што тычыцца менструальнага цыклу. Яго рытм можа ўстанаўлівацца на працягу 1,5 года ад пачатку першых месячных (менархе). У гэты перыяд у дзяўчынкі можа быць нерэгулярная менструацыя, выдзяленні прарыўнымі, вялікімі...
Наогул, месячныя не ў жываце, а ў галаве. Гэта абсалютная праўда, бо гармоны ў нас выпрацоўваюцца ў гіпофізе і эпіфізе. І для таго, каб нармальна адбывалася станаўленне рэпрадуктыўнай менструальнай функцыі, вельмі вялікае значэнне маюць, здавалася б, апасродкаваныя фактары. Напрыклад, такія, як дастатковая колькасць сну; баланс перыядаў сну і няспання, харчаванне. І гаджэты, хаця гэта і не спадабаецца многім падлеткам. Гэтае пульсуючае святло, якое негатыўна ўздзейнічае на гіпофіз, эпіфіз. Асабліва гэта шкодна ў вячэрні час, калі ўжо няма дзённага асвятлення.
Ведаю, дзяўчынкам прапаноўваюць вакцынацыю супраць ВПЧ, ад раку шыйкі маткі. Наколькі гэта актуальна і што вы можаце сказаць пра плюсы і мінусы прышчэпкі?
– Кажучы пра вакцынацыю супраць вірусу папіломы чалавека, я ў ёй бачу толькі адны плюсы. Гэта не жывыя вакцыны, а капсід бялку. Вакцына не аказвае лячэбнага дзеяння, толькі прафілактычнае, і ніякіх пабочных з'яў ад яе быць не можа. Калі мама задаецца пытаннем: вакцынаваць дачку ці не, ёй досыць у сваёй свядомасці разумець, што для прафілактыкі пэўнага захворвання, у тым ліку раку шыйкі маткі, яна прыклала максімум намаганняў. Калі гэта так, дык, безумоўна, ідзіце і вакцынуйцеся.
А ў якім узросце?
– Ідэальны ўзрост для вакцынацыі – прыкладна паўтара года да ўступлення ў палавое жыццё. Але тут такі момант: гэую падзею не заплануеш, асабліва ў падлеткавым узросце. Каханне можа здарыцца тут і цяпер. Таму вылічаны сярэдні перыяд для еўрапейскага насельніцтва – дзесьці 12-13,5 года. У шэрагу краін, дапусцім, мексіканскага рэгіёну, афрыканскіх гэтая планка ссунутая на 10,5-11 гадоў. Гэта залежыць ад сярэднестатыстычнага ўзросту ўступлення ў палавое жыццё ў гэтых рэгіёнах.
Ёсць штодзённыя пракладкі. Наколькі яны патрэбныя дзяўчынкам?
– Пачнём з таго, што вылучэнні з палавых шляхоў у дзяўчынкі ў норме павінны быць! Слізістыя, светлыя, без прымешак, без паху. Іх можна нават не бачыць, бо яны змываюцца падчас акту мочавыпускання і не пакідаюць слядоў на бялізне. У перыяд палавога выспявання ў сярэдзіне менструальнага цыклу з'яўляецца гіпертрансудацыя, г.зн. павышаная выпрацоўка ўтварэння слізі. Але, зноў-такі, выдзяленні слізістыя, светлыя і ў норме не павінны прычыняць нейкіх турботаў. Калі ў дзіцяці ёсць неабходнасць карыстацца штодзённымі пракладкамі штодня – гэта дрэнна. Трэба схадзіць да ўрача.
Сэксуальную энергію ды ў правільнае рэчышча
Калі ўлічваць, што ўзрост палавой згоды ў Беларусі вызначаны з 16 гадоў, ці значыць гэта з пункту гледжання дзіцячага гінеколага, што арганізм дзяўчынкі гатовы да сэксуальнага жыцця?
– 100-працэнтна не, не гатовы, вядома. Я не вельмі люблю гэтую катэгорыю пытанняў. Яна падобная да тых, калі пытаюцца: што лепей, калі цяжарнасць здарылася ў 16: нарадзіць дзіцятка або перапыніць цяжарнасць. Нішто не лепей. Лепей, каб цяжарнасці не было, калі яна не запланаваная.
А як падлеткам засцерагацца, калі сэкс ужо здарыўся? Ці трэба ім распавядаць пра кантрацэпцыю?
– Жыццё ёсць жыццё, і трэба ўмець уносіць плаўныя карэктывы. Я вярнуся да сваіх пацыентаў. Ёсць вельмі разумныя мамы. Дапусцім, адна прыходзіць і кажа: дачцэ 16 гадоў, ёсць добры хлопчык; натуральна, у іх там штосьці ўжо было. Давайце прыдумаем што-небудзь, каб на гэтым каханні ціха ўсё і спынілася. Гэта вельмі разумны падыход бацькоў. І мы, у першую чаргу, гаворым гэтай дзяўчынцы: мы не супраць сэксу, але трэба зрабіць так, каб пазбегнуць наступстваў, у прыватнасці, незапланаванай цяжарнасці. Дзеці – гэта выдатна. Але лепей, каб яны былі тады, калі вы будзеце сапраўды да гэтага гатовыя.
Другі момант (гэта я ўжо больш тлумачу бацькам): падлетак па сваёй сутнасці не бывае манагамным. Значыць, наступнае, пра што трэба думаць, – гэта прафілактыка інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, і захворванняў, якія могуць прынесці шкоду зараз і ў наступным рэпрадуктыўнаму здароўю.
Задача бацькоў і мая – растлумачыць падлетку, што калі ўжо ён уступіў у палавое жыццё, дык павінен несці адказнасць – і за сваё здароўе, і за здароўе свайго партнёра. Як і партнёр павінен прымаць жывы ўдзел у адносінах і праяўляць клопат. У рэшце рэшт, адносіны – гэта праява ўзаемапавагі адзін да аднаго. І калі правільна з дзіцем пагаварыць, гэта прывучае яго да культуры стасункаў і культуры сэксу.
Ці адбіваецца лад жыцця тых дзяўчынак, якія адданыя ідэям чайлдфры або асэксуальныя і адмаўляюць любыя інтымныя адносіны, на развіцці клімаксу?
– Часам чалавек без медыцынскай адукацыі вельмі правільна фармулюе шматлікія праблемы. І вы правільна яе сфармулявалі. Калі штосьці ў арганізме не працуе, мозг пачынае думаць: навошта мне марнаваць намаганні, я магу пра гэты орган забыцца. Калі чалавека пакласці і не даць яму хадзіць, у яго атрафуюцца мышцы. Дакладна гэтак жа і рэпрадуктыўная функцыя: яна будзе сыходзіць на нішто.
Вядома, сёння эра медыцыны, якая вельмі хутка расце. І нават калі ў дзяўчынкі няма двух яечнікаў або толькі цяж маткі, мы ў стане даць ёй цяжарнасць, няхай сабе і донарскую. А калі ў яе ёсць хаця бы чвэрць аднаго яечніка, мы гарантавана дамо ёй яе ўласную цяжарнасць. Пытанне ў кошце. Але калі вы хочаце бясплатную, як ва ўсіх, рэпрадуктыўная функцыя ў арганізме павінна працаваць.
Фота з адкрытых крыніц.
Відэа – Генадзь Сукач.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by